Вандроўка праз колер

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Калядная экспазіцыя

 

Напярэдадні зімовых святаў мінская «Галерэя мастацтва» прэзентавала выставу Сяргея Цімохава «Кола Сонца».

/i/content/pi/mast/27/450/c1.gif /i/content/pi/mast/27/450/c2.gif
На Каляды. Алей, акрыл. 2009.  
З плоскасцю палатна творца працуе як манументаліст — моцна і рашуча, з жывапіснай матэрыяй як графік — лёгка і вытанчана. Крыніца яго вобразаў і натхнення — свет нашых продкаў — паганства. Асэнсаванне яго праз жывапіс мае вынікам нараджэнне стылю адметнага і пазнавальнага. Бо ў старажытных культах Цімохаў шукае не столькі строгую сістэму светабудовы, колькі імкненне да суладнасці і згарманізаванасці сусвету.

Прачытваць жывапісныя творы Сяргея Цімохава няпроста. Не таму, што мастак заблытвае сюжэт ці ўводзіць гледача ў спакусу інтэлектуальных гульняў. Ён закладвае ў твор шмат пластоў. Думка тут неаддзельная ад эмоцыі, а аповед набывае глыбіню сэнсаў і фактуры. Акрамя таго, на розных адлегласцях твор чытаецца па-рознаму.

Працы мастака адразу звяртаюць на сябе ўвагу напружанай кампазіцыйнай пабудовай, структурай дакладнай і выразнай. Штосьці няўлоўнае, нейкія нюансы колеру і кампазіцыі змушаюць наблізіцца і разгледзець прыхаваныя ў фактуры жывапісу схемы-малюнкі. Яны нагадваюць ілюстрацыі ў кнізе, якія паглыбляюць, тлумачаць сэнс твора і дадаюць да яго свае асаблівасці. Лінія дапаўняе колер і спаборнічае з ім у выразнасці ўздзеяння.

Напэўна, самым знакавым творам экспазіцыі (асабліва напярэдадні святаў) стаўся дыптых «На Каляды». Ён уладна спыняе на сабе позірк выразнай канструкцыяй. А шыза-сіняя суровая жывапісная аснова, рытмічныя абстрагаваныя формы кампазіцыі адразу ўводзяць гледача ў адпаведны настрой — зімы, строгасці, урачыстасці і цішы. Наблізіўшыся да карціны, можна ўбачыць прадрапаныя малюнкі. Тут і персанажы каляднае ночы, і архаічныя знакі — яны ўвасабляюць асацыяцыі мастака, яго адчуванне і ўспрыманне свята. Тры каралі і калядная зорка з’яднаны агульным шляхам — з аднаго палатна на другое пераходзяць прывіды, вобразы і мроі.

У гэтым творы зліліся ў адно элементы насценнага роспісу з яго выразным і магутным рытмам, жывапіснае пражыванне свету праз колер і графічнае любаванне прыгажосцю лініі і вытанчанасць думкі. Стрыманы і эмацыйны, твор Сяргея Цімохава «На Каляды» нясе ў сабе ўмоўнасць прасторы жывапісу і вольнасць творчай гульні.

Алеся Белявец