Warum?

№ 10 (319) 01.10.2009 - 31.10.2009 г

Чаму? Гэтае слова, паўторанае двойчы — «Warum Warum», — было назвай аднаго са спектакляў на афішы Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Кантакт 2009». Яно штораз прыходзіла на розум падчас паказаў у старажытным польскім горадзе Торунь...

Прынята лічыць, што тэатр — люстэрка, у якім адбіваецца грамадства. Маўляў, на люстэрка не трэба крыўдаваць, калі морда крывая... Ды толькі існуюць і крывыя люстэркі... Зірнеш у такое — бацюхны мае, нос, як у Сірано! А цяпер і ўвогуле знік... Абмацаеш твар — не, быццам усё на месцы, дзякаваць Богу...

Вось і задумаешся, ці не ў такое люстэрка глядзеўся андэрсенаўскі кароль, калі сваю нябачную вопратку прымерваў?

Шэкспір і Чэхаў, Бергман і Кафка… Афіша торуньскага фестывалю, які мае сур’ёзную прафесійную рэпутацыю, уключае шмат гучных імёнаў. Але гэтым разам
/i/content/pi/mast/24/419/38.jpg
«Лёд» Уладзіміра Сарокіна. Нацыянальны тэатр Венгрыі (Будапешт).
усіх славутых аўтараў «абышоў» Уладзімір Сарокін, прадстаўлены адразу двума сваімі творамі: «Капітал» і «Лёд». Скандальна вядомы маскоўскі пісьменнік прысутнічаў на фестывалі асабіста і выглядаў у сваім белым касцюме даволі імпазантна і добрапрыстойна. Гэта некалькі кантраставала з іміджам выкрывальніка заганаў сучаснай Расіі, якога ён упарта прытрымліваўся падчас творчай сустрэчы з фестывальнай грамадскасцю. На пытанне, ці задаволены аўтар сцэнічным увасабленнем дзвюх сваіх работ, адказ быў станоўчы.

П’еса «Капітал» была напісана Сарокіным у 2007 годзе спецыяльна для маскоўскага Тэатра «Практыка». Сцэнічны калектыў, створаны Эдуардам Баяковым, з самага пачатку свайго існавання засяродзіўся на сучаснай драме і пошуках новай тэатральнай мовы. Два спектаклі «Практыкі» прэзентавалі на «Кантакце 2009» расійскі тэатр. Дзеянне першага з іх, сарокінскага «Капітала», адбываецца ў нашы дні ў нейкім холдынгу, які ўзначальвае алігарх. Рэжысёр Баякоў выводзіць на сцэну групу адораных акцёраў, якія перакідваюцца няўцямнымі па сэнсе і прымітыўнымі па форме сказамі, увасабляючы калектыў супрацоўнікаў, якія звязаны агульнымі мэтамі, але па-рознаму разумеюць далейшую стратэгію банка. Паколькі сэнс рэплік цёмны, гледачы маюць магчымасць выбудаваць уласную версію ўзаемаадносін між героямі, што, несумненна, і прадугледжваў пастаноўшчык. Вызначальнае для банка фінансава ўдалае рашэнне ўсё ж было прынята, нягледзячы на пэўнае рознагалоссе. Поспех адзначаюць на карпаратыўнай вечарынцы ў другой частцы спектакля. Кожны з супрацоўнікаў удзельнічае ў гульні, умова якой — распавесці самую ганебную гісторыю са свайго жыцця. Акцёры па чарзе выходзяць на авансцэну і таленавіта спавядаюцца... Пасля маналогаў адбываецца выбух усеагульнай весялосці (бо капітал прымножаны!), і спектакль — а разам з ім і тэатральны эксперымент — на тым заканчваецца. Здзіўленне змяняецца суцяшальнай думкай, што ў пошуку галоўнае — не вынік, а працэс. Кажуць жа, дарогу асіліць той, хто ідзе. А што да ненарматыўнай лексікі… Варта быць больш сучаснымі, дарагія мае!..

Спектакль «Лёд» у рэжысуры Карнеля Мандрашы прывёз на фестываль Нацыянальны тэатр Венгрыі. Дыхтоўнасць і грунтоўнасць дэкарацый будапештаўцаў склалі поўную супрацьлегласць дэманстратыўнаму пастановачнаму аскетызму тэатра «Практыка». Узведзеная стваральнікамі спектакля двухпавярховая
/i/content/pi/mast/24/419/39.jpg

«Капітал» Уладзіміра Сарокіна. Тэатр «Практыка» (Масква, Расія).

жылая сістэма ўключыла ў сябе нават санвузел з ваннай і ўнітазам, ужо не кажучы пра кухню. Усё гэта, канешне, бедна і брудна, прынамсі, цалкам адпавядае стандартным уяўленням іншаземцаў пра маскоўскі побыт. У такіх убогіх умовах жывуць неахайныя, жорсткія, абыякавыя і бессаромныя людзі. Яны сварацца, распранаюцца, спароўваюцца, ядуць, п’юць, б’юцца — усё гэта на вачах гледачоў. Калейдаскоп аголеных мужчынскіх і жаночых цел, віск, лямант і стогны... На гэтым фоне зусім не ўражвае асноўны сюжэт пра секту, якая шукае ў Маскве бландзінаў з блакітнымі вачыма для здзяйснення над імі жорсткага рытуалу. Секта шукае людзей асаблівай пароды, але, бадай што, іх можна стварыць шляхам трохгадзіннага прагляду такога спектакля: уключаюцца ахоўныя механізмы, і чалавек страчвае адчувальнасць. Гвалт больш не палохае, нецэнзурная лаянка становіцца нормай, амаральнасць не выклікае агіды, а голае цела — сораму. Жыць становіцца лёгка, жыць становіцца весялей... Канешне, адаптаваць для сцэны «Лёд» можна і так, як гэта зрабіў латвійскі рэжысёр Алвіс Херманіс: элегантна, стрымана, са спачуваннем і любоўю да чалавека, — ды толькі навошта? Куды прасцей літаральна праілюстраваць эпатажны тэкст...

Імя Крыстафа Марталера, таленавітага рэжысёра музычнага тэатра, які практыкуе ў нямецкамоўных краінах, вядома даўно і добра. На фестывалі быў паказаны мюзікл «Пладовая мушка», пастаўлены ў берлінскім тэатры «Фольксбюнэ» ў 2005 годзе, дзе Марталер выступіў як аўтар музычнай кампазіцыі і рэжысёр. Жанр двухгадзіннага бесперапыннага дзеяння больш правільна было б вызначыць, як «камічная опера без сюжэта». На сцэне сапраўды нічога не адбываецца, хоць рухі і паўзы, спевы і маўчанне ствараюць пэўную дакладна выяўленую канву. Ідэя прачытваецца лёгка: не чакайце, што жыццё вышые па гэтай канве які-небудзь асэнсаваны ўзор; сама канва і ёсць жыццё. Група навукоўцаў, што даследуюць пытанні генетычнай спадчыннасці, праводзяць свае дні ў лабараторыі. Смешныя і вартыя жалю, кранальныя і нязграбныя людзі не ў сілах затрымаць час, які цячэ скрозь пальцы. Ім проста неабходна цяпло кахання. Падуладныя музыканту-віртуозу, што прысутнічае на сцэне, яны распачынаюць дуэты, якія абавязкова заканчваюцца сола. Шчымлівая думка пра асуджанасць чалавека на адзіноту заключана ў абалонку адвольна інтэрпрэтаванай музычнай класікі і грубага камікавання. Занадта сумна, каб смяяцца, і занадта бессэнсоўна, каб успрымаць усур’ёз...

Цалкам аўтарскім быў і спектакль «Гэтае дзіцё» Тэатра «Практыка» — яшчэ адна работа маскоўскага калектыву, паказаная ў Торуні. П’есу напісаў і паставіў француз Жуль Памерат. Спектакль вылучаўся лаканізмам выяўленчых сродкаў, уласцівым дакументальнаму тэатру. Чорны кабінет, адно-два крэслы і аркестр за напаўпразрыстай заслонай... Гэты «надзеі маленькі аркестрык» суправаджаў шэраг эпізодаў на тэму «бацькі і дзеці». Акцёры дэманстравалі добрую школу, ім верылі. Няўменне зразумець адно аднаго, душэўная глухата, абыякавасць нявечаць лёсы і душы, — даводзіў нам аўтар. «Мы ведаем», — нібыта адказвалі мы.

Зрэшты, аркестрык таксама нічога агульнага з надзеяй не меў. Бацькі і дзеці асуджаны на неразуменне і нянавісць. Між чым выбіраць?

Асобна ў спектаклі стаяў эпізод, які трактаваў пастулат «мацярынская любоў вышэй за дружбу». У ім маці не магла схаваць радасць ад факта, што апазнаны ёю ў морге труп — не яе сын, а сын сяброўкі...

Гледачы таксама радаваліся — не спазналі нічога новага, але ж адпачылі ад ненарматыўнай лексікі...

Спектакль «Справа Дантона» Польскага тэатра з Вроцлава пастаўлены рэжысёрам Янам Клятам па творы Станіславы Пшыбышэўскай, які быў напісаны на пачатку мінулага стагоддзя. Не адчуваючы ніякага піэтэту да літаратурнай першакрыніцы і персаналіяў Вялікай французскай рэвалюцыі, пастаноўшчык стварае ўласныя — камічныя — варыяцыі на зададзеную тэму. Таленавіты рэжысёр Ян
/i/content/pi/mast/24/419/40.jpg

«Тыка, тыка, палітыка» Юры Адамэка. Тэатр «Бока Бока Лаб» (Прага, Чэхія).

Клята змог асвоіць вялікую сцэнічную прастору, утрымаць акцёраў у межах тэатральнасці і захаваць увагу публікі цягам амаль трох гадзін бесперапыннага дзеяння. Але праблема прыйшла з нечаканага для стваральнікаў спектакля боку: супраціўляўся сам матэрыял. Акрываўленыя цені Рабесп’ера, Дантона і іншых аказаліся надта неадназначнымі і вялізнымі для пракруставага ложа лёгкай камедыі. Вясёлыя і цынічныя персанажы, якія, паводле задумы пастаноўшчыка, не вераць ні ў Бога, ні ў чорта, ні, тым больш, у ідэю рэвалюцыі, адчулі ў сябе за спінай халодны подых трагедыі. Вобразы пачалі падвойвацца і патройвацца, спектакль страціў цэласнасць. Бліскучыя рэжысёрскія знаходкі, накшталт электрапіл з гукамі «Марсельезы» ў руках Рабесп’ера і ягонай каманды, не выглядалі смешнымі, а махляр і прайдзісвет Дантон раптам набыў незапланаваную велічнасць, выступаючы на судзе.

Яе Вялікасць Гісторыя вырвалася за межы задворак, старанна выбудаваных для яе сцэнографам Мірэкам Качмарэкам. Вырвалася і сышла...

Пражскі Тэатр «Бока Бока Лаб», створаны ў 2007 годзе Юры Адамэкам, спецыялізуецца на новых формах музычнага тэатра. І на «Кантакт 2009» Адамэк прывёз сваю работу са смешнай назвай «Тыка, тыка, палітыка», якая гучыць, як ціканне метранома. Двое мужчын і дзве жанчыны, апранутыя ў афіцыйныя дзелавыя касцюмы, разыгрываюць цэлую сімфонію. Яна складаецца з нечленараздзельных гукаў, у якіх часам угадваюцца знаёмыя па газетных перадавіцах, але скажоныя да непазнавальнасці словы. Сатырычная накіраванасць гэтага своеасаблівага канцэрта прачытваецца беспамылкова — вось яны, палітыкі, занятыя прамываннем мазгоў сваіх выбаршчыкаў! Строга кажучы, чэхі паказалі не спектакль, а нумар палітычнага кабарэ. Цікава задуманы і выдатна выкананы. Вельмі зручна для паказу за мяжой: сцісла і не патрабуе ведання мовы. Ды толькі чаму на тэатральным фестывалі?

Бадай, самую «мужную» трагедыю Шэкспіра — «Макбет» — паказаў у Торуні Тэатр імя Стэфана Ярача з Лодзі. Адзін са старэйшых польскіх тэатраў і на гэты раз паставіў перад сабой сур’ёзную задачу, выканаць якую ўзяўся рэжысёр Марыуш Гжэгожэк. Выдатнае сцэнаграфічнае рашэнне, знойдзенае самім пастаноўшчыкам, шмат у чым вызначыла стылістыку спектакля. Стройныя шэрагі вялізных палаючых свечак перастройваюцца і змяняюць канфігурацыю прасторы. Дымная цьмянасць... Навязлівы, як ідэя, што авалодала Макбетам, пошчак барабана... Цёмныя справы не дзеюцца пры дзённым святле, ім патрэбны змрок.

Графічная статычнасць персанажаў спачатку ўспрымаецца як раўназначны сцэнаграфіі мастацкі прыём. Спакойна, немітусліва цячэ расповед пра пагібельныя і адвечныя чалавечыя страсці. Але ў нейкі момант узнікае няяснае адчуванне неадпаведнасці. Строгая вытрыманасць рэжысуры пачынае ўяўляцца манатоннай, і нарэшце высвятляецца, што рэжысёрскі ключ да спектакля больш адэкватны сцэнаграфіі, чым... Шэкспіру. Спектакль цячэ як рака ў вызначаных ёй берагах — рака з чыстай вадой, але без глыбіні.

Там адлюстроўваемся мы, а не Шэкспір.

«Тэатральная кампанія Усход-Захад» узнікла ў 2005 годзе ў Сараеве (Боснія і Герцагавіна) пад кіраўніцтвам рэжысёра Харыса Пашовіча. Малады ва ўсіх сэнсах калектыў прывёз у Торунь спектакль «Класавы вораг» па п’есе англійскага драматурга Нігеля Уільямса. У сцэнічнай адаптацыі Пашовіча п’еса набыла выразныя балканскія абрысы. Што цалкам лагічна і зразумела. Маладыя акцёры гранічна шчырыя, існуюць на сцэне з поўнай і падкупляючай самааддачай. Аднак... частка гледачоў, пераважна моладзь, на якую найперш і разлічаны спектакль, пакідае залу падчас дзеяння. У чым жа справа?

Перад намі — класны пакой: дошка, старыя школьныя сталы і крэслы. Мэбля ўдзельнічае ў мізансцэніраванні: старшакласнікі будуюць з яе барыкаду і з яе дапамогай высвятляюць адносіны. Гэтым хлопцам і дзяўчатам з сацыяльных нізоў няма на што спадзявацца, але яны могуць выказаць пратэст — грубы, цынічны па
/i/content/pi/mast/24/419/41.jpg

 «Макбет» Уільяма Шэкспіра. Тэатр імя Стэфана Ярача (Лодзь, Польшча).

форме і бездапаможны па сутнасці. Яны б’юцца, размаўляюць, робяць непрыстойнасці і чакаюць (усё ж чакаюць!) прыходу настаўніка. Замест настаўніка з’яўляецца дама-завуч, якая нагадвае турэмнага наглядчыка, заяўляе, што для такіх падонкаў настаўніка ўвогуле не будзе, і правакуе такім чынам бунт. У выніку — тры трупы (завуч, вучань-лідэр і яго дзяўчына), ператварэнне цяжкіх падлеткаў ва ўзброеную банду, якая пагражае глядзельнай зале і, адпаведна, — усяму свету дарослых. Калі на пачатку спектакля пачуўся грукат першага падаючага крэсла, зала была ўражаная; у другі раз гэта ўжо так не шакіравала, а ўсе наступныя шпурлянні мэблі ўспрымаліся як навязлівыя паўторы надакучлівага прыёму. Сцэнічны час не адпавядае рэальнаму. Доўгія слоўныя перапалкі (натуральна — з ненарматыўнай лексікай) і разборкі паміж героямі падаваліся недарэчна зацягнутымі. Пачуццё меры і добры густ — надзвычай важныя якасці для пастаноўшчыка...

Калі б існавала ўзнагарода за самы інтэлігентны спектакль фестывалю, яе б абавязкова атрымала пастаноўка кракаўскага Тэатра імя Юліуша Славацкага «Спавядальныя гутаркі» паводле Інгмара Бергмана (рэжысура, адаптацыя тэксту і падбор музыкі Івоны Кемп. Аказваецца, распавядаючы пра самыя глыбінныя праявы інтымнага жыцця чалавека, можна абысціся без распрананняў, ненарматыўнай лексікі і публічных актаў. І спектакль без усяго гэтага не толькі не становіцца менш сучасным, але выйграе ў свежасці і пранізлівасці. Чалавек адзінокі, — гаворыць Бергман, — і надзвычай няпросты. Ягонае ўнутранае жыццё не складаецца з адных толькі інстынктаў. Яго нельга звесці да простых механічных дзеянняў і ўчынкаў.

Маладая жанчына, жонка пастара і маці траіх дзяцей, прызнаецца ў пралюбадзействе і не збіраецца адракацца ад свайго кахання. Сям’я вісіць на валаску: мучыцца муж, пакутуюць дзеці, абураецца духоўнік, але грэшніца непахісная. І зусім не мае значэння той факт, што каханак пакінуў яе задоўга да таго, як жанчына ва ўсім прызналася мужу. Для яе каханне існуе, таму што жыве ў ёй самой. Восем споведзей раскрываюць непаўторны ўнутраны свет жанчыны ў розныя перыяды жыцця. Яна ўпартая летуценніца, гэтая пастарская жонка. Зрэшты, не больш адзінокая, чым кожная з нас. І чамусьці ад гэтага мы робімся мацнейшымі...

Імя Пітэра Брука само па сабе гучыць магічна, гарантуючы высокі ўзровень рэжысуры. Зразумелыя і чаканні, звязаныя з монаспектаклем «Warum Warum», дзе вялікі рэжысёр выступіў пастаноўшчыкам і сааўтарам тэксту. Невялікая зала не магла ўмясціць усіх жадаючых, і швейцарская актрыса Мірыям Гольдшміт была сустрэта апладысментамі. Жанр спектакля незвычайны: гэта маналог-роздум на тэму «што ёсць тэатр», у якім за тэкстамі Гордана Крэга, Антанена Арто, Уільяма Шэкспіра, Усевалада Меерхольда ўгадваецца асоба Брука, ягоны ўласны цярністы шлях пазнання. Сцэна цюрыхскага Шаўшпільхаўза заўсёды была адкрытая для розных тэатральных праектаў, і «Warum Warum» з’явіўся адным з іх. Крохкая смуглявая жанчына з выразным тварам і сумнымі вачыма распавядае пра смяротную атруту тэатра. Гэта падобна да таго, як адразу праглынуць 0,005 мг стрыхніну, выпісаныя ўрачом на цэлы год. Цудоўныя і радыкальныя лекі!

Маналог завяршаецца прыпавесцю. На сёмы дзень тварэння Бог прыдумаў Тэатр — як сродак пазбаўлення чалавецтва ад суму. Неўзабаве радасная ўдзячнасць людзей змянілася канкурэнцыяй, зайздрасцю, звадамі, змаганнем за першынство на сцэне. Тварэц, да якога людзі звярнуліся па дапамогу, напісаў штосьці і перадаў на зямлю. Пасланне было згублена, і толькі ў нашы дні рэжысёр (ці не сам Брук?) знайшоў яго на гарышчы ў куфэрачку сярод старых рэчаў і прачытаў.

Там было напісана толькі адно слова: чаму?

Ніна Мазур