Загадка спадара Ау

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Спрэчкі пра стан лялечнага тэатра не сціхаюць даўно. Сучасны лялечны тэатр знаходзіцца ў авангардзе тэатральнага мастацтва -- так лічаць многія ягоныя прыхільнікі. Праціўнікі ім пярэчаць: гэта прымітыўнае відовішча выключна для тых, хто ходзіць у дзіцячы садок. Аднак ёсць яшчэ і скептыкі, упэўненыя, што лялечнага тэатра ў чыстым выглядзе сёння не знайсці, бо часцей за ўсё на сцэне ўладарыць не лялька, а акцёр.

Здаецца, нядаўняя прэм’ера Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек -- спектакль «Жудасны спадар Ау» (паводле казачных гісторый Мякеля Ханну ў перакладзе Эдуарда Успенскага) -- здатная задаволіць усіх. Можна нават казаць пра «феномен Ау» -- бо гэтая «страшная нястрашная гісторыя» мае даволі простае і дасціпнае мастацкае вырашэнне. Вялікіх адкрыццяў у ёй не відаць -- і ўсё ж адарвацца ад дзеяння немагчыма. У чым загадка поспеху?
 /i/content/pi/mast/2/46/p.17_1.jpg
 Лялька Прадзед Ау.
Гарэзлівасць і весялосць, сціпласць і сум, пяшчота і чуллівасць -- у кожнай ляльцы тут схаваны цэлы куфар пачуццяў. А вобраз спадара Ау (А.Васько) ўвогуле пабудаваны на кантрасце. Галоўны герой упэўнены, што доўгія раскудлачаныя валасы надаюць ягонай постаці жахлівасць. Але калі Ау спрабуе напалохаць дзяўчынку Рыму (Н.Кот -- Кузьма) -- атрымліваецца толькі насмяшыць. Ён намагаецца зрабіць свой выгляд больш пагрозлівым -- аднак яркія чырвоныя боты выдаюць ягоны добры нораў. А вось у руках акцёраў Ау пачынае ажываць: боты нібы цягнуць за сабой усё тулава, а валасы рухаюцца за сваім гаспадаром з затрымкай, як падчас запаволенай здымкі. Асаблівую нотку чуллівасці і камізму надае дзеянню такая гераіня, як Насоўка (А.Казакоў). Гэты харызматычны чырвоны скрутак тканіны ўсе свае думкі выяўляе толькі пры дапамозе чхання, ягоныя рухі насычаны нервовай паспешлівасцю. За такімі, здаецца, простымі, але насамрэч выразнымі лялькамі назіраць не менш цікава, чым за людзьмі.
У большасці пастановак для дзяцей адбываецца, так бы мовіць, «барацьба дабра са злом». Вельмі часта маленькім гледачам даводзіцца думка: галоўнае -- быць добрым чалавекам, тады і ў жыцці ўсё будзе добра. У гэтым спектаклі рэжысёр С.Бень ставіць акцэнт іначай, задаючы пытанне: «Няўжо неабходна рабіць штосьці толькі таму, што так заведзена?». І на працягу ўсяго дзеяння спадар Ау паступова вызваляецца ад запавету продкаў, якія загадвалі пужаць людзей таму, што «наш прадзед так рабіў і нам загадваў». За кожным крокам героя заўжды назіралі продкі. Здаецца, зараз нікога няма побач, можна і любімую кніжку пра прынцэс пачытаць. Але святло падае на постаці суровых прадзедаў, што лунаюць пад каласнікамі сцэны. Яны нагадваюць: трэба не марнаваць час за
 /i/content/pi/mast/2/46/p.17_2.jpg

 Лялькі Рыма і Кот.

бессэнсоўнымі кніжкамі, а займацца справай -- скуголіць і палохаць. І складанасць ўся ў тым, што гэта -- толькі здані, а сапраўдныя прадзеды знаходзяцца ў душы самога Ау. І каб стаць самастойным і свабодным у сваіх дзеяннях, яму трэба самому, без наглядчыкаў вырашыць, як жыць надалей. Прывіды закасцянелай і бессэнсоўнай звычкі павінны знікнуць -- бо толькі тады чалавек будзе паўнавартаснай асобай. І гэтая думка, закладзеная рэжысёрам, робіць спектакль не толькі карысным для дзяцей, але і актуальным для дарослых.
Цуд ажыўлення мёртвай матэрыі -- вось асноўная вартасць лялечнага тэатра. Яна асабліва важная ў дзіцячых спектаклях, бо дае каштоўную магчымасць стварыць на сцэне сапраўдную казку. У «Жудасным спадары Ау» не відаць выканаўцаў, нават дэкарацый амаль няма -- з цемры сцэны святло выхоплівае толькі лялек. І нішто тут не адцягвае ўвагу ад характэрнай, трохі нязграбнай хады Ау, ад неўраўнаважаных рухаў Насоўкі, ад велізарнага пульхнага ката з бясконца доўгімі лапамі -- такога важнага і гультаяватага. А калі ніадкуль, з пустэчы ўзнікае кніга, сякера ці нават кубак гарбаты -- тады ўжо сам падключаешся да гэтай гульні і пачынаеш верыць у чараўніцтва.
Што такое сапраўдны дзіцячы спектакль? Яго трэба зрабіць так, каб нават дарослы паверыў у цуд, распавядаць пра тое, аб чым варта задумацца кожнаму, незалежна ад узросту. Спектакль «Жудасны спадар Ау» глыбокі і чароўны, дасціпны і цікавы. Адрасаваны дзецям і дарослым.

 Дар’я ВІЗНЕР