Ім узнімаць прэстыж кіно

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

У 2005 годзе адбыўся першы ў гісторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў набор студэнтаў на тэатральны факультэт па спецыяльнасці «кінатэлезнаўства». Цяпер гэтыя дзевяць студэнтак на другім курсе. Я іхні куратар, таму цудоўна бачу, як дзяўчаты імкліва набываюць веды ў галіне экраннага мастацтва, як паступова фармуецца іхні мастацкі густ. Студэнткі вывучаюць гісторыю і тэорыю кіно, праходзяць практыку на Беларусьфільме, праглядаюць стужкі, абмяркоўваюць рэтраспектывы і прэм’еры ў Доме кіно, актыўна выступаюць на канферэнцыях БДАМ.

 /i/content/pi/mast/2/43/p.16_1.jpg
 В.Нячай са студэнткамі-кіна-тэлезнаўцамі
Творчая дзейнасць Паліны Тамашэўскай, Ганны Лагвіненка і Адэліны Паповай адзначана летась на рэспубліканскім аглядзе студэнцкіх работ. У Акадэміі выпушчаны два зборнікі «Маладыя пра “Лістапад”», у якіх будучыя мастацтвазнаўцы шчыра і непасрэдна ацэньваюць фестывальныя фільмы.
У снежні мінулага года, калі святкавалася 80-годдзе першага беларускага фільма «Лясная быль», студэнткі разам з прафесійнымі кіназнаўцамі бралі ўдзел ў навукова-практычнай канферэнцыі ў Прылуках, дзе на месцы рэальных гістарычных падзей, у былой сядзібе графа Гутэн-Чапскага, рэжысёр Юрый Тарыч здымаў у 1926 годзе гэты славуты фільм. Студэнткі -- пастаянныя ўдзельніцы абмеркаванняў лепшых нашых дакументальных стужак падчас сустрэч з іх аўтарамі -- дакументалістамі студыі «Летапіс» у мінскім кінатэатры «Цэнтральны».
Кожны навучальны семестр завяршаецца напісаннем курсавых работ. Тэмы іх звязаны і з беларускім, і з сусветным кінамастацтвам. Гэта навучальныя, аўтарскія, творчыя работы. Яны добра ілюстраваны кадрамі з фільмаў, у іх даюцца слоўнікі тэрмінаў, прыводзяцца аргументаваныя сведчанні пра сувязь кіно з іншымі відамі мастацтва, змяшчаюцца ўрыўкі гутарак са слыннымі кінематаграфістамі.
Чым прываблівае студэнтак кіно? Дзяўчаты зачараваны высокім мастацтвам, вышынямі творчасці буйнейшых рэжысёраў свету. Вядучую ролю ў развіцці кінематографа адводзяць класіцы і высокамастацкай літаратуры. Крысціна Піскунова, да прыкладу, лічыць, што вельмі цікава параўноўваць літаратурны твор і экранізацыю. Паліна Тамашэўская працуе над змястоўнай курсавой тэмай «Санетная форма фільма» (на прыкладзе мастацкай стужкі Валерыя Рубінчыка «Вянок санетаў», дзе гучаць вершы Бэлы Ахмадулінай). А Настасся Харытоненка даследуе эпічныя формы ў супастаўленні рамана Івана Мележа «Людзі на балоце» і аднайменнага фільма Віктара Турава, звяртаецца да архіваў, да калег рэжысёра, што працавалі над экранізацыяй, акцэнт у даследаванні робіць на выяўленча-пластычнай мове кіно. Адэліна Папова захоплена здольнасцю высокага кіно ў адну секунду адлюстраваць стан персанажа, апісаны ў літаратурным творы на некалькіх старонках, -- зрабіць гэта праз погляд героя, ягоны жэст, цень дрэва, колер неба…
Поруч з глыбокім асэнсаваннем высокага мастацтва студэнткі, вядома, аналізуюць і масавы сучасны кінапрацэс. Натуральна, бачаць вялікі кантраст паміж таленавітым увасабленнем духоўных ідэалаў чалавецтва і індустрыяй, якая неўтаймоўна штампуе прымітыўны рынкавы прадукт. Серыялы, што здымаюцца за некалькі дзён па схематычных сцэнарыях, падаюцца будучым кіназнаўцам не вартымі ўвагі. Яны адмаўляюць чарнуху з яе ненарматыўнай лексікай -- ганьбай для чалавека. Не прымаюць кінематаграфічную шэрасць, якая сведчыць пра заніжанасць мастацкіх крытэрыяў у аўтараў сучасных стужак. Стан сённяшняга беларускага мастацкага кіно выклікае ў студэнтак зразумелую трывогу. Яны ведаюць, як многа зрабілі для яго развіцця «шасцідзесятнікі -- дзеці вайны», якімі высокамастацкімі, эталоннымі былі экранізацыі беларускай і рускай класікі, фільмы для дзяцей.
Як узняць прэстыж беларускага кіно? Вырашэнне гэтай праблемы студэнткі аддзялення кінатэлемастацтва наўпрост звязваюць з абранай прафесіяй. Яны яшчэ не ведаюць, дзе будуць запатрабаваныя: на Беларусьфільме (некаторыя хочуць стаць рэдактарамі ці сцэнарыстамі), у часопісах і газетах (як крытыкі), на каналах Беларускага тэлебачання… Але шчыра жадаюць працаваць над нацыянальнымі дзяржаўнымі кінапраектамі, над фільмамі капрадукцыі, над сапраўды цікавымі і пазнавальнымі тэлесерыяламі.

Вольга НЯЧАЙ,
прафесар кафндры гісторыі і тэорыі мастацтваў.