Усе колеры Канановіча

№ 12 (321) 01.12.2009 - 31.12.2009 г

У 2005 годзе Аляксандр Канановіч, вучань Міхаіла Пташука, дэбютаваў кароткаметражкай «Колер кахання» і неўзабаве на пэўны час знік з поля зроку беларускіх аматараў кіно. Некалькі фільмаў, знятых ім у Расіі, не выклікалі цікавасці ў гледача і наогул прайшлі даволі непрыкметна. Але сёлета Мінск заварушыўся: Канановіч вярнуўся на «Беларусьфільм» і пачаў працаваць над новай стужкай. І чуткі, што некалькі месяцаў віравалі вакол фільма, які тады яшчэ меў рабочую назву «Грашовае дрэва», сведчылі толькі аб адным: здаецца, беларускі Кустурыца зноў узяўся за сваё...

Рознакаляровае каханне

Дваццаціхвілінную дыпломную стужку Аляксандра Канановіча «Колер кахання» не заўважыць было проста немагчыма.

/i/content/pi/mast/26/438/26.jpg
«Манро». Кадр з фільма. Вольга Паўлавец (Зіна–Манро).
Гэта быў выбух, выклік, вялікая каляровая пляма на кінематаграфічнай карце Беларусі. У гэтым фільме сапраўды ёсць усё. Тургенеўская атмасфера заручынаў імгненна пераўтвараецца ў сцэну з італьянскай навелы Адраджэння і адразу ж — у сцэну з рускіх народных казак. Фантасмагорыя, эксцэнтрыка, сюррэалізм, выключна каларытныя характарныя персанажы — маці-персіянка, бацька-Дурэмар, гратэскавае выкарыстанне незвычайна сакавітых, яркіх, чыстых колераў і запамінальная музыка ў выкананні Лявона Вольскага і гурта «Крамбамбуля», выдатная работа аператара. І, вядома, каханне, і, вядома, няпросты шлях да яго, і, вядома, хэпі-энд у сонечных струменях летняга дажджу. Здавалася б, занадта і зашмат. І немагчыма пазбегнуць перабольшвання. Але ж у мазаіцы гэтага фільма няма ніводнага лішняга кавалачка. Кожны смелы ход, кожнае неардынарнае вырашэнне невыпадковыя — яны нясуць на сабе пячатку сталага рэжысёрскага погляду. Бездакорны мастацкі густ і пачуццё стылю дапамаглі маладому рэжысёру стварыць таленавітую, яркую, вельмі аўтарскую стужку на мяжы фолу, ніводнага разу гэтую мяжу не пераступіўшы. Здавалася, што такіх фільмаў на Беларусі яшчэ не здымалі...

Фільм мае даволі доўгі спіс фестывальных узнагарод: Гран-пры XII кінафестывалю «Святая Ганна» (Масква, 2005), прыз глядацкіх сімпатый і дыплом за лепшае ўвасабленне задумы на XXV Міжнародным кінафестывалі Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (Масква, 2005), прыз імя народнага артыста Беларусі Міхаіла Пташука за лепшую студэнцкую работу на VI Нацыянальным кінафестывалі «Крыштальны бусел» (Брэст, 2005), за лепшую аператарскую работу на II Міжнародным студэнцкім фестывалі экранных мастацтваў (Чэлябінск, 2007) і яшчэ шэраг прызоў.

Куды вядуць «Рэйкі шчасця»?

Пасля дэбюту Канановіч пераехаў у Маскву. Нельга сказаць, што кар’ера яго ў Расіі не склалася: за чатыры гады зняў тры поўнаметражныя стужкі і серыял, працаваў з вядомымі артыстамі. Але гэта быў зусім не той рэжысёр, якога абяцаў яго першы твор.

Эксцэнтрычнасць яшчэ захоўваецца ў серыяле «Рэйкі шчасця» — пра жыццёвыя прыгоды правадніцы. Але тут эксцэнтрыка вынікае хутчэй са сцэнарыя, чым з яго рэалізацыі. Пасля прагляду серыяла не ўзнікае жадання запомніць прозвішча рэжысёра, бо цікавыя творчыя прыёмы, аўтарская індывідуальнасць тут фактычна адсутнічаюць.

Не менш безаблічная і лірычная камедыя пра прыгажуню з Галушкіна «Смокінг па-разанску», якая стала першай поўнаметражнай карцінай Канановіча. Замест таго, каб заняцца пошукам асабістага творчага шляху, рэжысёр папоўніў сваім творам плынь тыповых забаўляльных тэлефільмаў для сярэдняга глядацкага класа.

Стужка «Дзевяць прыкмет здрады» таксама не мае на сабе пячаткі рэжысёрскай індывідуальнасці, асобы аўтара там папросту няма. Гэта тыповая не толькі для Галівуда, але і для сучаснага расійскага кіно гісторыя пра тое, як бяздушны глянец здольны зламаць жыццё звычайным людзям з іх шчырымі і глыбокімі пачуццямі. Але, на жаль, у фільме гэтыя простыя і шчырыя людзі не выклікаюць ніякай сімпатыі і спачування. Антыпатыі, аднак, яны не вартыя таксама. Глядацкаму воку проста няма за што зачапіцца.

Калі стужка «Дзевяць прыкмет здрады» сваёй тыповасцю прымушае гледача пазяхаць, то апошняя маскоўская работа Аляксандра Канановіча — фільм «Манро» — выклікае сапраўднае здзіўленне ўжо на ўзроўні сюжэта: у вельмі стэрэатыпна паказанай расійскай глыбінцы на чыгуначным пераездзе працуе дзяўчына Зіна, добрая, ветлівая, старанная, рамантычная — і да таго ж кропля ў кроплю падобная да Мэрылін Манро. Зіна-Манро, вядома ж, чакае прынца, той, канешне, з’яўляецца на жыццёвым шляху гераіні і, безумоўна, ашуквае яе. Пасля цяжкіх душэўных пакутаў Зіна прыходзіць да высновы, што ўвесь гэты час яе сапраўднае шчасце было побач (публіцы фінал карціны зразумелы ўжо на трэцяй хвіліне прагляду). Зло пакарана, дабро ўзяло верх, і героі знікаюць — у шчаслівую будучыню на старэнькім іржавым аўтамабілі.

Бязладныя, ненатуральныя, штучныя дыялогі толькі падкрэсліваюць недарэчнасць таго, што адбываецца на экране. У фільме шмат нязначнага, няма нават следу той дасканалай цэласнасці дробязей, што так захапляла ў «Колеры кахання». Жанр вызначаны як меладрама, але гэта хутчэй трагікамедыя, бо часам проста немагчыма стрымаць усмешку ці нават смех, назіраючы за фатальнымі акалічнасцямі жыцця Манро чыгуначнага пераезда.

Фільмы Канановіча маскоўскага перыяду — гэта фільмы без рэжысёра, у якіх асоба аўтара не адчуваецца ні ў адным эпізодзе. І цяжка паверыць, што яму самому цікавыя гісторыі, якія ён распавядае. Гэтыя фільмы нібыта сабраны з кавалачкаў розных стужак. Быццам выкарыстаны своеасаблівы набор для дзіцячай творчасці — «Зрабі сучасны фільм сваімі рукамі».

Буфанада «Грашовага дрэва»

Мінулае лета прынесла выпадковым мінскім прахожым шмат уражанняў: па вуліцах горада пад грукат клубных танцавальных рытмаў калясіў дыска-аўтобус са святламузыкай, люстраным шарам і гарачымі прыгажунямі ўнутры. У новым фантане каля Тэатра оперы і балета ў балетнай пачцы купаўся Алег Гарбуз, адна з самых медыйных асоб айчыннага тэатра. А на беразе Камсамольскага возера спачатку тапіўся з гора, а потым паміраў ад шчасця хлопчык з чырвонымі валасамі. Тут жа, зусім побач, няспынна выраблялі грошы… цудоўныя дрэвы. І, напэўна, першы і апошні раз беларусы атрымалі магчымасць пабачыць сапраўдны ружовы танк.

/i/content/pi/mast/26/438/27.jpg

Кадр з фільма «Дасціш фантасціш». Аляксандр Казела (Ваня).

Менавіта так праходзілі здымкі новага фільма Аляксандра Канановіча «Дасціш фантасціш». Сцэнарый да стужкі рэжысёр напісаў разам з маладой беларускай сцэнарысткай Марыяй Мажар, выпускніцай Усерасійскага інстытута кінематаграфіі, сумесную працу з якой над фільмам «Ворагі» вельмі станоўча адзначаў вядомы расійскі рэжысёр Аляксей Учыцель. А сам Канановіч, размаўляючы з журналістамі, толькі ўдала падтрымліваў чуткі і міфы, што ўзнікаюць вакол будучай карціны. Падзеі ў фільме адбываюцца ў Афрыцы, прыродныя ландшафты якой здымаюць… пад Мінскам.

Што ж адбываецца ў стужцы на самай справе? Па сюжэце галоўны герой, звычайны вясковы хлопец, атрымлівае незвычайную спадчыну — зярняткі, з якіх можа вырасці грашовае дрэва. Вакол такой прывабнай спадчыны разгортваецца сапраўдная прыгодніцкая гісторыя, у якой дзейнічаюць самыя неверагодныя персанажы. Ну і, вядома, не забытае ў стужцы і каханне!

Аднак гаворка пра дасканалую рэалізацыю сцэнарыя на экране ў гэтым фільме не ідзе. Здымкі ўяўлялі сабой няспынную плынь рэжысёрскай фантазіі. Кожная сцэна будучага фільма — гэта імправізацыя на дадзеную тэму, гульня асабістымі асацыяцыямі, мастацкімі сродкамі і прыёмамі. Героі рабілі падчас здымак, здаецца, усё: скакалі з парашутам, куляліся ў пяску... Музычнае суправаджэнне фільма надзвычай яркае і паўнаважкае: мы не толькі зноў пачуем песні ў выкананні Лявона Вольскага, але і пабачым яго сярод герояў фільма, а спецыяльна для гэтай карціны гурт «NAKA» напісаў песню, якая стане сапраўдным хітом.

/i/content/pi/mast/26/438/27-.jpg

Рэжысёр Аляксандр Канановіч.

Не менш распальвае цікаўнасць кінаманаў і тое, як рэжысёр вызначае жанр будучай стужкі: па словах Аляксандра Канановіча, гэта будзе «эксцэнтрычны трылер з элементамі вадэвіля», але, мажліва, эклектычнае азначэнне дапоўніцца яшчэ і паняццем «буфанада».

У фільме занятыя, напэўна, амаль усе самыя вядомыя беларускія артысты. Акрамя ўжо згаданага Алега Гарбуза на экране з’явяцца Мікалай Кірычэнка, Сяргей Журавель, Зоя Белахвосцік, Тамара Міронава. Аднак галоўныя ролі дасталіся маладым Аляксандру Казелу і Марыі Возба.

Марыя Возба мае ўжо даволі сур’ёзны досвед удзелу ў розных кінапраектах: на яе творчым рахунку ролі ў фільмах «Дунечка», «Рыфмуецца з каханнем», у серыяле «Захопнікі», а таксама ў згаданай кароткаметражцы Канановіча «Колер кахання». Аляксандр Казела, наадварот, больш вядомы публіцы тэатральнай: пасля заканчэння Беларускай акадэміі мастацтваў ён трэці год працуе ў Купалаўскім тэатры і паспеў стварыць шэраг даволі прыкметных акцёрскіх работ у спектаклях «Дзеці Ванюшына», «Пінская шляхта», «Translations». Адзіным фільмам, у якім дагэтуль зняўся Аляксандр Казела, сталася стужка «Глыбокая плынь».

Эксцэнтрыка і фантасмагорыя, яскравасць і незвычайнасць, лепшыя артысты і цікавыя дэбюты… — па усіх прыкметах, ужо на пачатку лютага мы ўбачым новы поўнаметражны фільм менавіта таго самага Канановіча, які некалькі гадоў таму скарыў і ўразіў кінаманаў такім яркім «Колерам кахання».

Марына Тэзіна