Імпульс Сумарава

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

Вельмі важным і ўнікальным праектам назваў Уладзімір Пракапцоў выставу «Васіль Сумараў. Настаўнік і вучні», арганізатарамі якой сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей і Саюз мастакоў.

«...Калі мне было пятнаццаць, я вучыўся ў Васіля Сумарава...» — могуць сказаць многія вядомыя і знакамітыя мастакі. Сёння вучні гэтага майстра
выставіліся са сваім настаўнікам. «Разам»... Эмацыйная рабочая назва выставы перарасла ў больш грунтоўную.

Творчы партрэт майстра і ўспаміны яго былых выхаванцаў дапамогуць стварыць уяўленне пра мастака і педагога, акрэсліць вытокі яго сістэмы навучання, што прынесла такі багаты плён.

Жывапіс вольны і сучасны

/i/content/pi/mast/28/463/2.gif

Васіль Сумараў. Мой дом. Тэмпера, алей. 2008–2009.

Неабходна валодаць смеласцю і вольнасцю мыслення, каб паўстаць перад гледачом не самадастатковым мэтрам, звыкла паглыбленым у аднойчы абраную манеру, але проста мастаком — няхай і старэйшым — сярод роўных; каб не пабаяцца не толькі ацэнкі ўласнага жывапісу, але і аналізу свайго ўплыву на стыль вучняў.

Адметная канцэпцыя выставы «Васіль Сумараў. Настаўнік і вучні», прыдуманая ім і ўвасобленая ў жыццё з той жа самаадданай дасканаласцю, з якой ён робіць любую справу, акцэнтуе асноўную якасць Сумарава-педагога: адсутнасць дыктату, як і жадання ўбачыць у вучнях паўтарэнне сябе. Сам мастак час працы ў студыі выяўленчага мастацтва лічыць лепшымі гадамі свайго жыцця. Гэтыя заняткі дапамаглі яму захаваць у сваім жывапісе адмысловую творчую энергію, спалучэнне чыста юначай непасрэднасці і чысціні ўспрымання з заўсёднай сур’ёзнасцю стаўлення і да дзяцей, і да прафесіі.

На гэтай выставе мы не знойдзем «школы Сумарава» са стылістычнай і каларыстычнай разнастайнасцю (часта — аўтаматычным запазычваннем прыёмаў настаўніка), але выразна прасочваюцца добра засвоеная агульная прафесійная культура і мастацкі густ, якія знайшлі моцнае апірышча ў індывідуальных творчых зацікаўленнях кожнага аўтара. Сабраныя разам, гэтыя работы набываюць яшчэ адно важнае вымярэнне ў творчым дыялогу з гледачом — вобразнае ўзаемадзеянне ў прасторы экспазіцыі.

Менавіта дзякуючы гэтаму ўзаемадзеянню становяцца больш заўважнымі агульнасць, змяненні структуры і зместу жывапісу Сумарава ў карцінах розных гадоў. Павага да традыцыі і схільнасць да эксперымента з’яўляюцца істотнай рысай яго мастацкага тэмперамента. «Суровы стыль» 1960-х даволі апасродкавана паўплываў на фарміраванне творчага почырку Сумарава. Адна з першых вядомых карцін — «Хімзавод» (1966) — сваёй экспрэсіўнай манерай пісьма звязана хутчэй з традыцыямі постімпрэсіянізму, таму і сёння ўспрымаецца як сучасная. Найбольш красамоўна пра своеасаблівасць жывапісных густаў маладога мастака сведчыць праграмны для яго твор «Мой дом». Асноўны жанр эпохі — сюжэтна-тэматычная карціна — не стаўся вынікам кампрамісу паміж сацыяльным і пластычным пачаткамі, а ператварыўся ў самадастатковае мастацкае выказванне, што знітавала дзве галоўныя сумараўскія тэмы — дзяцінства і Радзімы. У гэтым творы акрэсліўся шэраг галоўных ідэй, вобразаў і тэм, якія атрымалі развіццё ў работах «Хутка Новы год» (1974), «Свята на трактарным пасёлку» (1983), «Дзень радасці» (1985). Імкненне ўважліва разгледзець і зафіксаваць дэталі навакольнага асяроддзя ў цэласнай карціне светабудовы, дзе мае значэнне любая падрабязнасць, знайшло сваё адлюстраванне ў форме шматпланавых фігуратыўных кампазіцый, у выяўленчай прасторы з асаблівым — сцэнічным — вырашэннем. Іх каларыт вызначаецца багаццем адценняў, што надае палатну разнастайнасць і глыбіню. Спалучэнне жывапіснага досведу Канчалоўскага, Кустодзіева, Машкова з мантажнымі прынцыпамі пабудовы кампазіцыі 1970-х, з выяўленчымі сродкамі народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва стала для Сумарава не проста выкарыстаннем фармальных прыёмаў стылізацыі, а і блізкім яго ўласнаму адчуванню красы — з непрыманнем як натуралістычнага падабенства, так і бяздумнага прыхарошвання. Яркасць успамінаў маленства і непасрэдная праца з дзецьмі ў студыі мела вынікам стварэнне на палатне адмысловага свету з высокім гарызонтам, убачанага адначасова поглядам і дарослага чалавека, і маленькага. У гэтых творах — водгулле фальклору і ўлюбёны мастаком чысты колер, выразныя рытмы і спалучэнне прасторавага бачання з плоскасным вырашэннем, выяўленая апавядальнасць, сур’ёзная ці насмешлівая. Перад намі не фіксацыя рэальнасці, а памяць пра яе, пераасэнсаванне падзей — сінтэтычна і пластычна ўзвышаны варыянт аўтарскай біяграфіі.

Гэтыя творы, вядомыя па шматлікіх выставах, могуць стварыць памылковае ўяўленне пра Сумарава як пра схільнага да стылізацыі майстра пераважна сюжэтнай карціны, што амаль з дзіцячай непасрэднасцю ўзнаўляе вобраз свята жыцця. Але ў той жа меры яму ўласціва імкненне да сімвалічнага абагульнення, да шырокага і шматбаковага ахопу падзей, што рэалізавалася ў форме карціны-развагі са сваім падтэкстам. Адкрытая мажорнасць светаадчування саступае месца ўнутранай засяроджанасці, стрыманасці пачуццяў, апавядальнасць становіцца бясфабульнай, асацыятыўнай, набываючы рысы пэўнага драматызму.

Развіццё гэтай тэндэнцыі найбольш заўважнае не ў тэматычнай карціне, а ў пейзажы і нацюрморце, якія Сумараў ператварае ў складаныя жанры, што ўвасабляюць жыццё чалавека і характар мастака мовай метафар. Так нараджаецца напоўненае своеасаблівай магіяй, узмоцненае таемнай гульнёй святла і неспакойным рухам складак палатно «Ноч, калі расцвіў кактус» (1974). У серыі пейзажаў навагрудскага цыкла відавочна імкненне аўтара перадаць мінулае праз асабістыя адчуванні. У гэтых вобразах ёсць нешта планетарнае — з кантраснымі суадносінамі маштабаў, высокім гарызонтам. Моцнае каранастае дрэва ўспрымаецца такім жа вечным, як і зямля, убачаная з вышыні птушынага палёту.

Выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі дазваляе заўважыць зусім іншы бок творчага мыслення жывапісца Васіля Сумарава. З сярэдзіны 1990-х гадоў сталы майстар, які, здавалася б, даўно знайшоў сваю тэматыку і мастацкую мову, вельмі арганічна змяняе іх. У апошнія дзесяцігоддзі ён усё часцей звяртаецца да нацюрморта, партрэта, «чыстага» краявіду. Менавіта ў іх выяўляецца найбольш моцны складнік Сумарава як мастака — эмацыйнасць і пачуццёвасць, што заўсёды адухаўлялі канструктыўна-пластычную аснову яго жывапісу, хоць і не заўжды праяўляліся напоўніцу з-за дыктату сюжэта, непазбежнага ў тэматычнай карціне.

/i/content/pi/mast/28/463/3.gif

Ноч, калі расцвіў кактус. Алей. 1974.

Яго натурныя эцюды, што вымагаюць асобнага экспанавання і асэнсавання, рэдка прыцягвалі такую ж увагу, як буйнамаштабныя палотны. Між тым з поўным правам можна казаць пра «сумараўскі» пейзаж са сваімі непаўторнымі атмасферай і логікай пабудовы. Валодаючы «карцінным» бачаннем свету, мастак ніколі не страчваў свежасці ўспрымання. Сумараўскія вобразы нашай прыроды скараюць чысцінёй пачуцця. Іх ціхая інтанацыя вабіць камернай лірычнасцю, шчымлівай аголенасцю. Нібы наноў адкрывае мастак у няяркіх, стрыманых фарбах беларускай зямлі асаблівую каларыстычную тонкасць. Пейзажныя матывы ў гэтых творах не проста надзвычай глыбока адчуты, у іх з асаблівай свабодай і натхненнем раскрываецца гарманічнае светаадчуванне жывапісца. У вонкавай простасці і нешматслоўнасці надзвычай прапарцыянальна з’ядналіся пачуццё і майстэрства, непасрэднасць эцюда і эмацыянальная насычанасць карціны, любоў да натуры і — да жывапіснага палатна. У гэтых невялікіх работах Васіль Сумараў жывапісуе не толькі рухомасць і зменлівасць прыроды, але, па сутнасці, нюансы настрою, адценні душэўных перажыванняў.

Мімалётныя ўражанні і эмацыянальныя станы патрабавалі іншых сродкаў самавыяўлення і новай тэхнікі. Пейзажы апошніх гадоў вылучаюцца амаль манахромным серабрыста-вохрыстым каларытам, заснаваным на тонка распрацаваных градацыях паўтонаў («Зацішша», «Час цішы», «Зімка», 2009). Ва ўсім мастак імкнецца абысціся мінімумам сродкаў і ў той жа час пазбегнуць схематызму. Ён піша шырока, свабодна і лёгка, не нагружаючы палатно фарбай, месцамі толькі кранаючы яго пэндзлем. У творах практычна адсутнічае сюжэтны пачатак, пластыка і колер стрыманыя, у такой недаказанасці раскрываюцца якасна новыя магчымасці развіцця тэмы. Творца не лічыць сябе абавязаным перадаваць тое, што фіксуе яго вока. Завершанасць яго апошніх работ не варта шукаць у падрабязнай даробцы дэталяў, яе трэба дадумваць.

У блізкай пейзажам каларыстычнай манеры выкананы іншыя творы Сумарава апошніх гадоў: партрэт дачкі «Каця» (2008), «Чаканне» (2009), «Памяць» (2008). Панарамны пункт погляду змяняецца набліжанасцю да гледача, галоўным аказваецца маштаб малога. У гэтых творах мы не ўбачым ні разгорнутага аповеду, ні дзеяння — толькі гаму пачуццяў і роздумаў, жыццёвыя абагульненні і прыхаваныя ўспаміны, што раптам усплываюць на палатне. Змест іх натуральным чынам перацякае ў жывапісную форму, нібы сатканую з фактурных мазкоў. Але і гучны колер не знікае цалкам з палітры Сумарава, ён з’яўляецца як нейкая святланосная стыхія ў нацюрмортах, напісаных нашмат больш абагульнена, чым раней («Залаты прамень», 1997, «Блакітная веранда», 2009), тут не аб’ект, а само святло робіцца прадметам выяўлення. Пранізліва-блакітны колер букета фіялак на серабрыста-шэрым фоне сцяны з ледзь пазначанымі фатаграфіямі бацькоў становіцца сэнсавым акцэнтам у «Памяці». У партрэце мастака Мікалая Назаранкі («Пятровіч») насычаны каларыт мае выток у народнай украінскай традыцыі і з’яўляецца галоўным выразным сродкам для раскрыцця як індывідуальнага, так і нацыянальнага характару і тэмпераменту чалавека.

Творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, уражваюць не толькі разнастайнасцю і шырынёй стылістычнага дыяпазону, але і тымі ўпэўненасцю і лёгкасцю, з якімі мастак пераходзіць ад адной жывапіснай манеры да іншай, з абсалютнай дакладнасцю рукі і вока паўтараючы свае раннія работы ў цыкле «Горад майго дзяцінства» («Мой дом», «Вяселле», «Гарачы дзень. Трэніроўка пажарнікаў», «Хутка 8 Сакавіка»). Гэта спелы жывапіс, але адначасова — малады і вольны ад напрацаваных дзесяцігоддзямі прыёмаў і канонаў, абсалютна актуальны. У творчым развіцці Васіля Сумарава наступіў этап, калі вялікія думкі могуць быць увасоблены простымі сродкамі, калі жыццёвы і мастацкі досвед становіцца не сумай накопленых дасягненняў, а падмуркам рэальнай свабоды.

Марына Эрэнбург

 

 

 

Акно ў вялікі свет

Васіль Сумараў кіраваў мастацкай студыяй пры Доме культуры тэкстыльшчыкаў з 1965-га па 1990 год. Многія з яго вучняў выраслі ў мастакоў, многія абралі іншы шлях, але захавалі ў сабе першапачатковы творчы імпульс. Сумараўская школа лічылася культавай і прэстыжнай, мастак не быў для вучняў аўтарытарным мэтрам, ён прафесійна і разнастайна арганізоўваў прастору навучання, даваў багаты выбар форм дзейнасці.

Каб асэнсаваць феномен студыі Сумарава, я сустрэлася з некаторымі ўдзельнікамі выставы. «Якімі былі метады навучання ў настаўніка і як ён паўплываў на ваша мастакоўскае станаўленне?» — запыталася ў іх.

 

 

 

Метад першы: стварыць атмасферу свята

Раман Заслонаў апошнім часам жыве на два дамы і дзве майстэрні, перамяшчаючыся паміж Мінскам і Парыжам. Там ён запатрабаваны, тут мала ведаюць яго апошнія творы. Мастак адтачыў да дробязей уласную манеру, стварыў свой рамантычны, фантазійна-тэатралізаваны свет. Яго творы не толькі вабяць вока незвычайнымі персанажамі і перапляценнем калізій сюжэта, яны прымушаюць углядацца ў сябе. Мастацтва — як свята ці як карнавал — такі імпульс атрымаў мастак у студыі Сумарава.

/i/content/pi/mast/28/463/7.gif

Раман Заслонаў. Мара архітэктара. Алей. 2008.

— Я прыйшоў да Сумарава ўжо ў падлеткавым узросце — пятнаццацігадовым. У дзіцячай мастацкай школе, дзе вучыўся да гэтага, памяняўся выкладчык, і я адчуваў нейкую спустошанасць. Па сутнасці, шукаў настаўніка. Вучнем сумараўскай школы прабыў толькі год. Але за гэты час жыццё маё істотна змянілася. Іншымі зрабіліся светаадчуванне, погляд на многія рэчы.

Вельмі нямногія людзі ўмеюць працаваць з дзецьмі. Сумараў быў здатны ператварыць моманты вучобы ў гульню.

Адкрыццём для мяне сталася шчырасць чалавечых стасункаў, якая панавала ў студыі.

Васіль Фёдаравіч даў мне разуменне колеру, кампазіцыі, прычым я не магу згадаць, каб ён нешта спецыяльна тлумачыў. Ён вельмі проста размаўляў, мог выказаць думку ў паўслове, настроіць на пэўны стан. У гэтым і ёсць талент выкладчыка.

Ёсць нейкі глыбінны дух, які быў ім выхаваны, стаў часткай кожнага з нас. Я не ведаю, у чым ён увасабляецца, але дакладна не ў вонкавай форме. Настаўнік усіх нас захапіў сваім унутраным светаадчуваннем. Сумарава мы ўспрымалі як свята.

Калі мы паступілі ў тэатральна-мастацкі інстытут, сутыкнуліся са студэнтамі, якія нават кніжак не чыталі. У нас быў свой свет, іншая падрыхтоўка. Яна вылучалася, найперш, шырынёй. Сумараў адчуваў людзей, калі браў вучня ў сваю студыю, глядзеў на творы, але ацэньваў чалавека.

Ён імкнуўся вывесці вучня са стану манатоннасці. Мастацтва — свята. Яно павінна прыносіць радасць. Калі твор сухі, шэры, вымучаны, хіба ж тое мастацтва?.. Можа, гэта і ёсць яго метад выкладання. Заразіць жыццём...

 

Ігар Бархаткоў пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута працаваў у творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР, пасля стажыраваўся ў Берлінскай акадэміі мастацтваў. Вярнуўся на радзіму (на той час гэта было рэдкасцю), сёння разам з жонкай жыве ў вёсцы пад Валожынам. Гэты куток стаў цэнтрам яго жывапіснага сусвету: у бясконцай размаітасці станаў напісаны мясцовыя краявіды. Толькі з натуры, іначай імгненне сыходзіць незваротна, і не ўбачыш за покрывам прыроды яе прыхаваную сутнасць.

/i/content/pi/mast/28/463/9.gif

Ігар Бархаткоў. Сонечны сакавік. Алей. 2007.

Мастак — лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

— Я пачаў маляваць толькі ў дзесятым класе. Калі сказаў бацьку, што хачу стаць мастаком, узнікла праблема, куды пайсці вучыцца. У вучылішча ўжо позна, да інстытута яшчэ не гатовы. І тады бацька парэкамендаваў мне студыю Сумарава. За адзін год я падрыхтаваўся там да тэатральна-мастацкага.

На ўсё жыццё засталося адчуванне, што гэта быў самы шчаслівы час: перад табой адкрываецца цэлы свет, а вакол — незвычайныя, таленавітыя людзі.

Ці ёсць штосьці ад першага настаўніка ў маіх творах? Нават не ведаю... Галоўнае: ён не даваў супакоіцца, спыніцца на дасягнутым. Сваю ролю адыграла сама атмасфера студыі. Ты нібы вырываўся за рамкі будзённасці. Васіль Фёдаравіч так і казаў: ірвані, нанясі ўдар! Зрабі выбух!

На перапынках (мы вучыліся ў так званым акадэмічным класе) хадзілі ў пакой, дзе працавалі меншыя дзеці. Я позна пачаў маляваць, і адразу — сур’ёзныя пастаноўкі: нацюрморты, партрэты. Этапу дзіцячай творчасці не прайшоў і быў у захапленні — ад буяння колераў, ад незвычайных таленавітых работ, ад таго, чым малыя займаліся.

Паміж нашымі двума пакойчыкамі была кладоўка, дзе стаялі працы Васіля Фёдаравіча. Мы цішком туды зазіралі. Памятаю, там была «Ноч, калі расцвіў кактус». Першы раз я сутыкнуўся з мастаком, ні да каго не падобным. Не разумеў, як гэтыя палотны напісаны, хоць сам быў з творчай сям’і.

 

Метад другі: праз універсалізм тэхнік да пошуку сутнасцей

Дзмітрый Сурскі — са знанага мастакоўскага роду (творцы з ахвотай аддавалі дзяцей у сумараўскую студыю). Дзмітрый атрымаў грунтоўную дызайнерскую адукацыю (тэатральна-мастацкі інстытут), стварыў шэраг выразных плакатаў, мае 14 аўтарскіх пасведчанняў на прома-ўзоры і адно пасведчанне на вынаходніцтва, што паступіла ў вытворчасць.

/i/content/pi/mast/28/463/8-.gif

Дзмітрый Сурскі. Хлеб усяму галава. Плакат. 1987.

— Я ўдзячны Сумараву за ўніверсальную падрыхтоўку, менавіта ён паспрыяў таму, што я стаў дызайнерам. Ён даў магчымасць паспрабаваць усялякія матэрыялы, папрацаваць у самых разнастайных тэхніках.

Унікальнасць студыі ў тым, што там была асаблівая атмасфера — дыялог з майстрам, праца на роўных, творчае спаборніцтва. Цяпер мне складана сфармуляваць, што канкрэтна ён даў мне як мастаку: усё ўспрымалася падсвядома. Але ў аўтабіяграфіі заўсёды пішу, што Васіль Сумараў — мой настаўнік. Я найбольш удзячны менавіта гэтаму выкладчыку, бо яму дастаўся самы сыры матэрыял. Але і самы падатлівы, бо менавіта ў дзяцінстве закладваюцца галоўныя рысы. Ён зляпіў з нас тое, чым мы сёння з’яўляемся.

Наталля Наўроцкая пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута працуе ў графічным дызайне, на яе рахунку мноства густоўна аформленых кніг, перамогі ў конкурсах. Дзіцячыя гульні ў індзейцаў у сумараўскай студыі глыбока запалі ў душу і праявіліся нечакана. Наталля выбрала для свайго дыплома серыю плакатаў, прысвечаных адкрыццю Амерыкі. Густ і вольнасць творчага выражэння, закладзеныя ў сумараўскія часы, надзвычай дапамаглі ў прафесіі.

/i/content/pi/mast/28/463/8.gif

Наталля Наўроцкая. Горад сонца. Тэмпера. 1992.

— Васіль Фёдаравіч вучыў спазнаваць сутнасць рэчаў. Напрыклад, ставіў нацюрморт (а нацюрморты ён кампанаваў адмысловыя, нідзе больш такіх не сустракала) і прасіў нас ацаніць тое, што мы перад сабой бачым, і зразумець сутнасць гэтых прадметаў. Лімон, казаў ён, валодае абсалютна незвычайнай фактурай. Ён прымушаў нас думаць і асэнсоўваць.

Вучыў працаваць, даводзіць малюнак да канца. Ён умеў чалавека разняволіць. У нас была поўная свабода творчасці.

Ён і сам шмат у чым быў дызайнерам: вынайшаў іголку для пятлічнага габелена, спецыяльныя лаўкі-конікі для малявання, якія мы самі і распісалі, складныя лавачкі з трох дошчачак, каб дзеці на пленэрах не сядзелі на зямлі, падвесныя канструкцыі для кветак з паперы. Такой разнастайнасці форм творчага выражэння, такога багацця дэкаратыўных прыёмаў не было і няма ні ў адной вядомай мне студыі. Кожны раз я прыходзіла з чаканнем цуду: чым жа мы сёння будзем займацца? І чаканне апраўдвалася, цуд адбываўся. «А давайце сёння з габеленаў пашыем сабе сумкі», — мог сказаць ён малым, і ўсе загараліся чарговай ідэяй.

Ён любіў рабіць нечаканыя падарункі. Напрыклад, рэдкую і дарагую кнігу на нечы дзень нараджэння. На выставе ёсць дзіцячы твор Святланы Валігурскай. Яна не стала мастаком, але Сумараў, употай падрыхтаваўшы работу для экспанавання, запрасіў яе на адкрыццё. Як жа радавалася Света! І які шчаслівы быў Васіль Фёдаравіч...

 

Метад трэці: разгледзець і не нашкодзіць

Марыта Голубева, удзельніца гэтай выставы і яе куратар, была яркай «зорачкай» малодшай групы сумараўскай школы і вырасла ў вельмі самабытнага мастака. Пасля заканчэння Мінскага мастацкага вучылішча захапілася працай з тэкстылем. Напрыканцы мінулага года ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылася сумесная выстава Марыты і Уладзіміра Голубевых «Книги БытиЯ». У тэхніцы батыку Марыта стварае незвычайныя фактуры, вобразы манументальныя і выразныя. Іх візуальная эфектнасць не замінае асэнсаванню глыбіні мастакоўскага пасылу.

/i/content/pi/mast/28/463/gol.gif

Марыта Голубева. Тайная вячэра. Гарачы батык, паталь. 2009.

— Моцны духоўны зарад, атрыманы ў студыі Сумарава, мы здолелі пранесці праз усё жыццё. Нават не магу згадаць, чаму канкрэтна ён нас вучыў. Усё адбывалася само сабой. Памятаю, я рабіла малюнак і не хацела яго заканчваць. Сумараў сеў каля мяне і сказаў: «Малюй!» Потым паводле гэтага твора мы саткалі вялізны габелен, і ён вісеў побач з іншымі трыма студыйнымі габеленамі ў кавярні «Вясёлка». Успамінаю Тодара Кашкурэвіча, бацька якога прасіў «падцягнуць» сына па малюнку. А Тодар любіў працаваць рукамі, рабіць вітражы. І Васіль Фёдаравіч адказваў Арлену Міхайлавічу: навучыць маляваць вы яго і самі зможаце, а я хачу даць дзіцяці тое, да чаго яно імкнецца.

Васіль Сумараў не рабіў са свайго класа падрыхтоўчыя курсы, ён трымаўся галоўнага: паказаць цуд самога працэсу творчасці. Пры гэтым прынцыпова не даваў ацэнку твору, добры ён ці няўдалы. Такое ўражанне, што Сумараў хадзіў на працу, як на свята. Прыносіў у студыю ўсё найлепшае: дарагія кнігі, шыкоўную італьянскую пастэль на 45 колераў, ніткі для габеленаў. Чаго мы толькі там не рабілі: маскі, вітражы… Памятаю, Ганна Балаш перавярнула фужэр з адбітай ножкай і змайстравала ляльку. Васіль Фёдаравіч паставіў яе на акно і ўсім казаў: «Вы паглядзіце, які твор!»

Галоўны метад Сумарава — не нашкодзіць, памагчы чалавеку знайсці тое, што трэба менавіта яму. Студыя станавілася для нас домам найперш дзякуючы яму, бо ён сам успрымаў гэтае месца як дом, дзе сваю справу нельга рабіць дрэнна.

Ён здымаў нас кінакамерай, на слайдавую плёнку. Імкнуўся занатаваць усе падрабязнасці нашага жыцця. Глядзелі нядаўна гэтае кіно: мы гуляем у індзейцаў — у адпаведнай адзежы, якую самі ж і саткалі, расфарбаваныя, з лукамі і барабанамі. І я падумала: які кайф быў дзецям, імі ж ніхто так не займаўся, не рэалізоўваў іх запаветныя фантазіі — ні бацькі, ні піянерская арганізацыя…

Каго лічыць вучнем ці настаўнікам? Цікавае пытанне. Мы ўсе вучыліся пасля ў некага. Настаўнік не той, хто выкладае, а той, каго так называюць. Васіля Фёдаравіча мы ўсе называем сваім настаўнікам.

Шмат што помніцца як гульня, як свята. Выезды на пленэры, дзе пяклі бульбу, зімой хадзілі на лыжах, праводзілі конкурсы малюнка на асфальце, атрымлівалі за іх прызы (дасюль захоўваю рэпрадукцыю аўтапартрэта Дзюрэра, а гуаш даўно скарыстала)… Студыя ўяўлялася нам акном свабоды. Нездарма ў Васіля Фёдаравіча і твор такі ёсць — «Мой свет», дзе ён увасобіў сябе з дзецьмі на фоне расчыненага акна. Від адкрываецца да гарызонту.

 

Метад чацвёрты: развіць асобу

Ганна Балаш — творца ўніверсальны. Мастак з акрэсленай пазіцыяй і бязмежнай фантазіяй, які рэалізуе феерверк ідэй у самых нечаканых формах...

Ганна Балаш каля дзесяці гадоў займалася ў студыі Васіля Сумарава, атрымала спецыяльнасць дызайнера ў тэатральна-мастацкім, пасля захапілася тэкстылем. Адукацыя дазваляла многае, з тканін «выраслі» лялькі, кожная з іх — мастацкі канцэпт. Яе мастацкія праекты — пра свет недасяжны і нерэальны, але тым не менш — пераканальны і завершаны. Сёння яна — стыліст-пастаноўшчык, мастак па касцюме ў тэатры і кіно.

/i/content/pi/mast/28/463/11.gif

Ганна Балаш. Тэатр. Алей. 2009.

— Са студыйных часоў больш памятаеш не сябе, а іншых. Згадваю выставу Марыты з сястрой Элай у Палацы мастацтва, яна адбылася якраз пасля экспазіцыі вядомай тады на ўвесь Савецкі Саюз Надзі Рушавай. Мне Марыта здавалася цікавейшай. Памятаю акварэлі Дзімы Сурскага і апантаны выраз твару Ігара Бархаткова: ён, калі пісаў, нібы раствараўся ў жывапісе.

У студыі квітнела ручное мастацтва: габелены, разьба, чаканка... Было ўсё, і ў такім канцэнтраваным булёне сапраўды што заўгодна магло нарадзіцца.

Адметнасць Сумарава найперш ва ўнікальнасці чалавечых якасцей, у педагагічным таленце.

Дзіця бачыць цэласную карціну свету. Яно суадносіць тое, што малюе, з прасторай. Усе дзіцячыя малюнкі, па сутнасці, геніяльныя. Трэба вельмі моцна дзіця задзяўбці, каб атрымаць ад яго нейкі дарослы прадукт. Наш настаўнік разумеў гэта вельмі добра. Не ведаю, ці была ў Васіля Фёдаравіча асаблівая — распрацаваная — педагагічная сістэма. Думаю, што ўсё атрымлівалася інтуітыўна. Гэта такая ж сістэма выхавання, якая ёсць у сям’і, дзе проста любяць дзяцей. Ён любіў нас усіх.

Студыя была вельмі далёкай ад метаду Акадэміі. На першым курсе мне казалі: «Мы з цябе гэтую сумараўскую блазноту выб’ем». Настаўнік вучыў нас разумець лінію, тое, як яна выбудоўвае ўнутраную і вонкавую формы прадметаў. Пра гэта я пасля прачытала ў Рудольфа Арнхейма («Псіхалогія візуальнага ўспрымання»). Атрымліваецца, што нас сур’ёзна вучылі псіхалогіі візуальнага ўспрымання.

Ці захавалі мы сумараўскі дух?.. Мяне не парадавала выстава. Яна паказала, што вышэй за ўзровень якаснага салона мала хто з нас, вучняў, падняўся. Гэтымі творамі можна захапляцца, яны выдатна зроблены, але... На жаль, тое праблема ўсіх нас, гэтай тэрыторыі. Колькі пасля вайны ў Мінску засталося інтэлігенцыі? Культурны пласт не паспеў нарасці...

Якой магла б быць ідэальная школа? Студыя Сумарава, побач — два дзядзькі, якія вучаць мовам, бонна, што выхоўвае манеры, маэстра з камертонам, што выкладае музыку... Дадаць сюды тату і маму, дзядулю і бабулю, якія гэтую траекторыю прайшлі. Для мяне ўзор адукацыі — Царскасельскі ліцэй, той жа Пушкін выдатна маляваў і ведаў мовы. Але колькі пакаленняў да гэтага ішло?

 

«Такія розныя дзеці...» Пасляслоўе Васіля Сумарава

/i/content/pi/mast/28/463/sssu.gif
Васіль Сумараў. Каця. Алей. 2008.
— Мяне спытаў адзін знаёмы: «Што ты за выставу арганізаваў — “Настаўнік і вучні”? Гэтыя ж мастакі вучыліся пасля яшчэ ў некалькіх выкладчыкаў — у вучылішчы і ў Акадэміі!» — «А што перашкаджае тым настаўнікам зрабіць падобную выставу?» — адказаў я пытаннем на пытанне.

Калі я ў 1965 годзе пачаў арганізоўваць гэтую студыю, быў малады, спартыўны, на пяты паверх да сваёй майстэрні лёгка ўздымаўся. Вырашыў, што і дзеці павінны быць мабільныя: зімой усе хадзілі на лыжах, у Лошыцкім парку, які побач, праводзілі пленэры, стралялі з лука.

У студыі былі два памяшканні. У адным займаліся малыя дзеці, у другім быў так званы акадэмічны клас. Я абавязкова цікавіўся, куды старэйшыя дзеці збіраюцца паступаць. Складваў спіс. І набіралася больш за дзесятак навучэнцаў, якія мелі намер здаваць экзамены ў мастацкае вучылішча або адразу ў тэатральна-мастацкі інстытут. Я мэтанакіравана на працягу года з імі працаваў. І яны паступалі. Калі казалі, што прыйшлі са студыі Сумарава, іх бралі з задавальненнем. Ведалі, што з акадэмічным малюнкам у іх усё ў парадку. Як і з уласнай стылістыкай. Ёсць жа студыі, дзе настаўнік вучыць сваёй манеры. Калі я паглядзеў буклет выставы з работамі большасці маіх вучняў, пераканаўся, што ўсе мастакі не толькі цікавыя, але і адзін на другога не падобныя. Гэтым ганаруся.

Выставы маіх студыйцаў вылучаліся сваёй разнастайнасцю. Я захапіўся разьбой і падумаў: чаму дзяцей не навучыць таму ж? У Лошыцкім парку знайшоў паленне, купіў дошкі ў гаспадара. Падрыхтаваў іх для дзяцей. Дзіму Сурскаму прапанаваў аздобіць гадзіннік з зязюляй (хлопцам такая праца падабаецца, трэба толькі заахвоціць), на кожную лічбу-гадзіну прыдумалі сюжэт. Сурскі стаў пасля дызайнерам, нешта я ў ім усё ж разгледзеў. Дастаў свінцовых пераплётаў, прынёс шкло, паказаў, як яго рэзаць. Так навучыліся рабіць вітражы. Я верыў: тым, чым змог авалодаць сам, авалодаюць і дзеці. Маскі рабілі, талеркі распісвалі.

Адзін выхаванец студыі сказаў мне неяк: «Васіль Фёдаравіч, вы вучыце незаўважна». Навошта дзецям нудныя тлумачэнні? Яны таму і лічаць мяне сваім настаўнікам, што я найперш выхоўваў густ. Кожную нядзелю праводзіў урок гісторыі мастацтваў. Было шмат слайдаў, якія сам рабіў. Задаю дзецям тэму і паказваю творы класікаў. Мае студыйцы малявалі пад музыку.

Калі старэйшыя пісалі нацюрморт, я тлумачыў: бачыш прадмет — успрымай яго характар, а самае важнае — імгненна ўбачыць прапорцыі. Настройваў іх на цэльнае бачанне. Нейкая методыка ў мяне, канешне, была, але ненавязлівая. У мастацкім вучылішчы я атрымаў спецыяльнасць выкладчыка чарчэння і малявання, там вучылі методыцы, грунтоўна праводзілі разборы ўрокаў. Але ў студыі я ўсё забываў. Галоўным лічыў падтрымаць маленькага чалавека, натхніць яго. Каб з’явіўся азарт да работы...

У малюнку дзеці працавалі і лініяй, і штрыхом. У прадмеце найбольш важна спачатку вызначыць яго прапорцыі і маштаб, суадносіны з іншымі прадметамі. Пасля перадаць форму. Дзесьці лінія патрэбна больш мяккая, а дзесьці мацнейшы націск алоўка, кантрасны. Праз лінію можна перадаць форму. Як прыклад паказваў малюнкі Валянціна Сярова, выкананыя адной лініяй.

Самае цяжкае — паставіць вока на шырокае бачанне. Гэтага не робяць ні ў вучылішчы, ні ў нашай Акадэміі. Гэтаму вучылі ў Прыбалтыцы, бо там зусім іншая школа. Пра мае работы, дарэчы, казалі, што ў мяне прыбалтыйскае бачанне. Канстанцін Каровін гэтак жа вучыў: ён ставіў два прадметы, і трэба было імгненна ўбачыць іх асноўныя кропкі, маштаб вялікага да малога, суадносіны колераў. Каровін казаў: добра, калі мастак вызначае дзве суаднесенасці. Яшчэ лепш, калі чатыры. Самае лепшае, калі шэсць, але гэта рэдка ў каго атрымліваецца. Дзеці гэта ўсё засвоілі. Мы не вымяралі прапорцыі (калі трымаюць аловак у выцягнутай руцэ і лічаць, колькі, напрыклад, галоў змяшчаецца ў тулаве), бо тады страчваецца жывое ўспрыманне прадмета. Вучыў бачыць галоўнае і другаснае. Не пішыце шрыфт, казаў я, не пішыце, дзе зроблена бутэлька, але намалюйце яе так, каб, калі яе скрадуць, па вашым малюнку можна было яе знайсці. Дзеці смяяліся, але ўсё запаміналі.

Важны быў і наглядны прыклад на ўроках гісторыі мастацтваў. Я паказваў ім Сезана, Галавіна. Вучыліся аналізаваць розныя стылі, розныя мастакоўскія трактоўкі.

У нас у студыі стаяла невялікая бочачка, туды дзеці кідалі капейкі. Ну колькі яны накідаюць... На булачку. Я з кішэні свае грошыкі дадам, і ўжо на гарбату з торцікам хапае. П’ем гарбату, а гэтым часам я нешта гавару ім, тлумачу. Мы былі як адна сям’я. Таму яны і сябруюць сёння. Неяк спытаў іх пра школу, а яны сваіх школьных настаўнікаў і не памятаюць.

Я ім тлумачыў: важна спачатку вызначыцца, што ты малюеш, а пасля — як ты гэта зробіш.

У кожнага шукаў індывідуальнасць і не перашкаджаў ёй раскрыцца. Не замінаў ім развівацца. Накіроўваў. Імкнуўся, каб кожны дзень для іх адбывалася нейкае адкрыццё. Гэта была мая работа: каб ім было цікава і з гэтага была карысць. Я ехаў з дому — з вуліцы Сурганава — у студыю праз увесь горад і думаў, чым здзіўлю іх сёння. І кожнаму павінен быў не забыць сказаць добрае слова.

 Алеся Белявец