Нашы папярэднікі, заснавальнікі першай беларускай тэатральнай ВНУ Е.Міровіч, С.Новак, Б.Мардвінаў, К.Саннікаў, Д.Арлоў, Б.Платонаў, выхаваныя на традыцыях нацыянальнай культуры і рускага сцэнічнага мастацтва, заклалі ў яе аснову этычныя прынцыпы, характэрныя для псіхалагічнай школы мастацтва «перажывання». «Без этыкі не можа быць эстэтыкі», -- даводзіў студыйцам МХТ Л.Сулержыцкі асноўны маральны пастулат свайго настаўніка К.Станіслаўскага. У самім вучэнні пра звышзадачу -- краевугольным камені ўсёй сістэмы поглядаў К.Станіслаўскага -- захоўваецца магутная ідэалагічная аснова айчыннай школы тэатральнага мастацтва. І.Кабанава, А.Гарцуеў, Л.Манакова, І.Курган са студэнтамі акцёрскага аддзялення.
Ствараючы акцёрскую кафедру, нашы настаўнікі асаблівую ўвагу надавалі добразычлівай атмасферы на ёй. Бо гэта неабходная ўмова для работы ў любым відзе мастацтва. Колькі такту, увагі, павагі да любой праявы мастацкасці было ў Канстанціна Саннікава! «Чым будзем здзіўляць?» -- любіў паўтараць словы свайго настаўніка Аляксея Дзікога патрабавальны і нецярпімы да пасрэднасці Дзмітрый Арлоў. «Супольнасць узаемазахаплення!» -- адкрыта абураўся Уладзімір Маланкін, як толькі фальш і кан’юнктурныя памкненні рабіліся відавочнымі. Сапраўднымі універсітэтамі прафесійнасці і жыццёвай мудрасці былі ўрокі Веры Рэдліх, вучаніцы самога Канстанціна Сяргеевіча. Паняцці «педагагічна» і «непедагагічна» катэгарычна розніліся, і парушэнне педагагічнай этыкі абмяркоўвалася з усёй непрымірымасцю. Галоўным у штодзённых справах лічыўся творчы падыход.
Уся другая палова мінулага стагоддзя ў гісторыі беларускага тэатра самым цесным чынам звязана з гісторыяй акцёрскай і -- арганізаванай у 1958 годзе -- рэжысёрскай кафедр, якія існавалі то разам, то асобна. Акцёрскаму складніку надавалася асаблівае значэнне: і як родапачынальніку альма-матэр, і як галіне, што якасна, вынікова пацвярджала паняцце «тэатральная школа». Акцёрская аснова тэатральнай адукацыі -- прыярытэтная ў сцэнічнай прафесіі.
Дасягнуць таго, што цяпер называюць беларускай акцёрскай школай, было няпроста. Карыфеі перадавалі досвед спасціжэння прафесіі, набыты падчас вучобы ў маскоўскіх студыях 1920-х гадоў і цягам уласнай творчай практыкі. Але гэты ўзровень адлюстроўваў толькі адзін з этапаў фарміравання тэатральнай навукі. З тэарэтычнай спадчынай рэфарматара тэатра ў поўным аб’ёме мы змаглі пазнаёміцца толькі напачатку 60-х.
Калі сёння даводзіцца чуць, што той або іншы дзеяч айчыннай школы тых гадоў валодаў метадалогіяй К.Станіслаўскага ды яшчэ паспяваў яе «карэкціраваць» паводле «творчых пошукаў Я.Вахтангава і У.Мейерхольда» (хоць апошні быў расстраляны, а ягонае імя знаходзілася пад забаронаю), я магу толькі развесці рукамі -- ну, гэта вы, браткі, хапілі лішку! Сам заснавальнік знакамітай на ўвесь свет тэатральнай сістэмы не паспеў аформіць яе ў выглядзе цэласнай навуковай працы. Мы ў асноўным апелюем да трактовак агульнапрызнаных вучняў К.С. Ды і сэнс гэтай сістэмы -- не ў дагматычным перайманні трактовак, а ў творчым характары яе спасціжэння і развіцця.
Для Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (папярэдніка акадэміі) найважнейшым быў перыяд, калі кафедрай кіраваў Уладзімір Маланкін. Вучань А.Папова і М.Кнэбель, ён меў непасрэдныя адносіны да працэсу асэнсавання спадчыны К.Станіслаўскага і яе метадалагічнай распрацоўкі. Дзякуючы яму метадалогія была распаўсюджана ў аб’ёмах, якія дазволілі паняццю «нацыянальная тэатральная школа» набыць асновы яго сучаснага зместу. Адукацыйная праграма набыла мэтанакіраванасць і цэласнасць.
Сёння, развіваючы ўласныя традыцыі, мы асвойваем новыя і апрабаваныя методыкі заходніх і ўсходніх тэатральных школ, распаўсюджваем псіхафізічны акцёрскі трэнінг і работу па ўдасканаленні вонкавай акцёрскай выразнасці. Такія спецыяльныя дысцыпліны, як танец і сцэнічны рух, набылі іншае, сугучнае патрабаванням сучаснага тэатра значэнне.
Выпускнікі нашай ВНУ паспяхова працуюць больш чым у 20 краінах свету. На працягу 10 гадоў нашы педагогі ладзяць стажыроўкі і майстар-класы для студэнтаў і маладых акцёраў з Галандыі, Швейцарыі, Бельгіі, Іспаніі, Швецыі, Канады. Для нашых студэнтаў праводзяць заняткі майстры з Францыі, Польшчы, Швецыі, Японіі. Такое ўзаемадзеянне прыносіць карысць усім бакам.
На кафедры цэняць працу і вопыт папярэднікаў, тых, хто пайшоў з жыцця або памяняў адрас, пакінуўшы пра сябе добрую памяць. Шануюць і тых, хто сёння захоўвае «агонь свечкі».
Лідзія МАНАКОВА,
загадчык кафедры майстэрства акцёра