«Зіма»: знаёмая інтанацыя

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

«Новая драма» ў Купалаўскім

/i/content/pi/mast/28/470/23.gif
 
На малой сцэне Купалаўскага тэатра адбылася прэм’ера спектакля Кацярыны Аверкавай па п’есе Яўгена Грышкаўца «Зіма». Гэта яшчэ адна спроба ўвасобіць «новую драму» на беларускай сцэнічнай прасторы.

«Зіма» — інтэрпрэтацыя аднаго з улюбёных сюжэтаў драматурга пра тое, як гінуць сапраўдныя мужчыны (напрыклад, у больш вядомых «Дрэдноутах» ён распавядаў, як апускаюцца пад ваду караблі разам з усёй камандай). Вось толькі гэтым разам акрамя рамантычна-гераічнага разглядаецца і марна-бессэнсоўны бок смерці. Ды яшчэ Грышкавец, адданы свайму сентыментальна-шчыраму стылю, надае ёй крыху казачнасці і нястрашнасці — сімвалам смерці ў «Зіме» ён робіць Снягурку. У астатнім усё тое ж: мужчыны-героі, кранальныя вобразы жанчын, якія чакаюць, і шмат настраёвых дэталяў — кнігі, цыгарэты, святы, каханне… Два салдаты, выконваючы заданне, замярзаюць у лесе і перад смерцю прыгадваюць значныя ды нязначныя падзеі са свайго жыцця. Пакуль іх свет канчаткова не перасякаецца з першапачаткова паралельным светам Снягуркі, якая і зводзіць іх у небыццё…

Рэжысёр уважліва паставілася да такіх асаблівасцей новай драмы, як адсутнасць у ёй маралі і прэтэнзіі на сур’ёзныя развагі. Кацярына Аверкава не шукае адказу на спрадвечныя пытанні «навошта?» і «чаму?». Увасобленай плынню ўспамінаў імкнецца прымусіць гледачоў узгадаць і яшчэ раз перажыць пэўныя моманты з іх уласнага жыцця. Не столькі зразумець, колькі адчуць.

Плынь успамінаў у спектаклі ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі: успаміны-расповеды і ўспаміны-замалёўкі. Глядацкая ўвага канцэнтруецца на замалёўках (дзе галоўныя героі штораз змяняюць абліччы і становяцца бацькамі, піянерамі, маладымі закаханымі), таму што гэтыя эпізоды маюць больш хуткі, чым у асноўным дзеянні, рытм і акрэслены, зразумелы канфлікт паміж персанажамі. Успаміны-расповеды, здаецца, часам праходзяць па-за глядацкай увагай, бо дзеянне трансфармуецца ў надасабовае сутыкненне, якое паказана гледачам вельмі невыразна: супрацьстаянне чалавека і смерці перакрываецца матывамі казачнасці і навагодніх святаў, рэжысёрскімі эцюдамі-«ўпрыгожаннямі».

Бачна, што акцёрам няпроста даецца засваенне мовы новай драмы, якая грунтуецца на паўсядзённых выказваннях, побытавай гаворцы, дакументалізацыі рэчаіснасці. Каб абжыцца ў незвычайна простых сінтаксічных канструкцыях, Першы салдат у выкананні Сяргея Кавальскага часта дадае да тэксту свае ўласныя фразы, рэплікі, і гэтай слоўнай драбязой засмечвае яго, аддаляе гледача ад сэнсу.

Самы адметны персанаж «Зімы» — Снягурка Вольгі Скварцовай. Ёй адзінай удаецца ўтрымаць раўнавагу паміж сваёй асноўнай гераіняй і яе шматлікімі пераўвасабленнямі, стварыўшы своеасаблівы калаж з вобразаў. Першы салдат (Сяргей Кавальскі і Павел Яскевіч) і Другі салдат (Аляксандр Паўлаў) выглядаюць вельмі кантрасна — гратэск у асобных эпізодах не спалучаецца з аднастайнай безаблічнасцю вайскоўцаў.

Цягам некалькіх пасляпрэм’ерных паказаў спектакль «Зіма» моцна змяніўся: акрэсліўся тэмпарытм, Дзед Мароз ператварыўся ў містычнага Гадо, якога ўсе чакаюць, а ён так і не прыходзіць. Але патрэбны баланс паміж казачнымі, святочнымі матывамі і тэмай развітання чалавека з жыццём так і не знайшоўся. «Зіма» ў сваёй аснове занадта змрочная і сумная, каб цалкам адпавядаць вызначанаму ў афішы жанру: «навагодняя казка для дарослых». Адначасова спектакль так насычаны жыццесцвярджальнымі ўспамінамі ды святочнымі ўпрыгожаннямі, што не здольны стаць і жахлівым калядным апавяданнем кшталту апошняй стужкі Кіры Муратавай «Мелодыя для катрынкі».

Вядомы расійскі рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў, які ўвасобіў на сцэне і на экране не адзін сучасны тэкст, зазначыў, што «новая драма не нарадзіла новага тэатра, яна нарадзіла новую інтанацыю». Падчас прагляду «Зімы» новых інтанацый не чуеш і не бачыш — усе знаёмыя.

Алена Мальчэўская