2009: падзеі і тэндэнцыі

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Вызначаць пяршынства ў мастацтве, у любым ягоным відзе і жанры — справа няўдзячная: нягледзячы на аб’ектыўнасць меркаванняў і доказнасць ацэнак, занадта шмат бывае пакрыўджаных. Ды толькі гледачоў, слухачоў і практыкаў заўсёды інтрыгуе пытанне — хто прэтэндуе на званне лепшага з лепшых, хто першы? І наколькі супадае прыватнае меркаванне аб творах, творцах, падзеях з ацэнкамі прафесіяналаў? Мы прапанавалі нашым экспертам — спецыялістам у розных галінах мастацтва, практыкам і тэарэтыкам — адказаць толькі на два пытанні: вызначыць самыя моцныя ўражанні і расчараванні мінулага 2009 года. Такім чынам, зверым з прафесіяналамі нашы «гадзіннікі»...

Кантакты, выставы, імпрэзы...

Мастацкае жыццё краіны вызначалася вялікай колькасцю разнастайных падзей, напружаным выставачным рытмам і... ужо звыклымі праблемамі: з мастацкай інфраструктурай, з недапрацаванасцю канцэпцый экспазіцый, з адсутнасцю зладжанасці дзеянняў удзельнікаў тутэйшай арт-прасторы... Але пэўныя зрухі і ўзрушэнні ўсё ж адбываліся.

/i/content/pi/mast/27/445/2-tat.gif

Павел Татарнікаў. Ілюстрацыя да кнігі Джона Мэцьюза «Артур — кароль Альбіёна».

Год быў урадлівы на міжнародныя кантакты. На яго пачатку ў Мінск прыехаў Барыс Забораў, каб прысутнічаць на перадачы Міністэрствам замежных спраў Нацыянальнаму мастацкаму музею сваёй карціны «Гумно».

У Італіі выйшла надрукаваная ўручную паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» з ілюстрацыямі гродзенскага графіка Юрыя Якавенкі, прэзентацыя кнігі адбылася ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва на выставе «Аlfabet». Наталля Шаранговіч вылучыла гэтую падзею сярод найбольш значных: «У ХХІ стагоддзі нарэшце здзейснілася мара Міколы Гусоўскага і яго кніга была перададзена Папе Рымскаму. Ілюстрацыі Юрыя Якавенкі ўяўляюць сабой вялікую мастацкую каштоўнасць, яны па-майстэрску і на сучасным узроўні пераасэнсоўваюць літаратурны твор эпохі Адраджэння».

Нацыянальны мастацкі музей наладжвае плённыя кантакты з Луўрам, напрыканцы года з’явілася дамова аб правядзенні тут французскай выставы. Для музея год быў юбілейны — у 1939-м адкрылася Дзяржаўная карцінная галерэя, якая пазней пераехала ў спецыяльна пабудаваны будынак на вуліцы Леніна, 20 і была перайменавана ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР. З гэтай нагоды была наладжана невялікая экспазіцыя, што паказвала творы першага збору галерэі 1939—1941 гадоў. Летась музей атрымаў поўнае права называцца нацыянальным: палова яго пастаянных выстаў прадстаўляе беларускае мастацтва. Адкрылася асобная экспазіцыя «Мастакі Беларусі ХІХ—першай паловы ХХ стагоддзя», якая нарэшце была выдзелена з масіву рускага мастацтва, а таксама экспазіцыя беларускага гістарычнага партрэтнага жывапісу XVI— пачатку XX стагоддзя.

У 2009-м дзейнасць музея была надзвычай актыўнай, сярод вялікай колькасці разнастайных выстаў — важныя для нашай культуры. «Мастацтва Заходняй Беларусі» прадставіла рарытэтныя творы 16 мастакоў. Упершыню заходнебеларускае мастацтва было сабрана разам, што дазваляла прафесійна прааналізаваць гэтую адметную з’яву.

Як знакавыя — але са знакамі супрацьлеглымі (плюс і мінус) — нашымі экспертамі былі вылучаны два арт-праекты — «Беларускі павільён на 53-й Венецыянскай біенале» ў будынку БелЭкспа ў Мінску і «Дах-ІХ» у Палацы мастацтва.

На «Беларускім павільёне...» прынцып пабудовы экспазіцыйнай прасторы праз боксы — тэрыторыі, прыналежныя кожнаму ўдзельніку, — з’явіўся вельмі плённым і дазволіў убачыць новыя і сур’ёзныя творчыя праекты сучасных мастакоў.

Няспраўджаным спадзяваннем быў названы фестываль сучаснага мастацтва «Дах-IX», які доўжыўся чатыры тыдні на пляцоўцы мінскага Палаца мастацтва і аб’яднаў работы творцаў з адзінаццаці краін свету. Афіцыйныя арганізатары мерапрыемства — Беларускі саюз мастакоў і берлінскі арт-цэнтр «Тахелес». Аўтары ідэі і канцэпцыі — мастакі Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч. Акрамя выставы, «Дах-ІХ» прэзентаваў літаратурныя і тэатральныя мерапрыемствы, канцэрты альтэрнатыўнай музыкі, фестываль перформансаў «Навінкі», прэс-канферэнцыі і «круглыя сталы».

Як станоўчая якасць падзеі нашымі экспертамі была адзначана напружанасць фестывальнага жыцця, вялікая колькасць імпрэз (як падчас «Беларускага павільёна...», так і падчас «Даху...» было відавочна: такіх месцаў сустрэч, абмену меркаваннямі катастрафічна не хапае нашаму культурнаму асяроддзю). Як адмоўная — адсутнасць канцэпцыі і куратарскага погляду, слабасць экспазіцыі. Цікавыя і сучасныя работы літаральна загрувашчвалі прастору Палаца, арганізатары прыцягнулі да ўдзелу ў выставе вялікую колькасць мастакоў, не пазначыўшы логіку іх прэзентацыі.

Частка нашых экспертаў вылучыла як знакавую падзею мастацкага жыцця адкрыццё ў Мінску галерэі «Ў». Новая галерэя сучаснага мастацтва аб’яднала выставачную залу, кнігарню і кавярню з бібліятэкай па сучасным мастацтве. «Гэта месца з вольнай атмасферай, дзе кожны можа пазнаёміцца з актуальнымі сучаснымі арт-напрамкамі, паслухаць лекцыі вядомых мастацтвазнаўцаў, куратараў і мастакоў, паўдзельнічаць у майстар-класах, паглядзець навінкі аўтарскага кіно. Гэта актыўная арт-пляцоўка, дзе штотыдзень будуць адбывацца цікавыя культурныя падзеі», — так вызначае свае намеры кіраўніцтва новай галерэі. Першай імпрэзай стала персанальная выстава Сяргея Кірушчанкі «EARTH ART» («Надышоў час шчыльна заняцца прыземленым мастацтвам»). Куратарскі праект мастака Сяргея Шабохіна «Філасофія мас. Беларускі неапоп- арт» асэнсоўваў развіццё асобнага мастацкага кірунку. За нядоўгі перыяд дзейнасці галерэя пацвердзіла сваё імкненне быць актыўным удзельнікам і ініцыятарам актуальных мастацкіх падзей: тут кожны тыдзень адбываюцца новыя імпрэзы.

Актыўная выставачная палітыка Саюза мастакоў (грунтоўныя тэматычныя і групавыя выставы, шматлікія персанальныя паказы, правядзенне Фестывалю сучаснага мастацтва і 2-й Міжнароднай біенале акварэлі «Вада+фарба» ў Полацку (сумесна з Полацкай мастацкай галерэяй)), з’яўленне новых гульцоў на арт-прасторы, праявы прыватнай ініцыятывы (правядзенне «Беларускага павільёна...» групай мастакоў і крытыкаў) засведчваюць у нашым мастацтве новую сітуацыю плюралізму. А значыць, разнаполюснасць мастацкага жыцця будзе ствараць культурнае напружанне, спрыяльнае для з’яўлення нечаканых твораў і новых імёнаў.

 Алеся белявец

 

ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА

 

 

:–)

 

 

:–(

Уладзімір Тоўсцік,
мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар, загадчык кафедры малюнка
Беларускай акадэміі мастацтваў

Мая праца над габеленамі Мірскага замка.

Няма.

Антаніна Слабодчыкава,
мастак, выкладчык Педагагічнага
ўніверсітэта імя Максіма Танка

«Беларускі павільён на 53-й Венецыянскай біенале». БелЭкспа, Мінск.

Фестываль сучаснага мастацтва «Дах-ІХ».
Палац мастацтва, Мінск.

Канстанцін Селіханаў,
мастак

Адкрыццё ў Мінску галерэі сучаснага
мастацтва «Ў».

Фестываль сучаснага мастацтва «Дах-ІХ».
Палац мастацтва, Мінск.

Гаўрыіл Вашчанка,
народны мастак Рэспублікі Беларусь

Выстава Сяргея Цімохава «Кола Сонца».
«Галерэя мастацтва», Мінск.

Няма.

Леанід Хобатаў,
мастак

Адкрыццё галерэі сучаснага мастацтва «Ў».

Няма.

Наталля Шаранговіч,
мастацтвазнаўца, дырэктар Музея
сучаснага выяўленчага мастацтва

Выданне кнігі Міколы Гусоўскага «Песня
пра зубра» з ілюстрацыямі Юрыя Якавенкі.

Няма.

Барыс Крэпак,
мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч
мастацтваў Рэспублікі Беларусь,
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва
газеты «Культура»

Вылучэнне на Прэмію Саюзнай дзяржавы
ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009—2010 гады народнага мастака Беларусі Леаніда
Шчамялёва за цыкл карцін «Палітра майго часу».

Адсутнасць у СМІ і на тэлебачанні прафесійных размоў пра сучаснае мастацкае жыццё краіны.

Яўген Шунейка,
кандыдат мастацтвазнаўства,
дацэнт кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў
Беларускай акадэміі мастацтваў

Выстава «Мастацтва Заходняй Беларусі».
Нацыянальны мастацкі музей.

Адсутнасць супрацоўніцтва і ўзаемаразумення паміж крытыкамі і мастакамі.

Таццяна Бембель,
мастацтвазнаўца, дырэктар гарадской
мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва

Адкрыццё галерэі сучаснага мастацтва «Ў».

Няма.

Міхал Баразна,
кандыдат мастацтвазнаўства,
прарэктар па навуковай рабоце
Беларускай акадэміі мастацтваў

Другі «Залаты яблык» Паўла Татарнікава на Міжнароднай біенале ілюстрацыі ў Браціславе за кнігу Джона Мэцьюза «Артур — кароль Альбіёна».

Выставачная дзейнасць у краіне не апраўдала спадзяванняў.

 

 

 

 

 

Спроба дыягностыкі

/i/content/pi/mast/27/445/4-.gif

«Чайка» Антона Чэхава. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

Летась, як і звычайна, для людзей прафесійна зацікаўленых тэатральнае жыццё складалася з чаканняў, спадзяванняў і ўласна ўражанняў. У многіх, але не ва ўсіх, расчараванні пераважалі над захапленнямі. Урэшце падзеі, што віравалі цягам цэлага каляндарнага года, няроўнай лініяй накрэслілі своеасаблівую тэатральную кардыяграму. Што адбывалася? Тэатры, як і належыць, спектаклі ставілі і паказвалі. Публіка прэм’еры глядзела і абмяркоўвала. Водгукі крытыкаў траплялі ў прэсу. Іх таксама зрэдчас абмяркоўвалі. «Сарафаннае радыё» працавала актыўна, нават уяўлялася, што абмен думкамі ў кулуарах у мінулым годзе праходзіў асабліва бурна. Пры гэтым самі спектаклі, ролі, фестывалі незаўважна адыходзілі на другі план. Затое рэфрэнам гучала: не атрымалася, не адбылося, не хапае... Здавалася, калі ёсць сімптомы — перамены будуць. Толькі варта вызначыцца з лекамі...

Зрэшты, мінулагодняе тэатральнае жыццё млявым і невыразным ніяк не назавеш. Для айчынных драматычных тэатраў 2009 год, без перабольшання, стаў знакавым. Адбылася доўгачаканая змена тэатральных лідэраў. І ўсе позіркі былі скіраваны на галоўныя сцэны краіны.

У Нацыянальным тэатры імя М.Горкага цяпер ужо Сяргей Кавальчык упарта і напружана вывучаў агульнае становішча. Змену рэжысёрскай эпохі ў Купалаўскім пацвердзіў Мікалай Пінігін, які быў сустрэты калектывам з адкрытым захапленнем і слязьмі на вачах. Нарэшце, у сярэдзіне года на пасаду мастацкага кіраўніка Коласаўскага тэатра быў прызначаны Рыд Таліпаў.

Рэжысёры вельмі непадобныя, але праблемы перад імі паўсталі амаль аднолькавыя. Велізарны рэпертуарны масіў, створаны нашымі акадэмікамі, вымагае кардынальнага абнаўлення. Факт, які не патрабуе спецыяльных доказаў. Вызначыцца са спектаклямі — значыць пэўна акрэсліць новы накірунак. Усе чакалі перамен. Але творчая паўза зацягвалася. Пры тым, што два месяцы, адведзеныя на пастаноўку ў сучасным тэатры, — амаль паўсюдная еўрапейская практыка.

Для новых кіраўнікоў нацыянальных калектываў мінулы год стаўся хутчэй часам для роздуму, чым перыядам актыўных дзеянняў. Са зменамі ніхто відавочна не спяшаўся. Кожны дэманстраваў разважлівасць і вытрымку. Першым дэкларацыю аб задумах падмацаваў справай Сяргей Кавальчык, які ўзначаліў Рускі тэатр яшчэ ў 2008 годзе. Замахнуўшыся на эпахальны булгакаўскі твор, рэжысёр выказаў сур’ёзныя намеры і праявіў уласную мужнасць. «Бег» у Рускім тэатры выклікаў спрэчкі і супрацьлеглыя ацэнкі. Няўдачай гэты спектакль, канешне, не назавеш, бо ў яго ёсць шмат прыхільнікаў. Яркай тэатральнай падзеяй — таксама. Твор старанна, дыхтоўна, дакладна, паводле духу, літары і класічнага тлумачэння сцэнічна ўвасоблены. Спроба, вартая падтрымкі і ўхвалы. Менавіта гэтая спроба і сталася галоўным вынікам года для Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага.

Гэта толькі здавалася, што змена лідэраў неўзабаве адаб’ецца на выніковасці тэатральнага працэсу. Наіўныя спадзяванні. Ці могуць рэжысёры, якія ўзначалілі галоўныя тэатры краіны, змяніць у іх што-небудзь кардынальна ці хоць бы істотна паўплываць на агульную сітуацыю, пытанне пакуль што рытарычнае. Бо ніхто не ведае, колькі спатрэбіцца для гэтага часу і сіл. Вось і спектакль «Translations» Браяна Фрыла, першая прэм’ера Мікалая Пінігіна ў новай якасці, паказаная напрыканцы снежня на купалаўскіх падмостках, надта моцнага ўражання на публіку не зрабіла. Хутчэй выразна акрэсліла праблемы з акцёрскім рамяством, якія становяцца ўсё больш заўважнымі ў маладых, і яшчэ раз нагадала пра існуючыя паўсюдныя тупікі з новымі тэатральнымі ідэямі. Тупікі, якія неабходна абмінаць або разбураць. У тым ліку і дзеля гэтага на малой купалаўскай сцэне Кацярыне Аверкавай прапанавалі паставіць спектакль «Зіма» па п’есе Яўгена Грышкаўца. Мяркуецца, што ў перспектыве камерныя падмосткі могуць стаць своеасаблівай стартавай пляцоўкай для самасцвярджэння маладой рэжысуры. Сам гэты факт, калі справа насамрэч выйдзе за межы кулуарных дэкларацый, варта лічыць знамянальнай падзеяй тэатральнага года. Што датычыцца самога спектакля «Зіма», авансы выдаваць пакуль залішне.

/i/content/pi/mast/27/445/4.gif

«Вяселле» Антона Чэхава. Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы.

Увогуле сітуацыю, якая склалася летась на айчынных падмостках, можна ахарактарызаваць адным сказам: «першы прыз не прысуджаць». Хоць у агульным шэрагу і запомніліся «Вяселле» паводле Антона Чэхава (рэжысёр Уладзімір Панкоў) і «Хам» паводле Элізы Ажэшкі (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў) у купалаўцаў, «Рэвізор» Мікалая Гогаля (рэжысёр Лідзія Манакова) і «Васа» М.Горкага (рэжысёр Валерый Раеўскі) у Гомельскім абласным драматычным тэатры, «Антрапас» паводле Антона Чэхава ў Магілёўскім драматычным (рэжысёр Аляксандр Дольнікаў), «Каралева прыгажосці» МакДонаха ў мінскім Новым драматычным тэатры і дзве пастаноўкі Генадзя Мушперта — «Ліса і вінаград» Гільермі Фігейрэду і «Шытая лялька Рэгедзі Эн» Уільяма Гібсана ў ТЮГу.

Сярод сапраўды важных перамен трэба згадаць і вяртанне Мушперта ў Гродзенскі абласны драматычны тэатр, цяпер у якасці галоўнага рэжысёра. Упарта і трапятліва, цягам жыцця будуючы ўласны інтэлектуальны, напоўнены актуальным зместам, з дасканала распрацаванай акцёрскай партытурай тэатр, гэты рэжысёр не так і часта бывае навідавоку. Ягоная надзвычайная непублічнасць ніяк не стасуецца з узроўнем ягоных спектакляў, здатных узрушаць, калі на гэта спадзяешся менш за ўсё.

Да ліку лепшых падзей года варта аднесці спектакль Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек «Чаму старэюць людзі?..» па п’есе Анатоля Вярцінскага. Ягоны рэжысёр Аляксей Ляляўскі па-ранейшаму трымаецца на плыву, застаецца адным з самых яркіх прафесіяналаў, здатных эфектна суаднесці вострую пастановачную форму з глыбокім небанальным сэнсам. Спектакль лялечнікаў узрушыў сваім гуманістычным пасылам, у якім любоў да чалавека набывае планетарны драматызм. Пастановачныя прыёмы выкарыстоўваюцца з той неабходнай мерай свабоды, што забяспечвае выразную адметнасць стылю. Адэкватнасць формы і зместу суаднесена з існуючымі накірункамі сучаснага еўрапейскага тэатра. Пры гэтым Аляксей Ляляўскі застаецца рэжысёрам з пэўна выяўленай творчай індывідуальнасцю.

Зрэшты, асобныя спектаклі ў асобных тэатрах летась не выйшлі з шэрагу лакальных тэатральных з’яў. Больш або менш удала зробленыя пастаноўкі так і не сталі яркімі фактамі грамадскага жыцця. Найлепшым чынам гуманітарныя і культуралагічныя функцыі тэатра выконвалі міжнародныя фестывалі: «Белая Вежа» ў Брэсце, «М’art кантакт» у Магілёве і «Панарама» ў Мінску. Дзякуючы ім спалучалася неспалучальнае, вылучалася схаванае ад старонніх вачэй, адкрываліся новыя далягляды. Штораз мацавалася вера ў новую тэатральную эпоху, якая абавязкова надыдзе. Дыягназ пастаўлены? Хто гатовы прымаць лекі?

Людміла Грамыка

ТЭАТР

:–)

:–(

Таццяна Арлова,
доктар філалагічных навук, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ

Дачны тэатр, пабудаваны Валерыем Анісенкам для пастаноўкі чэхаўскай «Чайкі».

Уся драматургія Дзіяны Балыка і спектакль «Псіхааналітык для псіхааналітыка» на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа.

Таццяна Команава,
тэатральны крытык, рэдактар аддзела
тэатра газеты «Культура»

«Рэвізор» Мікалая Гогаля ў Гомельскім абласным драматычным тэатры.

«Вяселле» Антона Чэхава ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы.

Алена Мальчэўская,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

«Чайка» Антона Чэхава ў дачным тэатры Валерыя Анісенкі і спектакль «Vermes» («Чарвякі»), створаны ў межах еўрапейскага праекта «ZoneKaleidoscope» трупай «New stage company», якая існуе пры Беларускім дзяржаўным тэатры лялек (Святлана Залеская-Бень, Яўген Карняг, Аляксандр Янушкевіч, Юлія Марозава, Марс Чыгіркін).

Гастролі Нацыянальнага тэатра
імя Якуба Коласа ў Мінску.

Рычард Смольскі,
доктар мастацтвазнаўства,
рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў

«Чайка» Антона Чэхава ў дачным тэатры Валерыя Анісенкі і «Бег» Міхаіла Булгакава ў Нацыянальным тэатры імя М.Горкага.

«Вяселле» Антона Чэхава ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы.

Аляксей Стрэльнікаў,
тэатральны крытык, аглядальнік канала
«Культура» Беларускага радыё

«Вяселле» Антона Чэхава ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы.

Сталічная фестывальная публіка на Міжнародным тэатральным фестывалі «Панарама».

Рыгор Баравік,
кандыдат мастацтвазнаўства,
прафесар, загадчык кафедры рэжысуры
Беларускай акадэміі мастацтваў

«Прывітанне, Альберт!» Юрыя Сохара ў Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа. Рэжысёр Віталь Баркоўскі прадэманстраваў іншы спосаб тэатральнага мыслення, у якім думка спалучаецца з падсвядомасцю і пачуццёвасцю. Прыход у Купалаўскі тэатр Мікалая Пінігіна, які нараджае надзею.

«Вяселле» Антона Чэхава ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы.

Сяргей Кавальчык,
галоўны рэжысёр Нацыянальнага
тэатра імя М.Горкага

Міжнародны тэатральны фестываль «Панарама».

Летась Тэатр юнага гледача быў закрыты на рамонт, але рамонт так і не пачаўся.

Аляксей Ляляўскі,
галоўны рэжысёр Беларускага
дзяржаўнага тэатра лялек

Пашырэнне ў Беларусі інфармацыйнай прасторы з дапамогай інтэрнет-тэхналогій.

Найбольш расчаравала адсутнасць падзеі.
Усё як заўжды.

Сяргей Кавалёў,
драматург, доктар філалагічных навук,
прафесар Люблінскага ўніверсітэта
імя Марыі Складоўскай-Кюры

«Чайка» Антона Чэхава ў дачным тэатры Валерыя Анісенкі.

Агульны ўзровень беларускай сцэнаграфіі летась.

Мікалай Рудкоўскі,
драматург, крэатыўны рэдактар
радыё «Мелодыі веку»

Спектакль «Вяселле» Антона Чэхава на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. Праект On-line на Міжнародным фестывалі «Панарама».

Шкада, што ў Цэнтры рэжысуры і драматургіі спектаклі жывуць так мала. Іх паказваюць не больш як тры разы.

 

 

Такая ў нас музыка...

/i/content/pi/mast/27/445/6.gif

Уладзімір Федасееў, дырыжор Вялікага сімфанічнага аркестра імя Чайкоўскага.

На што звяртаеш увагу, калі ўважліва аналізуеш адказы на анкету? Думак некалькі. Па-першае, часам ледзь прыкметны, часам відавочны антаганізм, якім прасякнута беларускае музычнае жыццё. Антаганізм паміж музыкай акадэмічнай і «папсой», паміж жанрамі класічнымі і эстраднымі. Супярэчнасць паміж рэальнай мастацкай значнасцю зробленага і тым, як гэтыя ж музычныя падзеі асвятляюцца ў СМІ, найперш электронных.

Цікава, што для музыкантаў-практыкаў самая цікавая з’ява — тая, якая стваралася (гл. адказы дырыжора Анісімава і кампазітара Атрашкевіч) менавіта з іх удзелам. Або пакуль не адбылася, але таксама мае непасрэднае дачыненне да рэспандэнта (гл. адказ кампазітара Кузняцова). Крытыкі-тэарэтыкі, напэўна, не паглыбляюцца ў адзін, канкрэтны мастацкі праект, ён не забірае столькі эмоцый і духоўных сіл. Таму яны глядзяць і слухаюць больш.

Хто бясспрэчны лідэр? Меркаванні досыць аднадушныя: кампазітар Сяргей Картэс і пастаноўка на філарманічнай сцэне ягонай оперы «Мядзведзь». Чацвёра з дзесяці апытаных назвалі прэм’еру самай яркай і маштабнай падзеяй. Гэта і не дзіўна!

Арыгінальныя оперы сучасных (і жывых!) айчынных творцаў з’яўляюцца не так часта, каб не выклікаць велізарную цікавасць, калі не ажыятаж. Пра што сведчылі і паўнюткая зала філармоніі; і тое, што ўслед за Мінскам оперу паставілі ў Маскоўскім акадэмічным камерным музычным тэатры імя Барыса Пакроўскага, куды беларускія аўтары не траплялі ніколі; і тое, што партытурай зацікавіўся і наш Нацыянальны тэатр оперы і балета, дзе прэм’еру «Мядзведзя» плануецца паказаць пры канцы сезона.

Сяргей Картэс сёлета адзначае салідны юбілей — ажно 75. Але яго музыка сведчыць пра зайздросную творчую маладосць, пра юнацкае і рамантычна-гарэзнае ўспрыманне рэчаіснасці. Намаганнямі аркестра пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, рэжысёра Галіны Галкоўскай, салістаў Алены Бундзелевай, Станіслава Трыфанава, Юрыя Балацько нечакана атрымаўся маленькі музычна-сцэнічны шэдэўр. Опера надзвычай тонка ўвасабляе менавіта чэхаўскую інтанацыю, тонкую і далікатную, зіхаценне эмоцый, дзе сплятаюцца лірыка, гумар, іронія, аўтарскі роздум пра чалавека і спачуванне яму.

/i/content/pi/mast/27/445/6-.gif

«Мядзведзь» Сяргея Картэса. Надзея Бундзелева (Папова).

Аналізуючы анкеты, міжволі падумала: а пра якія з’явы музычнага жыцця пісаў часопіс, падсумоўваючы вынікі 2008 года (гл. № 1, 2009)? Сёлета кідаецца ў вочы большая разнастайнасць жанраў, відаў, большая шырыня ахопу нашай музычнай рэчаіснасці. Цікава, што ў спісе топ-10, прадстаўленым па выніках 2008-га, ажно шэсць з дзесяці (!) праектаў былі опернымі. І толькі два — цалкам харэаграфічнымі. Яшчэ два — сінтэтычныя, дзе танец займаў вядучае месца («Вяселейка», праект Ларысы Сімаковіч, і «Беларусы», новая праграма «Харошак»). Цяпер у спісе толькі адна харэаграфічная падзея — «Лебядзінае возера». І тое — не наша, а гастрольная. Відаць, летняя «Марная перасцярога» і зімняя «Папялушка» крытыкаў не надта натхнілі.

Як і ў 2008 годзе, летась яркіх оперных падзей аказалася болей. Акрамя названых, асабіста я дадала б у гэты спіс праграму «Опера-мадэрн», падрыхтаваную Аксанай Волкавай, салісткай нашага тэатра, а з нядаўняга часу стажоркай маскоўскага Вялікага, і дырыжорам Вячаславам Волічам. «Опера-мадэрн» была паказана каналам АНТ у ліпені, у цыкле «Музычныя вечары ў Мірскім замку». Нарэшце Беларускае тэлебачанне пачынае звяртаць увагу, папулярызаваць і «прасоўваць» лепшых айчынных выканаўцаў. Яшчэ адна оперная прэм’ера, «Яўгеній Анегін», з’явілася ў маладзечанскім Маладзёжным музычным тэатры дзякуючы энтузіязму і апантанасці Рыгора Сарокі, дырыжора і мастацкага кіраўніка калектыву.

Цікава, што опера Яна Давіда Голанда «Чужое багацце нікому не служыць» адзначана як падзея толькі ў аднаго рэспандэнта. Дзіўна, але ніхто не назваў у якасці вызначальнай музычнай з’явы года надзіва маштабны IV Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, які ладзіўся адразу на многіх тэатральна-канцэртных пляцоўках. Магчыма, і ў першым, і ў другім выпадку перашкодзілі крыху супярэчлівыя ўражанні?

Крытыкі прадэманстравалі палярнасць меркаванняў адносна дзейнасці Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра. І гэта падказвае — вось яна, тэма для дыскусіі.

Амаль у кожным сціслым выказванні — сум з прычыны таго, што няма буйных музычных форумаў. Што не хапае фестываляў, звязаных найперш з акадэмічным музычным мастацтвам, операй і балетам. Таму такая актыўная станоўчая рэакцыя і на адкрыццё (пасля капітальнага рамонту) Нацыянальнага тэатра оперы і балета, і на апошнія оперныя прэм’еры, і на тэлетрансляцыі з «Альберт-хола».

Музычная анкета засведчыла розніцу густаў. Падзей шмат, але ўніверсальных, тых, якія закранулі б усіх і ў ацэнцы якіх практыкі і крытыкі былі б аднадушнымі, усё роўна не хапае. Апытанні патрэбныя. Яны даюць пэўны зрэз — думак, меркаванняў, незадаволенасці. Таму, бясспрэчна, часопіс будзе іх працягваць. Далучаючы да ліку рэспандэнтаў спецыялістаў у этна-, рок-, джазавай музыцы. Каб беларуская музычная панарама сталася яшчэ больш шырокай...

Таццяна Мушынская

 

МУЗЫКА

:–)

:–(

Аляксандр Анісімаў,
дырыжор, мастацкі кіраўнік
Дзяржаўнага акадэмічнага
сімфанічнага аркестра

Два праекты Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі — «Запрашэнне ў краіну дзяцінства» на музыку Яўгена Глебава і опера Сяргея Картэса «Мядзведзь».

Засмучае, што на канале СТБ скончыўся цыкл перадач «Уваскрасенне класікі». За апошнія два гады прайшлі 44 эфіры цыкла.

Алена Атрашкевіч,
кампазітар, загадчык аддзялення
эстраднага мастацтва Мінскага
каледжа мастацтваў

Рэспубліканскі фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне, дзе мой выхаванец, спявак Аляксандр Салаўёў, атрымаў Гран-пры, і прэм’ера харавой паэмы «Дзень вызвалення» (наша сумесная праца з паэтам Васілём Жуковічам), якую ўвасобіў Дзяржаўны камерны хор Беларусі.

Не хапае маладзёжных праектаў, скіраваных не на імгненны вынік, а разлічаных на перспектыву.

Юрый Гільдзюк,
піяніст, мастацкі кіраўнік
Беларускай дзяржаўнай філармоніі

Прыезд у Мінск Вялікага сімфанічнага аркестра імя Чайкоўскага, які ўзначальвае сусветна вядомы Уладзімір Федасееў.

Цэны на выступленні выдатных выканаўцаў становяцца ўсё больш высокімі. Шкада, што ў нас неразвітая сістэма мецэнацтва.

Вячаслаў Кузняцоў,
кампазітар, загадчык кафедры
Беларускай акадэміі музыкі

Важным набыткам лічу тры апошнія оперныя прэм’еры — «Чужое багацце», «Трубадур», «Мядзведзь».

Засмучаны, што дзве мае партытуры — балет «Клеапатра» і опера-прыпавесць «Запрашэнне на кару» (паводле Уладзіміра Набокава) — пакуль не запатрабаваныя музычным тэатрам.

Ніна Шарубіна,
спявачка, салістка Нацыянальнага
тэатра оперы і балета

Балет «Лебядзінае возера», які паказаў на нашай сцэне маскоўскі Вялікі тэатр. Уразілі выканаўцы вядучых партый — Святлана Захарава (Адэта-Адылія) і Андрэй Увараў (Зігфрыд).

Выкананне «Рэквіема» Моцарта падчас закрыцця фестывалю Юрыя Башмета «Салістамі Масквы» і Дзяржаўнай харавой капэлай імя Шырмы.

Вольга Брылон,
музыказнаўца Беларускай
дзяржаўнай філармоніі

Канцэрт «Незабыўнае», прысвечаны 40-годдзю «Песняроў», які прайшоў у філармоніі. Уразілі гурт «Пяты сезон» (кіраўнік Аляксандр Камлюк) і легендарная Людміла Ісупава.

Расчароўвае дзейнасць Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра. Чамусь для пастаноўкі бяруцца маральна састарэлыя творы. Тэатр, на жаль, па сутнасці не зрабіўся «акадэмічным».

Надзея Бунцэвіч,
музыказнаўца, выкладчык
Беларускай акадэміі музыкі

Опера Сяргея Картэса «Мядзведзь».

Сыход з тэатра знакамітага харэографа Валянціна Елізар’ева.

Наталля Ганул,
музыказнаўца, начальнік аддзела
міжнародных сувязей Беларускай
акадэміі музыкі

Опера Сяргея Картэса «Мядзведзь».

Шкада, што ў нас не ладзяцца сумесныя оперныя праекты, якія аб’ядноўвалі б музычную моладзь Беларусі і іншых краін. У Еўропе яны — распаўсюджаная з’ява.

Вера Каштальян,
музыказнаўца,
кандыдат мастацтвазнаўства

Прэм’ера спектакля «Бабін бунт» Яўгена Пцічкіна ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры; трансляцыя канцэртаў акадэмічнай музыкі з «Альберт-хола» (Вялікабрытанія), ажыццёўленая Першым нацыянальным каналам; творчы праект паэтэсы Таццяны Мушынскай «Я вандрую ў стагоддзях...», паказаны ў вялікай зале філармоніі.

Даўно не адбываюцца міжнародныя фестывалі «Музыка і тэатр». Музычны тэатр Беларусі мае велізарную гісторыю і набыткі, нам ёсць што паказваць. І практыкі, і крытыкі павінны больш бачыць, ведаць, быць у курсе найноўшых мастацкіх тэндэнцый.

Таццяна Якушава,
радыё- і тэлеаглядальнік,
галоўны рэдактар музычнага вяшчання
Першага нацыянальнага канала
Беларускага радыё

Адкрыццё новага будынка Нацыянальнага тэатра оперы і балета. І яго новыя пастаноўкі... А таксама маладыя артысты Аксана Волкава, Анастасія Масквіна, Таццяна Гаўрылава, Эдуард Мартынюк.

На жаль, у сучаснай беларускай эстрадзе няма «прарыву», развіцця ў глыбіню. Чамусьці маладыя артысты арыентуюцца выключна на «папсу» і гламур. Усе імкнуцца адпавядаць «фармату». Не варта пад яго прагінацца!

 

Можна гарэць без трэску

/i/content/pi/mast/27/445/8.gif

Уладзімір Гасцюхін (Кузьміч) у фільме «Ваўкі» рэжысёра Аляксандра Колбышава.

Колькі творчых асоб, столькі і меркаванняў. Гэта ілюструе роскід адказаў практыкаў і даследчыкаў кіно і тэлебачання, якія запрошаны ў якасці экспертаў. Таму адноснае супадзенне думак наконт стужкі «Ваўкі» як падзеі і фільма «Дняпроўскі рубеж» як антыпадзеі ў беларускім кіно 2009 года — адразу кідаецца ў вочы.

Абодва праекты трапілі ў поле зроку саміх кінематаграфістаў і грамадскасці, пра іх шмат пісалі рэспубліканскія СМІ. Пра першы таму, што здымаў яго рэжысёр, які больш за дзесяцігоддзе адмаўляўся ад розных кінапрапаноў («не грэлі душу» — прыкладна такі быў сэнс адказаў незгаворлівага Аляксандра Колбышава); пра другі — у кантэксце падрыхтоўкі да святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў: фільм Дзяніса Скварцова павінен быў «выбухнуць» патрыятычным «залпам».

У мастацтве ніколі нельга прадказаць вынік, але існуюць падыходы, якія паніжаюць рызыку правалу. Аляксандр Колбышаў, як сведчыць фільм, зжыўся з героямі, выпакутаваў па-мастакоўску іх лёс; ён ведаў, што хацеў данесці да гледача, і ведаў як. Таму і знаходзіць водгук гісторыя, пакладзеная ў аснову стужкі. Сцвярджэнне маральных каштоўнасцей у самых неспрыяльных умовах — у гэтым бачу гуманістычную думку фільма Аляксандра Колбышава.

Са стужкай «Дняпроўскі рубеж» атрымалася, як думаецца, вось што. Сцэнарый Аляксея Дударава ўзнаўляў трагічныя падзеі лета 1941 года, калі Чырвоная Армія і апалчэнцы пад Магілёвам затрымалі на некалькі тыдняў германскую ваенную армаду. Кінадраматург зрабіў монадраму, сюжэт якой цягнуўся да фігуры Камандзіра дывізіі.

У фільме, які паставіў Дзяніс Скварцоў, маштаб узбуйніўся за кошт батальных эпізодаў. Рэжысёр, падтрыманы ўсімі інстанцыямі (інакш не выдаткавалі б на карціну 6 мільярдаў рублёў), вырашыў стварыць іміджавы блокбастэр. У творчым і вытворчым плане намер быў бы апраўданы, калі б пастаноўшчык здолеў арганічна з’яднаць лепшае, узятае ў сцэнарыста, са сваёй схільнасцю да відовішча. Не атрымалася. Мастацтва — гэта пачуццё суразмернасці і чуйнасць да персанажаў — якасці, якімі Дзяніс Скварцоў не авалодаў.

Калі разглядаць стужкі ў кантэксце ўсёй беларускай кінапрадукцыі за апошнія дваццаць гадоў, дык яны выяўляюць дзве агульныя тэндэнцыі «Беларусьфільма». «Ваўкі» з іх бязлітасным поглядам на трагічныя старонкі савецкай гісторыі — фільм-адзіночка. Яму не знойдзецца пэўнай паліцы, хіба што толькі побач з карцінай Міхаіла Пташука «Наш бронецягнік» (1988).

/i/content/pi/mast/27/445/8-.gif

«Дняпроўскі рубеж». Рэжысёр Дзяніс Скварцоў.

«Дняпроўскі рубеж», наадварот, належыць да беларусьфільмаўскага мэйнcтрыму (mainstream — асноўная плынь), мае дзесяткі тэматычных «суседзяў» рознага мастацкага калібру, якія з’яўляліся цягам усяго пасляваеннага часу. Калі рабіць чарговую ваенна-патрыятычную стужку, то, па-першае, патрэбны нейкі новы ракурс. Па-другое, кінастудыя, якая ўжо не аднойчы апякалася на «штурмавых» праектах («Вам заданне», «Глыбокая плынь»), павінна была зрабіць высновы з сумнага вопыту і падрыхтавацца да такой з’явы, як блокбастэр. І, па-трэцяе, фільм мусіць скласціся як мастацкая цэласнасць у галаве рэжысёра, у іншым разе атрымоўваецца сумбурны кінематаграфічны прадукт, а не мастацкі твор.

Салідарызуюся з кінакрытыкамі Людмілай Саянковай і Ігарам Сукманавым наконт «лістападаўскіх» падзей. На мяне таксама вельмі моцнае ўражанне зрабілі абедзве названыя імі карціны — «Вечныя імгненні Марыі Ларсан» шведскага рэжысёра Яна Труэля і «Мелодыя для катрынкі» ўкраінскага мэтра Кіры Муратавай.

Ігар Сукманаў, якому належыць ініцыятыва сустрэч у сталічным Доме кіно з лепшымі творамі сусветнага кінамастацтва (праграма «Канаманія»), мае рацыю, калі турбуецца адносна «недастаўкі» фільмаў-прызёраў вядомых кінафестываляў. Мною і іншымі калегамі зафіксаваны выпадкі, калі класіфікацыйная камісія Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абмяжоўвала да аднаго паказу (толькі для кінаклуба) шэраг дыскусійных расійскіх фільмаў («Усе памруць, а я застануся», «Казка пра цемру», «Ваўчаня» — яны зроблены новай генерацыяй кінематаграфістаў Расіі). Матывіроўка: нецэнзурная лексіка.

Тут ёсць, канешне, загваздкі, бо ў кінатэатрах не «пі-пікнеш», як на тэлебачанні. Аднак, на мой погляд, забароны робяцца з надзвычайнай лёгкасцю, без пранікнення ў вобразную структуру стужкі, без аналізу сацыяльных і псіхалагічных праблем, якія ўзнімаюць стваральнікі, без уліку міжнароднага прызнання фільма. Забарона сведчыць пра тое, што лексіку герояў мастацкага твора прыраўноўваюць да побытавай лаянкі — але гэта далёка не адно і тое ж. На працягу дзесяцігоддзя, да 2004-га, я была экспертам адзначанай камісіі. Пакуль бачна: у апошнія гады забароны множацца. І што, так будзе да бясконцасці?

Калі звярнуцца да адказаў практыкаў ТБ і кіно, рэжысёраў Надзеі Гаркуновай і Міхаіла Жданоўскага, то хацелася б, каб справы абаіх у будучым перакрыжаваліся. Міхаіл Андрэевіч, адзін з лідэраў сучаснай беларускай дакументалістыкі, рыхтуе новую змену ў нашай Акадэміі мастацтваў. Гэта добрая і вельмі надзённая місія, бо ўжо амаль няма каму «дыхаць у спіну» старэйшаму і нават сярэдняму пакаленню.

Калі Міхаіл Жданоўскі — кінематаграфічны «бацька» сваім выхаванцам, то Надзея Генадзьеўна — «маці» студыі дакументальнага кіно, адноўленай структуры Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. З 1960-х гадоў да пачатку 2000-га існаваў яе папярэднік пад назвай «Тэлефільм», які чамусьці закрылі. І вось тэлефільмаўскае таварыства аднавілася дзякуючы ініцыятыве Надзеі Гаркуновай. Сапраўды, як адзначыла Вольга Нячай, кінакрытыкі абмяркоўвалі тэлестужкі, зробленыя за два гады, і ўхвалілі пэўныя здабыткі маладой студыі. Але ёй (зрэшты, як і студыі «Летапіс», у якой працуе Міхаіл Жданоўскі) патрэбны рэжысёры з драматургічным мысленнем. Добра было б, каб з дзвярэй БДАМ яны выйшлі па-мастакоўску падрыхтаванымі, а іх ідэі знайшлі месца для рэалізацыі.

Згадаю яшчэ некалькі фактаў, пра якія забыць было б несправядліва. У 2009 годзе на Міжнародным кінафестывалі «Анімаёўка» ў Магілёве Гран-пры атрымаў анімацыйны праект «Аповесць мінулых гадоў», у якім прымалі ўдзел амаль усе беларускія рэжысёры і мастакі пад кіраўніцтвам Ігара Воўчака. Гэта тры часткі кароткіх сюжэтаў пра гербы Мінска, абласных і шэрагу раённых гарадоў. Пакуль ідуць бясконцыя размовы пра ігравы нацыянальны фільм, беларускія аніматары без лішніх слоў ужо некалькі гадоў робяць такія стужкі — натхнёна, па-майстэрску, маючы цудоўны мастацкі вынік. Працягвае гэтую агульную лінію вядомы рэжысёр Міхаіл Тумеля. Скончыўшы стужку «Беларускія прымаўкі», ён узяўся за наступны нацыянальны сюжэт — па матывах «Казачкі» этна-трыо «Тройца» з удзелам майстра беларускай выцінанкі Вячаслава Дубінкі. Такім чынам частка беларускіх кінематаграфістаў даказала: можна гарэць і без трэску.

Што тычыцца расчараванняў, то і ў кіно, і на ТБ іх было больш, чым падзей. Але ці трэба іх пералічваць?

Ала Бабкова

 

 

 

КІНО, ТЭЛЕБАЧАННЕ

:–)

:–(

Надзея Гаркунова,
рэжысёр, кіраўнік студыі дакументальнага кіно
Белтэлерадыёкампаніі

Асабістае знаёмства са спявачкай Сезарыяй Эвара. Наша сустрэча вельмі натуральна ператварылася ў фільм, які я назвала «Папайя».

Не пакідае абыякавай надзвычай заніжаны ўзровень культуры, асабліва ў беларускім кіно...

Аляксандр Дамарацкі,
каментатар тэлеканала «ЛАД»

Трансляцыя канцэртаў класічнай музыкі з «Альберт-хола» (Вялікабрытанія) на Першым нацыянальным канале. І яшчэ — конкурс «Міс Інтэркантыненталь» на канале АНТ.

Расчараваў праект «Зорныя танцы» на Першым нацыянальным канале.

Міхаіл Жданоўскі,
рэжысёр-дакументаліст,
выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў

У 2009 годзе я набраў курс рэжысёраў-дакументалістаў. Гэта нараджае надзею. У беларускага дакументальнага кіно з’яўляецца светлая перспектыва.

Няма.

Сяргей Кацьер,
рэжысёр, тэлежурналіст, кіраўнік праекта
«Час кіно» Белтэлерадыёкампаніі

Ганаруся прызамі, якімі адзначаны мае фільмы на міжнародных фестывалях. У прыватнасці, фільм «Зямля» атрымаў Гран-пры на Міжнародным тэлефестывалі «АграСвіт-2009» (Украіна). Ён увайшоў у лік 10 лепшых стужак Еўропы.

Фільм «Дняпроўскі рубеж» Дзяніса Скварцова. Гэта быў шанц і для маладога рэжысёра — заявіць пра сябе, і для аўтара сцэнарыя Аляксея Дударава — прымножыць лік сваіх удач у кіно.

Аляксандр Колбышаў,
рэжысёр кінастудыі «Беларусьфільм»

Падзея тое, што нарэшце змог зняць фільм, пра які даўно марыў, — «Ваўкі».

 Няма.

Антаніна Карпілава,
кандыдат мастацтвазнаўства,
загадчык аддзела экранных мастацтваў
ІМЭФ НАН Беларусі

Фільм «Ваўкі» Аляксандра Колбышава.

«Дасціш фантасціш» рэжысёра Аляксандра Канановіча. На мой погляд, гэта камедыя, якая не атрымалася.

Вольга Мядзведзева,
кандыдат філалагічных навук,
старшы навуковы супрацоўнік аддзела
экранных мастацтваў ІМЭФ НАН Беларусі

Фільм «Ваўкі» Аляксандра Колбышава.

Стужка «Дняпроўскі рубеж» Дзяніса Скварцова.

Вольга Нячай,
кінакрытык, доктар мастацтвазнаўства,
вядучы навуковы супрацоўнік аддзела
экранных мастацтваў ІМЭФ НАН Беларусі

Два дакументальныя фільмы Белтэлерадыёкампаніі: «Мама» рэжысёра Валерыя Гаравога (пра купалаўскую актрысу Галіну Макараву) і «Папайя» рэжысёра Надзеі Гаркуновай (пра спявачку Сезарыю Эвара).

Шкада, што рэжысёр Людміла Дуброўская не змагла пачаць працу над фільмам «Еўфрасіння Полацкая» (па ўласным сцэнарыі). Нельга лічыць «нацыянальнай» кінастудыю, калі яна не ажыццяўляе нацыянальныя праекты.

Людміла Саянкова,
кінакрытык, кандыдат мастацтвазнаўства,
загадчык кафедры літаратурна-мастацкай
крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ

Фільм шведскага рэжысёра Яна Труэля «Вечныя імгненні Марыі Ларсан». Проста і глыбока, стрымана і вытанчана.

Сучаснае беларускае ігравое кіно, якое мае мала агульнага з паняццем «мастацтва кіно».

Ігар Сукманаў,
кінакрытык

Фільм «Мелодыя для катрынкі» Кіры Муратавай і прыезд рэжысёра ў Мінск.

Некаторыя фільмы, якія з’яўляюцца прызёрамі міжнародных фестываляў, не могуць трапіць у наш пракат. Гэта датычыць шэрагу карцін Квенціна Таранціна і Ларса фон Трыера.

 

 

Год  няспраўджанага фэсту

/i/content/pi/mast/27/445/10-.gif

Бенедыкт Тышкевіч. Сяляне на рацэ. Фота. 1898.

Свой мінулагодні агляд фатаграфічнага жыцця краіны я завяршыла пералікам планаў на будучыню, сярод якіх галоўным было правядзенне фестывалю фатаграфіі і візуальных мастацтваў, прысвечанага 170-годдзю вынаходніцтва Луі Дагера. На жаль, усё прайшло не так, як марылася: год фатаграфіі належным чынам «не прагучаў», маштабнай рэтраспектыўнай выставы не адбылося. І гэта сталася самым вялікім расчараваннем 2009-га.

Шмат глыбокіх уражанняў пакінулі выстаўкі мэтраў фатаграфіі, якія прапанаваў гледачу Нацыянальны гістарычны музей. «Іспанская мазаіка» — гэта 35 арыгінальных здымкаў Чарльза Кліфарда, вядомага майстра сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Другая выстава паказвала творы нашага суайчынніка графа Бенедыкта Тышкевіча з калекцыі Музея фатаграфіі Нісефора Ньепса (Францыя). Дзякуючы здымкам графа Тышкевіча мы можам убачыць фрагменты жыцця Беларусі канца ХІХ стагоддзя. Шмат пастановачнай фатаграфіі этнаграфічнага характару, увасабленне мясцовых тыпажоў і пастаральных сцэнак з удзелам сялян і заможных людзей... Тышкевіч фіксуе забавы гасцей і насельнікаў дома, пераапрананні, гарэзлівыя гульні. Праз гэтыя сюжэты праглядае дарэвалюцыйнае жыццё Беларусі, перададзенае з лёгкасцю і адценнем гумару.

Ваенная фатаграфія з архіваў фотаклуба «Мінск» экспанавалася ў кінатэатры «Перамога». Выстава-рэквіем была прысвечана 65-й гадавіне вызвалення Беларусі.

Фотаклубаўцы вырашылі ўзнавіць старую традыцыю: рыхтаваць да Дня горада экспазіцыю новых твораў. Суб’ектыўныя погляды розных назіральнікаў урбаністычных станаў сабрала выстава «Горад на Нямізе». Увогуле выстаў, прысвечаных Мінску, было летась надзвычай шмат, вялікі шэраг экспазіцый — персанальных і групавых — прапанавала галерэя «Zнята», якая пашырылася, займеўшы яшчэ дзве выставачныя пляцоўкі.

Сярод галоўных падзей фатаграфічнага жыцця нашы эксперты вылучылі два значныя міжнародныя праекты — партфоліо-рэвю і летні фотапрактыкум «Візуальныя дакументы», арганізаваныя мінскім Цэнтрам фатаграфіі.

Партфоліо-рэвю — гэта прынятая практыка прагляду і абмеркавання фатаграфій выбраным колам спецыялістаў, магчымасць паказаць работы і атрымаць прафесійную ацэнку. Летні фотапрактыкум быў прысвечаны тэме «Дакументальная фатаграфія» і сабраў 42 удзельнікі з розных краін свету.

2009-ы для Беларусі сапраўды можа лічыцца годам фатаграфіі, але — дакументальнай. Спачатку галерэяй «Zнята» былі паказаны выставы Сяргея і Дзмітрыя Брушко і Аляксея Мацюшкова, а напрыканцы года ў сталіцы працавалі тры экспазіцыі гэтага жанру. «Мінскія фатаграфіі. Прыватнае жыццё» — вынік конкурсу, арганізатары якога звярнуліся да тэмы, мала асэнсаванай у нашым культурным кантэксце. Праект «Архіў часу» — гэта адкрыты конкурс сацыяльнай дакументальнай фатаграфіі. На яго прымаліся праекты, што ўключалі ў сябе аўтарскія серыі і тлумачальны тэкст. Намінацыі конкурсу — «Жыццё маленькай вёскі», «Партрэт пакалення, што сыходзіць», «Сямейныя звычаі, святы і рытуалы» і «Аўтарскі сацыяльны праект» — дазвалялі шырока паказаць магчымасці фатаграфіі ў дакументаванні нашага існавання.Выстава «Літоўская прэс-фатаграфія», што разгарнулася на трох пляцоўках горада, — вынік прафесійнага конкурсу. Гэтыя кожнадзённыя ракурсы жыцця прадстаўляюць пэўны час і канкрэтную прастору ва ўсёй разнастайнасці праяў.

Напрыканцы студзеня галерэя «Свет фота» выдатнай выставай дакументальнага жанру Надзеі Дзегцяровай завяршала фатаграфічны год... і, магчыма, сваё існаванне. Дарэчы, закрыццё галерэі «NOVA» было вылучана нашымі экспертамі як расчараванне года…

/i/content/pi/mast/27/445/10.gif

Андрэй Лянкевіч. З серыі «Паганства». Фота. 2009.

Фатаграфія стала ўжо звыклай часткай выстаў актуальнага мастацтва. На «Беларускім павільёне Венецыянскай біенале» сярод іншых быў прадстаўлены праект Андрэя Лянкевіча, які стаў прызёрам міжнароднага конкурсу Humanity Photo Awards (HPA), што ладзіцца кітайскай Фальклорнай фатаграфічнай асацыяцыяй. Працы Лянкевіча прызнаны аднымі з лепшых у намінацыі «Святы». Фотаінсталяцыя Уладзіміра Парфянка мела назву «Фатаграфія з кошыка для смецця». То-бок — забракаваная і выкінутая па нейкіх прычынах — з-за хібаў кампазіцыі ці візуальна непрывабных момантаў. Але логіка гэтага выбракоўвання змусіла аўтара прыгледзецца і ўбачыць у «няправільных кадрах» след нашых стэрэатыпаў... і пастаянны працэс страты імгненняў жыцця; незафіксаваныя, яны выпадаюць з поля нашага ўспрымання. На той жа выставе быў прадстаўлены праект Ігара Саўчанкі... Хочацца назваць яго фотапраектам, бо, хоць экспанаваліся толькі тэксты з апісаннямі часу і месца падзей, апісанні былі чыста «фатаграфічныя». Так вербальнае перакрыжоўваецца з візуальным, яно здольнае нараджаць вобразы ў нашым уяўленні.

Фатаграфія была паказана і на фестывалі сучаснага мастацтва «ДАХ-ІХ», і на выставе «Неапоп-арт» у галерэі «Ў». На «Даху» гэты від мастацтва «згубіўся» ў агульнай плыні вобразаў і хаосе экспазіцыі. Якім чынам фатаграфія мусіць быць пазіцыянавана ў вялікіх праектах? Нельга адказаць на гэтае пытанне, не маючы сваёй дакладнай пазіцыі наконт месца, якое павінна займаць фатаграфія ў прасторы нашага сучаснага мастацтва і новых візуальных практык. Тое, што мы не пабачылі планаванай рэтраспектыўнай выставы, — відавочны правал года, які не дазволіў акрэсліць новае становішча гэтага мастацтва ў мясцовым культурным кантэксце. Напрыклад, Інстытут Гётэ, адзначаючы 20-годдзе падзення Берлінскай сцяны, для асэнсавання перыяду глабальных перамен выбраў фатаграфію і відэа як сродкі стварэння выявы, найбольш блізкія да рэальнасці і ў той жа час здольныя да мастацкага абагульнення. Сярод падобных праектаў — «Класічны танец» Віталя Брусінскага і Наталлі Коўш. Сучаснае, актуальнае і складанае мастацтва фатаграфіі заклікае не да любавання рэальнасцю, а да яе асэнсавання, часта гэта адзіны сродак, які дазваляе нам убачыць сябе ў бесстароннім люстэрку.

Алеся белявец

 

 

МАСТАЦКАЕ ФОТА

:–)

:–(

Сяргей Кажамякін,
фатограф, выкладчык
Беларускай акадэміі мастацтваў

Выстава Бенедыкта Тышкевіча.
Нацыянальны гістарычны музей.

Належным чынам не прайшоў
«Год фатаграфіі».

Сяргей Міхаленка,
кіраўнік інтэрнет-партала «Zнята»

Перамогі нашых майстроў на міжнародных конкурсах: Алега Яравенкі ў «Фотаманіі-2009» (Калінінград) і Андрэя Лянкевіча ў конкурсе Фальклорнай фатаграфічнай асацыяцыі (Кітай).

Размежаванасць, нязладжанасць дзеянняў фатографаў краіны.

Валерый Вядрэнка,
фотамастак

«Іспанская мазаіка» Чарльза Кліфарта.
Нацыянальны гістарычны музей.

Нізкі ўзровень І Міжнароднага фестывалю лічбавага мастацтва «Terra Nova». Выставачны комплекс Нацыянальнай бібліятэкі.

Юрый Васільеў,
фотамастак,
заслужаны работнік культуры
Рэспублікі Беларусь

Выстава Бенедыкта Тышкевіча.

Не адбылася рэтраспектыўная выстава, прысвечаная «Году фатаграфіі».

Іван Пятровіч,
фотамастак, намеснік старшыні
грамадскага аб’яднання «Фотамастацтва»

Выстава Бенедыкта Тышкевіча.

Спыненне дзейнасці галерэі «NOVA».

Дзмітрый Кароль,
філосаф, навуковы супрацоўнік
Цэнтра праблем развіцця адукацыі БДУ,
фотакрытык

Першае міжнароднае партфоліо-рэвю. Мінск.

Спыненне дзейнасці галерэі «NOVA».

Любоў Гаўрылюк,
аглядальнік газеты «Туризм и отдых»:

Фотапрактыкум «Візуальныя дакументы».

Належным чынам не прайшоў
«Год фатаграфіі».

Дар’я Амяльковіч,
аглядальнік газеты «Культура»

Фотапрактыкум «Візуальныя дакументы».

Не адбылася рэтраспектыўная выстава, прысвечаная «Году фатаграфіі».

Андрэй Корбут,
філосаф, навуковы супрацоўнік
Цэнтра праблем развіцця адукацыі БДУ

Выстава Бенедыкта Тышкевіча.

Не адбылася рэтраспектыўная выстава, прысвечаная «Году фатаграфіі».

Ірына Саламаціна,
сацыёлаг, менеджэр арт-праектаў

Адкрыццё галерэі «Ў» прэзентацыяй двух праектаў Сяргея Кірушчанкі — «EARTH ART» і «Jump-photography: звонку і знутры. Іншы вопыт flaneuse».

Выстава «Jump-photography...» па арганізацыйных і тэхнічных прычынах праэкспанавалася ў галерэі «Ў» толькі адзін дзень.