Гісторыя англійскага сейбіта

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

Пераказ па-магілёўску

 /i/content/pi/mast/28/471/24.gif

Утрымальнік сям’і. Алей. 2007.

Інжынер Пітэр Хіксан, жыхар невялікага гарадка Петэрбораў, што непадалёк ад Лондана, меў рэнамэ таленавітага жывапісца. Захапляўся работамі Стэнлі Спенсера, Джона Канстэбля, Уільяма Тэрнера, Клода Манэ… Пераезд
у Беларусь цалкам змяніў ягоны лёс, у тым ліку і творчы.

Пітэр Хіксан жыве ў Магілёве ўжо больш за дваццаць гадоў. Упершыню ён апынуўся тут у 1970-х — у якасці інжынера-стажора на заводзе «Хімвалакно». Ажаніўся з перакладчыцай-беларускай, з’ехаў у Англію. Але ў канцы 80-х па просьбе жонкі вярнуўся на яе радзіму назаўсёды. Тады ў творчасці Хіксана і пачаўся новы — беларускі — перыяд, калі мастаком былі ўвасоблены рэаліі даволі важнага адрэзку нашай гісторыі. Нельга сказаць, што Хіксан раптам стаў патрыётам чужой краіны, ён паказваў у сваіх творах наша жыццё такім, якім яго бачыў. Першым часам мастак перажываў надзвычай моцную ўнутраную барацьбу, нават адчай з-за нязвыклай для яго навакольнай рэчаіснасці. Пра гэта сведчаць яго раннія творы беларускага перыяду, у якіх выразна адчуваецца эмацыянальны складнік — бурная экспрэсія пачуццяў, нават нейкая безвыходнасць. «Я перажыў сапраўдны шок падчас пераходу ад Савецкай Беларусі да Рэспублікі, — узгадвае Пітэр. — Перабудова, карткавая сістэма, прадукты па талонах — гэта быў суцэльны сумбур, землятрус у прыватным жыцці і ў грамадстве…» У палатне «Утрымальнік сям’і» мастак не развівае сюжэт у глыбіню карціны (уся выява размешчана на адной плоскасці), такім чынам нібы падкрэсліваючы адначасовасць перажыванняў аўтара і гледача. Але нязменныя сімвалы надзеі — птушкі, якіх так любіць украпваць у свае творы мастак у выглядзе колеравых плям і сэнсавых акцэнтаў, не дазваляюць думкам назіральніка канчаткова згубіцца ў плыні ўвасобленых ім падзей.

У маштабным творы «1992 год» мастак выявіў унікальны погляд на сітуацыю ў краіне, бо перажываў яе не толькі знутры — як удзельнік, але і звонку, са свайго досведу англічаніна. Супярэчлівы каларыт карціны з кантраснымі пераходамі ад цёмна-шэрага да прамяніста-ружовага падкрэслівае ўнутраны неспакой аўтара, але адначасова — яго імкненне да душэўнай раўнавагі.

Апошні твор гэтага перыяду — «Сейбіт» — увасобіў тагачасную пазіцыю мастака, сугучную вядомаму выслоўю: «Што пасееш, тое пажнеш». Гэтым правілам Пітэр кіраваўся на працягу сваёй амаль 50-гадовай творчай дзейнасці. Галоўны герой карціны — ён сам, бацька і мастак. Роля сейбіта, які прыносіць доўгачаканыя плады любові, дабра і надзеі, выяўлена ў гэтым творы ў характэрных вобразах.

Далейшае развіццё творчасці мастака ўжо не залежыць ад калізій яго будзённага жыцця. Тонкія стылістычныя эксперыменты, філасофскія назіранні характэрны для яго сённяшніх работ. У сваім «Зімовым краявідзе» Хіксан, малюючы адну з магілёўскіх вуліц, распрацоўвае асабістую формулу гарадскога пейзажа. У простым сюжэце мастак змог перадаць рамантычнасць зімовага беларускага горада, горада, які захоўвае ў сабе і асаблівыя моманты яго ўласнай біяграфіі. Пітэр Хіксан знаходзіць крыніцу натхнення абсалютна ва ўсім, што акаляе яго: ці то гэта закаханыя або юнакі-графіцісты, ці то веласіпедыст або пакупнік кветак...

Тонкі філосаф і пісьменнік, мастак і рамантык, Пітэр Хіксан піша так званыя short stories — кароткія гісторыі — як на паперы, так і на палатне. У асноўным гэта яго назіранні-развагі — пра сябе, пра чалавека ўвогуле, пра мастацтва. Для Пітэра ўсё ўзаемазвязана, бо, як напісана ў адным з яго апавяданняў, «мы — гэта ўвасабленне нашага досведу, таму што з’яўляемся часткай усяго існага, хоць часам таго і не ўсведамляем».

Гэты творца стварае свае работы не для ўпрыгажэння інтэр’ера: у першую чаргу яны павінны нешта гаварыць гледачу, нават «крычаць». «Мне хацелася б дасягнуць такога стану, калі б я мог маляваць гэтак жа лёгка, як дыхаю, размаўляю ці адчуваю», — гаворыць Пітэр Хіксан.

Марыя Міхайлава