Дацягнуцца да зорак

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Мюзікл у Рускім тэатры

/i/content/pi/mast/27/452/19.gif
 

Ацэньваць дзіцячыя спектаклі павінны дзеці. Канешне, дарослыя, сталыя людзі, вядомыя крытыкі і тэатральныя дзеячы могуць зрабіць дасканалае даследаванне акцёрскага майстэрства, суаднесці тэму твора з яе ўвасабленнем... Але гэта будзе так званы тэхнічны аналіз. Вядома ж, тэатральнае дзеянне павінна ўплываць не толькі на розум, але і на душу. У дадзеным выпадку якраз дзіцячая душа і выступае лепшым барометрам спектакля. Вось я і вырашыла падмацаваць свой погляд на прэм’еру Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага «Зоркі сёмага неба» дзіцячымі ўражаннямі.

Новую пастаноўку Генадзь Давыдзька пазіцыяніраваў як музычнае шоу.

— Тут цудоўная музыка, неверагодныя касцюмы і дэкарацыі, — казаў ён перад прэм’ерай.

Безумоўна, музыка ў так званым мюзікле павінна адыгрываць ці не галоўную ролю. Але ж у «Зорках сёмага неба» музыка для маленькіх дзяцей стала галоўным раздражняльным элементам. Калі ліфт паводле сюжэта ўзнімаўся з неба на неба, яны нават закрывалі далонямі вушы. А такія моманты паўтараліся з настойлівай перыядычнасцю, бо нябёсаў ажно сем.

«Зоркі сёмага неба» — гэта шэсць асобных гісторый, якія паступова складаюцца ў агульны шлях да самых яркіх зорак. Галоўнае, героі не даюць ім згаснуць. Вось гэтыя міні-гісторыі і сталі асноўнай перашкодай для цэласнага ўспрымання спектакля. Яны занадта розныя. На першы погляд гэта нават падаецца добрай якасцю, але — толькі на першы... Гісторыі быццам бы раўназначныя, але — нераўнаважныя. Менавіта гэтая нераўнаважнасць і не дае спектаклю павольна рухацца да фіналу. Ён рыпіць на паваротах, спатыкаецца на выбоінах і натужліва заводзіцца пасля непрадугледжанага прыпынку. Рэжысёр Генадзь Давыдзька быў абсалютна шчырым, калі казаў пра розныя гісторыі, з якіх складаецца спектакль. Але нават асобныя эпізоды павінны быць змацаванымі хоць чым-небудзь. Мне запярэчаць, маўляў, у спектаклі ёсць ідэя, яе выяўленню і служаць усе элементы. На жаль, у спектаклі Рускага тэатра яны не складаюцца ў агульную карціну, існуюць паасобку.

Нераўнаважнасць гісторый — гэта не толькі зацягнутасць адных і недахоп сцэнічнага часу для раскрыцця зместу другіх. Галоўнае, некаторыя з герояў зразумелыя дзецям, а іншыя — толькі дарослым. Напрыклад, лялька Эля, кот Мурмот і Фея разлічаны на досвед маленькіх гледачоў, чаго не скажаш пра астатніх жыхароў сямі нябёсаў. Вобраз Разгуляя цікавы і зразумелы дарослым, ну, можа быць, падлеткам. Але ж як растлумачыць малым, што такое ігральныя аўтаматы, якія, уласна кажучы, і з’яўляюцца галоўнай дэкарацыяй неба?! У спектаклі ёсць яшчэ адзін герой, з якім падлеткі пазнаёмяцца з задавальненнем і якога не зразумеюць дашкольнікі. Гэта Наглюк. На працягу спектакля высвятляецца, што корань ягонага імя хаваецца ў другой частцы слова — Глюк. Добра, што дзецям расказалі пра шкоду курэння, але гэта было зроблена занадта дарослай мовай.

З аднаго боку, варыянт спектакля для сямейнага прагляду ідэальны. Але ж не варта забывацца, што любая ідэя можа рассыпацца на кавалкі. Менавіта так атрымалася са спектаклем «Зоркі сёмага неба». У ім ёсць нейкія элементы, якія вельмі добра ўспрымаюцца маленькімі дзецьмі, ёсць эпізоды, на якія жвава рэагуюць дарослыя гледачы. Якраз з «даросласцю» эпізоду на першым небе было звязана нежаданне майго трохгадовага сына глядзець пастаноўку да канца. І толькі дзякуючы таму, што я яго ўтрымала ў тэатры, ён убачыў эпізод, які ўразіў. Уразіў так, што нават праз некалькі дзён сын узгадаў адну з гераінь і сказаў:

— Есці многа нельга, бо можна лопнуць, як Сытуха.

Шкада, што ідэя «Зорак…» — насамрэч цікавая і патрэбная сучасным дзецям — часткова засталася па-за іх разуменнем. Бо з падлеткамі і з маленькімі важна размаўляць на розных мовах. А рэжысёр (ён жа драматург) Генадзь Давыдзька паспрабаваў зрабіць спектакль для ўсіх. Людзі ўсе неаднолькавыя, але ўзроставае непадабенства вельмі востра адчуваецца менавіта ў дзяцінстве. І вось яго рэжысёр якраз і не адчуў.

Наталля шнітко