Пачатак і працяг

№ 3 (324) 01.03.2010 - 31.03.2010 г

Прысвячэнні графікам ХІХ стагоддзя

Усё пачалося са сціплай студэнцкай ініцыятывы навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ніны Маргаевай, Веры Каўзановіч, Уладзіміра Маторава і аўтара гэтых радкоў. У 2007-м з палаткай і эцюднікамі мы
/i/content/pi/mast/29/489/23.gif

Васіль Касцючэнка. Эцюд. Алей. 2009.

прайшліся па мясцінах Напалеона Орды, такім чынам — па-мастацку — адзначаючы 200-гадовыя ўгодкі графіка. Праз нейкі час да нас далучыліся мастакі Уладзімір Рынкевіч і Яўген Шатохін. Вынікі гэтага пленэру былі паказаны ў выставачнай зале вёскі Варацэвічы, на радзіме Орды. Так нарадзіўся першы з праектаў — прысвячэнняў выдатным графікам ХІХ стагоддзя.

Напалеон Орда ўвасобіў у сваіх шматлікіх аркушах (іх налічваецца каля тысячы, дзвесце з якіх — натурныя замалёўкі беларускіх краявідаў) велічныя палацы, утульныя сядзібы, узнёслыя храмы, закінутыя руіны некалі магутных замкаў. Творчы плён Напалеона Орды праявіўся не толькі ў мастацкіх вартасцях яго аркушаў: яны сталі неацэннай дакументальнай крыніцай, бо захавалі тагачаснае аблічча помнікаў дойлідства.

У 2008-м адбыўся наступны пленэр. Ён быў прысвечаны Казіміру Бахматовічу. Стваральнік мініяцюр, гэты мастак падняў значэнне «малой формы» ў літаграфіі да ўзроўню карціны. Арыгінальныя і тыражныя графічныя аркушы засталіся для нашчадкаў каштоўным іканаграфічным матэрыялам, у якім па-мастацку вобразна і факталагічна дакладна ўвасоблены лад жыцця розных слаёў насельніцтва вёсак, мястэчак і гарадоў нашага краю першай паловы ХІХ стагоддзя.

Удзельнікі другога пленэру (сярод іх — мастакі Уладзімір Рынкевіч, Мікола Аўчыннікаў, Рыгор Мяжуеў, Вячаслаў Паўлавец, Яўген Шатохін) увасаблялі краявіды, якія некалі, верагодна, натхнялі і Казіміра Бахматовіча. У вёсцы Дабраўляны, радзіме мастака, адбылася першая выстава — проста на вясковым падворку. Праз два дні яна пераехала ў Смаргонь, дзе ў мясцовым Доме культуры можна было ўбачыць плён мастакоўскай працы. Асабліва выразна дыялог часоў увасобіўся ў творах Уладзіміра Рынкевіча: сюжэты мініяцюр Казіміра Бахматовіча мастак арганічна ўключае ў кампазіцыі сваіх твораў. У сэнсавым супрацьпастаўленні пярэдняга і задняга планаў увасобіўся кантраст мінулай велічы маёнтка Гюнтэра, дзе прайшоў найбольш плённы перыяд жыцця Бахматовіча, і сённяшні стан яго заняпаду.

Пры канцы мінулага года ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася невялікая экспазіцыя, прысвечаная беларускаму графіку ХІХ стагоддзя Міхалу Падалінскаму. Яна з’явілася заключным акордам вялікага праекта «Нашчадкі Падалінскага», цэнтральнай жа падзеяй усяго мерапрыемства стаўся ліпеньскі рэспубліканскі пленэр у ваколіцах Оршы — на малой радзіме графіка.

У мастацкай спадчыне Міхала Падалінскага галоўнае месца займае партрэт. Найбольш каштоўнымі для нашчадкаў, пры гэтым — цэласнымі і дасканалымі па стылістычных і тэхнічных якасцях, з’яўляюцца творы з дзвюх яго нізак: партрэты прафесараў Віленскага ўніверсітэта (1818 — 1820) і знакамітых дзеячаў беларуска-літоўска-польскай гісторыі.

Чаму ў сучасных творцаў з’явілася такая вялікая ўвага да мастакоў ХІХ стагоддзя? Менавіта з гэтага часу пачынаецца адлік «вучонай графікі»: у 1797 годзе ў Вільні ўпершыню на беларуска-літоўскіх землях пачалася прафесійная мастацкая падрыхтоўка. У сценах гэтай установы навучаліся таленавітыя маладыя людзі, якія не толькі паўплывалі на развіццё нашага мастацтва, але і ўвасобілі ў сваіх творах родныя мясціны і іх гістарычную спадчыну.

Віленская мастацкая школа (а менавіта гэты тэрмін ужываецца для абазначэння дзейнасці мастацкіх кафедраў Віленскага ўніверсітэта) за час свайго існавання стала сапраўдным культурным асяродкам, яе вучнямі былі і Казімір Бахматовіч, і Міхал Падалінскі (апошні, як таленавіты выпускнік, пэўны час выкладаў у ёй). Напалеон Орда з’яўляўся навучэнцам фізіка-матэматычнага факультэта і наведваў заняткі па маляванні ў якасці вольнага слухача.

Зварот да творчасці кожнага з гэтых графікаў дае нам магчымасць па-новаму зірнуць на сваю гісторыю. Вынікі працы студэнцкай моладзі, нядаўніх выпускнікоў і сталых майстроў, прадэманстраваныя на выставах, сведчаць не толькі пра значнасць для іх мастацкай спадчыны, але і пра важнасць самой справы вяртання з забыцця імёнаў таленавітых продкаў.

 Галіна ФЛІКОП