Феномен бясконцага шматкроп’я

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Новая беларуская драма набірае моц. У яе, натуральна, ёсць прыхільнікі і праціўнікі, але факт існавання новай хвалі не адмаўляе ніхто. Значыць, мы хутка пабачым і выдадзеныя зборнікі п'ес, і шэраг паўнавартасных тэатральных прэм'ер.

Спецыфіка з’явы

Заснавальнікамі новай драмы XXI стагоддзя заслужана лічацца англічане М.Равенхіл і С.Кэйн. Іхнія жахлівыя навадрамныя тэксты былі звернуты да публікі, якую цяжка чым-небудзь уразіць, менавіта таму безвыходнасць у іх сканцэнтравана і павялічана ў шмат разоў. Пасля поспеху, які п’есы мелі ў лонданскім тэатры «Роял Корт», хваля так званай новай драмы захліснула іншыя краіны.
Імёны найбольш паспяховых расійскіх навадрамаўцаў -- В.Сігараў, І.Вырыпаеў, М.Угараў, браты Дурнянковы, А.Грэміна, М.Курачкін, К.Драгунская, В.Міхайлава, А.Багаеў -- сталі ўжо своеасаблівым тэатральным брэндам, а іх п’есы шырока ставяцца. Тэатр.doc, Цэнтр драматургіі і рэжысуры, фестывальны рух «Новая драма» штогод адкрываюць адметных аўтараў.
Новая драма Польшчы прадстаўлена К.Бізё, П.Юрэкам, Я.Клатым, М.Медзялеўскім, М.Валчакам, І.Вілкістам, П.Войчахам, М.Прухнеўскім і іншымі. Пляцоўка для рэжысёрскіх эксперыментаў -- Тэатр «Grupa artystyczna» ў Вроцлаве.
У чым яе навізна? У чым спецыфічная асаблівасць новай драмы? Відочныя крытэрыі акрэсліваюцца яе разарванай, дыскрэтнай структурай. Гэта своеасаблівы фармат, дзе адсутнічае сістэма завязкі-кульмінацыі-развязкі, а фінал нагадвае бясконцае шматкроп’е. Новая драма вольна карыстаецца слэнгам і ненарматыўнай лексікай, сумяшчае гратэск з трагедыйнасцю, а камічныя сцэны ў ёй перамяжоўваюцца са сцэнамі жорсткасці. Спіс дзейных асоб кароткі: пяць-шэсць персанажаў або ўвогуле -- Ён і Яна. П’есы невялікія па памеры (5-15 старонак), а сюжэт хутчэй нагадвае эпізод з жыцця, чым падрабязную гісторыю пра нешта глабальнае. Дыялогі часта замяняюць учынкі, у размовах раствараецца неабходнасць што-небудзь рабіць. Новая драма -- гэта не столькі эксперымент з мовай ці драматургічнай структурай, колькі імкненне зафіксаваць рэаліі часу ў іх першародным абліччы. Аўтары не прэтэндуюць на маштабнасць, яны занатоўваюць сучаснае жыццё па частках, па крупінках, расказваюць пра чалавека, які дзейнічае тут і цяпер. Героі новай драмы -- людзі з вострым адчуваннем крызісу, якія знаходзяцца ў стане паміж жыццём і смерцю, на мяжы істэрыкі і суіцыду. Новая драма -- дзіця нашага імклівага, багатага на падзеі часу. Інфармацыйны калейдаскоп інцыдэнтаў драматургі фіксуюць не ў выглядзе разгорнутага аповеда, а шляхам збірання разнастайных фрагментаў і эпізодаў. Важнымі робяцца не сюжэт і развіццё характараў, а разнастайнасць і арыгінальнасць аўтарскага выказвання ў сувязі з актуальнай тэмай.
Эстэтычная канва твораў акрэслена пры дапамозе своеасаблівых сімвалаў. Знакавая сістэма -- як непасрэдная сувязь са свядомасцю чытача ці гледача. Героі, носьбіты такіх знакаў, выклікаюць суперажыванне і лёгка распазнаюцца. Сэнс іх вобразаў -- на паверхні. Героі -- свайго кшталту драматургічныя коды, з дапамогай якіх канструюецца тэкст. Празрыстасць закадаванасці мяжуе з бясколернасцю персанажаў. Схематычнасць вобразаў і іх сэнсавая павярхоўнасць (сэнс не ў падтэксце, а на паверхні тэксту) -- адна са знакавых рыс новай драмы. Менавіта таму інтэрпрэтацыя п’ес амаль немагчымая, бо тычыцца хутчэй формы, а не сэнсу спектакля.
«Дакументальнасць» п’ес заснавана на жаданні драматургаў пісаць менавіта пра сябе і пра свае адчуванні хаатычнасці рэчаіснасці.
Найбольш важным, вызначальным з’яўляецца не як, а пра што. Гэтае «пра што» і нарадзіла «вербацім» -- дакументальны тэатр. Дыялогі збіраюцца з дапамогай дыктафона, на падставе іх ствараюцца п’еса і спектакль.
 /i/content/pi/mast/2/44/p.27_1.jpg
"Кісларод" І.Вырыпаева. Тэатр.doc.  Масква.
Дакладней усяго было б назваць новую драму не п’есамі, а тэкстамі для тэатра: адсюль і вынікае тая несцэнічнасць, за якую папракаюць навадрамаўцаў.
Героямі п’ес часта з’яўляюцца маргіналы -- крымінальнікі («Яблыкі зямлі» К.Наршы, «Таксіны» К.Бізё), тэрарысты («Тэрарызм» братоў Прэсняковых), бамжы («Песні народаў Масквы» А.Радыёнава і М.Курачкіна), самазабойцы («Псіхоз» С.Кэйн), забойцы («Кісларод» І.Вырыпаева, «Люцыя і яе дзеці» М.Прухнеўскага)… Словам, людзі, праз якіх крызіс часу адлюстроўваецца і канцэнтруецца з найбольшай сілай. Але не будзем абмяжоўваць новую драму выключна героямі-маргіналамі. Персанажамі «Пакалення порна» П.Юрэка, «Усмеху грэйпфрута» Я.Клатага з’яўляюцца маладыя журналісты, акцёры. Прафесійны поспех адымае ў іх чалавечыя якасці, робіць рабамі прызнання…Новая драма -- мастацтва, у якім моцна сканцэнтраваны нерв эпохі, рэаліі калейдаскапічнага жыцця. Яе вострасацыяльная скіраванасць часта замяняе эстэтычную, і п’есы нагадваюць крымінальную хроніку ці зманціраваныя «карцінкі пра сучаснасць». Падкрэслю, новая драма не прэтэндуе на адзіную ісціну ў апошняй інстанцыі, драматургі пішуць пра тое, што бачаць, адчуваюць, і, безумоўна, маюць на гэта права. 

Беларускі навадрамны варыянт

Беларуская новая драма апошнім часам пачала цікавіць усіх. У тэатрах і ў Акадэміі мастацтваў рэгулярна праводзяцца чыткі п’ес -- маладыя рэжысёры і акцёры спрабуюць прадставіць публіцы твор таго ці іншага аўтара. У газетах і часопісах (і беларускіх, і расійскіх) з’яўляюцца п’есы і аналітычныя артыкулы пра іх. На тэатральных сайтах горача абмяркоўваюцца вартасці новай беларускай драмы. Маладыя рэжысёры пробуюць сілы ў пастаноўках новых п’ес, выбіраючы іх для дыпломных спектакляў. Адкрыццё Цэнтра беларускай драматургіі (дзяржаўная ўстанова!) зацвердзіла існаванне новай беларускай драмы, бо менавіта яе аўтары былі запрошаны ў якасці прадстаўнікоў сучаснай драматургіі.
Новая беларуская драма набірае моц. У яе, натуральна, ёсць прыхільнікі і праціўнікі, але факт існавання новай хвалі не адмаўляе ніхто. Значыць, мы хутка пабачым і выдадзеныя зборнікі п’ес, і паўнавартасныя тэатральныя прэм’еры.
 /i/content/pi/mast/2/44/p.27_2.jpg

 "Адкрытыя палароідныя здымкі" М.Равенхіла. Цэнтр сучаснай драматургіі і рэжысуры. 2004.


Прабацькамі новай беларускай драмы можна смела назваць трох Андрэяў -- Курэйчыка, Шчуцкага і Карэліна. Менавіта гэтыя драматургі даказалі, што ў тэатры можа існаваць не толькі гістарычная п’еса, шырока распаўсюджаная ў 1990-я гады. На драматургічным конкурсе «Еўразія» ў 2004 годзе А.Курэйчык атрымаў трэцяе месца за п’есу «Тры Жызэлі», а спецпрыз журы дастаўся П.Пражко за п’есу «Серпанцін». У 2006-м колькасць пераможцаў значна павялічылася: М.Рудкоўскі («Ана і ананас», «Уварванне»), К.Сцешык («Сцэны з жыцця»), П.Пражко («Кэмпінг»), П.Расолька («Пачваркі»), А.Курэйчык («Светлы дом»). Зрэшты, драматургія А.Курэйчыка належыць да так званых «добра зробленых п’ес».
Новая беларуская драма, як і еўрапейская, прадстаўлена вялікай колькасцю аўтараў. Існуючыя ў п’есах праблемы маюць непасрэднае дачыненне да дня сённяшняга: навадрамаўцаў цікавіць чалавек рэальны, такі, які ён ёсць у штодзённым жыцці, а не такі, якім ён сябе ўяўляе. Рэальны герой складаецца з мноства супярэчнасцей, таму нязменна знаходзіцца перад выбарам. І ў гэтым стане адчувае няўпэўненасць і нават страх. Яскравае сведчанне пра крызіс сістэмы маральных каштоўнасцей, пра нявер’е ў тое, што такая сістэма ўвогуле працуе. «Мы ўсе няправільна жывем. Хрысціянскія ўстаноўкі нічога не вартыя», -- гаворыць персанаж п’есы «Саша» П.Пражко. Менавіта гэта прыводзіць герояў да пошукаў новай мадэлі светапогляду.
Вострасацыяльная тэма ў драматургіі П.Пражко і П.Расолькі набывае маргінальны характар. Паказваючы свет скрозь прызму «маленькага» чалавека, аўтары ствараюць героя крызіснага светаўспрымання. Драматургі апускаюць сваіх герояў на дно жыцця, ставяць іх у абсурдна-трагічныя становішчы, надаюць ім неадпаведныя рысы характару, каб даследаваць чалавека, які знаходзіцца пад уціскам сучаснай цывілізацыі. У дынаміцы падзей персанажы спрабуюць знайсці нейкі ўнутраны стрыжань, але жыццё не складваецца ў гарманічную мазаіку. Духоўная пустэча прыводзіць герояў да крайнасцей у пачуццях і ўчынках. Плюралістычнасць ісціны заканамерна выклікае мноства пытанняў.
 /i/content/pi/mast/2/44/p.28_1.jpg
"Чырвонай ніткай" А.Жалязцова. Цэнтр драматургіі і рэжысуры пад кіраўніцтвам А.Казанцава і М.Рошчына. 2003.
Адзін з персанажаў «Пачварак» П.Расолькі пытаецца: «Хто-небудзь ведае, што такое каханне?». А ва «Уварванні» М.Рудкоўскага каханне трактуецца як наркотык: «Я зразумеў, што каханне горкае. Яно як наркотык, які паступова забівае». Тое ж самае і ў Балівудзе П.Пражко: «Мой наркотык -- яднанне з табою, я панічна баюся цябе страціць». Для маладых людзей з «Дажджу ў снежні» П.Расолькі на першым месцы матэрыяльны фактар: з грашыма ты патрэбны, без іх -- нічога не варты. Вокладка важнейшая за змястоўнасць. Каханне, якое разумеецца як хваравітая прыхільнасць ці наркатычная залежнасць, набывае спажывецкае адценне. Развучыўшыся кахаць, героі страчваюць унутраны стрыжань, які вызначае чалавечую годнасць. Яны не імкнуцца перарабіць свет: абыякавасць да жыцця становіцца нормай. «Аказваецца, прызвычайваешся да ўсяго. Мяне так расчаравала каханне, што я абыякавы нават да свайго краю», -- гаворыць герой «Уварвання». «Я ўжо звыклася з чалавечай подласцю», -- працягвае думку гераіня «Кэмпінга» П.Пражко. Прызвычаілася -- значыць, ва ўласнай сістэме каштоўнасцей вызначыла подласць як норму.
Абыякавасць спараджае і агрэсію. Большасць персанажаў далёка не бяскрыўдныя, а жудасна жорсткія ў адносінах да тых, хто побач. У «Дажджы ў снежні» П.Расолькі яны страчваюць чалавечнасць і ў выніку ўласнай агрэсіі атрымліваюць толькі тое, што самі спарадзілі. Бумерангам вяртаецца да прадпрымальнага будаўніка фальшывых пірамід Рагозіна яго прага да нажывы. Героя бязлітасна збіваюць падлеткі, чыіх бацькоў ён падмануў, -- доўжачы тым самым ланцуг жорсткасці.Крызіс чалавечых каштоўнасцей сведчыць пра крызіс чалавечых адносін. Зразумець іншага перашкаджае мноства акалічнасцей: знешнасць, сацыяльнае становішча, веравызнанне і нават настрой. Праблема камунікацыйнай раз’яднанасці ў XXI стагоддзі надзвычай абвастрылася. Адзінота, прычыны якой героі спрабуюць знайсці, становіцца знакавай тэмай усёй новай драмы. «Людзі не могуць быць разам, разумееш? Гэта татальная адзінота!», -- канстатуе герой п’есы К.Сцешыка «Мужчына, жанчына, пісталет». Ніна ў п’есе «Белы анёл з чорнымі крыламі» Д.Балыка спрабуе знайсці выйсце ў выпадковых сувязях, але і гэта не пазбаўляе яе ад самоты. Эгацэнтрызм, імкненне да самасцвярджэння, спажывецкае стаўленне да ўсяго і ўсіх, а часам і простае нежаданне выдаткоўваць энергію на кагосьці іншага -- прычын адзіноты насамрэч шмат. «Самацэнтрычны і эгаістычны, самазадаволены і самазабяспечаны», -- менавіта так Д.Балыка характарызуе сучаснага героя ў п’есе «Пупавіна».
 /i/content/pi/mast/2/44/p.28_2.jpg

 "Пластылін" В.Сігарава. Цэнтр драматургіі і рэжысуры пад кіраўніцтвам А.Казанцава і М.Рошчына. 2003.


«Закрытасць» чалавека -- вынік расчаравання знешнімі абставінамі, дзе жаданае ніяк не супадае з рэчаіснасцю. Зацыкленасць на сваіх запатрабаваннях прыводзіць да вонкавых і ўнутраных канфліктаў. Матэрыяльна забяспечаны герой «Маленькіх адзінокіх птушак» К.Сцешыка становіцца ўвасабленнем пачварнага спажыўца. «Я жыву як у ракавінцы», -- кажа ён.
П’есы напоўнены эзатэрычнымі разважаннямі, філасофскімі пытаннямі і няспынным пошукам сябе ў хаатычным асяроддзі. Праблема самаідэнтыфікацыі праходзіць праз усе п’есы. Героі «Масквы радыяльнай» С.Гіргеля спрабуюць вызначыць сваё месца ў навакольным свеце, уласную вартасць і прыналежнасць да чаго-небудзь. Ствараючы вобразы Васіля Сухарэўскага і Пятра Кунцэвіча, драматург надае ім рысы нацыянальнага характару.
Героі новай драмы паглыблены ў атмасферу неразумення сябе і тых, хто побач, адасоблены адно ад аднаго татальнай адзінотай, пазначаны пераломным светаадчуваннем. Наноў адкрываючы чалавека, беларуская драма стварае вобраз героя XXI стагоддзя. Ён спароджаны драматычнымі варункамі часу і мае прыкметы ўнутранага крызісу. Вобразы валодаюць якасцямі рэальнасці, хоць і не вызначаюцца асаблівай глыбінёй. Яны створаны тут і сёння і павінны быць пачутымі тут і сёння -- тады будуць спазнанымі і запатрабаванымі.
 /i/content/pi/mast/2/44/p.28_3.jpg

 "Псіхааналітык для псіхааналітыка" Д.Балыка. Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа. 2007

Мова драмы часам злучае мастацкія крайнасці: у п’есах П.Пражко і П.Расолькі нецэнзурная лексіка мяжуецца з філасофска-паэтычнымі выказваннямі. Ці могуць аўтары абысціся без нецэнзурных слоў -- пытанне вострае, але адказ на яго даволі просты. Галоўнае, каб усё было да месца і не пераўтваралася ў самамэту.
Гаворачы пра мастацкія асаблівасці драмы, нельга абмінуць імёны персанажаў. Сваіх герояў драматургі часта надзяляюць парадкавымі нумарамі («Балівуд» П.Пражко) або абыходзяцца абстрактнымі характарыстыкамі -- Боль, Страх, Апатыя («Вечар» П.Расолькі). Не маючы ўласнага імя, чалавек страчвае індывідуальнасць, нівелюецца сярод масы.
Шматковая, фрагментарная структура новай драмы арыентуецца хутчэй на выпадак, на невялікія здарэнні з жыцця, чым на драму ў традыцыйным сэнсе слова. Да такой формы аўтараў, здаецца, падштурхоўваюць сам час і ягоныя рытмы. Чалавецтва дагэтуль ніколі не трапляла ў эпіцэнтр інфармацыйнага калейдаскопа, дзе ўзоры жыцця, здаецца, змяняюцца з хуткасцю свету. Менавіта таму рэчаіснасць ім хочацца адлюстроўваць эпізодамі, а не працяглым расповедам. Прынцыповая недаказанасць, адсутнасць акрэсленага пачатку і тым больш канца, недагавораныя фразы і словы -- усё сведчыць пра тое, што аўтары, як і героі твораў, таксама шукаюць ісціну і чалавечыя арыенціры ў гэтым свеце.
 /i/content/pi/mast/2/44/p.29_1.jpg
 "Сямейны вечар" А.Курэйчыка. Г.Хітрык (Яна), А.Гладкі (Ён). Тэатральны праект "On-line".
Драматургі А.Шурпін і М.Рудкоўскі стаяць крыху адасоблена і не ўпісваюцца ў навадрамны фармат. Але згадаць пра іх варта. П’есы А.Шурпіна «Тра-та-та», «Хто кахае мадам», «Спадар Гіятэн» па стылістыцы набліжаны да тэатра абсурду. Аўтар называе гэта «тэатрам блефу». Героі «Тра-та-та», муж і жонка Недарэзавы, знаходзяць ва ўласнай ванне… труп, спрабуюць пазбавіцца ад яго, перажываюць пры гэтым шмат перыпетый. Але ніякага трупа, зрэшты, не існуе, усё аказваецца блефам і адбываецца толькі ва ўяўленні герояў. П’есы «Ана і ананас», «Апошняе каханне Нарцыса» М.Рудкоўскага маюць непасрэднае дачыненне да так званай постмадэрнісцкай гульні. Дзяўчына Ана, якая нараджае ананас, свавольны Нарцыс, гаваркія аслы -- аўтарскія метафары навакольнага свету. Інтэлектуальнасць, вытанчаная іранічнасць і прадуманыя сюжэты п’ес вылучаюць драматургію абодвух аўтараў.
Класічная ці сучасная замежная драма -- тое, на чым сёння пабудаваны рэпертуар айчынных тэатраў. І гэта няблага: акадэмічны фармат прадугледжвае непахісны падмурак. Новая драма павінна заняць у тэатральнай прасторы сваю нішу -- у выглядзе асобнага тэатра. Галоўнае -- не блытаць разнаякасныя фарматы, каб не нагадваць персанажа булгакаўскага «Тэатральнага рамана», які казаў: «Столькі добрых п’ес напісана -- і навошта новыя ствараць?»

Маладая рэжысура і новая драма

Між тым, узаемаадносіны маладой рэжысуры і новай беларускай драмы нагадваюць знакамітае «і хочацца, і колецца». Хочацца паставіць, бо п'есы распавядаюць пра дзень сённяшні. Колецца, таму што боязна ставіць непрызнаных яшчэ аўтараў.
Ад поўнага непрымання новай драмы, якое назіралася яшчэ некалькі гадоў таму, маладыя рэжысёры паступова перайшлі да няпэўнага жадання што-небудзь ды здзейсніць. Да таго ж, жыццёвыя абставіны таго запатрабавалі: падчас міжнароднага тэатральнага форуму «М. art. кантакт» працавала майстэрня маладых рэжысёраў, якім прапанавалі паставіць эпізоды з п'ес новай беларускай драмы.
 /i/content/pi/mast/2/44/p.30_1.jpg
 "Мужчына, жанчына, пісталет" К.Сцешыка. С.Здаранкоў (Мужчына), Ю.Шаўчук (Жанчына). Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры. 2007.
Удзельнічалі ў гэтым праекце студэнты чацвёртага курса спецыялізацыі «рэжысура драмы» (майстэрня Валерыя Раеўскага). Таццяне Арцімовіч, Сяргею Анцылевічу, Святлане Івашкевіч і Віктару Красоўскаму ўпершыню давялося працаваць з прафесійнымі акцёрамі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.
У выніку ўдзельнікі форуму ўбачылі чатыры рэжысёрскія работы. Т.Арцімовіч праз п'есу П.Пражко «Вясёлка ў маім доме» паспрабавала выявіць сучаснага маладога героя. Павел (А.Кілеса) ходзіць па парэнчах моста, здае экзамен ва універсітэце, не цураецца алкаголю. За ўсім гэтым -- адчуванне бессэнсоўнасці ўласнага існавання, а як вынік -- пошук нейкай логікі ва ўсім, што сёння адбываецца. Рэжысёр называе героя «сучасным Гамлетам», якому найперш уласцівы разгубленасць і збянтэжанасць. Драматургію П.Пражко можна аднесці да так званай «чарнушнай». Але рэжысёр рэжа «Вясёлку ў маім доме» на кавалкі: адсякае надта жорсткія моманты, выкідвае нецэнзурную лексіку і змякчае выбраныя сцэны. Рэжысёр крыху падмінае аўтара, акцэнтуючы ўласныя ўяўленні пра сучаснага Гамлета. Узяўшыся адразу за глабальнае, Т.Арцімовіч забывае пра гледача, які не ўсё можа зразумець: фрагменты не вынікаюць адзін з аднаго, існуюць крыху адасоблена. Тым не менш рэжысёру ўдалося стварыць атмасферу разгубленасці, няспыннага пошуку сэнсу і логікі ў жыцці. І ў гэтым -- адметнасць работы.
Своеасаблівасць пастаноўкі «Малекулы» П.Расолькі ў рэжысуры С.Анцылевіча -- камернасць і лірычнасць. Ён (М.Гагарскі) і Яна (І.Дунчанка) сустракаюцца выпадкова на вакзале, гавораць нібы ні пра што, глядзяць адно на аднаго зацікаўлена і... разыходзяцца, быццам малекулы ў броўнаўскім руху. Гісторыя пра тое, што магло быць, ды не адбылося. У такім драматургічным матэрыяле многае залежыць ад рэжысёра і акцёраў: тую ці іншую фразу можна абыграць у тысячах варыянтаў. Словы Яго: «я нічога не чакаю ад мастацтва, я ад яго папросту атрымліваю асалоду» або Яе: «я спрабавала жартаваць з каханнем» -- сцэнічна можна вырашыць у любым жанры. С.Анцылевіч выбірае трагікамічны, таму на стыку крыху абсурднага дыялогу і акцёрскай імправізацыі нараджаецца лірычная камедыя. Рэжысёр аднак не заганяе акцёраў у нейкую пэўна-вызначаную структуру, а хутчэй дае магчымасць сыграць сябе ў прапанаваных абставінах. Выканаўцы робяць гэта з задавальненнем, вольна існуюць у зададзенай сэнсавай прасторы. Яна -- даволі сур'ёзная, крыху сарамлівая, Ён -- летуценнік, які любіць фатаграфаваць усё незвычайнае. І калі героі развітваюцца, гэта не выглядае сумна -- мабыць, проста не лёс.
Выбіраючы п'есы для пастановак, маладыя рэжысёры скіравалі ўвагу на невялікія тэксты з мінімальнай колькасцю герояў: у наступнай рабоце на сцэне зноў Ён (Р.Кушнер) і Яна (Г.Печнікава). П'есу Т.Ламонавай «Ідылія для падзорнай трубы з аркестрам» рэжысёр В.Красоўскі значна перапрацаваў, часткова перапісаў. На жаль, вольнае выкарыстанне тэксту не вылілася ў прыкметнае сцэнічнае дзеянне. У аснове эпізоду -- гісторыя немаладых ужо акцёраў, якія аднойчы заўважаюць у доме насупраць накіраваную на іх падзорную трубу. Акцёрская прырода стомленых адно ад аднаго людзей завіравала з новай сілай -- і яны пачынаюць іграць сямейную ідылію. Маналогі з «Рамэо і Джульеты» перамяжоўваюцца з уласнымі спрэчкамі. Дзея мусіць быць смешнай, нездарма драматург стварала менавіта камедыю. В.Красоўскі надаў урыўку драматычнае адценне. У выніку такога эксперыменту пастаноўка атрымалася крыху ненатуральнай і грувасткай. Да ўсяго маладыя акцёры Магілёўскага тэатра, ствараючы вобразы вопытных майстроў сцэны, выглядалі не надта арганічна.
Працягнула тандэм герояў -- Ён-Яна -- і С.Івашкевіч, якая паставіла «Пазаштатную сітуацыю № 22222» свайго калегі В.Красоўскага. Аснова эпізоду -- дыялог закаханых па тэлефоне. Ён (Д.Дудкевіч) тэлефануе Ёй (К.Кондулева), Яна адказвае найграна-абыякавым тонам, Ён злуецца і кідае трубку, Яна шкадуе і сама тэлефануе Яму... У піжамах, са слухаўкамі, у якіх абарваныя правады, героі часам нагадваюць вар'ятаў. Яны кахаюць адно аднаго, але камунікацыйная раз'яднанасць перашкаджае ім дамовіцца, зразумець і адчуць боль іншага. У працы С.Івашкевіч заўважныя рэжысёрская пазіцыя і вывераны падыход да арганізацыі сцэнічнай прасторы. Апрануўшы сваіх герояў у паласатыя піжамы, рэжысёр не пераносіць дзею ў вар'яцкі дом (што, безумоўна, было б штампам), а проста выклікае асацыяцыю з ім. Героі знаходзяцца кожны ў сваім доме і нібы баяцца выйсці з яго, замяняюць рэальную сустрэчу віртуальнай размовай па тэлефоне. І яшчэ адна характэрная асаблівасць эпізоду: бачна, з якой асалодай іграюць акцёры, бачна, як іх чапляе матэрыял. Таму і работа атрымалася жывой, прасякнутай тонкім адчуваннем часу.
Чатыры рэжысёрскія пастаноўкі аб'яднала цікавасць да таго, што адбываецца сёння ў душы чалавека і вакол яго. Гэта, між іншым, той неабходны складнік спектакля, якога часта цяпер нестае.
Стварэнне альтэрнатыўнага тэатра ці пляцоўкі, дзе змогуць супрацоўнічаць і эксперыментаваць маладыя рэжысёры і драматургі (без боязі не ўпісацца ў акадэмічны фармат), безумоўна, паспрыяе прыходу новай драматургіі ў тэатральны працэс.
Усцешвае, што маладыя рэжысёры перастаюць баяцца новай драмы, спрабуюць знайсці ў п'есах тое, што іх цікавіць, тое, што ім баліць, і перавесці гэта ў сцэнічную мову. Станоўчы вынік у выглядзе паўнавартаснага спектакля абавязкова будзе -- справа толькі ў часе.
І ўжо сёння мы маем поўнавартасную прэм'еру ў Цэнтры беларускай драматургіі і рэжысуры. Гэта «Сталіца Эраўнд» С.Гіргеля, пастаўленая выпускніцай рэжысёрскага аддзялення Акадэміі мастацтваў Вольгай Саратокінай. Спектакль, безумоўна, цікавы, эксперыментальны і патрабуе асобнай гаворкі, якая неўзабаве адбудзецца на старонках часопіса.

Крысціна СМОЛЬСКАЯ