Арыентуемся на ментальнасць

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Больш за паўвека існуе кафедра рэжысуры. Ля яе вытокаў стаялі знакамітыя майстры сцэны -- вучні і паслядоўнікі карыфеяў рускай акцёрскай і рэжысёрскай школ. Яны заклалі на Беларусі трывалы падмурак прафесійна-тэатральнай адукацыі. Рэжысёрская школа развівалася ў рэчышчы тэатра псіхалагічнага рэалізму. Але час мяняецца і зыходныя арыенціры страчваюць моц. Як і куды ісці далей? Чым кіравацца ў вірлівым жыцці сучаснасці?

 /i/content/pi/mast/2/48/p.38.jpg
 Р.Баравік са студэнтамі рэжысёрскага аддзялення.
Беларуская рэжысура пачатку трэцяга тысячагоддзя, як і рэжысура ўсёй постсавецкай прасторы, у палоне празмерных эксперыментальных пошукаў у сферы сцэнічнай выразнасці. Перш за ўсё гэта выяўляецца ў вонкавым кідка-стракатым выглядзе спектакля.
Выкарыстанне эпатажнай музыкі, экстравагантных мізансцэн, карнавальна-подыумных касцюмаў, эратычна-сексуальнай атрыбутыкі, зрушванне прасторава-часавых характарыстык дзеі -- літаральна ўсё скіравана на тое, каб быць не традыцыяналістам, а творцам «еўрапейскага ўзроўню». У выніку глядач бачыць на сцэне шырспажыў, які прапагандуецца штодня па тэлевізары ці на забаўляльных шоу заезджых гастралёраў.
Самымі папулярнымі тэатральнымі жанрамі незалежна ад літаратурнага матэрыялу (класіка ці сучасная п’еса) з’яўляюцца цяпер смешныя гісторыі, прыгожыя казкі, а часам проста бессэнсоўныя відовішчы.
Камерцыялізацыя рэжысёрскага мастацтва мае і станоўчыя, і адмоўныя тэндэнцыі. Палітра інтарэсаў пастаноўшчыка робіцца больш разнастайнай. Тэатральныя калектывы больш увагі надаюць агульначалавечым каштоўнасцям. У той жа час сцэнічныя творы залішне выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах, а тыя ці іншыя драматургічныя тэмы адмыслова выбіраюцца дзеля гэтага. Такое непрадбачлівае ўздзеянне на мастацка-творчы працэс абарочваецца неапраўданай дэманстрацыяй індывідуальных густаў, што бачна па дзейнасці многіх тэатраў нашай краіны. На творчыя пасады трапляюць людзі малавядомыя ці не надта прафесійныя. Бывае і так, што кіраўніку-адміністратару выгадна пакідаць рэжысёрскія пасады вакантнымі, нягледзячы на тое, што ў нас ёсць рэжысёры, якія маглі б прапанаваць уласную эстэтычную праграму творчага развіцця калектыву з улікам інтарэсаў дзяржавы і нацыянальнага мастацтва. Я ўжо не кажу пра маладую рэжысуру.
Як быць? Эксперыментаваць ці не? Канешне, эксперыментаваць. Але ў разумных межах, не парушаючы прыроды тэатральнага жанру. Драматычнае мастацтва шмат у чым нагадвае музейнае. Яно моцнае традыцыямі. Менавіта яны захоўваюць для пакаленняў непаўторнасць змястоўных першакрыніц і форм. Не разбураюцца ж такія унікальныя тварэнні, як японскі тэатр кабукі, італьянская і французская камедыі, кітайская опера.
Для захавання ментальных кірункаў тэатральнага мастацтва ў нашай краіне варта стварыць лабараторыю па вывучэнні тэорыі і практыкі айчыннай рэжысуры. Усяляк падтрымліваць рэжысёраў, якія развіваюць традыцыйнае псіхалагічнае драматычнае мастацтва. Перыядычна праводзіць фестывалі і канферэнцыі, конкурсы і сімпозіумы, звязаныя з прапагандай карэнных форм нацыянальнай рэжысуры. Пры аналізе спектакляў, пры ацэнцы таго ці іншага фестывальнага сцэнічнага твора нельга не ўлічваць крытэрыі школы.
Тады і роля Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па падрыхтоўцы і выхаванні рэжысёрскіх кадраў стане больш важкай. Пытанні школы будуць больш цесна звязаны з непасрэднай творчай дзейнасцю беларускіх тэатраў.
Даўно наспела праблема перападрыхтоўкі рэжысёраў на базе акадэміі. Менавіта тут, у нас, мэтазгодна стварыць лабараторыю. Кіраваць школай павінны не выпадковыя людзі, а спецыялісты са сталымі творчымі перакананнямі. Пажадана, каб наш Тэатр-студыя імя Е.Міровіча стаў цэнтрам класічных, лабараторных і эстэтычна-асветніцкіх праграм. Канешне, для гэтага неабходна і адпаведнае фінансаванне. Тады і рэгулярныя студэнцкія паездкі з рэжысёрскімі работамі на рэспубліканскія і міжнародныя фестывалі зробяцца рэальнасцю.
Абнадзейвае тое, што Міністэрства культуры праводзіць штогадовы конкурс рэжысёрскіх эксплікацый для маладых. Студэнты чацвёртых курсаў нашай кафедры штогод прымаюць актыўны ўдзел у майстар-класах Міжнароднага тэатральнага фестывалю ў Магілёве.
Мадэль беларускіх дзяржаўных тэатраў патрабуе пераасэнсавання і ўдакладнення. Важна ствараць вакол сябе акрэсленую духоўна-ментальную прастору. І рабіць гэта з улікам запатрабаванняў часу, ставіць празрыстыя тэатральныя арыенціры, якія вызначаюцца гістарычнымі рэаліямі і карэктуюцца не капрызам, а здаровым сэнсам.
Словам, трэба прытрымлівацца правіл і традыцый нашага тэатральнага мастацтва. Удакладняць асноўныя і развіваць перыферыйныя яго кірункі. Толькі так зможам рухацца далей, захоўваючы нашу ментальнасць і ў мастацтве, і ў жыцці.  

Рыгор БАРАВІК, загадчык кафедры рэжысуры