Green? Peace?

№ 3 (324) 01.03.2010 - 31.03.2010 г

У пошуках ментальнасці беларускага пейзажа

 

Акварэльныя, заспакойлівыя, бесклапотныя... Ці рэзкія, энергічныя, напружаныя. Пляма ў інтэр’еры, на якой спачывае вока, ці эмацыянальны раздражняльнік? Якім павінен быць сучасны пейзаж?

 64 мастакі з Расіі, Беларусі і Арменіі — удзельнікі IV Міжнароднага фестывалю пейзажа імя Віталя Цвіркі — далі на гэтыя пытанні.
120 адказаў у фота, жывапісе і графіцы.

Фестываль, які праходзіў у галерэях Нацыянальнай бібліятэкі, падкрэсліў спрадвечную традыцыйнасць гэтага мастацкага жанру. Амаль ніякай разнастайнасці — класічныя палі ды рэкі, сажалкі ды лужыны, сумныя жніўні, спеўныя маі, ласкавыя ліпені... Толькі калі-нікалі сустракаліся жывыя ракурсы і нязбітыя акцэнты.

На выставе былі прадстаўлены і досыць экзатычныя пустынныя краявіды, Эльбрус, халодныя паўночныя моры, горныя віды Карачаева-Чаркесіі, індустрыяльныя прыгажосці Парыжа. Але асабіста мяне цікавіла іншае: як вырашаюць сучасныя беларускія мастакі купалаўскі стэрэатып пра «старонку родную», аб якой будзяць успамін клёкат буслоў і «нуднае ягнят бляянне-зоў на пасьбішчы»?..

Фатаграфічныя эксперыменты прыцягвалі ўвагу канчатковасцю шэрага, чорнага і белага.

Ад графічных твораў патыхала «класікай жанру». Колькі разоў можна «вырашаць» адны і тыя ж прыгоркі ды пралескі, драбналессе і палі?

А з алеем усё было неадназначна. Цікавыя пошукамі і манерай творы суседнічалі з усё тымі ж знаёмымі «пейзажыкамі», якімі ўпрыгожваюць свае кватэры сярэднестатыстычныя мяшчане з прэтэнзіямі на добры густ.

Гучныя словы — «сацыяльная адказнасць мастака». А які сацыяльны адказ рыхтуе той, хто малюе пейзаж? Сельская ідылія, гарадскія матывы... Пішу тое, што бачу, тое, ш
/i/content/pi/mast/29/483/13-.gif

Віталь Раковіч. Іншы свет I. Фота. 2009.

то грэе сэрца, тое, што перад вачыма... Душа і духі горада, дрыяды і німфы лесу, феі палёў... Ментальны, тыповы беларускі пейзаж нараджаецца ў іх, але якое гэта нараджэнне? Дзіцятка восеньскіх туманоў, сумных жніўных і вераснёвых мелодый, вёскі, вёскі, вёскі... Пах сырадою, адвечнае «му» ды «м-мме-е», царкоўны звон плыве над нівамі, бабулькі ўсё сядзяць каля плота... З года ў год, з веку ў век. Пейзаж застаецца вечным і... паўторным, паўторным, паўторным. Класічная прыродная прыгажосць стала штампам, які мастак можа маляваць у сваёй майстэрні, не выязджаючы на пленэры. Нават не выглядваючы ў акно.

Пейзаж — гэта і культурная мадэль свету, і адбітак нацыянальнай ідэі. Калі меркаваць па творах, паказаных на фестывалі, стаўленне чалавека да прыроды ніколькі не змянілася.

Пейзаж — мастацтва «для ўсіх». Мы робім вылазкі «на прыроду», п’ем піва і сокі, ядзім шашлык і, між справамі, захапляемся навакольнымі прыгажосцямі.

Пейзаж — мастацтва для ўсіх. Калі дамарослы мастак пачынае свае эксперыменты з алеем, гвалтуючы палатно, то ён абірае пейзаж як самы зразумелы і даступны для сваіх гледачоў жанр. Што можа быць прасцей? Намаляваць бярозку, пагорак, кароўку. Ах, родныя прасторы, як я вас люблю!

Пейзаж — мастацтва для ўсіх. Самы лёгкі для ўспрымання. Можна разглядваць і з настальгіяй аддавацца ўспамінам кшталту «а вось у маёй бабулі на вёсцы...»

Заінтрыгавала серыя лічбавых фота Сяргея Кажамякіна «Беларускі ментальны краявід». Ментальнасць любога народа — сукупнасць уласцівых яму рысаў, якія ф
/i/content/pi/mast/29/483/13.gif

Георгій Паплаўскі. Радасны май. Алей. 2010.

арміраваліся пад уплывам гістарычных абставін і навакольнага асяродка. Беларусы такія, як іх прырода. Беларуская прырода такая, як «тутэйшыя» людзі. Філасофія сімбіёзу. Адзін у полі не воін, двое — як адзін у гэтым свеце, а весялей за ўсё — «меркаваць на траіх». Чыстая снежная прастора, чыстае сіняе неба (гэтая чысціня быццам падказвае — марозна!), а навідавоку — адно дрэва. Два дрэвы. І, нарэшце, магічная лічба — тры! Цішыня і смутак, самота. Непахіснасць і нерухомасць.

Вельмі цікавая і крыху злавесная фотапластыка Валерыя Вядрэнкі «Нясвіж» і «Солы». Старыя беларускія гарады і мястэчкі хаваюцца — расплываюцца ў тумане і ў ценях. Колеры змрочныя, скупыя — брудныя: і чырвоны колер цэглы, і жоўты — фарбы, якой пакрыты сцены старых дамоў.

У фотасерыі «На захад ад Мінска» Уладзімір Парфянок прадстаўляе нам «Гальшаны» і «Крэва». Фотаздымкі падзелены на тры часткі, у цэнтры — вядомыя замкі, чорна-белыя руіны, контуры. Чорны настрой, чорныя думкі. Пытанне: а што там, далей? На захад ад Мінска — толькі руіны, так, маляўнічыя, але абсалютна нежыццяздольныя.

Віталь Раковіч выступае з прыгожай глянцавай серыяй «Баранцава мора. Аляска. Жнівень. 2008», якую так лёгка ўявіць у якасці насценнага календара ці ілюстрацыі для часопіса «GEO». А вось «Іншы свет» выглядае ўжо не гэтак тыпова. Свежаўзаранае поле, пакрытае слядамі шын і сеялак, — звычайнае відовішча. Але што мы ўбачым, калі перавернем фота? Іншы свет, іншую рэальнасць, незвычайны ландшафт, якому месца на Марсе, а не на Зямлі. Звычайнае становіцца нязвычным — дастаткова толькі паставіць усё з ног на галаву.

У работах Святланы Катковай «Зіма. Першы снег» і «Мяцеліца» галоўныя персанажы — птушкі. Узімку і сапраўды больш звяртаеш на іх увагу. Яны скачуць па снезе, збіраюць крошкі — чорна-белыя птушкі зімы. Сарокі быццам бы прыдуманы для «марознай» графікі — лаканічнасць колеравая, лаканічнасць ліній. А завіруха — гэта процьма крылаў, калі птахі адначасова ўздымаюцца ў паветра і кружаць, кружаць над горадам, над полем, над лесам у пошуках ежы.

Свае палотны «Роднае» і «Сіняе змярканне» Уладзімір Кожух будуе па схеме «велізарнае неба — вялікі лес — прасторы — прасторы — ма-а-аленечкая хатка». Традыцыйны прыём выглядае выдатна дзякуючы нечаканым колерам, якія выкарыстоўвае мастак: рэзкі пранізлівы блакіт, каб падкрэсліць невялічкае збудаванне ў цэнтры «Роднага», і фіялетава-бэзавы — у вырашэнні аўтара гэтак раскошна выглядае неба падчас сіняга змяркання.

«Веснавая вада» Сямёна Дамарада — гэта бярозава-сонечныя лужыны, якіх так чакаеш на працягу зімы.

Лапідарны «Дах» Васіля Касцючэнкі: бялюткі месяц, прыбіты да блакітных нябёсаў, скоса пазірае на рознакаляровыя квадраты гарадскіх дахаў.

Абсалютна касмічным выглядае «Радасны май» Георгія Паплаўскага. Ружовыя і жаўтаватыя дрэвы на фоне сіняга неба і яшчэ белы снег — ягоная вясна рыхтуе для нас сюрпрызы.

Серыя прац «Чатыры дні на вуліцах Вільні» Наталлі Жыгамонт пазнаёміла гледачоў з рознакаляровым каменным баляваннем вузкіх вулак.

Некалькі аркушаў з серыі «Майнц» прадставіў на выставе Вячаслаў Паўлавец. Ён скупа малюе чужы нямецкі горад, ствараючы новы тып халоднага няўтульнага гарадскога пейзажу.

Сучасны гарадскі імпрэсіянізм пануе ў рабоце Сяргея Вечара «Хвалісты кант змяркання»: мітусня будынкаў, людзей і фарбаў.

«Віцебск. Сонечны дзень» Эдварда Галустава — акрылавая паэма невялічкіх гарадоў: двухпавярховыя дамы, пара дрэў, пасаджаных побач, трэскі на тратуары, цёплыя сонечныя пацалункі на снезе.

«Жнівень» Наталлі Сімаковай: стажкі, жоўтыя вар’яцкія стажкі.

Палатно Дзмітрыя Сурыновіча «Без назвы» зацягвае ў жудасны сіне-чорны сасновы калідор, нават белае святло з неба палохае і зусім не рассейвае змрок. А ўвогуле — нагадвае цемру калодзежа з японскага трымценніка «Званок».

Тоўстай змяёй, пітонам выглядае «Прыпяць» у вырашэнні Аляксандра Забаўчыка. Колер-экзот — зялёна-жоўты — перакрэсліваецца чырвонымі ламанымі лініямі. Рабізна на вадзе, няспынны рух плыні.

«Вызваліцельніца Флора» Рыгора Несцерава нараджаецца з сонечнага святла.

«Снежныя аблокі» — тыповы акварэльны матыў ад Міхаіла Будавея. Тонкія кволыя карычневыя галінкі, празрыстае паветра, празрысты снег, блакітныя, чыстыя колеры.

Увогуле, гарадскія пейзажы выглядалі больш жорсткімі і характарнымі, чым сельскія. Рытм горада, яго гукі і пахі, песня каменных дамоў і асфальту — усё гэта падаецца цікавейшым за вясковую ідылічнасць пацямнелых драўляных дамкоў ды груш пры плоце.

І самі мы — «гарадскія», і сэрца ўжо не шчыміць так, калі глядзіш «вось на гэтае поле, на гэтае неба». Адвечныя каштоўнасці становяцца ўсё больш урбаністычнымі: ячэйкі сеткі-рабіцы, якой агароджаны сучасныя стадыёны і спортпляцоўкі, позірк з цёмнай кватэры на яркую вясновую вуліцу, сонечныя плямы на дахах шматпавярховікаў — вось на што нашы сэрцы адгукаюцца ўсё мацней.

Напрошваюцца сумныя параўнанні. Выстава «Польскі пейзаж», што адбылася летась у Музеі сучаснага мастацтва, прадэманстравала нам яскравы партрэт сучаснага польскага грамадства і яго сацыяльных праблем. Калі ж з гэтага гледзішча прааналізаваць творы нашых мастакоў, што былі прадстаўлены на фестывалі пейзажа імя Цвіркі, то беларускае грамадства паўстане абсалютна беспраблемным. Ягоную ментальнасць цалкам задавальняюць дрэвы, снег, аблокі, палі (нават перагорнутыя). І буслы на выставе былі. Бясконцае жангліраванне аднымі і тымі ж знакамі надакучвае. Ягняты стаміліся выступаць сімвалам Радзімы і замаўчалі. Добра гэта? Дрэнна? Проста так склалася? Але з’яўляюцца новыя гледачы, якім незразумелае замілаванне бясконцай рахманасцю і памяркоўнасцю. Што пакажуць ім новыя фестывалі?

 Алена Каваленка