Вячаслаў Паўлавец

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

Тэмперамент акварэлі

чорна-белыя казкі

чорна-белыя мроі

чорна-белыя жахі

чорна-белыя цені і летуценні

чорна-белыя зграі

чорна-белыя здані

і галін перапляценне

чорны востраў лясны на белым снезе

чорна-шэрая зімовая адзінота і ноч,
п’яная ад месяцовага святла

Вада ўзімку мёртвая.

/i/content/pi/mast/28/474/pav.gif 
Галоўныя акварэльныя персанажы Вячаслава Паўлаўца — камяні, дрэвы, дарога, рака і снег. Ён малюе іх зноў і зноў, пакутліва перарабляючы. Шукае нейкі адзіны рэцэпт, магічную формулу для выхавання душы чалавека.

Вонкавая халоднасць акварэляў Паўлаўца — бела-шэры, чорна-белы, халодна-блакітны — абарочваецца бяздоннем гарачага суму, самаканцэнтрацыяй, медытацыяй і — амаль што — нірванай для тых, хто жыве і жывіцца Зімою.

Мёртвая рачная вада стыне акварэльным люстэркам, але наталяе смагу і дае глыток жыцця тым, хто шукае Спакой.

Межы і пасткі, якія Паўлавец пачаў ставіць для колеру, ператвараюць ягоныя акварэлі ў знакі. Як расшыфраваць іх? Спытаемся ў мастака, але... Кожны вырашае для сябе сам.

Вячаслаў Паўлавец называе сваё дзяцінства «геаграфіяй біяграфіі». Яго бацька быў ваенным, Слава нарадзіўся ў Бійску — гэта Алтайскі край, тысячы кіламетраў адсюль, побач — Кітай. Пасля сям’я пераехала на Беларусь, бацька служыў у мястэчку Чырвонае недалёка ад Маладзечна.

— Нядаўна я ўзгадваў карцінкі са свайго дзяцінства: наш дом, які стаяў недалёка ад вакзала, ад рэчкі, луг, а на траве — абрыўкі тэлеграмы. Папяровыя стужкі на зялёнай траве — абсалютна сюррэалістычны матыў.

Потым мы пераехалі ва Уручча. Помняцца паездкі ў вёску да бабулі. Я — гараджанін толькі ў другім пакаленні, усе мае продкі былі сялянамі. Менавіта таму сюжэты маіх работ часта звязаны з вясковымі пейзажамі.

Затым бацьку перавялі ў ГДР. Творчае зярнятка, якое ўпала ў маю душу яшчэ ў Беларусі, пачало прарастаць менавіта там.

У адным са сваіх інтэрв’ю вы распавядалі пра моцныя ўражанні таго перыяду: Дрэздэнская галерэя, Сікстынская мадонна... Тады вы казалі, што менавіта сустрэча з жанчынай, якая «ішла па воблаку», і стала тым маленькім штуршком да вялікага мастацкага шляху.

— Тэрыторыя ваеннага гарадка, які знаходзіўся недалёка ад Дрэздэна, была закрытая, але мы ўсё ж сустракаліся з равеснікамі на «вечарынах сяброўства», ездзілі па краіне, бачылі Дрэздэнскую галерэю, замкі, палацы.

Пасля адной з прагулак па наваколлях гарадка я напісаў «восеньскую» працу па яе матывах: жоўта-руды лес, рэчка. Мне было тады каля дзесяці гадоў. Работу пахвалілі. Нават не тое што пахвалілі — звярнулі на яе ўвагу.

Пазней, калі мы ўжо вярнуліся ў Беларусь, я паступіў у 1-ую гарадскую мастацкую школу. Там выкладаў Уладзімір Ткачэнка — гэты чалавек жыў жывапісам і здолеў захапіць сваёй апантанасцю і нас. Я не ведаў, што такое вечарыны, танцы: у мяне быў жывапіс. Падрыхтоўкі, якую я атрымаў у школе, хапіла для таго, каб паступіць у БДТМІ на аддзяленне графікі.

Летам перад шостым курсам мы павінны былі зрабіць эцюды. У той час я захапляўся лірыкай Янкі Купалы. Раней намагаўся ўсё пісаць з натуры, а пасля Купалавых паэтычных метафар і параўнанняў прыйшло адчуванне, што дрэвы нагадваюць аблокі, а камяні — як постаці... Летам я працаваў недалёка ад Бяларучаў, дзе Купала вучыўся. Калі пісаў, то думаў, што вось гэтую яблыню, гэты ўзгорак, дзічку на краі поля ён таксама бачыў. Я пачаў «пазнаваць» гэтыя мясціны. І ў мяне атрымаўся крок у бок паэтычнага жывапісу.

Якім быў ваш шлях да ўлюбёнай акварэлі?

— Навучанне на аддзяленні графікі спрыяла ўласным эксперыментам. Менавіта тады я зразумеў, што тэхніка і тэхналогія мастацкага твора — вельмі істотныя рэчы. Матэрыял, з якім працуе мастак, можа паводзіць сябе па-рознаму: дапамагаць ці, калі выкарыстоўваць яго няправільна, супраціўляцца і перашкаджаць. Калі адчуеш характар акварэлі, яе ўласцівасць расцякацца і высыхаць, калі палюбіш празрыстасць слаёў фарбы, то гэта дапаможа ў працы. Спрабаваў я пісаць алеем, ды так і не здолеў адчуць яго гэтак жа добра, як акварэль. У кожнага чалавека свой тэмперамент...

А які тэмперамент у акварэлі? І ў вас, калі вы выбралі акварэль?

— Я не магу аднойчы цвёрда і канчаткова вырашыць штосьці і прытрымлівацца гэтай лініі. Першапачаткова ёсць задумкі, эскізы, накіды, але ўсё можа змяніцца. Калі б мой план быў непахісным, маляваць было б нудна і маркотна.

Найбольш удалыя працы атрымліваліся тады, калі матэрыял сам пачынаў падказваць пераходы, абрысы, калі фарба сама набывала форму. Праца ў тэхніцы акварэлі — гэта вандроўка, новыя ўражанні, эмоцыі і ўспаміны. У такія хвіліны мастак жыве сапраўдным жыццём і дасягае ўзроўню экзістэнцыі...

Серыі «Майнц» і «Чорна-белыя мроі» напісаны акварэллю па мокрым на мятай паперы...

— Так, на звычайнай тонкай недарагой паперы. Размочваю яе, потым змінаю ў калабок, распраўляю, і ў тых месцах, дзе з’явіліся заломы, фарба пры нанясенні фіксуецца. У выніку атрымліваецца хаатычная структура, дзякуючы якой малюнак набывае новую якасць.

Прафесіяналы кажуць, што вы ствараеце свет, які нагадвае ўспаміны дзяцінства і шчаслівыя сны. Але ваша апошняя серыя «Чорна-белыя мроі» дастаткова змрочная і нават застрашлівая — гэта, хутчэй, дзіцячы кашмар, чым мара. Магчыма, уражанне трывогi складваецца ад выкарыстаных колераў: бясконцыя адценні чорнага і белага, і толькі для месячнага святла вы пакінулі кроплю лімонна-зялёнага, але ад гэтага яно робіцца яшчэ больш злавесным. Што адбываецца з вашай палітрай?

— Зараз я з вялікім задавальненнем праводжу для сябе своеасаблівую чорна-белую тэрапію. Хацеў стварыць атмасферу спрадвечнасці, першапачатковасці — месяц, дрэвы, ніякіх прыкмет прысутнасці чалавека... Мяне заўсёды цікавіла «гісторыя з геаграфіяй» Беларусі. І я ўяўляў сабе, што дзесяць тысяч гадоў таму на тэрыторыі нашай краіны ляжаў тоўсты слой лёду. Уяўляў край, пакрыты снегам, калі ўсё яшчэ наперадзе...

/i/content/pi/mast/28/474/33.gif

З серыі «Mainz». Аркуш X. Змешаная тэхніка. 2009.

Вакол нас зашмат стракатасці. Людзі перастаюць рэагаваць на колер, не ставяцца да яго адэкватна. Колер страчвае сваю сакральнасць. Раней ён набываў сімвалічнае значэнне, уздымаўся да ўзроўню архетыпу…

Я вырашыў перайсці ад колеру да тону, звярнуцца да нюансаў. Паглыбленне ў чорна-белую танальнасць дапамагае прыкмячаць розныя адценні шэрага. Пасля серыі чорна-белых прац колер набудзе новую якасць, а мае адносіны да яго зменяцца, стануць больш чыстымі і празрыстымі.

У такой нешырокай палітры ёсць свая тонкасць. Мінімум сродкаў і максімум выразнасці. Вяршыня мастацтва — калі карціна робіцца знакам.

Які знак нясе ў сабе серыя «Чорна-белыя мроі»?

— Рэальнасць пакідае чалавеку знакі: дрэвы і цені ад іх, што перасякаюцца з небам, камень на снезе — магчыма, гэта сімвалы, якія накіроўваюць чалавечую душу, апрацоўваюць, гадуюць яе.

Вы шмат разважаеце пра выхаванне душы і чалавека, але самога чалавека на вашых работах няма. Вось яна, дасканалая прырода, і ніхто, акрамя яе, не патрэбны...

— Чалавек заўсёды прысутнічае, бо, як глядач, ён уступае ў дыялог з маёй працай. Яны размаўляюць адно з адным.

У некаторых вашых творах, такіх, напрыклад, як «Пачатак» ці «Пейзаж з касцёлам», выразна адчуваецца прысутнасць Усявышняга…

— Ёсць логіка чалавечага існавання, якая залежыць не ад нас і робіць нас часткаю агульнай задумы. Магчыма, няправільна імкнуцца быць ва ўсім гаспадаром свайго лёсу, трэба адчуць повязь з гэтай агульнай задумай. І мастацтва спрыяе гэтаму: яно падае чалавеку знакi — праз музыку, літаратуру, архітэктуру. Калі чалавек абірае свой сапраўдны шлях — гэта самая высокая ісціна і шчасце.

Раней у вашых творах быў спакой. Але працы з серыі «Майнц» рэзкія і няроўныя. Бачна, што Нямеччына — гэта чужое, не сваё.

— Гэтая серыя адрозніваецца ад маіх іншых работ, таму што я быў у іншым асяродку. Маю ўвагу прыцягвалі жорсткія сілуэты. Я падсвядома параўноўваў розныя стылі жыцця, архітэктуру, характары. Гэта хутчэй замалёўкі, дарожныя нататкі, чым паўнавартасныя карціны. Падарожжа не толькі геаграфічнае, але і ў стылях.

/i/content/pi/mast/28/474/33--.gif

Краявід з касцёлам. Акварэль. 1998.

Матыў дарогі мастацтвазнаўцы лічаць вызначальным у вашай творчасці... Ёсць у вас сюжэты, якія паўтараюцца, напрыклад, дарога дадому. У Майнцы экспанаваўся ваш трыпціх «Дарогі, якія аб’ядноўваюць людзей». Гэтая тэма прыйшла з дзяцінства, часу пастаянных пераездаў? Куды вы вяртаецеся?

— Да сябе. Калі ты — падарожны і збіўся са шляху, то сцяжынка выведзе цябе і выратуе. А калі ўзбоч яе стаіць хатка, а з коміна ўецца дымок, то там цябе, хутчэй за ўсё, яшчэ і накормяць. Дарога — гэта матыў надзеі, знаходжання, а не проста графічны элемент.

Вада ў вашых творах — зімовае люстэрка: cтылая, шэрая, нежывая. Сама ў сабе схаваная...

— Некаторыя пытаюцца, чаму ў маіх работах няма вясёлага неба, сакавітай травы. Але халодная вада і цёмнае неба больш схіляюць да працы над сабой. Райскія пейзажы падаюцца мне легкаважнымі, іх нецікава пісаць. Бо калі ў чалавека ўсё добра, то ён становіцца часткай расліннага свету. Але Бог даў яму магчымасць аналізаваць сваё існаванне. Стрыманыя работы прымушаюць чалавека паглыбіцца ў сябе. Карціны не павінны быць проста плямай у інтэр’еры пад колер шпалер. Добры твор — гэта заўсёды пытанне да чалавека ці, наадварот, адказ на ягонае пытанне.

Давайце вернемся да выставы ў Майнцы. Якім чынам прысуджаўся там атрыманы вамі прыз глядацкіх сімпатый?

— Таварыства дружбы «Майнц — Мінск» запрасіла мяне да ўдзелу ў конкурсе «Мастацтва ў горадзе». Тэма конкурсу вызначалася так: «Свет адзіны». На працягу двух дзён мастакі з розных краін павінны былі стварыць працу на гэтую тэму, прычым не ў майстэрні, а ў горадзе, на самых ажыўленых турысцкіх маршрутах. Раней мне здавалася, што пісаць — гэта рытуал, які вымагае ледзь не медытацыі. Але аказалася, што зараджацца энергіяй, жывіцца ёю можна ад прахожых. Людзі назіралі за працай з цікавасцю і павагай. Ахвотныя маглі запоўніць спецыяльную паперку і прагаласаваць. Пасля заканчэння конкурсу была арганізавана выстава нашых работ, вынікі падводзіла прафесійнае журы. Я атрымаў прыз глядацкіх сімпатый — стаў «народным мастаком» Майнца.

Некалькі слоў пра вашу працу мастацкім рэдактарам. Ці задавальняе яна вашага «ўнутранага мастака»? Вы рэалізоўваеце сябе напоўніцу?

— Зараз я працую ў выдавецтве «Беларусь». Шэраг кніг, аформленых пры маім удзеле, атрымалі дыпломы і прызы на рэспубліканскіх конкурсах мастацтва кнігі, а выданне «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны» — я быў яго мастаком — атрымала Гран-пры ў Маскве на конкурсе кніг краін СНД.

Не магу сказаць, што гады працы рэдактарам тармазілі мяне як мастака. Я не размяжоўваю, што вось гэта —высокае мастацтва, а гэта — вытворчаць. Адно дапаўняе другое.

/i/content/pi/mast/28/474/33-.gif

Вечар. Змешаная тэхніка. 2004.

Раней маляваў ілюстрацыі, цяпер займаюся выключна макетам і дызайнам кнігі. Увогуле, кніга — гэта арганізм, у яе ёсць «часткі цела» — вокладка, форзац, тытул, калонтытул... У адрозненне ад карціны мастацтва кнігі інтэрактыўнае. Першае ўражанне дае вокладка. Потым — наступны рух: ты разгортваеш кнігу і бачыш форзац, потым — тытул, то-бок адбываецца дзеянне! Мастак паводзіць сябе як рэжысёр: вось у гэтым месцы будзе ўдар — якая-небудзь эфектная пляма, шмуцтытул з выразным надпісам, а далей — разварот, спакойны, але з цікавай дэталлю. Калі кніга зроблена па ўсіх мастацкіх і лагічных законах, яна становіцца творам мастацтва.

У мяне дастаткова своеасаблівы стыль чытання: выпадкова выбраная кніга, адкрытая на выпадковай старонцы, робіцца акном у новую рэальнасць, магчымасцю перанесціся ў іншы свет. Звычайна мяне не вельмі цікавяць фабула, сюжэт ці якая-небудзь мараль. Хвалюе, што там, пад вокладкай, разгортваецца жыццё.

Ёсць такая кніга, да якой вам бы хацелася стварыць ілюстрацыі?

— Магчыма, гэта будзе паэзія. Купала. Пасля Купалы я стаў успрымаць свет у паэтычных вобразах. Нядаўна пераглядаў свае дзіцячыя працы — яны такія шчырыя. Пішаш пейзаж, звілістую дарогу — і хочацца падбегчы і зірнуць: а што там, за паваротам? Радасць першаадкрыцця застаецца з мастакамі назаўсёды. Дзеля гэтага і павінны яны існаваць — каб жыццё чалавека не ператваралася ў звычайную штодзённасць.

Алена Каваленка