Двухраяльныя «дамовы»

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Дыялогі музыкантаў і краін

Упрыгажэннем Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Беларуская музычная восень», што адбыўся на зыходзе мінулага года, стала выступленне сусветна вядомых расійскіх піяністаў Мікалая Пятрова і Аляксандра Гіндзіна, якія ігралі дуэтам у суправаджэнні аркестра. Не меншай падзеяй сталася і тое, што гэты канцэрт у Белдзяржфілармоніі, складзены выключна з акадэмічнай музыкі, быў фінансава падтрыманы не толькі Міністэрствам культуры нашай краіны, але і адным
з расійскіх банкаў.

Мікалай Пятроў падзяліўся планамі правесці ў Маскве Міжнародны фестываль фартэпіянных дуэтаў. І прапанаваў дапоўніць яго «дуэтам гарадоў»: пасля Масквы запрасіць знаных выканаўцаў на такі ж фестываль у Мінску. Цудоўная ідэя! Тым больш, што і мы можам пахваліцца выдатным дуэтам Наталля Котава — Валерый Баравікоў. Гэтыя бліскучыя музыканты не толькі рэгулярна ладзяць выступленні, рыхтуюць новыя сольныя праграмы і нават філарманічныя цыклы, але і правялі падобны «двухраяльны» фестываль, удзельнікі якога ігралі ў восем рук.

Дый цяперашняя «Беларуская музычная восень» утрымлівала ў сваім раскладзе «прыхаваны» фестываль фартэпіянных дуэтаў. Ад Пятрова і Гіндзіна эстафету перахапілі Сіван Сільвер і Гіль Гарбург — ізраільская сямейная пара, якая выкладае ў Германіі і гастралюе па ўсім свеце. А выступленне нашага дуэта, хоць і не ўвайшло афіцыйна ў праграму «Восені», прыпадала на яе па тэрмінах. Пры гэтым усе згаданыя канцэрты адрозніваліся не толькі ўласна рэпертуарам і індывідуальнай манерай ігры, але і канцэпцыямі двухраяльнага выканання.

Дуэт Пятроў — Гіндзін — прыклад «сумяшчэння несумяшчальнага». Кожны з музыкантаў вядомы сваімі сольнымі выступленнямі, дый належаць яны не толькі да розных пакаленняў, але і да... розных фартэпіянных педагагічна-выканальніцкіх школ. Па ініцыятыве Мікалая Пятрова была абрана французская музыка: Арганная сімфонія, «Карнавал жывёл» Каміла Сен-Санса і Канцэрт для 2-х фартэпіяна Франсіса Пуленка. Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі дырыжыраваў наш Аркадзь Берын, які апошнім часам жыве і працуе ў Германіі. Атрымалася не проста сумеснае выступленне. Гэта было сумеснае з публікай асэнсаванне французскай... філасофіі прыгажосці, якая ў гэтым канцэрце замяніла звыкла лёгкі, часам заснаваны на інтуіцыі «французскі шарм». Дый сам дуэт часам нагадваў тую размоўную манеру, калі адзін гаворыць, а другі быццам падтаквае ці перапытвае, выказваючы сваю прысутнасць у дыялогу.

Кантрастам да гэткай інтэлектуальна-дыялагічнай дуэтнай манеры стала рамантызавана-пластычна-палётнае выкананне ізраільскага дуэта, дзівосна прыгожае па самой якасці гуку. Як у сучасных балетных адажыо, калі замест двух гнуткіх чалавечых целаў мы бачым «адно каханне на дваіх», так і ў гэтым дуэце немагчыма было падзяліць, дзе іграе адзін раяль, дзе — другі, а дзе — два разам. Утварылася абсалютна цэласная фантазійная кампазіцыя, «дыханне» якой вымушала ўзгадаць не спартсмена пасля ўпартай трэніроўкі, а закаханых, якія баяцца спудзіць першыя пачуцці.

Не згубіўся на гэтым фоне і беларускі дуэт. Ягонай адметнасцю сталі аўтарскія пералажэнні, зробленыя нястомным Валерыем Баравіковым, а таксама пошук паралеляў між раялем і... цымбаламі, якія жартоўна называюць «распранутым раялем».

У выніку ўся «Беларуская музычная восень» атрымала гэткі «дуэтны напрамак». Хіба ж гэта не канцэпцыя? У тым ліку — для наступных фестываляў...

Надзея Бунцэвіч