Святло і лёгкасць выявы

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

Шведска-беларускі праект

/i/content/pi/mast/28/467/18.gif

Ніколь. Партрэт Ларса. Фотапалімер. 2006.

У Музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбылася шведска-беларуская выстава графікі. Экспазіцыя дазволіла параўнаць графічнае мысленне прадстаўнікоў розных культур, сталася сведчаннем і вынікам плённых міжнародных кантактаў.

Дзякуючы камернаму характару графіка станавілася прыстанкам творчага эксперымента, арганічна адпавядала настроям часу, а ў 1980-я гады падабенства пошукаў вядучых майстроў давала магчымасць гаварыць пра нацыянальную школу. Сённяшні перыяд цалкам іншы. Тэндэнцыі развіцця графічнага мастацтва вызначаюцца на шматлікіх міжнародных конкурсах. Лічбавыя тэхналогіі пашыраюць спектр выяўленчых сродкаў і магчымасцей друку, а шырокія міжнародныя кантакты спрыяюць папулярызацыі новых ідэй і мастацкіх практык.

Задачу спрыяць абмену досведам, распаўсюджваць сучасныя тэхналогіі друку ставіць перад сабой Дом графікі ў шведскім горадзе Марыфрэд. У гэтым графічным цэнтры — адным з лепшых у Скандынавіі — летась працавала група студэнтаў і выкладчыкаў нашай Акадэміі мастацтваў. Дом графікі мае майстэрні, у якіх могуць займацца мастакі і аматары з усяго свету (нават шведскі кароль прыязджае сюды, каб папрацаваць над сваімі афортамі), галерэю, магазін, кавярню, арганізуе спецыяльныя курсы і майстар-класы. Асаблівы акцэнт робіцца на пашырэнні новых тэхналогій.

Паездцы папярэднічала доўгае супрацоўніцтва, што наладжвалася пры дапамозе Шведскага інстытута. У Віцебску і ў Мінску былі паказаны выставы работ шведскіх мастакоў. Замежныя творцы наведалі майстэрні нашай Акадэміі, пазнаёміліся з фондамі. І засталіся ўражанымі разнастайнасцю тэхнік і прыёмаў. Правялі майстар-класы, каб пазнаёміць студэнтаў і выкладчыкаў з новай графічнай тэхнікай — фотапалімерам. Яна шырока выкарыстоўвалася для патрэб друку, але сярод нашых мастакоў распаўсюджана не была.

Сутнасць тэхнікі ў тым, што пласціна, з якой робіцца друк, пакрываецца фотапалімерам, зверху кладзецца калька з выявай (маляванай ці выведзенай праз прынтэр), і ўсё гэта засвечваецца. Засвечаныя часткі вымываюцца вадой. Так атрымліваецца форма для друку. Любая выява — жывапісны твор, малюнак або фатаграфія — без асаблівых высілкаў пераводзіцца ў друкарскую форму. З аднаго боку, гэтая тэхніка надзвычай дэмакратычная (кожны, хто мае адпаведны матэрыял, можа стаць аўтарам тыражаванага графічнага твора), з другога — дае багатыя магчымасці для камбінавання рознахарактарных выяў, прычым вынікі дасягаюцца досыць лёгка.

Шведскі Дом графікі прапанаваў беларусам матэрыялы і памяшканні, у сваю чаргу кожны аўтар павінен быў пакінуць адзін твор гаспадарам. Шведаў падкупіла наша класічная адукацыя. Большасць беларускіх мастакоў малявала, а не проста пераводзіла фатаграфію ў фотапалімер, ствараючы на яе аснове графічныя творы. Хоць на выніковай выставе было відавочна — фотапалімерная тэхніка не здольная перадаць усе нюансы традыцыйных тэхналогій (той жа афорт дае куды больш разнастайныя эфекты), знікае багацце фактуры маляванай графікі, а жывапіс увогуле ператвараецца ў фотарэпрадукцыю. Для чаго, уласна кажучы, гэтая тэхніка і была прыдумана. У чым жа яе прывабнасць, няўжо толькі ў спрашчэнні тэхнічнага працэсу, у эканоміі часу пры стварэнні формы для друку? У чым яе мастацкі плён? Развіццё друкаванай графікі заўсёды абумоўлівалі тэхналагічныя адкрыцці. Кожны новы сродак даваў новыя выяўленчыя магчымасці. Дарэчы, мастакі, якім я задавала пытанні на гэты конт, сцвярджалі, што ўсё тое самае яны могуць зрабіць і ў афорце... Толькі, канешне, папрацаваўшы нашмат больш.

/i/content/pi/mast/28/467/19.gif

Юрый Падолін. Інтрыгі старога Стакгольма. Фотапалімер. 2009.

Часта графічнае майстэрства, імкненне да дасканалай выштукаванасці маюць адваротны вынік — дэкаратыўнасць. Новы сродак аказаўся панацэяй: на выставе не было «засушаных» твораў. Работы ўражвалі свежасцю, лёгкасцю і непасрэднасцю — не ў тых выпадках, калі фотапалімер ужываўся дзеля пераводу жывапісу ці арыгінальнай графікі ў друкаваны твор з выкарыстаннем усіх магчымасцей камп’ютэрных праграм (хоць і тут здараліся ўдачы), але там, дзе новая тэхніка дэманстравала ўсю моц свайго, так бы мовіць, камбінатарскага патэнцыялу.

Андрэй Савіч, паклаўшы ў аснову сваёй графічнай серыі ўласныя працы акрылам, дадае да іх рэальныя фактуры, адзнятыя фотаапаратам. «Важна, каб яны былі на заднім плане, не перабівалі асноўны малюнак», — зазначае мастак. Юрый Падолін бярэ свой здымак і ператварае яго ў графічны твор, дадаўшы да фатаграфіі колер і фактуры. «Я працую над фатаграфіяй як мастак, — кажа ён. — Выбіраю аб’ект у рэальнасці, знаходжу найлепшы пункт здымкі, пасля — у графічных праграмах — даводжу здымак да прымальнага для мяне стану». Вельмі эфектны, выразны твор прапанавала шведская мастачка беларускага паходжання Ніколь (Галіна Еўдакімчыкава). Яна сфатаграфавала свайго мужа Ларса Йорана, выдзеліўшы ў якасці асноўнай характарыстыкі яго асобы адмысловыя акуляры. Вольнасць пісьма рукой, выразнасць малюнка ў спалучэнні з жартоўным сюжэтам надаюць асаблівую выразнасць твору Надзеі Макеевай «Mad Hares». Сумяшчаючы розныя фотавыявы, дасягае дэкаратыўнага эфекту Валянціна Сідарава. Тонкія колеравыя нюансы дадае падчас друку ў свой графічны твор Таццяна Сіплевіч. Чатыры постаці-знакі ў антрапаморфна вывераным рэальным начным краявідзе — тэма работы Ларса Йорана. Мастакі, якія хадзілі са мной па выставе, згадвалі, як зроблены той ці іншы твор. Часам не пагаджаліся. Да пэўнага графічнага эфекту можна прыйсці рознымі шляхамі, галоўнае, каб на гэтай дарозе не страціўся першапачатковы творчы імпульс.

Фотапалімер дае магчымасць творцам пашыраць свае выяўленчыя магчымасці і скараціць дыстанцыю ад задумы да рэалізацыі. Можна спалучаць традыцыйны малюнак рукой з фрагментамі, выхапленымі з рэальнасці і занатаванымі сучаснай оптыкай такімі, якія яны ёсць. Пры гэтым думка творцы па-ранейшаму застаецца галоўнай воссю вобраза, а тэхнічнага майстэрства і рукатворнай працы мастака патрабуецца ўжо менш. Тэхналогія відавочна дае перавагі людзям, што не ўмеюць маляваць, але ўмеюць творча вырашаць задуманае. У выставе (прынамсі, з беларускага боку) удзельнічалі толькі прафесійныя мастакі і студэнты Акадэміі. Ці істотна адрозніваліся б ад іх аматары, узброеныя ўсім арсеналам найноўшых тэхналогій? Пажывем — пабачым…

Алеся Белявец