Час расставіў кропкі. Каляровыя

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

Французскія акцэнты беларускай графікі

Уваходжанне беларускіх мастакоў у культурную прастору Заходняй Еўропы, асабліва кантакты з яе «культуртрэгернымі» краінамі — Францыяй ці Германіяй, ніколі не былі простымі. Але сёння нашы творчыя ўзаемасувязі існуюць ужо рэальна, не толькі на канцэптуальным узроўні: дзякуючы П’еру Кардэну адбылося некалькі выставак беларускага жывапісу ў Парыжы. Нацыянальны мастацкі музей наладжвае супрацоўніцтва з Луўрам і заключыў дамову аб правядзенні шэрагу выстаў.

Сучасны мастак можа трапіць у Францыю рознымі шляхамі, толькі вось амаль ніхто адтуль не вяртаецца. Таму так моцна заінтрыгавала выстава ў галерэі Беларускай акадэміі мастацтваў «Rétour de France. Вяртанне з Францыі». Яе аўтар — выпускніца кафедры графікі Дар’я Мароз-Карат. На хвалі пашырэння творчых даляглядаў у 2002 годзе яна пераехала ў Францыю, дзе працягнула сваю адукацыю ў Вышэйшай школе мастацтваў горада Сент-Эцьен. На такое далёкае самастойнае падарожжа яе натхніла перамога ў міжнародным студэнцкім конкурсе «Art and Sport 2000» у Лазане. Дар’я Мароз стала ўдзельніцай шэрагу значных выстаў у Сент-Эцьене, Сэце, Ліёне. Яе творы можна было ўбачыць у экспазіцыі «Mulhouse 006 / La c
/i/content/pi/mast/28/472/25.gif

Без назвы. Палатно, акрыл. 2005.

réation contemporaine issue des écoles d’art» («Мюлуз 006/ Сучасная творчасць выпускнікоў мастацкіх школ»), а таксама на выставе «Bagarre générale» («Галоўная сутычка»), у якой поруч з класікамі постмадэрнізму ўдзел бралі маладыя і перспектыўныя творцы. Самы неардынарны паварот творчай біяграфіі Дар’і — вяртанне ў родны Слуцк у 2008 годзе разам з мужам Жан-Гі Каратам.

У Акадэміі мастацтваў былі прадстаўлены працы апошніх гадоў, створаныя як перад ад’ездам у Беларусь, так і пасля вяртання, цягам педагагічнай працы ў БДАМ. У асобным куточку залы мастачка выставіла свае графічныя аркушы, прысвечаныя знакамітым французскім матывам, напрыклад, паляванню на фоне палаца Шамбор, а таксама «антымілітарны арнамент» з рознай агнястрэльнай зброі. Гэта — прыклад яе выставачнай мірасцвярджальнай актыўнасці з экспазіцыі «Bang! Bang! Trafic d’armées de Saint-Etienne à Sête» («Бум! Бах! Вайсковая сустрэча», 2006).

Асноўны акцэнт экспазіцыі складалі буйнамаштабныя і вельмі камерныя абстрактныя кампазіцыі, якія былі задуманы яшчэ ў Сент-Эцьене, але падрыхтаваны да экспазіцыі ўжо ў Слуцку.

Мастачка сама вельмі дакладна вызначае галоўную ідэю выставы: «Мэта маёй работы — нейкім чынам візуалізаваць час... Адзін за другім я накладваю на палатно густыя мазкі акрылавай фарбы, надаю ім пэўны накірунак... Я аддаю належнае кожнай кропцы, кожнаму ўнікальнаму моманту працы...»

На вялікіх пано акрылавыя кропкі, якія шчыльна запаўняюць усю плоскасць, сімвалізуюць імгненні часу. На маленькіх кампазіцыях, якія могуць змясціцца на далоні, вокамгненныя імпульсы ператвараюцца ў мазаіку з рознакаляровага бісеру і шклярусу. У межах выставы аўтару відавочна хапіла сродкаў выразнасці для пераканальнага вобразнага выяўлення ўніверсальных паняццяў. Больш за тое, міжволі прыгадваліся жывыя традыцыі пуантылізму, канцэптуалізму і оп-арта. Нават унізм Уладзіслава Страмінскага падаўся блізкім да пошукаў абстрактнага «тэмпаралізму» маладой мастачкі.

Можна толькі вітаць творчы падыход, які выключае з мастацкай дзейнасці ўсё манструознае, паталагічнае і шоу-забаўляльнае. Першы «Retour de France» — свежая хваля ў ледзь прыкметнай нон-камерцыйнай плыні айчыннай маладзёжнай творчасці.

Аптымістычна-вірлівыя «абразкі часу» Дар’і Мароз-Карат падаюцца амаль маніфестацыйным заклікам да эксперыментаў без вяртання да сто разоў паўторанага і ўжо дасягнутага. Сапраўды, ёсць асаблівы давер да мастака, які вяртаецца на радзіму і прыносіць з сабой неардынарныя ідэі, цікавыя творчыя напрацоўкі.

Яўген Шунейка