Уладарная Бона

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Шлюб караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога з міланскай герцагіняй Бонай Сфорца ў 1518 годзе прывёў да стварэння прыдворнага асяродка ў Кракаве па ўзору заходнееўрапейскага, што істотна паўплывала на развіццё новай, рэнесанснай культуры. Пачала адбывацца так званая гібрыдызацыя інтэлектуальнай эліты Польскага Каралеўства і Вялікага княства Літоўскага, якая праяўлялася ў зліцці кола замежных інтэлектуалаў з мясцовымі адукаванымі людзьмі і засваенні імі новага ідэалу эпохі.

/i/content/pi/mast/27/462/pl_05_opt.gif

Вялікая княгіня літоўская і каралева польская Бона Сфорца. Майстэрня Лукаса Кранаха Малодшага. XVI стагоддзе.

Палітыка Жыгімонта Старога, яго жонкі Боны Сфорца і іх сына Жыгімонта Аўгуста дала такі моцны штуршок для развіцця культуры новага тыпу, што за перыядам іх панавання замацавалася назва «залаты век».

Прыхільнікі італьянкі прыход Рэнесансу на нашыя землі звязваюць з прыездам новай каралевы, але ідэі гуманізму і лацінская культура пачалі пранікаць сюды значна раней, дзякуючы студэнтам, падарожнікам і італьянцам-імігрантам, што прыбывалі ў сталічныя гарады Кракаў і Вільню. З канца ХV стагоддзя пры каралеўскім двары фарміруецца кола літаратараў-лаціністаў, іх высокі ўзровень валодання мовай выклікаў павагу ў краінах Заходняй Еўропы. Але працэс фарміравання культурных эліт Вялікага княства Літоўскага супадае з часам заключэння шлюбу Жыгімонта з Бонай. Заключэнне дынастычных саюзаў заўсёды спрыяла новым кантактам, і заходнееўрапейская культура знайшла на нашых землях плённую глебу.

Двор каралевы пачаў дыктаваць стыль жыцця, даваў узор высокага густу, прапагандаваў яго сярод шляхты падчас падарожжаў па краіне. Прыезды Боны ў 1528 годзе і некалькі разоў у 30-я гады ў Вільню прыцягнулі ўвагу да сталіцы княства арыстакратаў і вучоных з краін Еўропы. Бона — аматар і знаўца мастацтва і літаратуры, мецэнатка — шчодрай рукой раздавала запрашэнні і пенсіі.

У гэты перыяд толькі ў ваколіцах Вільні знаходзілася каля 150 іншаземцаў — рамеснікаў, мастакоў, музыкантаў, дыпламатаў, дваран. Яны далі імпульс да актыўнага вылучэння мясцовых паэтаў, музыкантаў і мастакоў. Мецэнацкая дзейнасць істотна ўплывала на развіццё Вільні, а за ёй — і ўсёй краіны.

Асабістая зацікаўленасць уладароў у людзях з гуманістычнай адукацыяй вызначала прыярытэты культурнай палітыкі. З часоў Жыгімонта Старога пры кракаўскім двары, дзе склалася значнае кола лацінамоўных паэтаў на чале з Андрэем Крыскім, яшчэ да прыезду ўладарнай італьянкі становіцца папулярным правядзенне літаратурных турніраў, дзе маглі прыняць удзел усе жадаючыя. Вялікай аматаркай такіх прыдворных забаў была і Бона Сфорца. Прымалі ўдзел у іх і прадстаўнікі княства. У адрозненне ад Польшчы, дзе латынню валодала вялікая колькасць мяшчан, дакладна вядома толькі пра двух удзельнікаў-шляхціцаў з Вялікага княства: князёў Міхаіла Палубенскага і Марціна Мацкевіча. Не трэба забываць і пра Эразма Цёлка і яго сакратара Мікалая Гусоўскага, які ў сваёй прадмове да першага выдання «Песні пра зубра» звяртаўся да вялікай княгіні Боны як да першай мецэнаткі ў дзяржаве.

Разуменне неабходнасці навучання мовам, «рыцарскім навукам» вымушала бацькоў накіроўваць моладзь у адукацыйныя падарожжы ў Германію, Італію, Галандыю. Хоць маладыя магнаты вельмі рэдка атрымлівалі там дыплом (выключэннем стаў Павел Сапега) ці цалкам праслухоўвалі курс лекцый, гэта удасканальвала іх навыкі ў мовах, верхавой яздзе, дазваляла завязаць неабходныя сувязі. Колькасць студэнтаў з Вялікага княства Літоўскага увесь час павялічвалася.

Спаборніцтва паміж магнатамі і велікакняжацкім дваром стымулявала развіццё мецэнацтва, а значыць — і культуры. З канца XVI стагоддзя яно пераўтварылася ў сапраўдную барацьбу за тое, каб пераманіць да сябе лепшых мастакоў, сабраць найбагацейшую калекцыю, стварыць музей, бібліятэку, школу. Гэта, у сваю чаргу, вымушала багатых і ўплывовых асоб ісці за модай. Двары магнатаў запаўняліся вучонымі, мастакамі, артыстамі, літаратарамі і паступова пераўтвараліся ў цэнтры творчай ініцыятывы.

У краіне складаецца сістэма літаратурнага мецэнацтва: патрон-шляхціц апякуецца пісьменнікамі, паэтамі, навукоўцамі ці стварае асяродак (двор), які б спрыяў іх творчай актыўнасці. Літаратар, які добра валодае пяром і вызначаецца ведамі, падносіць заможнаму і ўплывоваму пратэктару дар у выглядзе прысвечанай яму кніжкі. Менавіта такой сістэме мы абавязаны з’яўленнем на свет твораў тых жа Францыска Скарыны, Мацея Стрыйкоўскага, Яна Каханоўскага, Станіслава Ажахоўскага, Андрэя Рымшы, Яна Радвана, Яна Казакевіча, Сымона Буднага. У выніку іх дзейнасці ў літаратуры той эпохі развіваюцца старыя жанры (хронікі і летапісы, напрыклад, «Хроніка Быхаўца») і з’яўляюцца новыя.

Пры двары Жыгімонта Аўгуста аказвалася падтрымка не толькі вялікай колькасці гуманістаў і літаратараў, але і медыкам, эканамістам. З ім мелі цесныя сувязі прафесары Кракаўскага ўніверсітэта.

XVI стагоддзе вызначаецца актыўным развіццём выяўленчага мастацтва. Збіранне калекцый твораў жывапісу і скульптуры, рарытэтаў, археалагічных помнікаў, нумізматыкі пашыраецца менавіта з часоў панавання Жыгімонта Старога. Паводле гістарычных сведчанняў, у 30-я—60-я гады XVI стагоддзя фарміруюцца калекцыі габеленаў не толькі ў каралеўскай сям’і, але і ў канцлера і ваяводы віленскага Гаштольда («опон которые по стенам забивают венецких и простых и ковров солхацких», «опоны влоские с золотом и без золота по стенам»), князёў Жаслаўскіх («запона пестрая, другая запона зеленая простая, третяе зялена паска, чатвертая с золотам, чалавек на ней з невестою утканы», «запона первая пестрая другая з мужыкамі зеленая, третяя з кветцем зеленая три невеликих с золотам», «запона долгая пестрая, другая зеленая з мужиком, третяя запона з кветем великая, четвертая зеленая пасия, пятая з золотам в пахолке»), Мікалая Радзівіла Чорнага і Мікалая Радзівіла Рудага і іншых. Вядома, што габелены для збораў падскарбія Дзмітрыя Халецкага заказваліся менавіта для яго непасрэдна ў саміх майстэрнях — з радавымі гербамі і канкрэтнымі сюжэтамі, як і для Жыгімонта Аўгуста. Магчыма, што пры заказе ён карыстаўся паслугамі агента вялікага князя Радрыга ван дэр Моўэна. Нярэдка мастацкія тканіны з’яўляліся прадметам італьянскага імпарту праз кракаўскія гандлёвыя кампаніі, накшталт сям'і Мантэлупі. Яскравым прыкладам становіцца практыка закупкі мастацкіх тканін, скураных абівак (курдыбанаў) у Італіі падчас падарожжаў маладых магнатаў. Каштоўнасць іх была настолькі вялікай, што той жа Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка вазіў курдыбаны за сабою пры пераездзе з адной рэзідэнцыі ў другую.

Запрашэнне да двара Жыгімонта Старога і праца ў Вільні і Кракаве таленавітых архітэктараў і скульптараў — Францыска з Фларэнцыі, Джавані Чыні з Сіены, Нікола Касціліёне, Джавані Марыя Падавана — прывялі не толькі да перабудовы сталіц у рэнесансным стылі. Стала гэта і штуршком да з’яўлення такога накірунку мецэнацтва, як заказ мастацкіх і архітэктурных твораў. Згодна з рэнесанснымі поглядамі на неўміручасць і славу сярод нашчадкаў, папулярным становіцца фундаванне пахавальных капліц. Для іх аздаблення запрашаюцца італьянскія майстры. Так, Альбрэхт Гаштольд будуе ў Геранёнах замак і касцёл. Для Сапегаў Занобі да Джыяноці перабудоўвае ў рэнесансным стылі царкву святога Міхаіла ў Кодне ля Жытоміра. Найбольш яскравымі прыкладамі сталі замаўленні помнікаў новага тыпу, як, напрыклад, надмагілле віленскага ваяводы, канцлера Вялікага княства Літоўскага Альберта Гаштольда ў касцёле святога Станіслава ў Вільні. Як і надмагільныя пліты Шыдлавецкага, Ласоцкага, яно было зроблена знакамітым італьянскім скульптарам Бернардам Занобі да Джыяноці ў выглядзе постаці ў заходнееўрапейскіх строях.

Пашыраецца практыка стварэння партрэтных галерэй. Доўгі час партрэт разам з надмагіллем выконваў выключна мемарыяльную функцыю, але з развіццём рэнесансных павеваў і мецэнацтва да гэтай функцыі дадаліся і іншыя. Партрэт пераўтвараецца ў частку палацавага ансамбля. Шляхта пачынае збіраць карціны розных жанраў і ствараць разгорнутыя карцінныя галерэі. Найбольш раннімі былі зборы князёў Астрожскіх, князёў Алелькавічаў — Слуцкіх, Хадкевічаў, пазней да іх далучаюцца Радзівілы і Сапегі. На жаль, да нашых дзён дайшлі нязначныя рэшткі (не больш як 5-10 %) былых збораў.

Але самай галоўнай заслугаю двара Боны стала стварэнне моды на ўсё італьянскае — лад жыцця, адзенне, архітэктуру, віды баўлення вольнага часу, якія перажылі саму каралеву. Гэтая мода праяўлялася ва ўсім — ад архітэктуры да сталовых прыбораў. Захапленне Бонай італьянскімі палацамі, паркамі і садамі прывяло да ўзнікнення цэлага шэрагу каралеўскіх і магнацкіх рэзідэнцый новага тыпу «palazzo in fortecca», яскравымі прыкладамі якога могуць служыць Нясвіж, Мір, Гальшаны, рэзідэнцыі магнатаў у Вільні. Нездарма назва «влоскі агарод» захавалася за некаторымі паркавымі часткамі да ХІХ стагоддзя. Змяняліся не толькі вонкавы выгляд саду, яго планіроўка, але і асартымент культур, якія вырошчваліся для стала багатых асоб. Двор Боны нават паўплываў на змены ў структуры харчавання, калі на магнацкіх сталах замест вялікай колькасці мясной ежы з’яўляецца вялікая колькасць зеляніны, гародніны. У рацыён заможных людзей увайшлі лімоны, апельсіны, фігі, не кажучы ўжо пра карэнні і прыправы.

Улюблёныя забавы Боны — танцы і ловы — сталі традыцыйнымі формамі баўлення вольнага часу ва ўсіх колах грамадства. Італьянка ўвяла ў моду такія танцы, як фаварыт і галарда, якія захаваліся ў сялянскім асяроддзі да канца XVIІІ стагоддзя. Паляванне, акрамя адпачынку, было прызначана для падтрымання добрага фізічнага стану, для падрыхтоўкі да ваенных дзеянняў. Мастацтва выездкі вельмі высока цанілася ў тагачасным грамадстве, а лепшымі майстрамі ў гэтай справе лічыліся італьянцы. Менавіта ў Мілан і Фларэнцыю накіроўваліся шляхціцы — у лепшыя міланскія і фларэнтыйскія конныя школы. Адтуль жа адпраўляліся кальвакаторы да шляхецкіх двароў. Вынікам такіх кантактаў стаў выдатны твор Манівіда-Дарагастайскага «Гіпіка».

Такім чынам, культурная палітыка і мецэнацтва прадстаўнікоў дынастыі Ягелонаў, што кіравалі краінай у ХVІ стагоддзі, аказалі значны ўплыў на фарміраванне культурнай эліты рэнесанснага тыпу, што паўстала са шляхецкіх слаёў. Ягелоны спрыялі выкарыстанню мясцовых моў у галіне літаратуры, навукі, рэлігіі, стварылі моду на падтрымку творчай дзейнасці ў выглядзе мецэнацтва, і ўсё гэта прывяло да развіцця своеасаблівай культуры, дзе спалучаліся рэгіянальныя і заходнееўрапейскія традыцыі.

 Анастасія Скеп’ян