Андрэй Вараб’ёў, незвычайны і адзін з многіх.

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

Ліст да сябра і калегі Каму: Андрэю Вараб’ёву. Копія: У часопіс «Мастацтва». Тэма: Выстава скульптуры «Паміж небам і зямлёй».

 

/i/content/pi/mast/28/466/va.gif 
Пясочны гадзіннік (Кароль і каралева). Бронза. 2008 — 2009.
Андрэй, дарагі сябра!

Мне вельмі спадабалася твая персанальная выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі: яна пераконвае, што менавіта так выглядае цяперашні Андрэй Вараб’ёў, скульптар. Але я ведаю, што Андрэяў Вараб’ёвых насамрэч некалькі. І таму табе, верагодна, будзе цікава атрымаць невялікі фрагмент тэксту, напісанага мной дзесьці ў пачатку нулявых. Прысвечанага, зразумела, табе.

...мастак валодае ўласнай пазнавальнай ультра-арыгінальнай творчай манерай. Змест у яго відавочна дамініруе над формай, аднак дакладней будзе сказаць, што кожны твор Андрэя ўяўляе сабой паслядоўнае выказванне ў межах яго ўласнай асобаснай парадыгмы. Існуе пэўная «матрыца» сэнсаў, што прадвызначае характар праяўлення, маніфестацыі, якая ўзнікае не наўпрост, але праз Андрэевы работы, якія раскрываюць пэўныя яе грані. Таму Андрэю цесна ў рамках традыцыйнай скульптурнай пластыкі.

Падаецца, яго метад — хутчэй акумуляцыі ў духу Армана. Гэты класік французскага мастацтва не прыдумаў, канешне, нічога новага, складаючы ў шкляных скрынках партрэты з асабістых прадметаў, што належаць партрэтуемай асобе. Задоўга да Нараджэння Хрыстовага егіпцяне займаліся прыкладна тым жа — ператваралі пахаванні суайчыннікаў у склады артэфактаў. Ды калі старажытныя егіпецкія інсталяцыі мусілі быць прыхаванымі ад вачэй жывых, то Арман і Андрэй выстаўляюць свае мемарабіліі напаказ. Але ж і галерэйна-музейныя прасторы, для якіх прызначаны гэтыя творы, таксама з’яўляюцца даволі дзіўнымі месцамі, крыху ізаляванымі ад звыклай рэчаіснасці. Характэрная (што агаляе прыём) работа Андрэя «Тысяча маіх дробязей» — тысяча асабістых прадметаў, падвешаных на вяровачках пад столлю галерэі «АВ» у 1997 годзе.

Мастак намагаецца данесці да гледача максімальна вялікую колькасць інфармацыі. Верагодна, адсюль схільнасць Андрэя да маштабных праектаў. Такіх, як «Маска на кожны дзень» (2002), дзе кожны аб’ект увасабляў новы аспект узаемадачыненняў аўтара са светам. У выніку атрымалася разгорнутая рэфлексія. Акрамя акумулявання прадметаў у інсталяцыях і экспазіцыях, Андрэй таксама складае дзеянні і словы — у такіх відах мастацтва, як перформанс, хэпенінг, паэзія і іншыя — па абставінах. І ўсё ж часцей за ўсё ён звяртаецца менавіта да скульптуры, дапаўняе ёю свае акцыі, ствараючы аўтаномныя аб’екты ці практыкуючы спецыфічны фармальны падыход нават у «нескульптурнай» сваёй творчасці. У сучасным мастацтве «скульптурная» стратэгія цалкам легітымная. Дастаткова назваць імёны такіх знакавых постацей, як Ёзэф Бойс і Мэцью Барні, якія займаліся, паводле ўласных сцвярджэнняў, пераважна скульптурай, першы — «сацыяльнай», другі — «татальнай». Андрэй схільны акцэнтаваць свой скульптурны досвед, працуючы з візуальным матэрыялам як з акадэмічнай статуяй, выстройваючы выразныя — на раз-два-тры — арт-фразы з індывідуалістычных ідэй і вобразаў. Аднак менавіта па гэтых арыгінальных нематэрыяльных ідэях, па паэтызаваным эгаізме і эратызме — а не па нейкіх пластычных асаблівасцях — беспамылкова вызначаецца аўтарства Андрэевых аб’ектаў.

Такім чынам, усё вельмі няпроста. Сапраўды, Андрэй Вараб’ёў — перш за ўсё скульптар. Але ў год абароны свайго дыплома ён праводзіць дзве акцыі і скульптурны пленэр. На базе самага звычайнага дзіцячага садка Андрэй ініцыяваў стварэнне прасторы для стасункаў дзесяці сваіх калег-скульптараў. У выніку на дзіцячых пляцоўках застаўся цэлы міні-парк каменных аб’ектаў. Скульптуры — кожная па-свойму — распавядаюць пра светаадчуванне маладых беларускіх мастакоў. Каменныя «пасланні» выкананы ў заяўленай нашым героем манеры негвалтоўнай працы з каменем. «Сілуэт», створаны Андрэем, выглядае хутчэй ценем, што ілюструе яго непрыкметную, але галоўную ролю ў дзеі...

Андрэй, вось гэты ўрывак мне падаецца важным:

...з яго пункту гледжання, удалы твор — гэта твор, у якім максімальна распрацаваны сэнс, а не матэрыял, і таму мастак выкарыстоўвае такія «дэмакратычныя» матэрыялы, як цэмент, кераміка, воск. Для Вараб’ёва важна, у першую чаргу, данесці да гледача змест, раскрыць метафару. Ствараецца ўражанне, што дбайная апрацоўка матэрыялу яго не цікавіць.

Раней ты аддаваў перавагу глыбіні зместу, а не вонкавым упрыгажэнням. А што ты цяпер выставіў у музеі? Абранзавелыя эстэтызаваныя аб’екты. Яны ў любым выпадку, канешне, цікавыя, але бронза-камень робіць іх ужо занадта падобнымі на «ідэальныя творы мастацтва», функцыя якіх — быць прадметамі любавання. Матэрыял жа нешта значыць, праўда? Гліна была больш чэснай, яе пластычнасць, зменлівасць і патэнцыяльнасць не абмяжоўвалі свабоду пластычных і канцэптуальных манеўраў, што былі дамінантай твайго несупыннага творчага пошуку. Пошуку метафар, знакаў. Бронза скасоўвае тваю мабільнасць.

Я асабліва люблю твае старыя работы, кшталту «Калі я адпачываю». Ты трапна сумясціў там фігуратыўнасць і адсутнасць постаці, скульптуру і тэкст. Мяркую, твая інсталяцыя была адной з лепшых на «Белым фестывалі» 1996 года. Хоць, напэўна, большасці яго наведвальнікаў яна ўяўлялася проста кіпай спісанай паперы, пад якой — калі прыгледзецца — угадваліся абрысы чалавечага цела. Яшчэ — «Апісанне жыцця Андрэя Вараб’ёва»... Я згадваю цябе ў дыпломнай майстэрні Акадэміі мастацтваў са штампам у запэцканай чарнілам руцэ, схіленага над дарожкай, склеенай з мноства рознафарматных папяровых шматкоў. У перапынках паміж размовай і выпіўкай штамп звонка падаў на паперу, і адбітак чалавечка (сімвал пражытага дня) адразу ж далучаўся да амаль бясконцай стужкі твайго жыцця, што намотвалася на велізарны барабан. Чарговаму схематычнаму сінюшнаму чалавечку — колішняму табе — было трынаццаць з хвосцікам. Мяне, малодшакурсніка, памятаю, уразіла манументальнасць распачатага табой працэсу...

Усё ж вярнуся да тваёй выставы, якая падахвоціла мяне напісаць гэты ліст. Яна цэльная і добрая. Твае рэчы бездакорныя і прэзентуюць чыста «вараб’ёўскія» арыгінальныя думкі.

/i/content/pi/mast/28/466/17.gif

Аўтапартрэт з прыкметамі старэння. Бронза. 2007.

Вось толькі гэтая бронза... Жорсткія сілуэты. Магчыма, з-за шчыльнасці металу? Не спрачаюся, у некаторых творах яны дарэчы. Люстэркавая паліроўка выдатна перадае трансцэндэнтальны бляск незямнога ў «Маска-крыжах». У «Мары» табе таксама ўдалося з дапамогай спалучэння матэрыялаў акцэнтаваць каштоўнасць двух складнікаў работы. Чырванаватая бронзава-чаканная жаночая маска і грубая бетонная галава, што зліваюцца разам, належаць да розных сусветаў. Але глянь, які падазроны атрымліваецца падзел: бетон — жывы, зямны; метал — ідэальны, але мёртвы.

Ты выставіў некалькі бетонных твораў з мінулых жыццяў, напрыклад, «Аўтапартрэт у форме маіх галоў» (1999). У ім бетон бесцялесны, бязважкі. І нешта значыць. А ў апошніх тваіх аб’ектах бетон — глуха заваскаваны — падрабляецца пад бронзу, проста запаўняе аб’ём.

Прычым у зусім яшчэ нядаўніх тваіх партрэтах бронза — жывая. Напрыклад, «Аўтапартрэт з прыкметамі старэння» (2007) захоўвае непрадказальныя асаблівасці ліцця — швы, ракавіны і поры. А вось далей — усё мацней кантроль над матэрыялам.

У выніку апошняя твая выстава ператвараецца ў дэманстрацыю «дасканалых аб’ектаў». Нават здаровы эгаізм і грубавата-рамантызаваны эратызм, што дасюль не падводзілі цябе, ужо не ў стане ўзарваць (як было раней) сумныя рамкі звычайнай скульптурнай экспазіцыі. Урачыстая мемарыяльнасць пераважае над трымценнем сэнсаў...

Зразумела, што сцены Нацыянальнага мастацкага музея абумоўліваюць наяўнасць стандартных бронзы ці каменю. Аднак мне б вельмі хацелася ўбачыць іншую тваю выставу, на якой будуць паказаны ўсе мае любімыя работы. І, магчыма, незнаёмыя, якіх я з заміраннем сэрца чакаю. Я вельмі спадзяюся, што ты прадэманструеш новага Андрэя Вараб’ёва — разнастайнага, іранічнага, не абмежаванага скульптурнай бронзакаменнасцю. Карацей, я чакаю і спадзяюся.

Павел Вайніцкі