Эфект прысутнасці ў дакументах эпохі

№ 3 (324) 01.03.2010 - 31.03.2010 г

Архіў Паўла Валынцэвіча

У самым пачатку 2010 года мінскі калекцыянер Дзмітрый Сярэбранікаў і фатограф Уладзімір Суцягін скончылі працу над аб’ёмнай, каштоўнай і надзіва цэласнай фатаграфічнай калекцыяй — архівам Паўла Валынцэвіча.

Кім быў гэты чалавек? Дваццаць пяць гадоў запар ён фатаграфаваў сваю сям’ю (тры пакаленні), будзень бліжэйшага асяродка, мясціны, дзе яны доўга жылі ці бывалі наездамі. Іншымі словамі, фатограф-аматар зафіксаваў у сваім архіве хроніку жыцця з 1900-га па 1925 год. Пасля, з перапынкамі, яшчэ гадоў 15... Апошнія фотаздымкі архіва зроблены ці сабраны яго сынам.

Праца над калекцыяй ішла некалькі месяцаў: негатывы на шкле з’яўляліся ў Дзмітрыя і яго калегі Ігара Сурмачэўскага паступова, спачатку было незразумела, ці можна
/i/content/pi/mast/29/484/14.gif

Вецер перамен. 1917.

ўвогуле нешта з імі зрабіць, пасля Уладзімір стаў іх сканаваць, часткова друкуючы фатаграфіі. Мала-памалу, з дапамогай Мінскага гістарычнага архіва і архіва Мінскай епархіі, ЗАГСаў Міёрскага, Ваўкавыскага і Бераставіцкага раёнаў, удакладняліся імёны фатографа і яго мадэляў, паслядоўнасць падзей і здымкаў... Як мазаіка, кадр за кадрам, складвалася гісторыя, узнаўляліся прабелы і падрабязнасці.

Аўтарам гэтых больш чым трохсот фотаздымкаў аказаўся праваслаўны святар Павел Канстанцінавіч Валынцэвіч (1875–1962). Першае месца яго служэння — мястэчка Касута — стала і першым месцам здымкі. Далей былі Узмёны (цяпер — Віцебская вобласць, Міёрскі раён), дзе Валынцэвіч служыў 43 гады ў царкве святога Мікалая. Заключная частка здымкаў зроблена ў Крэве, Сабакінцах (цяпер — Першамайскае),
/i/content/pi/mast/29/484/15.gif

У доме. 1907.

Шарашове і Ваўкавыску. У 1948 годзе ў Сабакінцах адбыўся пажар — загінулі кнігі, фотаальбомы, партрэты. На шчасце, большую частку архіва Павел Канстанцінавіч па невядомых нам прычынах пакінуў ва Узмёнах. Ён вяртаецца туды, забірае негатывы, але ўжо не друкуе фатаграфіі сам, а заказвае іх у Мінску. І гэта толькі адзін з эпізодаў выратавання архіва, які перажыў дзве сусветныя вайны, перадзел межаў паміж Савецкім Саюзам і Польшчай і яшчэ шмат чаго. Для выставы ў Гістарычным музеі Беларусі з 280 кадраў было адабрана 130, з іх 77 мяркуецца надрукаваць у вялікім фармаце, а астатнія паўстануць у альбомах і негатывах на шкле — як артэфакты мінулага стагоддзя...

Якім жа было жыццё беларускай правінцыі ў першай чвэрці ХХ стагоддзя? Што адкрыў для нас архіў Паўла Валынцэвіча? Сямейныя святы, будоўля новага дома, адпачынак на рацэ і ў парку (так жартам называлі пяць ліп), пахаванні, вучэбныя заняткі сына, інтэр’ер кабінета — фатаграфіі зафіксавалі нетаропкую гісторыю свайго часу. Будзённую гісторыю ў яе чалавечым вымярэнні, якое, на першы погляд, мала схільнае да зменаў. Крыгаход, уборка ўраджаю, праца на пчальніку… Але найперш — жыццё вялікай сям’і. Што адразу прыходзіць у галаву, калі глядзіш на архіўныя фотаздымкі: дакументальная прырода фатаграфіі ўнікальна, і як гэтае мастацтва ні развіваецца, ні ўдасканальвае свае тэхналогіі, дакументальнасць застаецца дамінантай, вектарам ва ўзаемаадносінах і з аўтарам, і з гледачом.

Фатаграфічнае даследаванне, якое адбылося ў пачатку стагоддзя, не толькі актуальнае сваёй сапраўднасцю — яно існуе ў рамках сучаснай праблематыкі. Што ўяўляюць сабой законы фатаграфіі як мастацтва? Што ў іх было прыўнесена з цягам часу? Без бачання гэтай праблемы зразумець фатаграфічную значнасць архіва (незалежна ад яго гістарычнай і краязнаўчай важкасці) складана.

Любоў Гаўрылюк

 

 

Надзея Саўчанка, куратар калекцыі фатаграфій Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі:

— З 80-х гадоў ХІХ стагоддзя значна ўдасканальваюцца фатаграфічныя тэхналогіі, у пачатку ХХ з’яўляюцца камеры «Kodak». Фатаграфія выходзіць са сцен атэлье «ў людзі» і становіцца даволі распаўсюджанай забавай. Леў Дашкевіч фатаграфаваў, калі быў гімназістам. У нашым музеі ёсць калекцыя Пятра Рыгоравіча Злотнікава, больш як 30 шкляных пласцін. Ён служыў бухгалтарам у Мінскім казначэйстве і вылучаўся прыхільнасцю да фотасправы. Здымалі настаўнікі, акцёры, чыноўнікі... І святар-фатограф, верагодна, быў не адзін, але ў Беларусі яго калекцыя стала ўнікальнай з’явай. У першую чаргу дзякуючы асабліваму стаўленню Паўла Валынцэвіча да фатаграфавання, якое праяўлялася ў выбары сюжэтаў, арганізацыі кадра. Аматары таго часу здымалі ў асноўным сямейныя партрэты, радзей — краявіды. Валынцэвіч звяртае ўвагу і на паводку, і на хрэсны ход, і на сцэну з маленькім сынам у калысцы. Такія жанравыя здымкі, рэпартажы пра падзеі, дзе людзі ажыццяўляюць нейкія дзеянні, звычайна рэдкія ў архіўных калекцыях.

Відавочна, што фатограф імкнуўся захаваць у памяці не толькі твары родных, але і лад іх жыцця, часцінку свету, які быў блізкі яму.

Валынцэвіч не абмяжоўваўся друкам фатаграфій, якія збіраў у альбомы. Ён захоўваў шкляныя пласцінкі-негатывы, падпісваў іх, трымаў асобна — у якасці архіва.

Унікальнасць калекцыі і ў тым, як склаўся яе лёс. Хоць фатаграфаванне і было распаўсюджаным захапленнем, збораў, што так поўна захаваліся, надзвычай мала. Бо шкло — крохкі матэрыял, негатывы папросту не дажывалі да нашага часу. У першую ж бамбёжку Мінска загінуў архіў Льва Дашкевіча, згарэла калекцыя Яна Булгака. А фотаархіў Валынцэвіча ацалеў і ў рэшце рэшт трапіў у рукі спецыялістаў, якія ведаюць яму цану.

 

Уладзімір Суцягін, фатограф:

— Гістарычная фатаграфія цікавая тым, што чалавек здымае тое, што бачыць вакол, без прэтэнзій на «мастацтва». Здымае сям’ю, блізкіх, усё, што іх акружае. Сёння мы ўжо не жадаем бачыць свет такім, які ён ёсць, шукаем нейкія тонкасці, іншымі словамі, адыходзім ад прамой фатаграфіі. Валынцэвіч проста глядзеў і рабіў кадр.

Можа, у такім стаўленні да сваёй справы хаваецца адказ на пытанне, чаму на фатаграфіях пазначаны даты і месцы здымкі, але толькі аднойчы — імя аўтара. Наўрад ці Валынцэвіч думаў, што яго фатаграфіі знойдуць і ацэняць: ён гэтым заняткам не надта ганарыўся.

І толькі праз сто гадоў, мы разумеем, што гэта было і ёсць мастацтва. Хоць сёння ў гэты статус узводзяць зусім іншыя рэчы: калі фатограф бачыць нешта адрознае ад існага, нібыта большае, чым звычайнае жыццё. Калі б Валынцэвіч быў нашым сучаснікам, яго заняткі не лічыліся б творчасцю! Але яго здымкі — ужо гісторыя, а што з сённяшніх фатаграфічных вопытаў застанецца ў ёй, яшчэ невядома.

Можа, дарма мы адыходзім ад таго натуральнага, што ёсць у фатаграфіі? Тэхналогій прыдумана шмат, але чым больш іх, тым менш фатаграфіі! Раней сам факт здымкі быў падзеяй, а сёння фатаграфію прымаюць, калі яна становіцца сенсацыяй. І мы яшчэ здзіўляемся, чаму на старых фотакартках твары такія асаблівыя, супакоеныя. Мяркую, што яны былі звычайныя, проста цяпер мы спяшаемся і прыспешваем мастацтва, вось і становіцца яно гэткім жа таропкім, мітуслівым. Лад жыцця непазбежна ўплывае на фатаграфію. Рэчаіснасць якраз і ўвасабляецца ў тварах. Старыя майстры жылі ў часе, а не беглі за часам. Сёння так ужо не атрымліваецца. З’яўляецца адчуванне, што па-сапраўднаму «новым» можа быць толькі грунтоўна забытае «старое».