Шэсце па запаведным лесе...

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Роспіс у Музеі прыроды Белавежскай пушчы

 

/i/content/pi/mast/27/449/sn.gif

Эдуард Рымаровіч. Выезд. Алей. 2009.

Белавежская пушча — не проста велізарны парк дзяржаўнага значэння, але сведка і сімвал гістарычных падзей, апеты яшчэ Міколам Гусоўскім у знакамітай паэме «Песня пра зубра».

У 1409 годзе кароль Ягайла выдаў указ, паводле якога паляванне на буйнога звера дазвалялася ў пушчы толькі яму і вялікаму князю Вітаўту. З гэтага моманту і пачалося набыццё пушчай ахоўнага статуса.

Шасцісотгоддзе гэтай падзеі летась шырока адзначалася ў нашай краіне. У прыватнасці, у новым адміністрацыйна-экалагічным цэнтры размясціўся пашыраны музей Белавежскай пушчы. Па замове адміністрацыі Нацыянальнага парку мастак-манументаліст Эдуард Рымаровіч стварыў для Музея прыроды вялікі манументальны роспіс на палатне. Для свайго твора мастак выбірае не эфектныя моманты забіцця ці пераследвання звера, а сімвалічную і ўрачыстую сцэну выезду. Бо магнацкія ловы (менавіта яны сталі сюжэтам твора) — гэта адметны рытуал, што пачынаецца з выезду, дэманстрацыі багацця і шляхецкай вартасці перад гасцямі — сведкамі і ўдзельнікамі.

«Выезд» Эдуарда Рымаровіча — пра традыцыі і годнасць, пра культуру магнатаў, што праяўляецца тут і ў багацці касцюма і ўзбраення, і ў ганарлівай паставе, і ў асаблівай эстэтыцы. Мастак не проста прапісвае дэталі ўрачыстага выезду, заснаваныя на вывучэнні касцюма і зброі, тыпажу, ён стварае асаблівую атмасферу імглістага світанку, што ахінае шэсце асаблівым настроем урачыстасці і пранізлівай цішыні. Сонца, ледзь бачнае праз ранішнюю смугу, асвятляе шызы краявід, на гэтым фоне асабліва выразна чытаюцца постаці паляўнічых у багатым убранні, што паважна выходзяць з прыціхлага лесу... Кожны элемент іх касцюмаў і зброі выяўлены падрабязна і дакладна. Строгасць каларыту і малюнка ствараюць тую высокую ступень абагульнення, калі ўвасобленая падзея набывае рысы пазачасавасці, халоднай абстрагаванасці. Мы любуемся дэталямі, прапісанымі да драбніц, суровымі профілямі герояў, не адчуваючы іх псіхалагічнага стану. Гэты маштабны твор мае іншыя мэты — ён дакументуе моманты нашай гісторыі. І набывае ўрачыстасць манументальнага сведчання культуры мінулых часоў.

Алеся Белявец