Рэтраспекцыя вяртання

№ 12 (321) 01.12.2009 - 31.12.2009 г

70-я ўгодкі ўз’яднання Беларусі вялікай рэтраспектыўнай выставай. Экспазіцыя «Заходняя Беларусь у мастацтве» сабрала творы 16 мастакоў. Сярод іх і знаныя Пётра Сергіевіч, Язэп Драздовіч, Міхась Сеўрук, і малавядомыя Дзмітрый Крачкоўскі, Сяргей Вішнеўскі, Павел Южык, і творцы, звязаныя з Беластокам, — Уладзімір Закрэўскі, Юлій Краеўскі, Хаім Тыбер, Ісаак Кжэчаноўскі.

На выставе былі прадстаўлены творы з калекцый Нацыянальнага мастацкага і Літоўскага мастацкага музеяў, з Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
і Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея; работы з уласных збораў прапанавалі Беларускі саюз мастакоў і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

/i/content/pi/mast/26/443/50.jpg

Міхась Сеўрук. Жніво. Алей. 1937.

Тэма Заходняй Беларусі доўгі час заставалася «белай плямай» у гісторыі нашага мастацтва: інфармацыя пра тамтэйшых творцаў была табуявана. Сёння гэты перыяд аналізуецца і разглядаецца як самастойная і адметная культурная з’ява. Пачынаючы з 1970-х гадоў з’яўляецца магчымасць даследаваць творчасць мастакоў Віленскай школы 1920—1930-х гадоў: выходзяць артыкулы і манаграфіі, ладзяцца выставы... І хоць гэтыя мастакі не дачакаліся прызнання пры жыцці, але экспазіцыя ў мастацкім музеі сведчыць пра іх вялікую — творчую — перамогу над часам і забыццём.

Прафесійная падрыхтоўка віленскіх студэнтаў грунтавалася на лепшых традыцыях акадэмічнага мастацтва і дасягненнях еўрапейскіх школ. Творчы пошук не быў для іх самамэтай: яны адточвалі майстэрства ў малюнку і жывапісе, каб узвысіць сваіх сучаснікаў, якіх яны ўвасабляюць як герояў і гераінь роднай зямлі: прадстаўнікоў простага народа, што перажыве ўсе выпрабаванні часу, захаваўшы нацыянальны гонар. Такой высокай мастацкай ідэяй літаральна прасякнуты ледзь не кожны твор заходнебеларускага мастацтва — алегарычнага, пейзажнага і партрэтнага жанраў. Гэта ж ідэя ўвасобілася ў вобразах нацыянальных паэтаў — Янкі Купалы, Максіма Танка, Валянціна Таўлая.

Мастакі часта малявалі краявіды сваёй малой Радзімы. Дзякуючы ім сёння мы можам «вандраваць» па вулках даваеннай Вільні, крочыць «сцяжынкамі Драздовіча» па прасторах Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Свае пейзажы творцы напаўнялі сімвалічным зместам, тут дрэва, студня, храм ці капліца становіцца магутным знакам непахіснасці і цвёрдасці нацыянальнага духу.

/i/content/pi/mast/26/443/50-.jpg

Сяргей Віш неўскі. Стары з кіем. Кардон, алей. 1930-я.

Экспазіцыя ўражвала разнастайнасцю: эмацыянальным гучаннем твораў Сергіевіча і філасофскімі, містычнымі работамі Драздовіча, пластычнай віртуознасцю Сеўрука і характарнымі партрэтамі Вішнеўскага, лірычнымі краявідамі і партрэтамі Южыка і выразнымі нацюрмортамі Раздзялоўскай. Рэалістычнымі партрэтамі і эцюдамі Мадорава і экспрэсіўнымі, тэмпераментнымі творамі Семашкевіча. Рамантызм Крачкоўскага, гратэск Тыбера, крытычнасць Краеўскага, псіхалагізм Кжэчаноўскага дапаўнялі агульную «палітру» выставы.

Асаблівую ўвагу прыцягвалі фантастычныя краявіды Язэпа Драздовіча. Універсальнае творчае мысленне робіць яго знакавай постаццю беларускага мастацтва, сваімі этнаграфічнымі штудыямі і касмічнымі візіямі Драздовіч зацікавіў і генеральнага дырэктара Луўра Анры Луарэта, які занатаваў прозвішча мастака. Творчасць Драздовіча, на думку даследчыка, «знаходзіцца па-за асноўнымі напрамкамі жывапісу».

Імя Пётры Сергіевіча як шчырага знаўца беларускай культуры і мастацтва 1930—1950-х гадоў было ўключана ў шматтомную «Гісторыю беларускага мастацтва». У 1978 годзе ў Палацы мастацтва ў Мінску дэманстраваліся яго партрэты Францыска Скарыны, Максіма Танка, гарадскія і сельскія краявіды.

Многія творы заходнебеларускіх мастакоў можна ўспрымаць як стратэгічныя маніфесты развіцця нацыянальнага стылю, які не падлягае ідэалагічным устаноўкам. Гэта і пераасэнсаванне рэчаіснасці ў яе гістарычным развіцці, што дае веру ў невычэрпны патэнцыял народнага жыцця як крыніцы вобразаў, сюжэтаў і тэмаў. Вобразная праўда гэтага мастацтва не страціла сваёй актуальнасці і сёння.

Жывапіс мастакоў Заходняй Беларусі не вылучаецца рэвалюцыйным мадэрнісцкім пошукам. Яны выдатна разумелі сімволіку колераў, карысталіся манументальнымі і пластычнымі абагульненнямі. Эстэтычная згарманізаваная сістэма свету стала вызначальнай у сцвярджэнні нацыянальнай тэмы. Гэта ідэальная жывапісная мова, якая лечыць псіхалогію гледача ад нігілізму і культурнай дэзарыентацыі.

Ужо ў савецкі перыяд былі створаны гістарычныя кампазіцыі пра сустрэчу з Чырвонай Арміяй і пра народны сход у Беластоку, які пацвердзіў жаданне беларусаў жыць у адзінай сям’і. Галоўныя героі гэтых кампазіцый — прадстаўнікі простага народа, гэтыя новыя тэмы сталі сугучнымі нацыянальнай канцэпцыі мастацтва Заходняй Беларусі.

Графіка, як друкаваная, так і арыгінальная, кранае сваёй дакладнасцю і трапнасцю штрыха. Тут няма нічога выпадковага: кожная рыса пёркам, алоўкам, вугалем ці сангінай — вынік пластычна перажытага, асэнсаванага. Ці гэта вобраз чалавека, ці прыроды, што стварае з помнікамі архітэктуры адзінае гарманічнае суладдзе. Чалавек падаецца як гаспадар свайго жыцця, якога не можа адужаць варожая сіла.

Тыя заходнебеларускія мастакі, што перажылі рэпрэсіі і дажылі да глыбокай старасці ў Вільні, Нясвіжы, Докшыцах, Маладзечне і іншых мясцінах, заставаліся ў цяні мастацкага жыцця, але працягвалі свае пошукі, яны былі наватарамі і першапраходцамі ў нацыянальных тэмах і сюжэтах. Іх творы не кранулі сталічная бравада, штучны пафас ці ідэалагічная пампезнасць — «набыткі», неабходныя для атрымання чарговых узнагарод. Але час расстаўляе ўсё па месцах. Выстава іх невядомых твораў з’яўляецца падзеяй выключнага значэння: упершыню мастацтва Заходняй Беларусі ў выставачнай прасторы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь паказваецца так маштабна і шматгранна.

Вольга Архіпава, Людміла Налівайка