Не дзень тэатра

№ 11 (320) 01.11.2009 - 30.11.2009 г

Сярод тэатраў любой краіны, гэтаксама як і сярод людзей, абавязкова існуюць вылучаныя, агульналюбімыя. Цягам усёй сцэнічнай гісторыі яны знаходзяцца навідавоку, шануюцца, выклікаюць асаблівую цікавасць і павагу. Нават насуперак эпахальным зменам у грамадстве адпавядаюць свайму прызначэнню. Бываюць падзеі, што адбіваюцца і на спектаклях, і на акцёрах, вярэдзяць звонку і знутры. Ды ўрэшце або разбураюць калектыў, або даюць магчымасць набыць новае дыханне.

Адметная трупа Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа лічыцца адной з лепшых у краіне вось ужо 83 гады. Узнікшы ў далёкім 1926-м падчас сусветнага тэатральнага росквіту, у віры сцэнічных накірункаў, Коласаўскі тэатр заўсёды захоўваў шырыню эстэтычных поглядаў і прафесійную патрабавальнасць. Ягоныя рэжысёры і акцёры былі здатныя адрозніваць менавіта высокае ў мастацтве. Канешне, бывалі розныя перыяды, абавязковыя ўзлёты і падзенні. Дый зерне ад пустазелля ачышчалася абавязкова. Усё падмацоўвалася канкрэтнымі здзяйсненнямі, цягам васьмі дзесяцігоддзяў пацвярджалася шэрагам яркіх імёнаў і спектакляў. А яшчэ — бадай што генетычнай здатнасцю пераадольваць, як кажуць цяпер, выклікі часу. Гэта значыць, што змена эстэтычных форм не адбівалася на мастацкім узроўні, на здольнасці трымацца адпаведнай творчай вышыні.

/i/content/pi/mast/25/425/17.jpg

«Крыж Еўфрасінні» Ірыны Масляніцынай.Таццяна Ліхачова (Еўфрасіння), Тамара Краснабаева (Агафія).

Сярод карыфеяў коласаўскай сцэны абавязкова варта згадаць Аляксандра Ільінскага, Цімоха Сяргейчыка, Мікалая Звездачотава, Яніну Глебаўскую, Алену Радзялоўскую, Паўла Малчанава, Канстанціна Саннікава, Раісу Кашэльнікаву, Іосіфа Матусевіча, Анатоля Труса, Анатоля Шэлега, Зінаіду Канапельку, Фёдара Шмакава, Яўгена Шыпілу, Алеся Лабанка, Уладзіміра Куляшова, Георгія Дубава, Галіну Маркіну, Генадзя Шкуратава, Баляслава Сяўко... Спіс гэты можна працягваць, падмацоўваючы ўражлівым пералікам спектакляў, якія склалі лепшыя старонкі гісторыі беларускага тэатра. Ды толькі менавіта ад асобы да асобы ў Коласаўскім тэатры перадавалася галоўнае: каштоўны чалавечы і прафесійны досвед, які не дазваляў перарвацца традыцыі, а самому тэатру зрабіцца шараговым сярод абласных калектываў Беларусі. Цяпер пра падобныя акалічнасці ў Коласаўскім тэатры памятаюць нямногія. Хіба што адзінкі. Але ж перад тэатрам паўсталі складаныя жыццевызначальныя пытанні. Абмінуць, адмахнуцца ад іх немагчыма. Найперш пра гэта і сведчылі восеньскія гастролі славутага калектыву ў сталіцы.

Што нам Баркоўскі... Што нам Таліпаў?

Папярэднія гастролі коласаўцаў у Мінску прайшлі ў 2007 годзе ў перапоўненай зале Купалаўскага тэатра. На іх былі паказаны восем спектакляў Віталя Баркоўскага па творах Уладзіміра Набокава, Янкі Купалы, Аўгуста Стрындберга, Тэнесі Уільямса, Уладзіміра Драздова і іншых. Пры гэтым крытыкі адзначалі перавагу аўтарскай рэжысуры, здатнасць Віталя Баркоўскага свабодна існаваць на скрыжаваннях разнастайных сцэнічных жанраў і стыляў. Ад глыбокіх псіхалагічных распрацовак — да відовішчаў з вытанчанай, сэнсава насычанай атмасферай, ад рэзка-іранічнага гратэску — да стыхійнай імправізацыі ў постмадэрнісцкім рэчышчы. Усё напоўнена зместам. Многія спектаклі нагадвалі своеасаблівыя прасторавыя сюіты. Акцёры — заўсёды навідавоку. Дарэчы, здатнасцю вылучыць выканаўцу насуперак пастановачным «наваротам» сёння валодае далёка не кожны рэжысёр. Адмыслова раскрыць індывідуальнасць выканаўцы могуць адзінкі. Баркоўскі — можа. Пра ролю і месца артыста ў ягоных пастаноўках варта разважаць асобна. Дзіўны, хісткі, вытанчаны, рухомы свет спектакляў запамінаецца надоўга. Бо рэжысёр авалодвае асаблівай — сутнаснай — тэрыторыяй чалавечай памяці, якая актывізуецца па-над вербальным, кіруючыся сінкрэтычнай прыродай тэатральнага мастацтва. Сіла ўздзеяння таленту ў гэтым выпадку важнейшая за рамяство.

Не сакрэт, што талент найчасцей саступае перад напорам грубых праяў штодзённага жыцця. Так і сталася. Віталь Баркоўскі саступіў. Хтосьці назаве гэта вынікам звычайнай недальнабачнасці, уласных імпульсіўных парыванняў або залішняй інтэлігентнасцю і мяккасцю. Ды толькі менавіта паспяховыя пазалеташнія гастролі коласаўцаў у Мінску распачалі адлік іншага часу — перад сыходам Віталя Баркоўскага з тэатра. Адзінаццаць гадоў напружанай працы, 26 пастаўленых за гэты час спектакляў, званне заслужанага дзеяча мастацтваў, прэмія «За духоўнае адраджэнне» і гастролі тэатра па ўсім свеце (8 краін за некалькі гадоў, абсалютны рэкорд для беларускіх драматычных тэатраў цягам усёй сцэнічнай гісторыі) — нішто не мела значэння, не пайшло ў залік. Часам здавалася, што зробленае Баркоўскім акурат у самім тэатры бязлітасна высякаецца, накшталт вішнёвага саду ў чэхаўскай п’есе. Відаць, у кожнай сцэнічнай эпохі свае Лапахіны. І старонку Коласаўскага тэатра аднаму з самых яркіх беларускіх рэжысёраў давялося перагарнуць.

Не варта спыняцца на падрабязнасцях зацягнутага шматгадовага канфлікту. Бо ён, па многіх прычынах, чым далей, тым больш набываў усе прыкметы «кухоннай драмы ў камуналцы» з характэрнымі ўласцівасцямі і вельмі непрыгожымі праявамі. Самае крыўднае, што ў празмерным запале ў тэатры зусім забыліся пра мастацтва. А мастацтва, як вядома, ні ў чым не вінаватае. Пяройдзена або не «кропка невяртання», пакажа час.

Новы мастацкі кіраўнік тэатра Рыд Таліпаў, рэжысёр адораны, быў сустрэты большасцю акцёраў з надзвычайнай прахалодай. Крохкая атмасфера спакою і раўнавагі ў калектыве дасягалася асцярожна і спакваля. Неўзабаве і адбыліся мінскія гастролі, якія прэзентавалі сталічнай публіцы спектаклі Коласаўскага тэатра апошніх гадоў — у эпоху перамен.

Дэфініцыі

Шчыра кажучы, надзвычай цяжка было паверыць, што тэатр з моцным і жывым творчым складнікам можа паказаць столькі спектакляў запар з усімі адзнакамі шараговага правінцыйнага калектыву. Пераважалі другасныя тэмы, рэжысёрскія і акцёрскія штампы, валадарыла акцэнтаваная безгустоўнасць. Пад кідкай і відавочна кан’юнктурнай абгорткай — з падкрэсленай перавагай нацыянальнай драматургіі — выпусташаная форма, поўны набор адпрацаваных пастановачных прыёмаў, кволасць і банальнасць думкі, сцёртыя акцёрскія індывідуальнасці, навязліва-беспрычынная весялосць. Адчуванне дзіўнае: мяне спрабуюць рассмяшыць, а мне не смешна. Хутчэй вусцішна. Ці то насамрэч усё так бесперспектыўна, ці то перспектыва памянялася?

/i/content/pi/mast/25/425/18.jpg

«Ветрагоны» Уладзіслава Галубка.Сцэна са спектакля.

Ва ўсякім разе, гастролі хутчэй проста засведчылі факт існавання тэатра без Баркоўскага, чым праілюстравалі намеры і намаганні новага мастацкага кіраўніка. Хто вінаваты і што рабіць? — пытанне ў дадзеным выпадку рытарычнае. Думаю, варта падумаць пра тое, што на падмостках нацыянальнага тэатра прысутнічаць не павінна. Прынамсі, у такой сумніўнай якасці.

Гастролі пачыналіся з «Васы» М.Горкага ў рэжысуры Рыда Таліпава, пастаўленай яшчэ ў 2007 годзе да юбілею Святланы Акружной. Знакамітая тэатральная прымадонна заўсёды прагная да працы. І гэта настолькі добра, што нават не абмяркоўваецца. Да вобраза Васы Святлана Акружная падышла проста і натуральна. Ён заканамерна вырастаў з яе папярэдніх роляў. У тым ліку — з «Кацярыны Іванаўны» Леаніда Андрэева і «Бацькі» Аўгуста Стрындберга. Некаторыя мізансцэны, паставы актрысы, яе інтанацыі вельмі нагадвалі гераіню Стрындберга Лауру. Нястрымная, напаўзмрочная гульня страсцей, імкненне зазірнуць у самыя патаемныя — не для чужых вачэй — куткі жаночай душы — усё гэта ў той ці іншай меры ўласціва горкаўскай Васе. Так, як яе ўвасабляе актрыса. Ды толькі... Васа Святланы Акружной нясе на сабе і выразны адбітак асуджанасці. Яна працягвае рабіць сваю справу, тое, што прызначана лёсам, хутчэй адно па інерцыі. Цені смерці ўжо выяўленыя і адкрыта блукаюць па доме. Але спробы Васы ўратаваць сям’ю ад знішчэння млявыя і бездапаможныя. Яе непахіснасць — уяўная, беспярэчнасць — марная. Ракавое пытанне: дзеля чаго ўсё? — пустое. Роздум пра тое, як проста разбэсціць цела і скалечыць душу, становіцца ў спектаклі дамінуючым. Фінал узрушае жорсткай высновай пра непазбежнасць і сілу дробязных спакусаў, перад якімі ўсё іншае мізарнее, не мае сэнсу. У спектаклі таксама вылучыліся Валянцін Салаўёў (Храпаў), які выканаў сваю ролю з адкрытай эмацыйнасцю і матэматычнай бездакорнасцю, і Ніна Обухава, што ўвасобіла Наталлю з надламанай трапятлівасцю і ўнутранай крохкасцю... Пры выразна акрэсленай трактоўцы мне не хапіла тонкай прапрацоўкі ўсіх дэталяў і моцных сэнсавых нюансаў, «жывога жыцця», неперарванай атмасферы і канцэптуальнай работы сцэнографа-пастаноўшчыка, функцыі якога ўзяў на сябе рэжысёр Рыд Таліпаў. Магчыма, спектакль паўстаў такім менавіта на мінскіх гастролях, але думаю, што многае ў ім мае патэнцыял для далейшага разгортвання, увасаблення. Зрэшты, гэтая пастаноўка класічнага твора М.Горкага, на мой погляд, распачала і завяршыла найбольш змястоўную частку гастроляў.

«Крыж Еўфрасінні» Ірыны Масляніцынай (рэжысёр Міхась Краснабаеў), магчыма, і варта было б паставіць у шэраг культурна-асветніцкіх акцый. Ды толькі спектакль аказаўся надзвычай уразлівым у самой пастановачнай структуры. Пачынаючы драматург мае даволі прыблізнае ўяўленне аб прыродзе сцэнічнага дзеяння, таму сюжэт спектакля вельмі доўга не прачытваецца, не складаецца ў асэнсаваную гісторыю. Здаецца, рэжысура зарыентавана на ўсе самыя ходкія штампы «старэйшага брата» — Купалаўскага тэатра. Адсюль неабгрунтаваная і невытлумачальная шматзначнасць акцёрскага існавання; празмерная апавядальнасць, калі змест даводзіцца пераважна праз словы, а не праз думку і дзеянне; паказушна-прыгожыя мізансцэны, запаволеныя рухі акцёраў у белых строях; адсутнасць жывога парнёрства; беспадстаўны і перабольшаны пафас; прэтэнцыёзная сцэнаграфія. Амаль што нічога жывога. Надзвычай тонкай, здатнай да трапятлівых нюансаў актрысе Таццяне Ліхачовай, якая з адказнасцю выконвае ролю Еўфрасінні, відавочна даводзіцца заставацца сам-насам з роллю і з высакароднай асветніцкай місіяй. Бо яе акцёрскі талент сутыкаецца з рэчамі прафесійна неакрэсленымі і таму непераадольнымі. Вельмі шкада, бо актрыса сярод іншых па-ранейшаму здольная ўпрыгожваць коласаўскія падмосткі. Тым больш, што яе акцёрскі лёс уяўляецца і драматычным, і вартым быць спраўджаным.

Адзіны, паказаны падчас гастроляў, спектакль Віталя Баркоўскага «Прывітанне, Альберт!» па п’есе Юрыя Сохара з жанравым вызначэннем «вандроўкі ў прастору невядомага» не быў сапсаваны ні касцюмамі, ні сцэнаграфіяй Пятра Анашчанкі, ні музычным афармленнем Аляксандра Крыштафовіча, ні акцёрскім выкананнем, ні драматургіяй, скарочанай больш чым напалову. Уласцівы Віталю Баркоўскаму рэжысёрскі стыль разгарнуўся ў вонкава прыгожым крэатыўным відовішчы, дапоўненым эфектнымі і вынаходлівымі мізансцэнамі, трапяткой атмасферай, сцэнічнымі метафарамі з выяўленым сэнсам. Ролю Альберта Эйнштэйна выканаў Генадзь Гайдук, акцёр з моцным драматычным патэнцыялам, які ўжо дастаткова і нечакана раскрыўся ў папярэдніх работах рэжысёра. Амаль партрэтнае падабенства, няўлоўнае дзівацтва, упартасць як прыналежнасць характару. Нязмушаныя развагі аб прыродзе геніяльнасці. І паглядзець, і падумаць. Магчыма, замала для тэатра, але рэжысёрскія задачы акрэсленыя і лакальныя. Здольнасці рэжысёра немагчыма стрымліваць, ён у абавязковым творчым палёце. Ставіць, як спявае. Мысліць, як ставіць.

Д. Б. і разам з ёю...

/i/content/pi/mast/25/425/19.jpg

«Прывітанне, Альберт!» Юрыя Сохара.Сцэна са спектакля.

Звяртацца да камедый — для многіх беларускіх тэатраў надзённая неабходнасць. Прынамсі, так лічыцца. «Робім касу!» — можна напісаць амаль на кожнай афішы з тых, што настойліва завабліваюць гледачоў адпачыць і пасмяяцца. Як ні дзіўна, мэты пры гэтым ва ўсіх тэатраў розныя. Узровень спектакляў — таксама. Спосабы «рабіць касу» — тым больш. Па-першае, дзеля гэтага вельмі часта скарыстоўваецца замежная і айчынная класічная драматургія: Мальер, Шэкспір, Лопэ дэ Вега, класічныя вадэвілі. На іх падставе часам «рабіць касу» самааддана імкнуцца рэжысёры. Пастановачны арсенал звычайна вялікі: ад касцюмаў і сцэнаграфіі да двухсэнсоўных трактовак, акцёрскіх ходкіх штампаў і г.д. Ды толькі сама па сабе класічная камедыя ніколі не абароніць тэатр — ні ад разбурэння, ні ад узвышэння. Як, адпаведна, і камедыі «За двума зайцамі» Міхайлы Старыцкага і «Ветрагоны» Уладзіслава Галубка, паказаныя падчас гастроляў, самі па сабе Коласаўскі тэатр не ўзвысілі і не зняважылі. Калі згадзіцца з тым, што нацыянальны акадэмічны калектыў не могуць зняважыць легкаважнае відовішча напаказ, натужлівыя кпіны, напружаны гумар, заўважны пот на тварах выканаўцаў, няўклюднае імкненне «зрабіць нешта смешнае», з прытопамі і прыхлопамі, а таксама малаэстэтычныя касцюмы, не дапасаваныя ні да чаго. Зрэшты, пасмяяліся і годзе. Камедыя, як і трагедыя — каралева жанру, вымагае адточанага майстэрства. Дарэчы, і Уладзіслаў Галубок, і Міхайла Старыцкі, якія ніколі не лічыліся класікамі і ўзорнымі камедыёграфамі, здаецца, нашаму часу могуць адпавядаць больш, чым уласнаму. Прынамсі, запатрабаванасць іх п’ес сёння цалкам натуральная. Пашыраем далягляды. Інакш што застаецца?

А вось прысутнасць у рэпертуары Коласаўскага тэатра п’есы Дзіяны Балыка «Псіхааналітык для псіхааналітыка» малазразумелая. Бо вытлумачыць і ўсвядоміць, чаму нацыянальны тэатр пад выглядам нацыянальнай драматургіі прапануе гледачам сумніўнай якасці «драматургічную папсу», — за межамі разумовых магчымасцей. Гэтая «эраты(ліры)чная камедыя ў стылі “фэнтэзі”», пастаўленая Сяргеем Кулікоўскім, уяўляе шэраг звязаных папулярнымі рускімі песенькамі («А снег идет», «Расставанье — маленькая смерць» і г.д) эпізодаў, фармальна аб’яднаных тэмай мужчынскай прастытуцыі, якая саладжава падсвечваецца сексуальна-меладраматычнымі калізіямі. Шчыра кажучы, ніводзін з тысяч спектакляў, якія мне давялося паглядзець цягам дзесяцігоддзяў, па ваяўнічай пошласці драматургіі і адпаведным яе ўвасабленні спаборнічаць з гэтым спектаклем Коласаўскага тэатра не можа. Магчыма, мне не пашанцавала, а можа — наадварот. Таму, відаць, не варта больш падрабязна разважаць пра поўную адсутнасць другога драматургічнага і рэжысёрскага плана; пра нелагічны і няўцямны сюжэт з прэтэнзіяй на сур’ёзную развязку; пра безгустоўныя і дзіўныя касцюмы; нарэшце, пра стрыптызёрскі шост, які з’яўляецца асноўнай зместавай дэталлю дэкарацыі; пра разняволеныя танцы ў трусах вакол гэтага шаста акцёра сталага ўзросту Георгія Лойкі; пра ягоныя маляўнічыя выхады ў чалме і халаце; пра штучныя драматургічныя мыліцы, якія звязваюць асобныя эпізоды; пра запісаныя на магнітафон апладысменты, якія заахвочваюць гледачоў цягам другой дзеі; пра прыгожанькія падушачкі з аборкамі ў руках пяшчотнай гераіні Наталлі Саламахі; пра «акультураны палавы акт» у бела-блакітных промнях пражэктара; увогуле пра ўсе прыкметы кепскай самадзейнасці, якія нават пералічыць праблематычна. Толькі асобна хочацца сказаць пра нястрымную слоўную плынь і дасціпныя жарты, кшталту: «распуста — секс, у якім не ўдзельнічаеш», «чалавек чалавеку — сябра, таварыш і секс», «у гарызантальным становішчы мозг не вышэй за іншыя органы». І бадай што варта спыніцца.

Бо ў свежым нумары штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» надрукавана інтэрв’ю з Дзіянай Балыка, якое шмат што растлумачыла. Па-першае, на рабочым стале Дзіяны — «яркае выданне, дзе на вокладцы ружовымі літарамі напісана “секс”». Па-другое: «Я цяпер магу 40000 знакаў напісаць у дзень», — сцвярджае драматург, што, безумоўна, някепская хуткасць для спрактыкаванай машыністкі. Па-трэцяе, «цяпер малады драматург працуе над п’есай пра жыццё Якуба Коласа» (для Коласаўскага тэатра, вядома?! — Л.Г.) і спрабуе «глядзець на Якуба Коласа з пункту гледжання сексу». Што, калі і за такі спектакль гледачы «прагаласуюць нагамі»?

Людміла Грамыка