«Эфект матылька»

№ 10 (319) 01.10.2009 - 31.10.2009 г

Кожная пара года гучыць адметнай музыкай. Сваё музычнае жыццё Беларуская дзяржаўная філармонія кампануе, як Вівальдзі ўласныя канцэрты. Пасля снежнай зімы пануе фестывальная «Мінская вясна». Аўфтакт канцэртнага сезона спрытна пераймаецца Міжнародным фестывалем «Беларуская музычная восень». На Каляды народ цешыцца балетнымі «Адажыо» (без балета) і гукамі вальсаў Штрауса.

 «Музыка лета»

Да нядаўняга часу лета ў Беларускай філармоніі было «засушлівым». Ідэя наталіць музычным «дажджом» спякотныя летнія вечары сталіцы нарадзілася ўсяго тры гады таму. Яна паўстала грандыёзным оперным праектам, які імгненна атрымаў станоўчы розгалас і шматлікіх прыхільнікаў.

Напэўна, музычнае міжсезонне хутка трэба будзе называць «Музыкай лета». Фінальная кода філарманічнага сезона пагражае пераўзысці сябе і набыць статус міжнародных летніх фестываляў. Архітэктоніка хараства вось-вось набудзе завершанасць, і лета будзе трывожыць музычнымі «навальніцамі». Што можа быць лепш?

/i/content/pi/mast/24/411/13.jpg

«Тоска» Пучыні. Канцэртнае выкананне. Беларуская дзяржаўная філармонія.

У 2007 годзе версія оперы «Аіда» Вердзі, паказаная на сцэне канцэртнай залы «Мінск», зрабілася пранізлівай падзеяй. Недасяжныя ідэі знайшлі ўвасабленне ў дасягнутых формах.

Высакаякаснае гучанне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, Акадэмічнай харавой капэлы імя Шырмы, эфект жывога існавання салістаў стварылі сапраўдны «фантом оперы», нягледзячы на сціплую сцэнаграфію, адсутнасць гістарычных касцюмаў і някідкую рэжысуру. Раб оперы, фанат оперы, слуга оперы — галоўны дырыжор Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Аляксандр Анісімаў, з прычыны вялікай улюбёнасці ў высокі жанр, збудаваў гэтую оперную празмернасць. «Свята для сябе» стала агульным эстэтычным задавальненнем і культурнай падзеяй.

Цёплая пара 2008 года прынесла змены. Сцэна — філарманічная. Рэжысёр — італьянскі. Скарпіа — таксама італьянскі. Каварадосі — нямецкі. Абраная опера — «Тоска», у гонар 150-годдзя Джакома Пучыні. На радзіме кампазітара з гэтай нагоды збудавалі новы тэатр для оперных фестываляў яго імя і разбілі шыкоўны Пучыні-парк.

Усё было інакш летам 2008 года на сцэне нашай філармоніі, адно нязменна — аншлаг. Ды яшчэ цудоўная Ірына Крыкунова — прыклад эталоннага bel canto. Відавочна — маэстра Анісімаў любіць оперу. Любіць оперу ў сабе. І сябе ў оперы. І голас Ірыны Крыкуновай, і летнія, па-за нормай, аншлагі. Творчыя амбіцыі — не дзіва ў артыстычным асяроддзі. Здзіўляе іншае.

Адметнасці нашага беларускага ўспрымання — нейкі неразгаданы нацыянальны цуд. Схільнасць доўга маўчаць. Спаць. І раптам нечакана абудзіцца, узняць галаву і ўзрадавацца пераменам. Лета 2009 года засталося ў памяці пучыніеўскай «Чыа-Чыа-сан», трэцім праектам дырыжора Аляксандра Анісімава. Спатрэбілася ўсяго тры гады, каб зразумець неабходнасць высокай асалоды.

Верона, Вена, Гаўда…

У Еўропе летнія фестывалі перасталі быць модай. Даўно сталі традыцыяй. Зрабіліся масавымі «народнымі» фестывалямі, дзе назвы «Аіда», «Кармэн», «Турандот», «Тоска» ўспрымаюцца як шлягерныя. Пачынаючы з 1992 года без «Аіды» не праходзіць ніводны сезон у «археалагічным» тэатры «Арэна дзі Верона». І публіка дзеля любімага, знаёмага відовішча гатова ўсю ноч праседзець на камянях вакол антычнай арэны.

«Фестываль — гэта выключная падзея ў выключным месцы», — сцвярджаў Рыхард Вагнер. Оперныя фестывалі Фінляндыі, Нарвегіі збіраюць шматлікую публіку і турыстаў. Запрашаюцца сусветна вядомыя артысты, адкрываюцца новыя імёны. Дэкарацыямі становяцца мураваныя сцены старых замкаў.

Не меншай папулярнасцю карыстаюцца і зімовыя фестывалі. У Вене пік музычнага сезона прыпадае на люты. Гэта месяц баляў і баляў-маскарадаў. Самы знакаміты — Опернбаль — надараецца толькі раз на год у Оперным тэатры. З гэтай нагоды крэслы ў партэры дэмантуюцца, і ўся прастора разам са сцэнай ператвараецца ў агромністую танцавальную залу, упрыгожаную гірляндамі і букетамі жывых кветак. Публіка запрашаецца самая патрабавальная, з усяго свету. Кошт самых дарагіх білетаў — да 20 тысяч еўра. Але гэта не адзіны баль у Вене. Іх — дзесяткі. І не ўсе арганізаваны арыстакратамі. Існуюць старажытныя рамесніцкія гільдыі — напрыклад, прачак і пекараў. Большасць баляў належаць ім. Аўстрыйцы любяць танцаваць!

/i/content/pi/mast/24/411/14.jpg

Маэстра Анісімаў.

А як вам падабаецца «свята свечак», якое штогод праводзіцца 11 снежня ў старажытным горадзе Гаўда, калі тысяча свечак запальваецца на галоўнай плошчы горада? Асвятляецца елка — і стартуе танцавальны марафон. А карнавал «Тлусты Панядзелак», які пачынаецца а шостай раніцы, цягнецца ўвесь дзень і няспешна пераходзіць у «Тлусты Аўторак»?

«Модны» Тэадор Курэнтзіс раскашуецца па-свойму: здзіўляе навагоднімі канцэртнымі праменадамі на тры аддзяленні. У кожным антракце — шампанскае. Святлана Бязродная і яе «Вівальдзі-аркестр» не абмяжоўваюць сябе рамкамі канцэртных выступаў. Іх новыя праекты — тэатралізаваныя дзействы, у якіх побач з аркестрам удзельнічаюць артысты балета, джазмены, драматычныя акцёры.

Трэба аддаць належнае і айчыннаму гледачу — нашы людзі таксама з лёгкасцю адмаўляюцца ад звычкі завіхацца над гарачай патэльняй са смажанінай пад самы Новы год і 31-га снежня спяшаюцца ў канцэртную залу Беларускай філармоніі пацешыцца Штраусам і Чайкоўскім у выкананні таго ж Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра і яго маэстра. «Спажыва для душы» пачынае перамагаць «чарку ды скварку». Гэта цешыць.

Трымценне крылцаў узрушыць Сусвет?

Ёсць у фізіцы такі тэрмін — «эфект матылька» Ён мае дачыненне да ўласцівасці некаторых хаатычных сістэм. Паводле яго, зусім нязначны ўплыў на сістэму можа мець непрадказальны і вялікі эфект у іншым месцы і іншым часе. Тое, што напачатку не выклікае ніякага неспакою, можа цягнуць за сабой непрадказальныя наступствы.

У Рэя Брэдберы смерць матылька ў далёкім мінулым змяняе будучыню, якая сцішылася і схавалася ў межах сённяшняга дня. Лёгкае трымценне крылцаў здольнае ўзрушыць Сусвет. Узмахі пяшчотных крылцаў у стане выклікаць ланцуг падзей, якія вядуць да буйнамаштабных зменаў. І даводзіцца згаджацца, што планета Зямля — жывая сістэма, неверагодна залежная і чуйная.

У мастацтве аднойчы паспяхова ўвасобленая ідэя звычайна мае свой працяг, потым атрымлівае прызнанне, стабільнасць, устойлівасць, уласную прастору і магнітнае поле, сілу прыцягнення і, урэшце, права на ўкараненне і месца ў кантэксце.

«Мадам Батэрфляй» у выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра (галоўны дырыжор Аляксандр Анісімаў), Дзяржаўнага камернага хору (галоўны дырыжор Наталля Міхайлава), Ірыны Крыкуновай (Расія), Маўра Пагана, Кармінэ Манака, Карла Антоніо дэ Лючыа (Італія), Такако Йошыда (Японія), Алега Гардынца і Уладзіміра Громава (Беларусь) — стварыла свой эфект «трымцення», эфект чароўнага завяршэння 71-га філарманічнага сезона. Што далей?

Галоўная падзея — Музыка...

Аднойчы парушыўшы спакой і спякоту ліпеньскага Мінска гукамі незабыўнай «Аіды», Аляксандр Анісімаў магутна скалануў і зрушыў з месца «тэктанічны» пласт існуючай культурна-музычнай сітуацыі, змусіўшы нават абыякавых да падзеі лічыцца з ёю. Новая культурная хваля набывае моц і актуальнасць. На падыходзе 2010 год, а «опернае» лета 2009-га дасюль помніцца і пульсуе акордамі пучыніеўскай «Чыа-Чыа-сан». Дасюль жыве адчуванне радасці ад сустрэчы з музыкай, якую прагна ўбіралі ў сябе ўсе, хто знаходзіўся ў зале. Пучыніеўскі матылёк («Мадам Батэрфляй» — другая назва оперы «Чыа-Чыа-сан») ствараў нябачны рэльеф незабыўных інтанацый, якія доўжацца і сёння.

/i/content/pi/mast/24/411/15.jpg

«Чыа-Чыа-сан» Пучыні. Канцэртнае выкананне. Ірына Крыкунова (Чыа-Чыа-сан). Беларуская дзяржаўная філармонія.

На фоне крызісных «пастак», праблем сапраўдных і навязаных — гэта факт не толькі індывідуальнага выбару дырыжора. Яго творчыя амбіцыі супалі з патрэбамі сённяшняга сацыяльнага клімату і атрымалі рэзананс у грамадстве. Народ выбраў не забаўляльнае шоу, не «міксты»-«рэміксы», а зусім не відовішчнае, не абцяжаранае тэатральнымі ўмоўнасцямі канцэртнае выкананне класічнай оперы. Канцэртнае выкананне, дзе галоўнай падзеяй спектакля з’яўляецца Музыка — магутны маналог, атачоны рамкамі сцэны.

На сцэне было ўсё, неабходнае для Музыкі — дырыжор Аляксандр Анісімаў, прымадонна Ірына Крыкунова. Яе голас выпроствае энергетычныя скруткі так, што вычышчае наваколле, лёгка супадае з намі і ўзнімае нашы вібрацыі да свайго ўзорнага гучання. Голас Крыкуновай у 1-ай дзеі оперы з’яўляецца на сцэне раней за саму гераіню. Сіла пранікнення і палёту такая, што спявачцы не абавязкова знаходзіцца ў цэнтры сцэны, каб быць пачутай. І аркестру не абавязкова сядзець у аркестравай яме, калі на сцэне Крыкунова. А чатырохгадоваму хлопчыку (сыну Чыа-Чыа-сан) камфортна і прыемна «купацца» ў гэтай вакальнай «галактыцы».

Аркестр Анісімава — як мадэль сусвету: сфармаваны, зладжаны і збалансаваны. Гіганцкая палітра, якая змяшчае мноства фарбаў і адценняў. Дырыжор уздымае з глыбінь партытуры гукавыя хвалі і насычаныя кульмінацыі, выяўляе ўзаемапрычыннасць супярэчнасцей і згоды, кіруе рухам, уладарыць Часам...

Апошнія такты партытуры прагучалі ў змроку, які паглынуў і галоўную гераіню, і яе «гісторыю», і ўсіх, хто знаходзіўся побач, і нават дырыжора з ягонай палачкай, на канцы якой яшчэ «трымалася» музыка. Скрыпкі і віяланчэлі, альты і кантрабасы, іх смычкі і пюпітры, валторны і фаготы, кларнеты і флейты на імгненне зніклі. Адгучаўшы, музыка Пучыні скандэнсавалася цішынёй. Узнеслася пад скляпенні залы. Уздыхнула і зрабіла нечуванае — спыніла імгненне... Наяўнасць, паводле самога Пучыні, трох асноўных законаў тэатра — зацікавіць, уразіць і крануць — была спраўджана.

Адкуль наша «калектыўнае неўсвядомленае»?

Адметнасць беларускай еўрапейскасці — менавіта ў яе беларускасці. Калі не вытрымліваецца галоўная парадыгма, усё наша «новае» з цягам часу набывае рысы правінцыйнасці, запазычанасці, другаснасці. Тое, што напачатку было выключным і непаўторным, раптам набывае спецыфічны і невынішчальны пах прывазнога «second hand». Гэта лёгка прачытваецца пры назіранні за жыццём «нашага» маскульту. Хоць бы на прыкладзе «Еўрабачання», дзе мы ўпарта імкнемся здаць экзамен еўрапейскім «хатнім гаспадыням». І шчыра здзіўляемся, чаму не дагадзілі іх густам і не выйшлі ў фінал. Ды таму і не выйшлі, што нашы густы палягаюць зусім у іншых плоскасцях! Наша спадчына — з радзівілаўскіх тэатраў і асамблей, са Статута Вялікага Княства Літоўскага, а яшчэ раней — з полацкай дзяржаўнасці.

Многае з таго, што пастаўлена на беларускіх сцэнах, недзе, некалі і некім ужо ставілася і выконвалася. Мы з лёгкасцю аддалі права «першай ночы». А тое, што нараджаецца на нашай зямлі, ці выклікае ў нас пачуццё «абсалюту»? І каб мы раптам вырашылі для сябе карыстацца, як некалі князь Міхал Казімір Агінскі — уладар Слонімскага оперна-балетнага тэатра, тэрмінам «абсалютная прэм’ера», дык наколькі часта мы маглі б бачыць яго на афішах для абазначэння абсалютна першага (першага ў свеце!) выканання?

Як часта новыя творы беларускіх кампазітараў гучаць у канцэртных залах? Якім чынам можна даведацца пра развіццё сучаснага кампазітарскага мыслення? Якія дасягненні нацыянальнай музыкі і якое месца ў сусветным кантэксце развіцця сучаснага музычнага мыслення яна займае? Замест пошуку адказаў і вырашэння наспелых праблем кампазітарскія пленумы і з’езды выяўляюць, акрамя іншага, яшчэ і прыніжанае становішча сучаснага айчыннага творцы. Канстатуюць яго залежнасць ад выканальніцкіх калектываў, яго непазбежную долю стаяць у чарзе з «працягнутай партытурай». Прызнаюць яго залежнасць ад узроставай катэгорыі (беларускі кампазітар можа быць «занадта маладым» і «занадта старым»), ад неабцяжаранасці званнямі і лаўрэацтвамі, хоць даўно вядома — талент узросту не мае. Сучасны стан нацыянальных кампазітараў дужа нагадвае сучасны стан беларускай мовы — яна нібыта недзе і ёсць, але ж толькі — дзе яна?.. Ці гучыць?

У свой час літоўскі кампазітар Баліс Дварыёнас у сталым веку набыў прафесію дырыжора адно з мэтай знаёміць свой народ з музыкай нацыянальных кампазітараў. З тае пары (прасачыць гэта можна па афішах літоўскіх выканаўцаў, што выступаюць на сцэне нашай філармоніі) ніводны літоўскі музыкант, які выязджае за межы сваёй краіны, не абыходзіцца без уключэння ў праграму твора айчыннага кампазітара. Паназірайце! Выканаўца лічыць за гонар рабіць гэта.

Фестывалі сучаснай, а дакладней, авангарднай беларускай музыкі даўно адышлі ў нябыт. Мы не існуем для сябе, ва ўласнай прасторы. Хутка перастанем існаваць для іншых: хіба беларускі кампазітар «гучыць» у свеце? Мы пра тое ведаем? Мы пра тое гаворым, пішам, разважаем, мы тым ганарымся? Адно спадзяванне: дзесьці ў андэграўндзе спее, развіваецца, існуе мастацтва без пазнакі «second hand». Не перанесенае з чужых сцэн, пазбаўленае актуальнасці і разлічанае на правінцыйную недасведчанасць, не скалькаванае, а зробленае ўласнымі рукамі, з уважлівым і зацікаўленым стаўленнем да нацыянальных рэсурсаў. На гэта спадзяванне. Наша ментальнасць глыбінёю ў тысячагоддзі тутэйшай музычнай архаікі, якая неўзараным ворывам ляжыць дагэтуль пад нагамі і час ад часу выдыхае з сябе талент, творцу, генія. Таму самае лепшае і плённае, што можна зрабіць для «Еўрабачання», — прадэманстраваць Еўропе нашу самабытнасць, адметнасць. І тым самым здзівіць. Бо здзівіць можна толькі гэтым.

Але азірнемся... і паспрабуем знайсці аналогіі. Мы ўбачым, што зноў гісторыю «робяць» адзінкі. Калі ж здараецца, што прагрэсіўнае мысленне становіцца поліфанічным у маштабах культуры і ўсёй краіны, сам па сабе некуды знікае недарэчны лозунг «Музыка павінна прадавацца» — і мы радасна, як дзеці забароненае, прамаўляем: «Музыка — не прадаецца!»

Рэха смілавіцкіх званоў

Кожны раз, калі сіла мастацтва набліжаецца да свайго найвышэйшага ўвасаблення, яно непазбежна правакуе нараджэнне новых ідэй, з’яўленне нечаканых асацыяцый, свежых імпульсаў і эмоцый, пашырае межы свядомасці і звычныя далягляды. Чысты вецер высокага мастацтва выносіць за межы абжытага, страшыць нязведаным і абяцае паскоранае біццё сэрца.

Мадэль узаемных дачыненняў акадэмічнай музыкі і слухача толькі пачынае складвацца. І яна не рэалізуецца без арганізацыйных, інтэлектуальных намаганняў творчай эліты. І не будзе завершанай, а застанецца хуткаплынным музычным салютам, свайго кшталту «піратэхнічным дасягненнем» святочнага горада. Мадэль не складзецца і тады, калі будзе абумоўлена толькі сукупнасцю непазбежных акалічнасцей (сонца ўзыходзіць — і дзень наступае сам па сабе, без нашых намаганняў). Нічога не атрымаецца і тады, калі мы раптам уздумаем спяваць адну на ўсіх песню. У нашай культуры і гісторыі столькі непрарошчанага і неўзаранага...

На мой погляд, мы не схамянуліся сёлета ад 190-годдзя Станіслава Манюшкі, ад юбілейнай даты прызнанага ва ўсім свеце кампазітара, які нарадзіўся за 30 кіламетраў ад сённяшняй сталіцы і чые першыя дзіцячыя ўражанні звязаны з гучаннем смілавіцкіх званоў. Толькі адзін канцэрт мінулага філарманічнага сезона быў прысвечаны ягонай творчасці — дзякуючы неабыякавасці ансамбля «Класік-авангард» пад кіраўніцтвам нястомнага Уладзіміра Байдава. І кіраўнік, і калектыў — з тых нямногіх, хто ніколі не спакушаецца простымі шляхамі, не збіваецца на трывіяльнае. Не робіць прафесію лёгкім хлебам. Спадзеючыся толькі на ўласныя сілы і насуперак усяму, калектыў служыць Музыцы, вяртаючы ёй страчанае і забытае. Дух Рыгора Шырмы, у гонар якога названа малая зала філармоніі, лунаў над гукамі манюшкаўскіх твораў і над музыкантамі, што выпраменьвалі ў прастору чысціню, ствараючы дзівосны свет.

Што супрацьстаіць глабалізацыі?

Яшчэ адна дэталь. 2010-ы — год Шапэна. Еўропа загадзя пачала рыхтавацца да ўшанавання класіка. Вялікія і маленькія канцэртныя залы ўсё часцей сталі напаўняцца гучаннем мазурак, паланезаў, вальсаў Шапэна. Перадусім гэта, зразумела, тычыцца радзімы кампазітара. Няма сумненняў, што кожны паляк, ад маленькага да сталага, нейкім чынам спрычыніцца да юбілейных падзей. Так ствараюцца ўмовы, каб шанавалася сваё. Так — праз мастацтва! — можна супрацьстаяць глабалізацыі.

Шапэна любяць ва ўсім свеце. І ў Беларусі, канешне, таксама. Выхаванне маладога піяніста, як толькі ён авалодвае першымі навыкамі, не абыходзіцца без накцюрнаў, вальсаў, прэлюдый. Шапэна іграюць на экзаменацыйных іспытах у ліцэях, каледжах, кансерваторыі. І ў юбілейны год ён будзе гучаць як ніколі часта. Праграмы, праўда, даволі стандартныя і складаюцца з папулярных, любімых і знаёмых твораў. Зрэшты, у гэтым няма нічога заганнага. Але канцэрты на беларускіх сцэнах, прысвечаныя шапэнаўскаму юбілею, маглі б выглядаць нечакана, калі б мы ўзгадалі асяроддзе, у якім гадаваўся Шапэн. Хто былі ягоныя настаўнікі, і, галоўнае, хто стварыў і сфармаваў яго светапогляд і свядомасць? Адказваючы на гэтыя пытанні, мы б зрабілі нямала адкрыццяў, надзвычай прыемных для нашай нацыянальнай годнасці.

Усе ведаюць, што першым настаўнікам Шапэна быў чэх Войцех Жыўны. І мала хто ведае, што вучыць геніяльнага польскага юнака 60-гадовы Жыўны прыехаў пасля службы ў мястэчку Дзярэчын, што каля Навагрудка, дзе выкладаў музыку дзецям князя Сапегі. Беларусь яшчэ, магчыма, перажыве неверагоднае ўзрушэнне, калі знойдуцца партытуры Войцеха Жыўнага (а яны, паводле прагнозу Вольгі Дадзіёмавай, мусяць абавязкова адшукацца!) — музыка, напісаная ім на беларускай зямлі.

Яшчэ адзін малавядомы факт: бацька Шапэна Мікалай быў паплечнікам Тадэвуша Касцюшкі і даслужыўся да чыну капітана ў ягоным войску. Даследчыкі творчасці Шапэна ведаюць, што свае першыя паланезы той пачаў пісаць пад уплывам музыкі Агінскага. Першыя балады ўзніклі пад уражаннем Адама Міцкевіча. У музычнай школе настаўнікі справядліва даводзяць: «Тэма Радзімы становіцца вядучай творчай тэмай Шапэна». На «Гістарычных песнях» Юліяна Урсына Нямцэвіча, што родам з-пад Брэста, выхавалася цэлае пакаленне польскай інтэлігенцыі пачатку ХІХ стагоддзя. Шапэнаўскі патрыятызм пачаўся менавіта з «Гістарычных песень» Нямцэвіча.

Трываласць і моц культурнай мадэлі ў тым, што яна — частка цэлага, арганічна і непазбыўна ўкаранёная ў наша жыццё. Так дасягаецца магутнасць. Так некалі адбудзецца з нашай мовай — і мы нарэшце перастанем пачуваць сябе героямі, размаўляючы па-беларуску. Неабходнасць стане непазбежнасцю — як сонца на Купалле і агонь на Каляды.

«Эфект матылька» створаны. Хто пойдзе далей? Хто здолее прарвацца да маштабных сучасных музычна-пластычных увасабленняў сучаснага мыслення на традыцыйнай сцэне? Хто здольны аб’яднаць сугучную музыцы пластычную матэрыю, аб’яднаць выбітнае авангарднае мысленне са сцэнічнай прасторай, святлом, колерам, гукам?

Мы ж можам пражыць жыццё, так ні разу не пачуўшы ў жывым выкананні мадрыгалаў Монтэвердзі, яго «Арфея», (затое некалькі разоў у сезон маем магчымасць атрымліваць «асалоду» ад «Рэквіема» Вердзі). Не пачуць новыя творы Пендэрэцкага, але шматкроць «захоплена» ўслухоўвацца ў пераможнае гучанне «Урачыстай уверцюры 1812 год» Чайкоўскага, што ў кантэксце айчыннай гісторыі выглядае дзіўнавата-недарэчна. А ці пачуем калі смешныя аднаактовыя оперы Моцарта і камічна-гратэсковага Гайдна? А ці даведаецца калі беларускі слухач пра жанры інструментальнага, прасторавага тэатра? Пра тое, што існуюць у свеце і плывучыя сцэны сярод возера, дзе разыгрываюцца музычныя спектаклі, і канцэртныя залы, прызначаныя толькі для выканання музыкі Баха? І яшчэ шмат пра што...

А можа, нам самім калі-небудзь захочацца быць вынаходнікамі, быць першымі? Не карміцца з другіх рук і не ўспрымаць як адкрыццё недзе даўно «адкатаны» спектакль?

І тады сапраўды спрацуе «эфект матылька», толькі па-мастацку і ў мастацтве, і, урэшце, акрэсліць творчую перспектыву, будучае, каб праз яго адна падзея нарадзіла наступную. Непазбежны каскад падзей прывядзе да стварэння летняга опернага тэатра. А там — і камернай летняй оперы з беларускімі спевакамі і рэжысёрамі, камернага мадэрн-тэатра са сваімі танцоўшчыкамі і харэографамі. Адновяцца фестывалі сучаснай музыкі, фестывалі аўтэнтычнага фальклору. І стане відавочным тое, што некалі было неверагодным. Паспяшаймася, пакуль за беларушчыну медалёў не даюць.

Ларыса Сімаковіч