Contemporary dance у этна-інтэр’еры

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

Форум, чыя поўная назва — «Чатыры элементы: музыка, кіно, тэатр, традыцыя», вось ужо не першы год прадстаўляе ў Маскве і Авіньёне яскравыя эксперыментальныя работы рэжысёраў, музыкантаў і харэографаў з усяго свету.

 У апошнім свяце бралі ўдзел калектывы з Германіі, Францыі, Кітая, Італіі, Перу, краін СНД і Балтыі. У праграму леташняга, дзевятага па ліку фестывалю, што прайшоў на сцэне «Тэатра Месяца», упершыню быў уключаны конкурс тэатраў сучаснай харэаграфіі і пластычнай драмы. Таксама ўпершыню за гісторыю фэсту ў ім прынялі ўдзел беларусы. Сімптаматычна, што ў якасці дэбютанта аргкамітэтам быў абраны Тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I» (Мінск), які паступова набывае вядомасць за межамі нашай краіны.

 

Этна-ракурс

 

/i/content/pi/mast/28/478/49.gif

«Азімут». Харэограф Лілія Севасцьянава. Тэатр руху «Лік» (Ташкент, Узбекістан).

Міжнародныя межы фестывалю аказаліся надзіва блізкімі і амаль што сваімі, бо яго ўдзельнікамі сталі калектывы з краін постсавецкай прасторы — Расіі, Беларусі, Узбекістана. Большасць з іх добра вядомыя прыхільнікам Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC): танцавальная кампанія «Акаём» Аляксандра Гурвіча (Екацярынбург), Тэатр танца «Скрым» Эльвіры Пярвовай (Самара), камерны балет «Пантэра» Наіля Ібрагімава (Казань), Тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі Ірыны Афонінай (Масква) і інш.

Актуальнасць і аўтэнтычнасць — так можна акрэсліць канцэпцыю фэсту. Першае — гэта «тут і цяпер», гарызантальны вектар сучаснасці, другое ж — позірк углыбіню, спасціжэнне каранёў. Арганізатары форуму, прадзюсерскі цэнтр «Згода» Анжэлы Голубевай, робяць асноўны акцэнт менавіта на актуальнасці традыцыйнай культуры. І сведчанне таму — конкурс «Этніка», які штогод праводзіцца ў межах праекта, з’яўляецца яго галоўнай падзеяй і «звышзадачай».

Што ёсць фольк сёння, і што можа быць крытэрыямі этнічнай «самасці» ў наш глабалісцкі постпостмадэрнісцкі час? Як у танцы праяўляецца аўтэнтычна-сапраўднае, спрадвечнае, а не яго прафанны, «кірмашовы» варыянт? І што лічыць за нацыянальнае? Балет з вялікай колькасцю народных танцаў? Спектакль з нацыянальным сюжэтам і адпаведным музычна-сцэнічным антуражам?..

Арганізатары фэсту інтэрпрэтуюць гэтыя тэмы для роздуму з пункту гледжання чалавека XXI стагоддзя. «Этнічны пачатак у культуры — тэма вечная і невычэрпная, — гаворыць Анжэла Голубева, арт-дырэктар і прэзідэнт фестывалю. — У адрозненне ад многіх фальклорных фестываляў, этніка для арганізатараў праекта “Чатыры элементы” — не музей і не цудоўная архаіка. Гэта наша сучаснасць і будучыня. Сінтэз мастацтваў, атмасфера эксперымента, дыялог з сённяшнім гледачом — вось тыя прынцыпы, якіх прытрымліваецца наш фестываль. Для ўдзелу ў конкурсе не абавязкова будаваць спектакль цалкам на фальклоры ці этнічнай музыцы. Нам цікавая розная работа з этнікай — ад хвілінных украпванняў да маштабных двухгадзінных спектакляў. Абмежаванняў няма ні па форме, ні па змесце».

Такое стаўленне рэзануе з тэндэнцыямі ў сучасным мастацтве. Пры існуючым плюралізме інтарэсаў творца можа абраць любое рашэнне. Галоўнае — каб выбар быў асэнсаваны, а вынік меў мастацкую арганічнасць. І сучасная харэаграфія (або так званы contemporary dance) з яе татальнай полістылістыкай, пазбяганнем якіх бы то ні было канонаў і стэрэатыпаў — яскравы доказ гэтага.

Не магу тут не згадаць заўчасна памерлага Яўгена Панфілава, першапраходца ў расійскім contemporary dance. Ягоныя пастаноўкі, нягледзячы на адсутнасць дэманстратыўнага патрыятызму і прыёмаў з тэзаўруса народна-сцэнічнага мастацтва, былі няўлоўна рускімі па сваім вобразна-філасофскім напаўненні, паэтыцы. Неаднаразова падчас прагляду балетаў Панфілава «Бабы. Год 1945», «Восем рускіх песень», «Рака» лавіла сябе на думцы, што менавіта тут, у Расіі, падобныя вобразы і могуць нарадзіцца. Трапнае тлумачэнне гэтай асаблівасці даў сам харэограф у адным з інтэрв’ю: «Мне здаецца, што ўва мне вельмі глыбока спіць рускі чалавек... Але як выразіць рускі дух? Не пераскокамі “à la russe” ці фольк-дансавымі рытмамі. Хочацца знайсці знакавасць, архетып, адчуванне таго, што гэта магчыма толькі ў Расіі і больш нідзе...»

 

Самаідэнтыфікацыя — праз цела

 

Калі ўлічыць этнічную скіраванасць фестывалю, дык конкурс тэатраў contemporary dance і пластычнай драмы — новаўвядзенне заканамернае. Бо, па-першае, сучасны танцтэатр вельмі пільна ставіцца да архаікі, да каранёвых, фальклорна-рытуальных вытокаў. У дыялоге з мінулым харэографы імкнуцца знайсці кропкі апоры сярод шалёнай інфармацыйнай плыні нашага часу, каб дакрануцца да спрадвечнага, існага, сапраўднага ў зменлівым свеце моды і герояў на гадзіну. Гэтая тэндэнцыя назіраецца паўсюдна: да этнаматываў і філасофіі краін Усходу звяртаўся ў сваёй творчасці легендарны Марыс Бежар; іспанскі нацыянальны архетып вабіць Нача Дуата, аднаго з цікавых балетмайстраў сучаснасці; традыцыі Пекінскай оперы, прыёмы ўсходніх адзінаборстваў, медытацыі сінтэзуе з тэхнікай мадэрн-танца ў сваіх спектаклях сусветна вядомы Лі Хвай-Мін; узаемапранікненне аўтэнтыкі і вострасучаснай экспрэсіі характэрна для японскага танца буто. У расійскім данстэатры гэты працэс нярэдка набывае драматычную афарбоўку, становіцца спробай узнавіць перарваную сувязь часоў, формай мастацкага самавызначэння і самадаследавання славянскай душы ў постсавецкую, посттаталітарную эпоху. Нярэдка самадаследавання жорсткага і бескампраміснага, як, да прыкладу, у спектаклях Таццяны Баганавай і Вольгі Поны.

У пошуках уласнай самаідэнтыфікацыі маладыя харэографы ўсё часцей звяртаюцца да так званай памяці цела, яе ўзнаўлення праз аўтэнтычны жэст. Такой пазіцыі прытрымліваецца Генадзь Абрамаў, вядомы маскоўскі рэжысёр і харэограф, стваральнік «Класа экспрэсіўнай пластыкі»: «У нашым целе генетычна закладзена ўся гісторыя папярэдніх пакаленняў, пачынаючы з навыкаў і звычак жывёл, — гаворыць ён. — Калі вы спрабуеце танцаваць, то трэба зразумець, што цела ўмее ўсё, але многае забыта і схавана ўнутры. Таму набліжэнне да архаікі першачалавека — гэта адначасова і шлях да сябе». І аўтэнтыка ў гэтым сэнсе становіцца своеасаблівай ніццю Арыядны, што дазваляе ўсвядоміць свет у сабе і сябе ў свеце.

 

Pro et contra

/i/content/pi/mast/28/478/ibr.gif

«Плач». Харэограф Наіль Ібрагімаў. Камерны балет «Пантэра» (Казань, Расія).

Нягледзячы на рознасць падыходаў і ступені далучанасці да фольку, конкурсныя работы аб’ядноўваў агульны вобразны настрой — кшталту «плач душы і сэрца боль». Змрочны свет жорсткай бойні і крывавых разборак у духу чорнай прозы паказаў Аляксандр Гурвіч у спектаклі «Вальгала». Скандынаўская міфалогія тлумачыць гэты тэрмін як нябесны прытулак для воінаў, што загінулі гераічнай смерцю. У трактоўцы харэографа прытулак хутчэй нагадваў турму, пякельную прастору, жыхары якой паводзілі сябе зусім не па-геройску.

Маўклівым крыкам прагучала мініяцюра «Плач» Наіля Ібрагімава. Болем непаразумення, якое адчайна імкнуліся пераадолець тры сяброўкі, быў прасякнуты яго ж спектакль «Трохкроп’е».

Безумоўна, змрочнасць тэматыкі не адмаўляе арыгінальнасці пастановачнага рашэння. Уменне мысліць экспрэсіяй руху, выразнасцю позы, памножанае на рэжысёрскую дакладнасць і метафарычнасць мізансцэн, вылучала згаданую работу Гурвіча, адзначаную спецпрэміяй журы як лепшы спектакль contemporary dance. Філасафічнасць канцэпцыі, нацыянальная аснова вобразнасці, аскетызм і сімвалічная шматзначнасць сцэнічных прыёмаў заўсёды заўважныя ў работах Ібрагімава (лаўрэат у намінацыі «Лепшая драматургія спектакля. Акцёрскі ансамбль», спецпрэмія «За прафесіяналізм і нестандартнасць мастацкага мыслення»). Аднак чаргаванне плачу, крыкаў у рэжыме non-stop рабіла розныя кампазіцыі адной бясконцай песняй.

Вядома, дэпрэсіўнасць, зварот да паталагічна-паранаідальных праяў чалавечага жыцця былі заўсёды ўласцівы сучаснаму танцу, які з першых дзён існавання радыкальна абвяргаў цудоўныя ідэалы класічнага балета. Аднак у наш час культываванне сумнага і трагічнага ўспрымаецца штампам, выглядае гэтак жа няплённа, як і парадна-аптымістычныя скокі з арсенала народна-сцэнічнай харэаграфіі. Не веру, што ў жыцці сучаснага чалавека — пры ўсіх крызісах, эпідэміях, тэлевізійнай «чарнусе» — і насамрэч так мала радасці. І што гэтае жыццё ў такой ступені эмацыйна аднастайнае...

Але былі і выспачкі ў агульным «моры слёз». Паэтычным гімнам каханню, жыццю, маладосці прагучаў балет Эльвіры Пярвовай «Кліч белых жораваў», прысвечаны тым, хто не вярнуўся з вайны. Аўтарскае вырашэнне даволі заштампаванай, а таму небяспечнай на сённяшні дзень тэмы было цалкам пазбаўлена звыклых інтанацый пафасу і афіцыёзу. Кантраснае чаргаванне драматычных і прасветлена-лірычных сцэн стварала вобраз несупыннага кругабегу жыцця — у адзінстве разбурэння-міру, радасці-болю, адчаю-надзеі — і пашырала канцэпцыю спектакля ад лакальна-ваенных падзей да агульначалавечых, вечных. Асабліва ўразіла майстэрства маладых выканаўцаў, якія насычалі балет такой дзівоснай шчырасцю эмоцый, прыгажосцю пачуццяў і гарачай верай у прапанаваныя абставіны, што аказвалі на публіку амаль катарсічнае ўздзеянне. Абыякавым не застаўся ніхто: спектакль атрымаў прыз глядацкіх сімпатый і дыплом лаўрэата ў намінацыі «Выканаўчае майстэрства. Лепшы акцёрскі ансамбль».

Былі на фестывалі і іншага кшталту выключэнні. «Этнаграфічнай літаральнасцю» ў параўнанні з эксперыментальнымі ў стаўленні да фольку работамі вызначаўся пантамімны спектакль «Азімут» Тэатра руху «Лік» Ліліі Севасцьянавай (Ташкент). Аднастайная па тэмпарытме дзея, што доўжылася больш за гадзіну, сабрала ў адзіны букет, здавалася, усе папулярныя і абавязковыя для еўрапейца атрыбуты Усходу. Тут былі і дыван, які мылі, і пярэстыя хусткі, і гарлачы, і вінаград з гранатам... Аднак не было галоўнага — адчування сапраўднасці гэтага візуальнага глянцу. Тым не менш, спектакль адзначылі дыпломам конкурсу, што сведчыць пра падтрымку розных падыходаў у інтэрпрэтацыі этнічнага матэрыялу.

 

Беларускі трыумф, але без Гран-пры

 

/i/content/pi/mast/28/478/50.gif

«Зіма». Харэографы Дзмітрый Залескі, Вольга Скварцова. Тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I» (Мінск, Беларусь).

Нягледзячы на тое, што лаўрэатаў не вызначылі ў намінацыях «Гран-пры — лепшы спектакль», «Лепшы рэжысёр» і «Лепшы харэограф», на конкурсе былі свае лідэры. Прыемна адзначыць, што відавочным хэдлайнерам фэсту стаў наш Тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I». Калектыў уразіў многім: і колькасцю прадстаўленых работ, і экстра-класам выканання (пры тым, што не ўсе танцоўшчыкі маюць прафесійную харэаграфічную адукацыю), і самай вялікай колькасцю дыпломаў і прызоў конкурсу, якіх гурт атрымаў... ажно шэсць!

З улікам творчых дасягненняў тэатра і самаадданасці ягоных кіраўнікоў такі поспех заканамерны. Здзіўляе іншае — сам факт існавання гурта, які ў наш эканамічна нестабільны, крызісны час успрымаецца як нейкі цуд, а таксама «сямімільная» інтэнсіўнасць прафесійнага росту. «D.O.Z.SK.I» (назва тэатра створана з пачатковых літар імёнаў яго стваральнікаў Дзмітрыя Залескага ды Вольгі Скварцовай) — першы ў Мінску калектыў, што свядома займаецца сучасным танцам у яго інтэлектуальна-аўтарскім, а не эстрадна-забаўляльным абліччы. Заснаваны ў 2005 годзе, за кароткі тэрмін гурт стаў удзельнікам і лаўрэатам прэстыжных форумаў сучаснай харэаграфіі (IFMC, расійскага «Цэха»), атрымаў вядомасць у Беларусі і замежжы.Прэм’ера балета Залескага — Скварцовай «Мухі на сонцы» адбылася мінулым летам у Варшаве.

Кожная з паказаных на конкурсе работ была ганаравана асобным дыпломам. Спецпрызам журы ў намінацыі «Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства» была адзначана пастаноўка Дзмітрыя Залескага «Сталасць», якая на Міжнародным конкурсе фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (XXI IFMC) выбухнула 1-ай прэміяй (пры тым, што раней нашы калектывы нават у фінал звычайна не траплялі).

Аднаактовы спектакль, пастаўлены на мужчынскую частку трупы, спалучыў рэжысёрска-тэатральную дакладнасць дзеяння і вынаходлівы, нават лексічна віртуозны танец, арыгінальнасць канцэптуальнай задумы і яе вобразна-метафарычнае, багатае на асацыяцыі ўвасабленне, грузінскую і армянскую народную музыку з матывамі нацыянальнай характарнасці ў пластыцы. Сталасць — стан, у якім раптоўна апынуўся адзін з трох братоў. Пасля страты маці ён бярэ на сябе адказнасць за двух астатніх і з бесклапотнага юнака ператвараецца ў дарослага мужчыну. Гэтая тэма аказалася настолькі балюча-надзённай, што балет атрымаў спецпрыз гледачоў «За актуальнасць сцвярджэння мужчынскага пачатку ў век фемінізацыі мужчын». Акрамя таго, Дзмітрый Залескі быў уганараваны персанальным дыпломам «За творчую фантазію».

Пераможцам у намінацыі «Арганічнасць спалучэння этнічнай музыкі і сучаснай харэаграфіі» стала Вольга Скварцова. У мініяцюры «У даліне долі» на музыку Сяргея Старасціна, вядомага знаўцы рускага музычнага фальклору, аўтар прапаноўвала паразважаць пра архетып жанчыны. Дыяганальны малюнак мізансцэны і адпаведная траекторыя рухаў, прыхавана напружаныя позы танцоўшчыц, позіркі, скіраваныя быццам да нечага малавядомага, неспазнанага, — усё гэта буйным планам выяўляла ўнутраны стан гераінь, іх вечнае чаканне. Чаканне свята, кахання, цуду, дзіцяці — чаго заўгодна...

Спецпрыз гледачоў і дыплом «За арыгінальную трактоўку жаночага вобраза» атрымаў аднаактовы балет «Зіма» — першая сумесная пастаноўка Залескага — Скварцовай. Пластычная нешматслоўнасць, статычныя, падобныя да стоп-кадраў мізансцэны агаляюць асноўны балючы нерв спектакля, галоўную тэму — трагедыю чалавечай адзіноты. Назва ўспрымаецца метафарай унутранага холаду, які скаваў ільдом не толькі цела, але пранік і ў сэрца, паралізаваў душу. Зіма — як эмацыянальны стан чалавека... Доўгі, бясконцы шлях, які кожны з насельнікаў гэтага халоднага, няўтульнага свету спрабуе пераадолець сам. У фінале балета, калі, здаецца, сітуацыя татальнай адчужанасці дасягае апагею, у руках героя раптам з’яўляецца гарачы, бы толькі што зняты з агню чайнік — знак надзеі, унутранага адраджэння. Харэографы завяршаюць спектакль шматкроп’ем.

Сярод прац іншых удзельнікаў фестывалю пастаноўкі Залескага і Скварцовай вылучаліся ўменнем аўтараў працаваць з рухам — як на ўзроўні жэста, выразнасці пластыкі, так і на ўзроўні ўсяго танца. А менавіта здольнасці мысліць танцам не хапае сёння многім адэптам сучаснай харэаграфіі.

 

Бонус

 

/i/content/pi/mast/28/478/apnoe.gif

«Апноэ сну». Харэограф Раман Андрэйкін.

Тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі Ірыны Афонінай
(Масква, Расія).

Падчас фестывалю глядач таксама змог пабачыць гасцявую праграму — спектаклі Тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі Ірыны Афонінай. Калектыў, які сёлета, дарэчы, адзначыў сваё 15-годдзе, не паддаецца звыклай класіфікацыі і ў расійскім данс-кантэксце ўспрымаецца з’явай унікальнай. Гэта і цэнтр сучаснага танца, і сапраўдная школа, дзе навучаюцца дзеці з чатырохгадовага ўзросту, і вядомы тэатр, які актыўна ўдзельнічае ў фестывалях і прэзентуе ўласныя праграмы. Сапраўдная лабараторыя contemporary dance!Што ж да маскоўскага фэсту, то ў якасці «the best-падарунка» ад арганізатараў быў паказаны балет Рамана Андрэйкіна «Апноэ сну» (тэрмін «апноэ» тлумачыцца як «спыненне дыхання») — лаўрэат прэмій за драматургію, рэжысуру і харэаграфію «Этнікі-2008». Спектакль цалкам адпавядаў сваёй назве. Яго гераіні знаходзіліся ў нейкім трансава-гіпнатычным, паранаідальным стане па той бок свядомасці, нагадваючы пацыентаў псіхлячэбніцы або персанажаў начнога кашмару. Рэдкія хвіліны спакою выбухалі канвульсіўна-істэрычнымі «прыпадкамі» танцоўшчыц — аж да пены на вуснах (у гэтай якасці была выкарыстана пена для галення) пад акампанемент агульных немых крыкаў.

Цікава, што гэтая пастаноўка, паказаная на леташнім IFMC, выклікала зусім іншыя ацэнкі журы і крытыкі. Харэографа папракалі ў дэфіцыце танца, залішне жорсткай эмацыянальнай танальнасці спектакля, удзеле ў ім дзяўчынак, якім па ўзросце не трэба пагружацца ў нервова-галюцынаторны стан. Аднак на тое яна і сучасная харэаграфія, каб выклікаць самыя розныя меркаванні і гарачыя спрэчкі.

 

Фінал

 

Праграма фестывалю пакінула супярэчлівыя ўражанні. Як крытыку мне не хапіла прэс-канферэнцый, постсцэнічных дыскусій журы і аналітыкаў, майстар-класаў, што звычайна суправаджаюць падобныя акцыі. Відавочна, такая сітуацыя абумоўлена дэбютнай спробай правядзення пластычнага эксперымента ў межах праекта і, як вынік, адсутнасцю адпаведнага досведу. Тым не менш, зробленае прадстаўнікамі менавіта не-класічнага кірунку харэаграфіі нельга не вітаць. І расійскі, і беларускі contemporary dance, нягледзячы на тое, што ідзе ўжо трэцяе дзесяцігоддзе ягонай гісторыі і змяняюцца генерацыі харэографаў, усё яшчэ застаецца мастацтвам непрэстыжным, афіцыйна-перыферыйным і ідэалагічна-маргінальным. Таму падобныя нешматлікія праекты для многіх творцаў становяцца выратавальнымі вокнамі ў свет, магчымасцю заявіць пра сябе і далучыцца да інавацый іншых.

Святлана Уланоўская