Яркае зіхаценне і дзіўныя цені

№ 11 (320) 01.11.2009 - 30.11.2009 г

Калі добра падумаць, дык сама наяўнасць Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, які сёлета прайшоў у Беларусі ўжо чацвёрты раз, — з’ява ў нечым фенаменальная. У той час, калі наша культурная прастора літаральна захлынаецца ў патоку крыклівай «папсы», што ліецца з кожнай радыёкропкі, з кожнай аўтамашыны і кожнага ўключанага тэлевізара, — высвятляецца, што маштабны фестываль класічнай, акадэмічнай, найперш інструментальнай музыкі збірае поўныя залы, выклікае велізарны рэзананс у грамадстве, нарэшце, знаходзіць падтрымку першых асоб дзяржавы.

Але, з другога боку, гэта лагічна і натуральна. Бо такой колькасці зорак першай велічыні ў сусветным музычным выканальніцтве даўно не збірала Беларусь, мы даўно не бачылі такога зарападу! Імёны скрыпачоў Віктара Траццякова і Алены Баевай, піяністаў Васіля Лабанава і Крыстафера Элтана, віяланчэлістаў Наталлі Гутман, Сяргея Ралдугіна, Аляксандра Бузлова, альтысткі Дымут Попен прымушалі сэрцы сапраўдных меламанаў трымцець ад бясконцай радасці.

/i/content/pi/mast/25/427/25.jpg

«Кармэн-сюіта» Бізэ — Шчадрына. Ульяна Лапаткіна (Кармэн).

А калі ад эмоцый плаўна перайсці да аспектаў культурнай палітыкі, дык нельга не пагадзіцца з міністрам культуры Паўлам Латушкам, які на прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця форуму заўважыў, што правядзенне IV Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета спрыяе міжнароднаму прэстыжу краіны і паляпшэнню іміджу Беларусі за яе межамі.

Размах. Піяр. Чаканне

Спачатку крыху інфармацыі, якая дае ўяўленне пра размах падзей, што адбываліся ў Мінску ў першай палове кастрычніка. IV Міжнародны фестываль Юрыя Башмета ўпершыню ладзіўся ў адпаведнасці з пастановай урада краіны. У гэтым адна з яго галоўных адметнасцей. Арганізатарамі форуму выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінгарвыканкам.

Мінулыя фестывалі прайшлі з вялікім поспехам. Чым ён быў абумоўлены? І тым, што разам з зоркамі сусветнай музыкі мелі магчымасць выступаць маладыя выканаўцы. І тым, што з кожным годам ён набывае ўсё большы размах — сёлета ў ім удзельнічалі ажно пяць сімфанічных аркестраў — акрамя «Новай Расіі» і «Салістаў Масквы», мастацкім кіраўніком якіх з’яўляецца сам Юрый Башмет, гэта тры беларускія калектывы — Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, аркестр Нацыянальнага тэатра оперы і балета, а таксама Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь.

Цікава, што фінансавы ўдзел дзяржавы ў фестывалі складаў сёлета толькі чвэрць ад патрэбных сум, ад 8 да 10 працэнтаў арганізатары атрымалі ад продажу білетаў, а ўсе астатнія сродкі паступілі ад шматлікіх спонсараў музычнага свята. Сярод іх — кампаніі JTI, «Белтэхэкспарт», «Siemens», МТС і інш. Атрымліваецца, што марныя бясконцыя кулуарныя размовы пра тое, што буйны бізнес не хоча і не можа быць спонсарам культурных акцый і што яму тое нявыгадна? Заўважу, што спонсары ў дадзеным выпадку або нашы, беларускія, або нацыянальныя прадстаўніцтвы буйных кампаній. Значыць, іх можна знайсці, яны ёсць. І з ахвотай удзельнічаюць у «прасоўванні» таго музычнага прадукту, які мае папулярнасць у найбольш прагрэсіўнай часткі грамадства.

Што датычыць рэкламы фестывалю, дык яе было шмат, яна выглядала разнастайнай і была зроблена паводле ўсіх законаў піяру. Рэкламныя ролікі бясконца «круціліся» па многіх тэлеканалах і на экранах метро. Багата было надрукавана рэкламнай прадукцыі для журналістаў. Такім чынам, усе і ўсё рыхтавалася для сустрэчы зорак! Нагадаю, адкрыццё і закрыццё форуму адбыліся ў абноўленым будынку Тэатра оперы і балета. (Зразумела, яго хацелася паказаць прадстаўнічым гасцям. Там жа працаваў і «штаб» фестывалю, рэкламны аддзел тэатра актыўна займаўся піяр-прадукцыяй і кантактаваў з прэсай.) Усе астатнія канцэрты ладзіліся ў Белдзяржфілармоніі і канцэртнай зале Акадэміі музыкі.

Першыя расчараванні

Праграма адкрыцця была сфармулявана вельмі ўдала — «Вечар Кармэн». Музыка геніяльнага Бізэ паўстала ў аркестравым варыянце, у вакальных фрагментах з оперы, нарэшце, у харэаграфічным увасабленні.

Канцэрт адкрыцця выклікаў агромністую цікавасць і нават ажыятаж, але і пакінуў у каго лёгкі, а ў каго і моцны прысмак расчаравання. Справа нават не ў тым, што свята, самыя дарагія білеты на якое каштавалі па беларускіх мерках нятанна — 100 тысяч рублёў, пачалося са спазненнем амаль на гадзіну. І не ў тым, што амаль на столькі ж зацягнуўся антракт між дзеямі, бо дно аркестравай яміны чамусьці ўпарта не хацела падымацца. З-за куліс і са сцэны ўвесь час гучалі прабачэнні. Можа варта паважаць 1200 чалавек, якія сабраліся ў зале ў чаканні радасці?

Арганізацыйныя «няўвязкі» і нявыверанасць праграмы, на жаль, шкодзілі ўспрыманню музыкі. Напрыклад, выходзяць вядучыя, абаяльная спявачка Таццяна Гаўрылава і тэлевядучы Яўген Лашкоўскі, аб’яўляюць нумар, але... на сцэну выходзяць зусім іншыя артысты. Разгубленыя вядучыя хуценька аб’яўляюць іх. Хіба не прасцей дамовіцца за кулісамі, хто за кім выходзіць на сцэну? Далей. У буклеце пазначана: «Бізэ — Горавіц. Фантазія на тэмы з оперы “Кармэн” для фартэпіяна і аркестра». Але замест яе... чамусьці гучыць балада Шапэна. У выдатнай інтэрпрэтацыі вядомага піяніста і мастацкага кіраўніка фестывалю Расціслава Крымера. У яго вельмі прыгожы гук, выдатная піяністычная тэхніка, ён раскаваны, інтэлектуальны выканаўца і дакладна ўзнаўляе дух вытанчанага шапэнаўскага твора. Але якое дачыненне мае Шапэн да Бізэ? Можа, баладу часта слухала Кармэн, калі працавала на тытунёвай фабрыцы? Хутчэй за ўсё, твор для фартэпіяна і аркестра не хапіла часу адрэпеціраваць, бо гэта складаней, чым сачыненне сольнае. Таму Бізэ — Горавіца пабаяліся выносіць на слухацкі суд. Шкада, але такі ўзровень арганізацыі не надта адпавядае статусу міжнароднага фестывалю.

Калі ж весці гаворку пра менавіта музычныя ўражанні таго вечара, дык трэба згадаць і надзвычай цікавы Дзяржаўны сімфанічны аркестр «Новая Расія» пад кіраўніцтвам Башмета, які беларускі меламан чуе ці не ўпершыню; і сапраўды віртуозную скрыпачку Алену Баеву, якая ўразіла сваёй экспрэсіўнай ігрой; і мецца-сапрана з Баварскай оперы Алену Максімаву; і нашага тэнара Эдуарда Мартынюка, які здолеў на невялікай музычнай прасторы стварыць яркі вобраз Хазэ і перадаць ягоную драму.

Асцярожна заўважу, што вакальных фрагментаў з «Кармэн» магло б быць больш. Можа, для гэтага варта было б выкарыстаць багатыя магчымасці Нацыянальнай оперы? Мог бы з’явіцца на сцэне і Уладзімір Пятроў, уладальнік незвычайна прыгожага барытона, выканаўца партыі Эскамільё. І шэраг яскравых Кармэн трупы — Аксана Волкава, Аксана Якушэвіч, Алена Сало. Яны адметныя, розныя, і, магчыма, параўнанне розных вакальных школ было б толькі на карысць — і вечару, і публіцы, і музыцы.

«Кармэн-сюіта» — ваша ці наша?

Яшчэ адной шматабяцальнай падзеяй магла зрабіцца «Кармэн-сюіта» ў пастаноўцы Альберта Алонса і сцэнаграфіі Барыса Месэрэра, паказаная ў той жа вечар. У галоўнай партыі — зорка сусветнага балета Ульяна Лапаткіна. Але агульнае ўражанне таксама аказалася супярэчлівым. Той, хто ніколі не бачыў версію Алонса, атрымаў пэўнае задавальненне. Бо радасці неафіта, як кажуць, няма межаў.

«Профі» ўспрымалі ўсё крыху іначай. Тая «Кармэн-сюіта» даўно набыла хрэстаматыйны глянец, яна безліч разоў эксплуатавалася эпігонамі і капіістамі, спарадзіла шлейф перайманняў. Як мала каго можна сёння здзівіць карцінай Шышкіна «Раніца ў сасновым бары», бо яна — мастацкі штамп, клішэ, так і нашу публіку, якая бачыла спектаклі зусім іншага ўзроўню харэаграфіі і рэжысуры, нельга здзівіць балетам, пастаўленым у маскоўскім Вялікім тэатры ажно 42 гады таму.

Не хачу нікога пакрыўдзіць, але, на мой густ балетнага крытыка, наша «Кармэн-сюіта» непараўнальна больш адметная па сваіх мастацкіх вартасцях. Больш сучасная і жывая. Прывозіць вельмі даўнюю пастаноўку ў горад, дзе існуюць моцныя харэаграфічныя традыцыі, — як бы сказаць больш далікатна? — не зусім дальнабачна. Спектакль выконваўся зборнай трупай — салісты Вялікага і Марыінскага тэатраў, балетная трупа Нацыянальнага тэатра оперы і балета Украіны. У такіх выпадках цяжка дасягнуць ідэальнага супадзення ўсіх фрагментаў. Шкада, што ні вядучыя не аб’явілі, ні ў праграмцы не было пазначана, хто з салістаў каго танцаваў. Нібы яны таго і не заслугоўвалі.

Што датычыць выканання партыі Кармэн Ульянай Лапаткінай... Шмат гадоў я з’яўляюся гарачай прыхільніцай таленту балерыны. Яна — адна з самых яркіх асоб у сучасным балеце. Не толькі расійскім, але і сусветным. Можна зразумець артыстку, якая хоча пашырыць межы свайго пластычнага дыяпазону. Бо Кармэн — партыя, якую можна спасцігаць усё жыццё і дарэшты не спасцігнуць. Але мастацкія адкрыцці нараджаюцца тады, калі ў артыста ёсць штосьці ад героя, калі яны хоць дзе-небудзь супадаюць! «Кармэн-сюіта» некалі ставілася з разлікам менавіта на Маю Плісецкую, яе магутную пачуццёвую індывідуальнасць, фенаменальную пластыку. Тады пырскі эмоцый і эратызму літаральна ззялі ў паветры.

Лапаткіна — балерына іншая. Часам рамантычная і трагедыйная, часам сухавата-інтэлектуальная. Кожную хрэстаматыйна вядомую позу і кожны рух яна выконвала да драбніц дакладна. Але справа ў тым, што партыя гэта не яе. Ну, не яе! І што тут зробіш?! У спектаклі існавалі асобна музыка Бізэ-Шчадрына, асобна — харэаграфія. І асобна — Ульяна Лапаткіна. Калі ў арганізатараў фестывалю была неверагодная, сапраўды ўнікальная магчымасць прывезці ў Мінск і яе, і шэраг вядучых артыстаў Марыінкі, дык, можа, варта было замаўляць або творчы вечар балерыны, або праграму новую, свежую, якая прэзентавала б зорку сусветнага балета з выйгрышнага боку? Адкрыцця, на жаль, не адбылося. Шкада. Бо немалыя грошы і арганізацыйныя магчымасці можна было выкарыстаць з большым эфектам.

Музычны тэатр Галіны Вішнеўскай

Звычайна дзе менш чакаеш, там больш знаходзіш. Шмат непаўторных і яскравых уражанняў пакінула яшчэ адна важкая падзея — праект, які прэзентаваў Цэнтр оперных спеваў Галіны Вішнеўскай. Ён прыехаў да нас упершыню і выклікаў велізарную цікавасць яшчэ і таму, што міжнароднага опернага фестывалю ў Беларусі па-ранейшаму няма. А патрэба ў ім ёсць, як і жаданне дасведчанай публікі ведаць, куды і як рухаецца сусветнае вакальнае мастацтва.

/i/content/pi/mast/25/427/28.jpg

Піяніст і мастацкі кіраўнік фестывалю Расціслаў Крымер.

Шкада, што легендарная Галіна Вішнеўская не змагла прыехаць у Мінск разам са сваімі салістамі, але праграма канцэрта ў 2-х аддзяленнях была складзена менавіта ёю. У яе ўвайшлі ўрыўкі з класічных опер. І рускіх («Іаланта», «Алека»), і заходнееўрапейскіх («Норма», «Кармэн», «Фаварытка», «Фаўст», «Трубадур», «Лючыя дзі Ламермур»). Захапленне вакальнымі і артыстычнымі талентамі, бляск, зіхаценне, лёгкая «белая» зайздрасць — вось асноўныя пачуцці, якія я перажывала, седзячы ў зале.

Шасцёра салістаў Цэнтра Вішнеўскай (тэнар, барытон, бас, адно мецца і два сапрана) выступалі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра (на чале з Віктарам Бабарыкіным), які акампаніраваў надзвычай тонка, чула, дакладна. Са спевакоў найбольш моцнае ўражанне зрабілі Канстанцін Бржынскі, уладальнік «паўднёва»-рамантычнай знешнасці і надзіва прыгожага, аксамітна-таемнага голасу, і Наталля Баброва, якая ва ўрыўках з «Іаланты» і «Трубадура» прадэманстравала такую вакальную свабоду, прыгажосць голасу, такое акцёрскае майстэрства, якіх мы даўно не бачылі. Разам з гасцямі выступаў і Анатоль Сіўко, нядаўні пераможца тэлеконкурсу «Маладыя галасы Беларусі», а цяпер саліст аркестра. Праспяваная ім найскладаная каваціна Алека выявіла і моц голасу, і шырокую амплітуду адлюстраваных пачуццяў, так што наш вакаліст успрымаўся як годны партнёр маскоўскіх калег.

Масквічы прывезлі з сабой прэзентабельны буклет, з якога можна было шмат даведацца пра дзейнасць, здабыткі і поспехі артыстаў Цэнтра. Ён мае шыкоўны 5-павярховы будынак на Астожанцы, у цэнтры сталіцы, з уласнай тэатральнай сцэнай і рэпетыцыйнымі заламі. Каб трапіць у Цэнтр, трэба вытрымаць немалы конкурс. Гадаванцы Вішнеўскай дастаткова часта ўдзельнічаюць у самых прэстыжных фестывалях па ўсёй Еўропе (Парыж, Рым, Лондан), пра многія з якіх мы проста не ведаем. Такі Цэнтр — фактычна яшчэ адзін музычны тэатр, які час ад часу прэзентуе ўласныя прэм’еры. Зразумела, узнікненне падобнай структуры адлюстроўвае стаўленне расійскай улады да такой зоркі, як Галіна Вішнеўская. Але і стаўленне да жанру оперы — таксама! Міжволі нараджаецца шкадаванне, што аналагічнай спеўнай школы няма ў Мінску. А хіба не мог бы з’явіцца ў нас Цэнтр оперных спеваў Марыі Гулегінай, сусветнай зоркі, дзякуючы аўтарытэту якой многія вядомыя оперныя салісты згадзіліся б прыязджаць у Беларусь спяваць і даваць майстар-класы?

Свята і баль інструменталістаў, або Акадэмія, vivat!

Бясспрэчна, адным з самых значных і прыцягальных момантаў фестывалю была наяўнасць у яго праграме Маладзёжнай акадэміі краін СНД. Разнастайныя майстар-класы, падчас якіх сустракаюцца, дзеляцца карысным вопытам, сумесна музіцыруюць сусветна вядомыя зоркі і маладыя музыканты, адбываліся і ў праграме ранейшых фестываляў Башмета. Сёлета яны набылі больш грунтоўную і прадстаўнічую форму Маладзёжнай акадэміі.

Вядома, з’яўленне такой структуры патрабавала немалой папярэдняй арганізацыйнай працы. Бо ў майстар-класах удзельнічаў 21 малады музыкант з розных краін, у тым ліку 5 — з Беларусі. У кожнай з краін прайшоў досыць суровы адбор для таго, каб музыкант мог трапіць у Мінск. Усе майстар-класы і канцэрты ладзіліся ў рэпетыцыйнай канцэртнай зале нашай Акадэміі музыкі. Быць не толькі таленавітым, але і своечасова заўважаным — гэта рэдкая прывілея! Гэтаксама, як магчымасць кантактаваць з недасяжнымі зоркамі першай велічыні.

Майстар-класы і сустрэчы ішлі фактычна штодня, на працягу ўсяго фестывалю. І кожны раз зала Акадэміі музыкі аказвалася запоўненай зацікаўленымі студэнтамі і выкладчыкамі. Бо сярод іх суразмоўцаў былі піяніст Васіль Лабанаў, прафесар Вышэйшай школы музыкі Кёльна; віяланчэліст Сяргей Ралдугін, кіраўнік Пецярбургскага Дома музыкі. Часам дыялог ішоў з дапамогай перакладчыка — калі студэнты сустракаліся з вядомай альтысткай Дымут Попен (Германія), прафесарам Вышэйшай школы музыкі Дэтмольта, канцэртмайстрам Клаўдыё Абада; або з прафесарам Крыстаферам Элтанам (Вялікабрытанія), загадчыкам кафедры фартэпіяна Каралеўскай акадэміі музыкі Лондана. Такое суквецце музыкантаў падобнага ўзроўню і рангу даўно не збіралася ў Мінску! Уразілі дзве яркія філарманічныя імпрэзы — канцэрт прафесараў Акадэміі і сумесны канцэрт настаўнікаў і вучняў, які стаўся адначасова яе закрыццём. Сапраўднае свята і баль інструменталістаў!

Крамольныя думкі і выніковыя прапановы

Шчыра кажучы, падчас фестывалю ўзнікалі моманты, якія крыху засмучалі. Напрыклад, узаемаадносіны з прэсай. Перад канцэртам адкрыцця прэса да самага апошняга моманту не ведала, знойдуцца для яе месцы ў зале або ўсю праграму трэба будзе слухаць стоячы. На прыступках сядзець нельга — запярэчаць прадстаўнікі МНС. Неяк несалідна? Вядома!

Другое пытанне, больш канцэптуальнае. Фестываль, пры яго бясспрэчным размаху і неацэннай карысці — для слухачоў, студэнтаў, аматараў і «профі», — мае пакуль што «касмапалітычную» скіраванасць. Што ўвогуле ўласціва класічнай музыцы. Як зацікаўленаму слухачу, які шмат гадоў сочыць за развіццём беларускай музыкі ў розных жанрах і відах, мне б хацелася, каб у праграме наступнага фестывалю быў прынамсі адзін (!) дзень, калі б на сцэне панавала менавіта нацыянальная музыка. Каб яна гучала ў выкананні і запрошаных зорак, і айчынных аркестраў, у інтэрпрэтацыі маладых інструменталістаў. Няўжо сярод назапашанага за некалькі стагоддзяў не набярэцца хоць бы на адну праграму ў 2-х аддзяленнях? Хіба, запрашаючы зорак, мы не можам прапанаваць ім выканаць па адным невялікім беларускім творы? Нават з пачуцця ўдзячнасці за гасціннасць, думаю, не адмовіліся б. Выдатна, калі фестываль прэзентуе нашай публіцы замежных зорак. Але можа, магчымасці замежных зорак варта выкарыстоўваць, каб прэзентаваць у свеце беларускае мастацтва?

Выдатна, што ў свеце існуюць такія асобы, як Юрый Башмет, а на мінскім фестывалі ягонага імя з’яўляюцца ўсё новыя зоркі і калектывы. А ці магчымы ў Беларусі аналагічныя фестывалі, у назве якіх будзе стаяць імя айчыннага творцы — кампазітара, выканаўцы, спевака? «Імянныя» конкурсы ў нас існуюць. Міжнародны імя Іосіфа Жыновіча — для выканаўцаў на народных інструментах. Конкурс камерных ансамбляў імя Міхала Клеафаса Агінскага. Кампазітарскі — імя Юрыя Семянякі. Праўда, апошнім часам на яго не хапае грошай. Прайшоў І Міжнародны конкурс вакалістаў імя Ларысы Александроўскай. На наступныя, зноў-такі, пакуль не знайшлося сродкаў. Ёсць яшчэ конкурс ВІА імя Уладзіміра Мулявіна ў межах «Залатога шлягера». Дык гэта ўсё асобы, якія адышлі ў лепшы свет. А як з «імяннымі» фестывалямі жывых беларускіх музыкантаў? Думаю, пакуль мы да іх проста не дараслі. (У якасці выключэнняў можна назваць імёны Аляксандра Анісімава або Валянціна Елізар’ева). Не дараслі хоць бы з той прычыны, што жывыя творцы дастаткова раўнівыя да нечыіх поспехаў, маўляў: «а чаму яму (ёй) такая ласка, а не мне?» Мне здаецца, для нашай публікі абавязковая ўмова, каб Герой прыйшоў аднекуль, каб ён быў «варагам». Каб у ім была тайна, каб ён быў не «адсюль». Бо «тутэйшыя» апрыёры не могуць быць героямі.

Ну, а які вынік вашых разважанняў? — спытае чытач. Паўтаруся, Міжнародны фестываль Юрыя Башмета — адна з самых яркіх і маштабных падзей адыходзячага музычнага года. Такі прадстаўнічы міжнародны форум павінен быць, жыць, развівацца далей. Ён яшчэ вельмі малады, яму ўсяго чатыры гады. Таму многае можна спісаць на выдаткі росту. А заўвагі, якія былі выказаны вышэй, нарадзіліся ад жадання бачыць фестываль яшчэ больш маштабным і годным...

Таццяна Мушынская