Хто перамагае — асоба ці масоўка?

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

Пуанты для Папялушкі

/i/content/pi/mast/28/465/15.gif

Ірына Яромкіна (Папялушка), Алег Яромкін (Прынц).

Балет на музыку Сяргея Пракоф’ева пастаўлены Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Прэм’ера выклікала самыя розныя меркаванні і эмоцыі — пэўнае расчараванне прафесіяналаў, іранічныя рэплікі крытыкі і... вялікую цікавасць публікі. «Папялушка» спарадзіла шмат эмоцый яшчэ і таму, што гэта не новая рэдакцыя балета, які раней ішоў на нашай сцэне, не перанос спектакля з іншай пляцоўкі, а цалкам новая і доўгачаканая праца.

Мудрая казка Шарля Перо і яе галоўная гераіня, якая даўно зрабілася сімвалам, спарадзіла шмат версій, шмат асэнсаванняў і пераасэнсаванняў. Аднайменная опера Расіні, запатрабаваная ў свеце, надзвычай папулярны фільм савецкіх часоў, дзе галоўную гераіню іграла Яніна Жэймо… А яшчэ варта нагадаць безліч спектакляў — драматычных, лялечных, музычных. Чытачам і гледачам розных сацыяльных статусаў і густаў «Папялушка» (і яе сучасныя парафразы) цікавая драматургіяй, сюжэтам, які належыць да ліку калі не вечных, дык надзвычай папулярных. Бо сюжэт увасабляе мару амаль кожнага, хто сядзіць у зале.

Выбар твора — менавіта «Папялушка», і менавіта пракоф’еўская — можна лічыць удалым. Яшчэ і таму, што папярэдняя версія балета ставілася ў Мінску ажно ў 1965 годзе. Так што 20-, 30- і нават 50-гадовы глядач незвычайна лірычную і прачулую, дасціпную і насмешлівую музыку Пракоф’ева, якая лічыцца класікай ХХ стагоддзя, не чуў даўно. І выдатна, што партытура кампазітара вяртаецца ў наш тэатр!

Варта нагадаць, што твор быў напісаны Пракоф’евым, на чыім рахунку шмат балетных партытур («Казка пра блазна, які сем блазнаў пераблазнаваў», «Сталёвы скок», «Блудны сын», «Рамэо і Джульета», «Сказ пра каменную кветку»), яшчэ ў ваенны час, у 1944-м. А ў наступным годзе пастаўлены на сцэне Вялікага тэатра Расіі балетмайстрам Расціславам Захаравым.

Галоўныя партыі ў «Папялушцы» Пракоф’ева танцавалі многія выдатныя артысты мінулага стагоддзя. У балетмайстраў партытура таксама карысталася вялікай папулярнасцю. Дастаткова назваць Канстанціна Сяргеева, Алега Вінаградава, Уладзіміра Васільева, Георгія Аляксідзе. Колькі сезонаў таму «Папялушку» ўвасобіў у Рызе і добра вядомы нашаму гледачу Раду Паклітару.

Што атрымалася і што не атрымалася ў новым мінскім спектаклі? У якасці яго пастаноўшчыка быў запрошаны Юрый Пузакоў, вядомы балетмайстар, які мае вопыт супрацоўніцтва з калектывамі Масквы, Тарту, Кіева. Некалькі сезонаў таму ён паставіў у нас балет «Каханне пад вязамі» (паводле Юджына О’Ніла). Пастаноўка атрымалася дастаткова супярэчлівай, хоць у ёй і былі асобныя пластычныя знаходкі. У хуткім часе спектакль сышоў са сцэны.

«Папялушка» ўспрымаецца работай больш сур’ёзнай і ўпэўненай. Пузакоў паўстае тут у трох іпастасях — як аўтар лібрэта, харэограф і пастаноўшчык. Асабіста мяне найбольш пераканала праца лібрэтыста, які здолеў зрабіць сюжэт больш сучасным, адысці ад архаікі папярэдніх версій. У спектаклі няма беднага і зацюканага Бацькі, няма карыкатурнай Мачыхі. Дзеянне перанесена ў пачатак ХХ стагоддзя. Мачыха гераіні з’яўляецца ўладальніцай балетнай студыі, а яе дочкі — маладымі артысткамі, якія выпраўляюцца на баль у палац.

У многіх сцэнах Пузакоў-пастаноўшчык таксама выглядае пераканальна. Ён упэўнена манціруе сцэны, змены рытмаў і настрояў у 2-й дзеі. Лірычныя і парадыйна-камедыйныя эпізоды імкліва змяняюць адзін аднаго, гэтак жа, як сцэны масавыя і сольныя. Гэта стварае адчуванне дынамікі, імклівасці падзей. Цікавыя два разгорнутыя дуэты Папялушкі і Прынца на балі.

Стваральнікам спектакля хапае фантазіі і выдумкі (мастак Аляксандр Касцючэнка, мастак па касцюмах Элеанора Грыгарук). Захапленне публікі выклікае сцэнаграфія 2-й дзеі, эпізоды балю, экспрэсіўныя маляўнічыя заслоны-пано, на якіх выразна адлюстравана тэма часу. А вось касцюмы гасцей свята, на маю думку, занадта яркія для каралеўскага асяроддзя. Арыгінальныя Кароль у інваліднай калясцы з загіпсаванай нагой і жвавы Дварэцкі. Хапае дасціпных і апраўданых бутафорскіх прылад, якія выклікаюць вясёлы смех і ажыўленне ў зале. Тут і шыкоўная рэтра-машына, на якой сёстры выпраўляюцца ў палац, і самалёты, на якіх падарожнічае Прынц у пошуках каханай, і велізарны вярблюд, калі вандроўнікі трапляюць у пустыню. З гумарам і лірыкай у стваральнікаў «Папялушкі» ўсё ў парадку. Пастаноўшчык цікава пабудаваў фінал, адмовіўшыся ад казачна-салодкага ўсеагульнага шчасця. Папялушка прачынаецца ад казачнага сну. У руках яе — залаты гадзіннік. А скрозь празрыстую заслону ўдалечыні бачыцца постаць Прынца... Як увасабленне мары, якую яна імкнецца дасягнуць. Не банальна...

Праца Пузакова як харэографа выклікае найбольшыя пытанні. Па-першае, у руках герояў зашмат бутафорыі. А ў спектаклі занадта многа пантамімы і «хадзьбы» па сцэне, асабліва ў 1-й дзеі. На пачатку ХХІ стагоддзя выглядае неяк... дзіўна. Вяртанне да драмбалета? Але ён панаваў у балетным тэатры ў 30 — 50-я гады ХХ стагоддзя. У «Папялушцы» шмат тлумачэнняў, а не ўласна танца, які павінен быць галоўным сродкам выяўлення не толькі пачуццяў, станаў, думак, але і сюжэта. Герой не павінен шукаць прычыну для танцаў. Ён павінен размаўляць на пластычнай мове.

Выпраўляючыся на баль, гаспадыня студыі і яе дочкі азартна паказваюць Папялушцы... фігі! Зала радасна смяецца, але хіба гэта смех, які ўздымае гледача? Пастаноўшчык нібыта загадзя пралічвае, дзе і як можна спадабацца гледачу, прычым непераборліваму. Танцавальныя характарыстыкі гасцей на балі будуюцца пераважна на інтанацыях танга. Але часам складваецца ўражанне, што яшчэ крыху — і яны затанцуюць канкан. У каралеўскім палацы? А як з этыкетам? Вярнуўшыся ў сумную рэальнасць, усвядоміўшы, што ўсё ўбачанае было толькі цудоўным сном, Папялушка замест танца адчаю пачынае... махаць у паветры цяжкімі прасамі. Не пераконвае!

У сучасным мастацтве самае складанае — выпрацаваць уласны стыль і мову. Каб быць пазнавальным — кампазітарам, мастаком, харэографам.

Юрый Пузакоў, магчыма, цудоўны чалавек. Ён відавочна знайшоў агульную мову з трупай. Але пластычная мова харэографа, на жаль, досыць эклектычная. У дуэтах пазнаеш падтрымкі з елізар’еўскага «Спартака» і іншых спектакляў. Раз-пораз узнікае адчуванне другаснасці. Вядома, мала хто з харэографаў сёння наватар. Пераасэнсоўваюцца знаходкі і Марыса Бежара, і Матса Эка, наогул усіх, хто ўплывае на развіццё танцавальнай мовы... Цытаты магчымыя, але яны павінны быць прапушчаны праз уласнае бачанне, а харэаграфічная мова мусіць уяўляць адзіную плынь. Прарыў у новую сферу заўсёды абзаводзіцца шэрагам паслядоўнікаў. Ці будзе мова «Папялушкі» выклікаць цікавасць эпігонаў? Не думаю...

Сапраўды ўпрыгожвае спектакль артыстычная індывідуальнасць Ірыны Яромкінай. Хоць фізічна партыя вельмі няпростая, фактычна гераіня ўвесь час знаходзіцца на сцэне. Яромкіна ў «Папялушцы» раскрылася, магчыма, у большай ступені, чым у партыях, якія перайшлі да яе ад папярэдніц. Яе Папялушка шчырая, абаяльная, пяшчотная, яна вабіць жаноцкасцю і мяккім лірызмам.

Атрымаўся казачны, маляўнічы балет, куды можна пайсці самому, куды можна павесці дзяцей (хоць пастаноўшыкі дэкларавалі яго як спектакль найперш для дарослых). Паўтаруся, прэм’ера выклікала пэўнае расчараванне ў прафесіяналаў і вялікую цікавасць у публікі, якая хоча — і зусім заканамерна! — новага відовішча. Пачуць цудоўную музыку і ўбачыць новы спектакль. Парадокс нашага тэатральна-музычнага жыцця ў тым, што прафесіяналы і крытыкі — асобныя індывідуумы, а публіка — маса. Хто перамагае ў мастацтве — асоба або масоўка? У мастацтве — асоба, а ў касе — маса, якая галасуе кашальком.

Трупа зрабіла касавы спектакль, ён будзе наведвацца і карыстацца любоўю гледачоў. А што да яго прафесійных якасцей... Варта спадзявацца, што пастаноўкі, намечаныя тэатрам на бліжэйшы час: балет «Шчыгрын» на музыку Андрэя Мдывані, які плануе ставіць Наталля Фурман, і «Цар Эдып» на музыку Ігара Стравінскага, над якім будзе працаваць Раду Паклітару, — дадуць больш падстаў для палемікі. Там таксама можа паўстаць пытанне, каму адрасаваны балет: больш вузкай і элітарнай аўдыторыі, якая здолее ацаніць мастацкія адкрыцці (але, на жаль, яе не хопіць, каб запоўніць залу), або масаваму гледачу, які ва ўсе часы хоча відовішчаў і гульняў...

Таццяна Мушынская