Бац-мастацтва па-тутэйшаму

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Лабірынты беларускага неапоп-арта

Летась гучна «бацнула» падчас выставы, заяўленай як «Беларускі Павільён 53-й Венецыянскай біенале»: малады і амбіцыйны творца Сяргей Шабохін «падпаліў» у сваім праекце верхнія паверхі Акадэміі мастацтваў, «разбурыў» столь Палаца мастацтва, а Музей сучаснага выяўленчага мастацтва «здаў» пад офісы... Неўзабаве Шабохін прадоўжыў свае эксперыменты. Як куратар праекта «Філасофія мас. Беларускі неапоп-арт» ён вырашыў прасачыць асаблівасці айчыннага поп-арта. Пляцоўкай для экспазіцыі была абраная новая мінская галерэя сучаснага мастацтва «Ў».

Гледачу было прапанавана пазнаёміцца з творчасцю 19 сучасных беларускіх аўтараў, наведаць лекцыі па філасофіі і мастацтвазнаўчыя экскурсіі, узяць удзел у «круглых сталах» і майстар-класах.

Многія прадстаўленыя творы былі добра знаёмыя беларускаму гледачу. Напрыклад, арт-аб’екты Цэслера і Войчанкі: Мона Ліза ў фармаце матрошкі, «крэсельца — жаночыя ножкі», «чаравічок-капыток», «канапная падушка з партрэтам Шцірліца».

У аснову логікі пабудовы экспазіцыі лёг лабірынт. Лабірынт беларускага неапоп-мастацтва — гэта, з аднаго боку, структура заблытаных шляхоў, з іншага — плюралізм інтэрпрэтацый, які выстава мела на мэце.

/i/content/pi/mast/27/454/pop_03_opt.gif

Міхаіл Гулін. Несанкцыянаванае ўжыванне колеру. Акрыл. 2009.

У рамках экспазіцыі паслядоўна прысутнічала тэма выкрадання дзяцей светам мультыплікацыйных летуценняў (партрэты дачок Аляксандра Некрашэвіча «Скрыня перадач» і «Чужая»), а ў серыі прац Міхаіла Гуліна «Кіднэпінг» ад дзіцяці ў рэальнасці застаюцца толькі кардонавая скрынка і кардонавыя ж часткі цела (відаць, каб шантажаваць бацькоў). Дар’я Іваноўская, Алена Шычко раскрывалі тэму жаночага «маскараду»: «з маскай ты — яно, без маскі — яна». Дзіўнай навінкай выглядалі відэапрацы выпускніцы школы Алена Флешэра Ганны Сакаловай. Але, бадай, пануючае месца ў экспазіцыі займала тэма новага іканастасу.

Калі Антаніна Слабодчыкава вядзе гаворку пра «Новую ікону» з пункту гледжання матчынай занепакоенасці за лёс сваіх дзяцей у свеце сучасных ідалаў, то Аляксандр Некрашэвіч наглядна дэманструе новы «Пантэон Багоў». Некрашэвіч праводзіць паралелі між натхняльнымі вобразамі мінулай эпохі і нашага часу, яднаючы іх у адзінае цэлае. Напрыклад, вобразы музаў: Джаконда — муза Леанарда да Вінчы і парназорка Чычаліна — муза неапоп-мастака Джэфа Кунса. Тым самым Некрашэвіч ставіць рубам пытанне пра каштоўнасці сучаснага іканастасу.

Тэма іканастасу працягвае раскрывацца ў працах Аляксея Лунёва «Асабістыя Абразы», але набывае тут персаніфікаваны і іранічны характар. Руслан Вашкевіч гуляе з «іконамі» савецкага кінематографа, выфарбоўваючы фотапаштоўкі з актрысамі ў стылістыцы «лін-ап» амерыканскіх плакатаў 50-х гадоў. І толькі Канстанцін Селіханаў у характэрнай для яго гульневай манеры намагаецца прымірыць бляшанку згушчонкі з таматным супам «Campbell’s», змяшчаючы іх на платформу пластыкавага сэрца.

/i/content/pi/mast/27/454/pop_05_opt.gif

Сяргей Шабохін, BWGM.Эндзі — залатая галава. Змешаная тэхніка. 2009.

Уся экспазіцыя была структуравана ў тры сектары — «шэры пакой» савецкага інтэлігента-шасцідзесятніка, яркая прастора — «калідор каляровых алюзій» і «канцавая пустэча» — чорна-белы эпілог да выставы. І калі разумець лабірынт як тупіковую сітуацыю, заблытаную справу, то ў якасці яе развязкі куратар прапануе працы Сяргея Ждановіча і Паўла Вайніцкага. Першы кажа пра пустэчу, чысты аркуш («tabula rasa»), што ляжыць пад рэкламнымі шчытамі, а другі адводзіць тэлевізару (самай распаўсюджанай крыніцы інфармацыі ў сённяшнім свеце) месца ў прыбіральні між мяхоў са смеццем. Тым часам сам Шабохін у сваёй фатаграфічнай рабоце «Круг АртКамерцыялізму» разважае над бяздумнасцю рэкламы, яе алагічнай схемай выхоплівання вобразаў са штодзённасці.

Мастацкі матэрыял быў надзвычай разнастайны, без сумненняў, выстава ўяўляла сабой набор каларытных выказванняў. Яна вартая быць запісанай у мастацкую гісторыю горада. Але адкрытым застаецца пытанне прыналежнасці ўсяго прадстаўленага да абвешчанай тэматыкі — поп-арт, неапоп-арт ды іншае.

Поп-арт як мастацкі накірунак прыходзіць на змену абстрактнаму экспрэсіянізму, арыентуючыся на новую вобразнасць, якая ствараецца сродкамі масавай інфармацыі (рэкламай, тэлебачаннем, газетамі і часопісамі). Мастакі поп-арта ў сваёй творчасці выкарыстоўваюць вобразы поп-культуры і кансьюмерызму («спажывання»): «усе тыя цудоўныя мадэрновыя рэчы, якія абстрактныя экспрэсіяністы з усяе моцы намагаліся не заўважаць наогул» (Эндзі Уорхал).

«Між тым усялякае мастацтва да поп-арта грунтуецца на бачанні свету “ў глыбіню”, у той час як поп-арт імкнецца адпавядаць іманентнай сістэме знакаў: адпавядаць іх індустрыйнай і серыйнай вытворчасці і, значыць, штучнаму, сфабрыкаванаму характару яго асяроддзя, адпавядаць насычэнню прасторы і ў той жа момант культуралізаванай абстракцыі гэтага новага парадку рэчаў» (Жан Бадрыяр). Выяўленчыя сродкі поп-арта — яркія колеры без адценняў, рэзкая кампазіцыя, запазычаная з рэкламы, плоская выява, дзе перспектыва адсутнічае. Матэрыялам для твора становяцца тут любыя падручныя сродкі.

Першую хвалю поп-арта прынята звязваць з дзейнасцю брытанскай «Незалежнай групы». У склад групы ўваходзілі мастакі, крытыкі, архітэктары — творчыя людзі, якія былі заклапочаныя станам сучаснага мастацтва, дакладней, ступенню ўплыву масавай культуры на яго. Удзельнікаў групы вылучалі крытычная пазіцыя і іронія ў дачыненні да мас-медыя.

Тэрмін «поп-арт» для азначэння новага мастацкага накірунку ўпершыню з’явіўся ў прэсе ў сярэдзіне 50-х у артыкуле англійскага крытыка Лоўрэнса Элоўэя. Менавіта з гэтага моманту прывязка «поп» (анг. pop) стала сінанімічнай панятку «поп-культура», а не бавоўне ці гукаваму эфекту «бац!».

Зорная эпоха поп-арта прыходзіцца на амерыканскі перыяд —сярэдзіну 60-х гадоў. Амерыканскія мастакі не крытыкавалі масавую культуру, яны захапляліся магчымасцямі, якія прадстаўляла ім культура спажывання. Менавіта тут праявілі сябе такія творцы, як Роберт Раўшэнберг, Рэй Ліхтэнштэйн і, канешне ж, Эндзі Уорхал.

У 80-я поп-арт перажывае сваё адраджэнне ў дзейнасці неапоп-мастакоў: Джэфа Кунса, Дэміяна Эдвардса. Неапоп таксама цікавіцца прадметамі масавага спажывання, вобразамі сусветных знакамітасцей, але супрацьпастаўляе сябе ўжо канцэптуалізму і мінімалізму, а сродкі масавай інфармацыі выкарыстоўвае ў якасці рэкламы.

Куратарскі праект Сяргея Шабохіна — гэта рэалізацыя ідэяў поп-арта ў прасторы галерэі. Ад відавочнага (праца групы BWGM «Дзяўчынка і мыльныя бурбалкі» і гукавы эфект «Бац!» як ілюстрацыя адной з версій назвы «поп-арт») да маркіравання асобных тэм (поп-арт і дызайн, поп-арт і фатаграфія, поп-арт і масавая культура). Канцэпт «беларускі неапоп-арт» тут фігуруе ў якасці фармальнага злучальніка творчасці прадстаўленых аўтараў. Куратар вызначаў выбар працаў па іх фармальным дачыненні да агульнай тэмы. У такой сітуацыі прывязка «беларускі» набывае ўмоўны характар і ўтрымлівае ў сабе толькі адсылку да геаграфічнай прасторы. Выставачнаму праекту не хапіла мясцовага каларыту, не было заўважана працы з беларускім медыя-кантэкстам, чагосьці падобнага на растыражаваныя партрэты Ксеніі Сітнік ці плакаты-шаўкаграфіі Максіма Мірнага. Ці, прынамсі, кур’ёзнага арт-аб’екта, накшталт пячэння «Слодыч» з фестывалю «ДАХ».

З іншага боку, праект носіць знакавы характар для айчыннай культуры. Гэта першая ўсвядомленая спроба прасачыць станаўленне асобна ўзятага сучаснага накірунку ў мастацтве. Сяргей Шабохін у сваіх выступах падкрэсліваў, што падобныя выставы-лікбезы — частая з’ява як у заходняй, так і ў расійскай практыцы. Кшталту таго, калі ў 2005 годзе славуты куратар і мастацтвазнаўца Андрэй Ерафееў прэзентаваў маскоўскай публіцы праект «Рускі поп-арт». Праект атрымаў неадназначную ацэнку з боку публікі, затое выразна ўмацаваў у думцы, што рускі поп-арт існуе.

Праект «Філасофія мас. Беларускі неапоп-арт» стаў толькі рэхам («Бац!») сусветнай традыцыі неапоп-арта, затое атрымаў шырокі розгалас сярод мінскай публікі — хваля пайшла! Будзем чакаць новых амбіцыйных выстаў як ад Сяргея Шабохіна, так і ад галерэі сучаснага мастацтва «Ў».

Ганна Самарская