Жанчыны ў Чорна-белым горадзе

№ 3 (324) 01.03.2010 - 31.03.2010 г

Мультымедыйны праект радыё «Культура»

30 партрэтаў мінскай інтэлігентнай Дамы, якая носіць дэмакратычныя джынсы, круціць кольцы на тонкіх пальцах і хутаецца ў паланцін за столікам кафэ, размясціліся ў галерэі «Універсітэт культуры» напярэдадні галоўнага сакавіцкага свята.

Мастачка Ганна Балаш, рэжысёр Кацярына Аверкава, балерына Вольга Гайко,
/i/content/pi/mast/29/488/wom_01_fmt.gif

Рэжысёр Кацярына Аверкава.

/i/content/pi/mast/29/488/wom_02_fmt.gif

Актрыса Зінаіда Зубкова.

/i/content/pi/mast/29/488/wom_03_fmt.gif

Балерына Вольга Гайко.

/i/content/pi/mast/29/488/wom_05_fmt.gif

Мастак Ганна Балаш.

актрыса Зінаіда Зубкова, оперная спявачка Алена Сало, кінааператар Таццяна Логінава, актрыса Купалаўскага тэатра і салістка гурта «Дзецідзяцей» Ганна Хітрык, харэограф Вольга Скварцова... Галерэя вобразаў на любы густ. У праекце «Горад жанчын» журналіст радыё «Культура» Кацярына Сушкевіч і фатограф Ягор Войнаў разглядалі тры іпастасі кожнай з іх — Маці, Творцы, Каханкі. Каб пачуць невялічкія інтэрв’ю з насельніцамі «Горада...», можна было патэлефанаваць на адмысловы нумар, указаны ў подпісе да фота, або дачакацца, пакуль аўдыёзапіс будзе выкладзены на інфармацыйным партале tut.by.

Фармат выставы прадугледжваў спалучэнне вялікіх чорна-белых фотапартрэтаў і крыху меншых па памеры прынтаў: на квадраце паперы — чатыры маленькія фота самога працэсу: як пілі гарбату на кухні, як жэстыкулявалі падчас ажыўленай размовы, як палілі... На гэтых «чацвярцінках» гераіні выглядаюць сапраўднымі: не вымучваюць усмешкі, не глядзяць спадылба ў камеру... Яны разняволеныя — такія як ёсць. Гэта вялікая заслуга Кацярыны Сушкевіч, якая стала 31-ай «гараджанкай» (журналістка прагна слухае кожную гераіню, быццам убіраючы яе словы не толькі дыктафонам, але і ўсім целам). На жаль, такі лёгкі настрой захаваўся не на ўсіх фота.

Выразнасць чорна-белага бясспрэчная, але «парадныя» партрэты гераінь не заўсёды выглядаюць удала. Калі-нікалі аўтары проста скочваюцца ў банальшчыну, дадаючы да вобраза Жанчыны мяккія цацкі — быццам бы яна па-ранейшаму кладзецца спаць выключна ў плюшавых абдымках. Шмат здымкаў зроблена менавіта ў хатніх інтэр’ерах, аздобленых у лепшых савецкіх традыцыях. Для «цікавых, асаблівых» можна было б адшукаць і больш выразны фон, чым стары дыван ды канапа.

...Злая вясна прыйшла. У кожнай гераіні — свой густ, які яна, пэўна, намагалася прадэманстраваць найлепшым чынам, ды, калі ў «Горадзе жанчын» водзяцца стылісты, навошта яны дазволілі некаторым апрануцца ў сукенку, якая «завецца vulgar», ды забрацца з нагамі ў ботах на высокіх абцасах на скураную канапу? Навошта актрысу паважанага ўзросту апранаць у лёгкую квяцістую сукенку і садзіць у позу, якая больш да твару была б маладзіцы-танцоўшчыцы?..

Крыху раздражняла сваёй вар’яцкасцю ў вачах спявачка фрык-кабарэ-бэнд: на галаве шахер-махер, у руках — гармонік...

Пры гэтым надзіва міла і наіўна выглядалі востраязыкая крытыкеса ў маленькай чорнай сукеначцы (побач з ёй на сценцы пасміхалася выява Барбары Радзівіл), і галоўны «дзіцёнак дзяцей», абуты ў смешныя кроксы, і танкарукі, з вачыма Бэмбі, харэограф у белай маечцы, і бранзалеты — цыгарэты мастачкі-лялечніцы, і высокія ілбы фей танцаў, памятаючых адвечны напамін настаўнікаў: «Прыбяры валасы з твару!»

«Жанчыны створаны для таго, каб іх кахалі, а не для таго, каб іх разумелі», — казаў Оскар Уайльд. А мы паспрабуем разам з аўтарамі праекта і палюбіць, і зразумець. Чаму стаіць яна, упіраючы рукі ў бакі, напружаная, гатовая скокнуць? Чаму пасміхаецца? Чаму з пагардай падціскае вусны? Чаму прыжмурваецца, гледзячы ўдалячынь?

Зіма, пакідай сэрцы. Твой снег растопяць усмешкі-позіркі, усмешкі-абяцанкі, усмешкі-пацалункі жанчын. Яны ўжо ў горадзе.

Алена Каваленка