Шэкспір па-армейску

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Адчуваць сябе патрэбным, ведаць, што цябе цэняць і любяць, жадае кожны чалавек на зямлі. А ў свеце, дзе часам пануюць раз’яднанасць, адзінота, неразуменне, гэтае жаданне становіцца асабліва абвостраным. Мы захлынаемся ў бурлівых патоках інфармацыі -- халоднай, прагматычнай, назойлівай. Яна нібыта прапануе нам віртуальна-безасабовае спачуванне, пасіўны спосаб успрымання рэчаіснасці, стварае кліпавую свядомасць чалавека.

 /i/content/pi/mast/2/49/p.21_1.jpg
Рэфлексія сучаснага тэатра, неакрэсленасць яго рэпертуарнай палітыкі -- відавочная праява разгубленасці грамадства, якое сёння гатова, здаецца, прыняць любую трактоўку таго, што ёсць каханне, сяброўства, сям’я. У выніку на тэатральных падмостках з’яўляюцца спектаклі па творах сучаснай драматургіі, героі якіх не вераць у каханне, не паважаюць бацькоў, п’юць і ўжо даўно не шукаюць магчымасці выкараскацца з навакольных бруду і хаосу. Да гэтай тэндэнцыі можна ставіцца па-рознаму, але відавочна адно: глядач, трапіўшы на такі спектакль, праграмуецца на ўласную бездапаможнасць, упадае ў дэпрэсіўны стан. Таму сёння ўсё часцей прагне бачыць на сцэне камедыі і меладрамы, у якія дзіўным чынам пераўтвараюцца нават драмы ці трагедыі. П’есы У.Шэкспіра, А.Астроўскага, Б.Брэхта, А.Чэхава і іншых за апошняе дзесяцігоддзе зведалі істотную жанрава-стылістычную трансфармацыю.
У пастаноўцы «Рамэо і Джульеты» рэжысёр Марына Дударава (Драматычны тэатр Беларускай Арміі) не змагла пазбегнуць складаных і супярэчлівых уплываў часу. Вонкавая арыгінальнасць рэжысёрскага вырашэння выглядае даволі штучнай для трагедыі У.Шэкспіра. Аўтар спектакля адмаўляецца ад «класічнага» раскрыцця варожых адносін паміж сем’ямі Мантэкі і Капулеці, а вырашае сканцэнтраваць усе складаныя перыпетыі ў адным персанажы -- Духу Вероны (А.Розак, М.Дзянісава). Гэты вобраз таямнічай жанчыны ў агніста-чырвоным адзенні злучае мізансцэны і дзеянне спектакля. Яе экспрэсіўны танец пад чароўную музыку С.Пракоф’ева і А.Вівальдзі заварожвае настолькі, што забываешся і на Рамэо, і на Джульету, і на іх моцнае каханне. Здаецца, што пластычная мова танца паведамляе нам значна болей, чым маналогі галоўных герояў.
Дарэчы, да знакамітай «трагедыі ўсіх часоў і народаў» М.Дударава звяртаецца не ўпершыню. Яшчэ ў 1999 годзе на сцэне Маладзёжнага тэатра рэжысёр паставіла спектакль «Ізноў... “Рамэо і Джульета”», які вылучаўся выразнай пластыкай акцёрскага выканання (Рамэо -- І.Фільчанкоў, Джульета -- А.Унукава), мінімалізмам сцэнаграфічнага афармлення (мастак А.Зайцава). У структуру трагедыйнага твора Шэкспіра былі ўведзены элементы харэаграфіі і пантамімы (Дух Вероны -- М.Дударава), якія сталі адметным спосабам мастацкага выяўлення канфлікту. Адносіны герояў вызначаліся рамантычнасцю, лёгкасцю, непасрэднасцю.
 /i/content/pi/mast/2/49/p.21_2.jpg

Пастаноўка на сцэне Драматычнага тэатра Беларускай Арміі -- цалкам іншая. Каханне самаадданае, чыстае, пранікнёнае -- якім яно было паміж Рамэо і Джульетай -- здаўна лічыцца ідэальным, яно -- сімвал неўміручасці, непераможнасці дабра. Але абраная рэжысёрам лінія паводзін Джульеты (М.Дзянісава, А.Розак) і Рамэо (С.Лугаўской) у спектаклі здзіўляе пасіўнасцю, аморфнасцю, абыякавасцю герояў да ўласнага лёсу. Здаецца, яны звыкліся з тым, што вакол іх пануюць холад і штучнасць. Яны нават не звяртаюць увагі на эксцэнтрычны прывід Духа Вероны, які паўсюдна крочыць за імі, гэты своеасаблівы сімвал лёсу ці нават смерці. У спектаклі каханне Рамэо і Джульеты рамантычнае, прыўзнятае, але да ўзвышанага (як эстэтычнай катэгорыі) яно не дасягае. Нават у фінале напал жарсцей пакідае шлейф меладраматызму, нават і не набліжаецца да трагізму. У спектаклі смерць герояў ніяк не ўплывае на зацятую варожасць Мантэкі і Капулеці, сямейная журба падаецца часовай, здаецца, яшчэ хвіліна -- і распачне Дух Вероны свой шалёны танец, пакідаючы адбіткі крокаў на вялікім шляху гісторыі.
Дэкарацыйнае афармленне пастаноўкі М.Дударавай вылучаецца складанасцю канструкцый, насычанасцю сімваламі і метафарамі. У сцэнаграфіі пераважаюць прыёмы мастацтва манументальнага: велізарная постаць, падвешаная на ар’ерсцэне, з’яўляецца ці то Венерай, чыя галава спачывае ў правай частцы сцэны, ці то абезгалоўленай Фемідай, побач з якой з каласнікоў адзінока звісаюць шалі. Вялікая колькасць масак, надзетых на дзяржанні мячоў, што ўзвышаюцца на сцэне, выкарыстанне іх як галоўнага элемента касцюмаў сям’і Мантэкі і Капулеці, нават вялізная галава, што ў спектаклі выконвае ролю балкона, -- усё перадае ідэю замкнёнасці чалавека ў самім сабе, закамплексаванасці грамадства. На жаль, дыспрапорцыя элементаў дэкарацыйнага афармлення, дысгармонія ў іерархіі вобразаў зніжаюць мастацкую вартасць спектакля.Дык сапраўды, ці ёсць выйсце з замкнёнага кола? Падаецца, для стваральнікаў спектакля «Рамэо і Джульета» ў Драматычным тэатры Беларускай Арміі адказ на пытанне песімістычны: хада гісторыі наканаваная, і нават калі ў цябе ёсць крылы, жыццё не дасць табе высока ўзляцець... А выйсце ж заўсёды ёсць. Галоўнае -- яго шукаць.

Вераніка РУСАКОВІЧ