Выспа шчасця

№ 11 (320) 01.11.2009 - 30.11.2009 г

Калі б ва Уладзіміра Тоўсціка была схільнасць да пышных юбілеяў, якія прымушаюць некаторых з яго калег па рамястве пускаць у ход усе чатыры дзеянні арыфметыкі, каб атрымаць хоць якую падставу прыўзнесці сябе, — ён мог бы па праве спалучыць выстаўку сваіх твораў з такой саліднай датай, як 60-годдзе з дня нараджэння. Спіс яго галоўных палотнаў адкрываецца пачаткам 1970-х. З тае пары мінула амаль чатыры дзесяцігоддзі — таксама блізка да круглай даты. Але Тоўсцік аб гэтым быццам забыўся, альбо пажадаў забыцца, што ў сутнасці адно і тое ж.

Сваю выстаўку ён адкрыў 21 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі нібыта на хаду, у дзелавой прастаце, як чарговы этап — між доўгім шэрагам таго, што ён ужо зрабіў, і таго, што яшчэ зробіць. У гэтым — больш сцверджання сваёй сілы і значнасці, чым у любых юбілеях.

Такі жэст зразумелы. Тоўсцік — адзін з самых жыццеўстойлівых нашых мастакоў. У ім не бачна стомленасці. Пульс яго жывапісу амаль гэткі ж роўны і моцны, як, скажам, дзесяцігоддзе таму. Гэта не аберацыя памяці і не кампліментарнае перабольшанне. Такіх майстроў не так ужо шмат у нашым мастакоўскім племені. Адно гэта яшчэ не робіць іх рашаючымі фігурамі ў творчасці, але заўсёды ставіць у асноўную, «ударную», групу.

Ёсць просты спосаб праверыць гэта: пайсці на выстаўку альбо ў майстэрню Тоўсціка, параўнаць карціны, якія памечаны 1970 — 80-мі гадамі, з пазнейшымі — 1990-х гадоў, пачатку ХХІ стагоддзя. Пабачым, што «fuga temporum» — «бег часу» — канешне, мяняў у мастака вобразна-пластычнае мысленне ў жывапісе, але амаль не аслабіў рашучасці, стройнасці і паўнаты выяўлення.

З прыроднай моцы, якой вылучаецца яго натура, вынікае адна з галоўных рысаў мастацтва Уладзіміра Тоўсціка: ягонае, так бы мовіць, здароўе. Яшчэ адна рыса знаходзіцца ў суладдзі з першай (як яе вытворнае): Тоўсцік — аптыміст. Хочацца сказаць: непахісны і нязломны аптыміст. У яго ўніверсальная жыццярадаснасць пэндзля. Ён любіць свае мадэлі, жывыя рытмы старых гарадоў, гукі музыкі і тэатральныя бенефісы, якія віртуозна ператвараюцца ў жывапісныя жамчужыны і робяцца на яго палотнах карцінамі-спектаклямі, карцінамі-прытчамі, поўнымі элегічна-настальгічных пачуццяў.

Прырода Тоўсціка выявілася ў тым, што ён хутка знайшоў класічны камертон свайму так званаму посттрадыцыяналізму, далёкія вытокі якога пры жаданні можна пабачыць і ў Веласкеса, і ў заходнееўрапейскіх мастакоў XVII стагоддзя, і ў феерыі фарбаў жывапісцаў пачатку ХХ стагоддзя.

/i/content/pi/mast/25/426/20.jpg

Шэры ранак. Фларэнцыя. Алей. 2009.

Гэта значыць, Тоўсцік прымушае наша вока быць органам не толькі зроку, але і дотыку. Мы павінны не толькі ўбачыць, але адначасова і «абмацаць» позіркам гэтую пругкую паверхню лат Мікалая Радзівіла Сіроткі альбо купала Сабора святога Пятра; ілюзорную шчыльнасць тканіны ў палотнах «У водблісках рампы», «Цырк. Жанчына-воблака», «Афіцэр і дама», звонкую пявучую лінію гарадскіх ратуш, ажурных аркад, лоджый, баптыстэрый, іншых архітэктурных «мізансцэн» і музычных акордаў, увасобленых у фарбах.

Дарэчы, пра музыку. Музыка Тоўсціка — гэта музыка Сусвету. Таму ніколі не сціхне гук ражка таго паляўнічага з трыпціха «Ладдзя часу», што можна пабачыць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Ён, гэты ражок, будзе ўпарта працінаць пыл гістарычнага быцця.

Для Тоўсціка няма ні «высакародных», ні «заняпалых» жанраў. Яму патрэбна дыхтоўнасць рэчы і мастацтва. Што добра апрацавана і добра перададзена — само сабою зразумела. Але гэтага мала. Ён шукае ў жывапісе матэрыяльнасці, «рэчыўнасці» атрыбутаў і ўнутранай сутнасці таго свету, у якім жывуць яго мадэлі. Так, Тоўсцік — «матэрыялістычны» рэаліст са сваёй адметнай метафарай і алегорыяй, са сваёй філасофіяй. Яго філасофія сапраўды асаблівая, якую нельга мераць «ідэалізмам» альбо «матэрыялізмам», бо яна не аперыруе катэгорыямі і тэрмінамі. Гэта — нейкае жыццеўспрыманне, якое пераўтвараецца ў стыхіі фарбаў і вобразаў, праграмнае альбо інтуітыўнае. І раннія творы Тоўсціка былі семантычна багатыя, насычаныя асацыяцыямі. Але ў апошнія гады Тоўсцік усё больш мае цягу да знака, сімвала, алегорыі.

Па сутнасці, ён заўсёды заставаўся няпростым. Зараз гэтыя пласты раскрываюцца ўсё больш выразна. Аб гэтым сведчаць хаця б такія зусім новыя карціны, як «Белы, белы, белы дзень», «Вясна ў горадзе», «Мой горад», «Лета мінае», «Анюта», «Старое люстэрка», «Ціхая размова», «Шэры ранак. Фларэнцыя», «Дазвольце з Вамі пазнаёміцца», а таксама цудоўны габелен «Паляўніцтва», які мастак зрабіў для Мірскага замка.

«Бягом», «на хаду» глядзець творы Тоўсціка нельга. У іх, як правіла, ёсць тэкст і падтэкст, яўная сюжэтная кампазіцыя, канкрэтная апавядальнасць; вонкавая прастадушнасць (асабліва ў карцінах пра стары Мінск) спалучаецца з глыбокім сэнсам, які скрыты за абалонкай «простых рэчаў». І гэтыя «рэчы» самым фантастычным чынам узаемадзейнічаюць між сабой і даюць гледачу духоўны пажытак для роздумаў і разваг.

Выстаўка жывапісу Тоўсціка была роўнай, традыцыйнай. Мастак у звычнай сіле. Пэндзаль яму паслухмяны гэтак жа, як і 10-20 гадоў таму. Ён піша з упэўненасцю і ведамі, якія патрабуюць меркавання аб яго мастацтве як пра з’яву ў цэлым, але не даюць ніякай прасторы для праставатага супрацьпастаўлення аднаго перыяду творчасці другому. Такая крытыка будзе бітая. Хаця я ведаю, што ахвотнікі да яе, асабліва сярод калег па цэху, ёсць.

Гаворка ідзе не пра тое, што ў Тоўсціка былі якіясьці няўдачы ў пэўным годзе і на нейкай выстаўцы. У якога мастака іх не было? Гаворка ідзе аб агульным калібры з’явы, якая носіць імя «Уладзімір Тоўсцік». Ці час судзіць аб гэтым? Можа, і пара: 30 гадоў працы з выразна выяўленым плёнам. Званне заслужанага дзеяча мастацтваў, Дзяржаўная прэмія і прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, прафесарства ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — даюцца не за прыгожыя вочы.

/i/content/pi/mast/25/426/22.jpg

Старое люстэрка. Алей. 2009.

«Гістарычныя абрысы» Тоўсціка вядомыя і ясныя. Яны бяруць пачатак і ў сям’і, і ў тэатральна-мастацкім інстытуце, і ў Акадэміі мастацтваў СССР у Баку, і на першых выстаўках ў краіне і за яе межамі. Ужо можна падвесці і пэўныя вынікі пройдзенага немалога шляху. Усе паказчыкі ў наяўнасці: шматлікія выстаўкі, у тым ліку — персанальныя і групавыя ў Беларусі, Расіі, Германіі, Фінляндыі, Грэцыі, Польшчы, Італіі, КНР, Інданезіі. Прысутнасць карцін у музеях і галерэях Беларусі і замежных краін свету; штодзённая праца ў майстэрні і кіраўніцтва кафедрай малюнка на мастацкім факультэце Беларускай акадэміі мастацтваў... А галоўнае — любоў і прызнанне разумнага гледача, заваяваць якія не кожнаму дадзена.

Канешне, можна падраздзяліць карціны Тоўсціка па прыкметах якасці, па жанрах, па вялікіх і малых памерах, але зусім не па цяжкасці і лёгкасці стварэння. Усе яны створаны быццам бы з роўнай энергіяй, хоць некаторыя творы, у тым ліку ў Нацыянальнай бібліятэцы альбо ў Мінскай ратушы, нараджаліся доўга і пакутліва. Але хто аб гэтым ведае? Для гледача галоўнае тое, што ён бачыць, — вынік. Аднак паняцці «горш», «лепей» у дачыненні да жывапісу Тоўсціка адносныя. У яго заўсёды можна знайсці шмат добрых, прывабных рэчаў, але гэта зусім не значыць, што астатнія кепскія, рамесныя. Лепшыя карціны мастака — гэта пагоркі на пласкагор’і, а не горы на раўніне. Аматару крытычных кантрастаў з Тоўсцікам рабіць няма чаго, бо той у сваім мастацтве вельмі пастаянны — і ў тэмах, і ў сюжэтах, і ў калейдаскопе рэальных і прыдуманых вобразаў. У сваім посттрадыцыяналізме ён знайшоў дзіўную свабоду — свабоду выказвання ўласнага болю і шчасця, уласных разваг пра духоўны шлях, пройдзены чалавецтвам да пачатку трэцяга тысячагоддзя, пра розныя гарады і краіны, пра родны Мінск, пра таямніцы Сусвету, метамарфозы прасторы і часу, пра любоў як рухальную сілу духоўнай эвалюцыі чалавека. Прыхільнасцю да метафары, сімвала, алегорыі прасякнута ўсю творчасць мастака.

Тоўсцік увесь у мастацтве. Ён прыроджаны майстра кампазіцыйных імправізацый, лёгка захапляецца гульнёй, пераўвасабленнем. Яго схільнасць да карпатлівай рэканструкцыі гістарычнага антуражу той ці іншай эпохі, да магічнай нагляднасці рэчавых рэалій не атаясамліваецца ні з прыёмамі і светапоглядам убогага акадэмізму сацрэалістычнай школы, ні з інфантыльна-жаноцкай тэатральнасцю модных карнавалаў, ні з кічавай рэтраспектыўнасцю «салона». Рэтраспектывізм Тоўсціка, у адрозненне ад упамянёных «зваротаў да вытокаў», зусім не мае ў сабе прысмаку саладжавай ідэалізацыі мінулага, а страсці і падзеі народжанага мастаком свету ні ў якім разе не з’яўляюцца лялечна-бутафорскай імітацыяй «дзіцячых мараў». Яго свет пранізваюць уладарныя, да канца не пазнавальныя сілы жыцця і смерці, фатуму, лёсу.

Адчуванне наканаванасці, аднак, не падаўляе, не растварае Асобу, а, наадварот, крышталізуе яе, як у карцінах «Вечны вершнік», «Сон» альбо «Час». Стыхія ірацыянальнага ў Тоўсціка заўсёды ўтаймаваная мастацтвам. Дарункі фантазіі ювелірна апрацаваныя, упарадкаваныя, акультураныя ў майстэрні ўяўлення.

Кожны вобразатвор у палотнах мастака ўдзельнічае ў пабудове супольнай карціны сусвету, незалежна ад таго, што мы бачым: чароўныя рамантычныя ўтопіі, патаемныя мары аб залатым веку неазмрочанага чалавечага шчасця ці партрэтныя абліччы сучаснікаў альбо гістарычных асоб.

У многіх палотнах цэнтр цяжару вызначаюць экзістэнцыйныя тэмы: сэнс прысутнасці чалавека ў гэтым свеце, адзінота і духоўная сувязь з людзьмі, натхнёнасць і адчужанасць, унутраная замкнёнасць і адкрытасць, любоў і надзея, страчаныя ілюзіі, нязбытныя мары. Вось чаму мастак так часта звяртаецца і да міфалогіі, і да тэм каляднай варажбы і сноў, да «галасоў мінулага», да паўзабытых «мелодый» флейты альбо саксафона, да тэатра як да люстэрка чалавечых перажыванняў.

Так, палотны Тоўсціка — гэта канцэпцыі ўражанняў. У адных ён — эпікурэец, пясняр жаночага шарму і маладосці, філосаф радаснага светаадчування. Адсюль — жаданне пэндзлем «ачысціць» жыццё ад прыземленасці, ад дробязнага і недаўгавечнага. І тады з’яўляюцца вечныя вершнікі, караблі мары, алегорыі восені, пастаральныя мелодыі белай ночы, фантастычныя жаночыя адзенні, казачныя птушкі і гарады «ў срэбры і золаце», быццам убачаныя праз далечыню гадоў тым самым чароўным хлапчуком у матросцы, што з’явіўся ў карцінах «Стары паланез» і «Мінск — губернскі горад».

У іншых творах — сум, адзінота, няясная трывога, шчымлівы боль; там шмат зыбкасці, кволай вытанчанасці, элегантнасці, а вобразы падобныя да міражу, які вось-вось растае ў смузе ілюзій («Шлях у краіну вялікага спакою», «Адзінокая муза», «Цік-так», «Светлы сум»).

/i/content/pi/mast/25/426/22-.jpg

Мастак Уладзімір Басалыга. Алей. 2009.

Часам кантрасты напаўняюць колеравую паверхню палатна натхнёнай энергіяй, якая падмацоўваецца вібрацыяй мазка, гушчынёй фактуры, рэзкімі пераходамі святла ў цень і наадварот, гульнёй прасторавых пераўтварэнняў і нечаканых прарываў, і тады фарбы ўзлятаюць у складаным імпульсіўным віхры альбо дзіўна дранцвеюць, быццам аплаўленыя ў вогненным жарале вулкана.

«Жыццё і мастацтва — рэчы розныя, — гаворыць Тоўсцік. — Мастацтва існуе, каб даць чалавеку магчымасць трошкі адпачыць ад мітусні шэрых будняў, паказаць яму шлях — ну, хаця б у казку. Не баюся гэтага слова, бо мне шкада чалавечую душу, якой даводзіцца змагацца з жыццёвымі акалічнасцямі. І я сам, мабыць, таму і выжыў як асоба, што ў мяне ёсць маё мастацтва. Я прыходжу ў сваю майстэрню, бяру ў рукі пэндзаль — і паглыбляюся ў іншы свет. Ён напоўнены хараством і гармоніяй, часам — смуткам і драматызмам, але ў ім няма таго бруду, што спадарожнічае нам у жыцці, як пыл на падлозе. Мяне прыцягваюць культурныя і духоўныя каштоўнасці Еўропы і Усходу. Я шукаю сваё месца паміж гэтымі двума полюсамі. Але што б ні маляваў, заўсёды адчуваю сябе мастаком-беларусам. З тымі асаблівасцямі менталітэту — духоўнага бачання, якія ўласцівы майму народу».

Уладзімір Антонавіч мае рацыю. Мастацтва яго жыве вялікімі перыядамі. Для жывапісца такога складу гэта добра. Добра, што ён не мяняецца рэзка, захоўвае стабільнасць і высокі прафесійны ўзровень. І не ў тым справа, што жывапісец застаецца самім сабой — часта гэта зусім не заслуга. Артыстызм Тоўсціка патрэбны беларускаму жывапісу ў цэлым. Ён — свайго роду фермент браджэння, які дапамагае гледачу і маладым мастакам захоўваць веру ў Яго Вялікасць Мастацтва.

Вось такія думкі прыйшлі да мяне, калі я хадзіў па выстаўцы жывапісу мастака. Зрэшты, я іх ужо акрэсліў у сваёй кнізе «Уладзімір Тоўсцік. Ладдзя Часу», якая летась выйшла ў свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

А напаследак хацелася б сказаць, што лічу шчасцем кожную сустрэчу з гэтым унікальным творцам, які вечна падарожнічае па мінулых стагоддзях у пошуках музыкі, якая даўно знікла, але працягвае гучаць у нашай памяці...

Барыс Крэпак