Што робяць цацкі, калі дзеці спяць?

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

«Шытая лялька Рэгедзі Эн» на сцэне ТЮГа

 /i/content/pi/mast/28/469/22.gif
Ганна Казлова (Марсэла), Вера Кавалерава (Рэгедзі Эн).
Песу вядомага амерыканскага драматурга Уільяма Гібсана рэжысёр Генадзь Мушперт ператварыў у асабістую, камерную, як гульня ў чаяпіцце, і па-дзіцячы непасрэдную гісторыю пра сцвярджэнне чалавека як найвялікшай каштоўнасці і бязмежнае спачуванне яму.

Падарунак таты — шытая лялька Рэгедзі Эн — ажывае, як толькі хворая дзяўчынка Марсэла кладзецца спаць. І пачынаецца сон-падарожжа, непрадказальны і чарадзейны, як раптоўна некім прыдуманая і ўвасобленая казка. Падчас сну, у якім ложак робіцца караблём, а Панда грае на грабеньчыку, высвятляецца, што сяброўства — гэта адказнасць за таго чалавека, з якім сябруеш, што трэба ўмець дараваць блізкім людзям нават самыя балючыя крыўды і што жыццё раптам можа запатрабаваць вялікіх ахвяраў, якія трэба ўмець прыносіць.

«Сонную» тэму казкі падкрэслівае сцэнаграфія Ларысы Рулёвай. Кулісы і заднік задрапіраваныя белым штучным футрам. Гэта стварае ілюзію ўтульнасці і бяспекі дзіцячага сну, а таксама абмяжоўвае прастору дзеяння: яно адбываецца на вялікім ложку, дзе заднік — прасціна, а заслоны — коўдры.

Больш за ўсё захапляешся кампаніяй цацак, гэта — Рэгедзі Эн (Вера Кавалерава), Эндзі (Міхаіл Есьман), Панда (Марына Клімовіч), Бэбі (Алеся Гераська), Вярблюд (Іван Ушакевіч). Іх ансамбль існуе на адмысловай ступені ўмоўнасці. У «Шытай ляльцы Рэгедзі Эн» акцёры нібыта іграюць дзяцей, якія іграюць цацак. За вонкавым каўбойскім абліччам Эндзі, брата Эн, хаваецца хлапчук, якому надакучыла вадзіцца з гэтымі дзяўчатамі і карціць знайсці прыгоды. Бэбі ў асноўным маўчыць, але па тым, як гэтае немаўля смокча соску, можна здагадацца пра многае і зразумець ягоныя думкі…

Галоўная ў кампаніі — Рэгедзі Эн. Яна ажывае без заштампаванага прыёму «лялечнай пластыкі». Актрыса стварае вобраз з дапамогай «шытай» няўклюднасці (напрыклад, прыжмурваецца і плюскае павекамі — у шытай лялькі няма магчымасці заплюшчыць вочы, а так хочацца…) і дзіцячай гарэзлівасці — тады Эн спрытна павісае на парэнчах ложка Марсэлы (Ганна Казлова) або цягне яе за нагу. Лялька Эн — як Пэпі Доўгаяпанчоха, толькі не з гульнявым, а са спачувальным пачаткам, скіраваным на маральныя каштоўнасці. Вера Кавалерава грунтоўна знаёміць дзяцей са сваёй гераіняй, паказвае яе з розных бакоў. І шасцігадовая глядачка, узрушаная рэзкасцю і хітрыкамі Рэгедзі Эн, гаворыць у антракце: «А мне не падабаецца лялька, таму што яна падманшчыца!» Зрэшты, у фінале Эн ахвяруе сваё сэрца Марсэле і пакорліва сыходзіць са сцэны ўслед за злым Генералам Зэд (Аляксандр Палазкоў).

Адзін з самых цікавых вобразаў па-за цацачным ансамблем —Маці-Ведзьма (Наталля Гарбаценка). У падранай вясельнай сукенцы яна стаіць на зэдліку і намагаецца завязаць пятлю на вяроўцы-шаліку, бо жыццё не мае сэнсу, калі ты аднойчы кінула дзіця і з’ехала з кімсьці на «ролс-ройсе». Але галівудскай «трэшавасці» ў гэтай сцэне не знойдзеш. Гісторыя выглядае бяскрыўдна і мудра. Дый заканчваецца ўсё добра — дачка даруе маці.

Размова пра спектакль атрымалася размовай пра акцёрскія працы, бо ў цэнтры рэжысёрскага тэатра Генадзя Мушперта знаходзіцца акцёр. Шматсэнсоўную, але не заблытаную гісторыю «Шытай лялькі Рэгедзі Эн» удала распавядаюць яе ўдзельнікі, кожны з якіх час ад часу становіцца галоўным героем.

Алена Мальчэўская