Лялечнае шчасце

№ 10 (319) 01.10.2009 - 31.10.2009 г

Цікавіцца жыццём заможных людзей не ў традыцыі беларускага дакументальнага кіно. Звычайна нашы рэжысёры звяртаюць увагу на зусім іншых персанажаў. Таму крыху нязвыкла было ўбачыць новы фільм Галіны Адамовіч «Дарагія лялькі», адметны сваім дабрадушна-філасофскім падыходам да багацця, багатых і іх нявінных капрызаў. У стужцы прымаюць удзел надзвычай забяспечаныя беларусы — шчодрыя аматары, жыццярадасныя эстэты — калекцыянеры эпатажна-дарагіх лялек аўтарскай вытворчасці.

 Натхнёныя фарфоравыя тварыкі такіх лялек выглядаюць акурат як анёльскія; атласныя сэрцы нячутна стукаюць пад карункамі, аксамітам і шклянымі брыльянтамі... Назву «Дарагія лялькі» рэжысёр відавочна прапануе ўспрымаць «з двух бакоў», памяняўшы напрыканцы фільма парадак слоў: «Лялькі дарагія». Зрэшты, «аўтарскія», мастацкія лялькі вельмі розныя. Як і тыя, хто іх збірае. «Пакажы мне свае лялькі, і я скажу, хто ты», — прапаноўваюць калекцыянеры напаўжартаўліва, і за гэтым паказам сапраўды цікава назіраць. Яшчэ адно, нават больш важнае для фільма Адамовіч меркаванне аматараў лялек: каштоўнасць мастацтва вымяраецца для іх не грашыма, а тым шчасцем (так-так!), якое яно прыносіць.

Ёсць у стужцы і іншае шчасце — часам пакутлівае і турботнае, якое дадзена зведаць мастакам ад сваёй працы і ад адчування свайго таленту. «Шчасце» — гэтак называецца яшчэ адзін новы дакументальны фільм Галіны Адамовіч, таксама пра творчасць у пэўным сэнсе. Рэжысёр, такім чынам, упершыню стварае фільмы пра прафесійных мастакоў.

У «Дарагіх ляльках» і «Шчасці», знятых адзін за адным, ёсць агульны герой: кераміст Аляксандр Наўгародскі («робіць, бадай, лепшыя на Беларусі акарыны», — прадстаўляюць яго ў «Шчасці»). У першай стужцы ён толькі спагадлівы і негаваркі
/i/content/pi/mast/24/417/35.jpg
/i/content/pi/mast/24/417/35-.jpg

Кераміст Аляксандр Наўгародскі, герой фільма «Шчасце».

слухач маналога майстра-лялечніцы Марыны Скідан. Цягам гэтага невялічкага эпізоду Наўгародскі паспявае атрымаць ад мастачкі ў падарунак сімвалічную ляльку — суровую істоту, якая паліць люльку і толькі прыкідваецца добрай, і, у дадатак да гэтага «курыльшчыка», ёмістую характарыстыку: «І сам Наўгародскі з чорнай дзіркі...» — за незвычайнасць і невытлумачальнасць таленту. «Шчасце» ж дае магчымасць гледачу ўвачавідкі праверыць такія дзіўныя словы, на працягу амаль дваццаці хвілін паназіраўшы за жыццём Наўгародскага, яго творчасцю. Апошняя, як аказваецца, бярэ вытокі не толькі з таямніча-безназоўнай «чорнай дзіркі», але і з надзвычай прыгожай, выразнай, наравістай прыроды Гродзеншчыны і, безумоўна, са спрыяльнага сямейнага клімату, любові да чароўнай жонкі Каці і маленькай дачкі Марыські. Пасля «Завядзёнкі», дзе ўжо паказвалася адна маладая сям’я, Галіна Адамовіч выбірае новую пару для разваг на тэму «простага чалавечага шчасця»: што гэта такое, як яго дасягнуць, дзе шукаць, як заўважыць і ацаніць…

Галіна Адамовіч здолела перадаць пачуццё суладдзя, адзінства паміж чалавекам, прыродай і духам творчасці, які бясконца лунае над майстэрняй, садам, дваром, хатай Аляксандра Наўгародскага. Што за таямніца прымушае цягнуцца да неслухмянай гліны і пераконваць яе стаць звонкім музычным інструментам? Пэўнае адчуванне раю на зямлі нязменна прысутнічае ў фільме. Усё жыве, суіснуе ды рухаецца адначасова: Наўгародскі лепіць посуд, музычныя інструменты, на іх малюе выявы індзейцаў з сумнымі і мудрымі вачыма, яшчарак з мудрагелістымі выгінамі вяртлявых целаў, дагістарычных рыб, нібыта выкінутых на пустынны бераг... Ягоная пекная жонка Каця піша партрэт галавы сям’і, усе рысы і кучарашкі ведае на памяць, бо нястомна любуецца імі кожную вольную хвіліну, пакуль маленькая Марыська адпачывае. Марыська жа вывучае сусвет са сваёй калыскі. І калі раптам бацькі спрабуюць паспрачацца і Каця пакрыўджана ўздыхае: «Дурны нейкі: крычыць усё...» — немаўля чхае, засведчваючы такім чынам слушнасць маміных слоў.

Легкадумныя дзьмухаўцы прыслухоўваюцца да трэляў акарыны; вінаград цікавіцца сямейнымі размовамі; кот зазірае ў пустыя формы і нібыта здзіўляецца, чаму іх не заліваюць, спазняюцца... Вось сям’я Наўнародскага занята творчымі справамі на двары, а камера застаецца ў хаце. Фіксуе расстаўленыя па падаконніку шматлікія чароўныя куфры, чайнічкі і талерачкі, якія, няйначай, сумуюць па гаспадарах, чакаюць вячэры ці гасцей, калі казачны посуд зноўку стане патрэбны... Так і жывуць усе разам, у простай драўлянай хаце. Велічэзны кіпяцільнік грэе ваду для купання малой Марыські; парваная тут і там каляровая кашуля — шчырая сведка працяглага глінянага дзейства — не хавае два самыя важныя, самыя дарагія сімвалы — крыж і заручальны пярсцёнак, што вісяць у Наўгародскага разам на адной вяровачцы...

Мноства дэталяў, майстэрскае і тонкае рэжысёрскае назіранне — і, тым не менш, фільм «Шчасце» падаецца крыху больш простым, прамалінейным, немудрагелістым, чым папярэднія работы Галіны Адамовіч. Яна зноўку працуе ў жанры назірання, без дыктарскага тэксту і адкрыта навязаных аўтарскіх меркаванняў. Азначаны жанр у яе атрымліваецца выдатна. Маладыя, таленавітыя, шчырыя, разняволеныя героі; гармонія настрою і кадра, заўсёды актуальная ідэя — спакой і творчасць як неабходныя складнікі шчасця. Сімвалічная падказка для яшчэ адной важнай думкі: праз пару расчыненых дзвярэй мы бачым адначасова Наўгародскага, які ўважліва перабірае творы свайго мастацтва, няньчыцца з глінянымі малюткамі, што толькі-толькі з’явіліся на свет з вялікай печы, і Кацю, якая ў суседнім пакоі забаўляе немаўля. Паміж галоўнымі героямі — толькі тонкая сценка, якая падзяляе кадр роўна надвое — па палове кожнаму. Гэта выклікае пэўныя паралелі: нараджэнне дзіцяці — і твора мастацтва... Нібыта Наўгародскі таксама звязаны своеасаблівымі сямейнымі аба вязкамі са сваёй творчасцю. І гэтыя абавязкі, як і клопат пра немаўля, мастак і бацька ўспрымае аднолькава. Шчасце і ёсць творчасць, стварэнне, працяг жыцця. Дарэчы, вобразы мацярынства надзвычай важныя для Адамовіч у апошнія гады: «Фільм з’яўляецца на свет, як маленькае дзіцё», — кажа яна ў адным з інтэрв’ю і здымае «Працяг», «Мама прыйдзе!», «Завядзёнку».

У фільмах Адамовіч ёсць своеасаблівыя ўступы перад першымі цітрамі. «Дарагія лялькі» пачынаюцца незвычайна — з прадстаўлення членаў яе каманды. Вось Таццяна Логінава, любімы аператар Галіны Адамовіч, вось Ала Ткачэнка, якая здымала выставу лялек, вось гукарэжысёр, нават кіроўца... Кожны паслухмяна ўсміхаецца ў камеру. Узнікае заканамернае пытанне: няўжо ўся здымачная група — нібыта лялькі для рэжысёра? Ці гэта такая самаіронія, свайго кшталту гумарэска? Бо добра вядомы тыя надзвычай сяброўскія, блізкія адносіны, што пануюць падчас працы над фільмам. Вось што кажа сама Галіна Адамовіч: «Мне лепш працуецца, калі я люблю аператара, аператар любіць мяне, разам мы любім героя. Мне падаецца, штосьці сапраўднае можна здымаць толькі так: у камфорце, спакоі, у атмасферы любові». Відаць, таму і кіно ў Адамовіч атрымліваецца станоўчае, пазітыўнае, жыццесцвярджальнае.

Здаецца, што лялькі самі знаходзяць тых, хто гатовы дзівіцца на іх прыгажосць дзень і ноч, ганарліва паказваць гасцям і, канешне ж, траціць вялікія грошы, каб набыць чарговы шэдэўр. У фільме «Дарагія лялькі» гэтая акалічнасць знайшла адбітак у маналогах саміх заўзятых аматараў. Можна лёгка прасачыць, як іх захапленне ўплывае на паводзіны.

«Лялька не раптоўна з’явілася ў спальні. Я, як руплівая гаспадыня, шукала ёй месца ў гасцёўні. Але яна можа знаходзіцца толькі тут, побач са мною», — гаворыць адна.

«Пасля з’яўлення ў калекцыі двух афрыканскіх воінаў з лукамі і стрэламі я лічу, што ў маім жыцці пачалося новае летазлічэнне. Кожны раз, выходзячы з кватэры, кажу: «Ну што, мая варта, абараняйце мяне, я іду ў цяжкі дзень. Ахоўвайце мяне, дапамагайце, падказвайце». Вяртаючыся дадому, гавару: «Дзякуй вам, дарагія мае, любыя: усё адбылося, усё цудоўна», — прызнаецца іншая.

«Калі раней (да пачатку захаплення аўтарскімі лялькамі) маё светаўспрыманне было прагматычнага кшталту: «Навошта мне тое, чаго я не магу выкарыстаць?», то цяпер я пытаюся і адказваю сама сабе: «Навошта мне гэтыя лялькі? Для таго, каб я дыхала!»

Сапраўды, можна было б цэлы фільм прысвяціць даследаванню трохкампанентнай іерархіі «калекцыянер — мастак — лялька», дзе парадкавае месца кожнага са складнікаў невідавочнае і загадкавае...Але Галіна Адамовіч выбірае зусім іншы падыход — і здымае выдатны дакументальны фільм! Яна эксперыментуе са стылем, нават рызыкуе. Магчыма, незвычайны ўступ да «Дарагіх лялек» з прадстаўленнем здымачнай групы наўмысна настройвае гледача на эксперымент, на нешта новае ў творчасці знаёмага рэжысёра. Звыклае для карцін Адамовіч нямое філасофска-разважлівае назіранне за героямі камерай-невідзімкай у «Дарагіх ляльках» саступіла месца інтэрв’ю. Інтэрв’ю перамяжоўваюцца эпізодамі з калекцыянерамі і мастакамі. Кадры з выставы лялек нібыта падкрэсліваюць пэўныя думкі герояў. Антураж для размоў абраны вельмі паспяхова: калекцыянеры — на яскравым фоне сваіх шыкоўных кватэр і гарманічна расстаўленых «маленькіх сяброў», лялечнікі — за працай. У майстэрнях — красамоўныя сведчанні радасці і пакут творчасці: гатовыя лялькі ганарліва ўзвышаюцца на пастаментах, а ў цені, высока пад столлю, гірлянды фарфоравых рук і ног, што не атрымаліся, не падышлі.

Адразу заяўленая арыгінальная структура дазваляе рэжысёру рабіць звароты да гледачоў ці звароты да камеры ў рэпартажным стылі. Дзяўчынка на выставе пытаецца ў дзядулі-мастака: «А яны, гледачы, будуць гэтыя лялькі купляць?» Калекцыянер — свайму любімаму набытку: «Віншую цябе з сённяшнімі здымкамі!» «Дарагія лялькі» доўжацца 39 хвілін, і гэтага, здавалася б, малавата, каб раскрыць творчыя манеры адразу пяці лялечнікаў (Ганны Балаш, Мікалая Байрачнага, Марыны Капілавай, Аляксея Мартынава і Марыны Скідан). Але Галіна Адамовіч здолела яскрава вызначыць адметнасці ўсіх мастакоў. Пасля прагляду ўзнікае адчуванне, што яны цяпер — добрыя знаёмыя кожнага гледача. Новая работа Галіны Адамовіч атрымалася нескладанай для ўспрымання, захапляльнай, дынамічнай. Асобнай ухвалы заслугоўвае сцэнарый з цікавымі аператарскімі знаходкамі (напрыклад, калі лялькі жывёл з выставы нябачныя рукі збіраюць за цені іх рагоў на сцяне), тонкім гумарам і выдатнай музыкай — наўмысна механічнай, лялечнай (кампазітар Яўген Сяргееў-Някрасаў). Фільм здольны зацікавіць шырокае кола гледачоў. У кантэксце распаўсюджаных сёння меркаванняў аб тым, што сучасная дакументалістыка можа знайсці сваю аўдыторыю з дапамогай тэлебачання, «Дарагія лялькі» Галіны Адамовіч — кандыдат нумар адзін на поспех на малым экране.

Наталля Дашкевіч