Перакуленая рэальнасць вялікіх містыфікатараў

№ 10 (319) 01.10.2009 - 31.10.2009 г

Апошнім часам усе міжнародныя фестывалі ўключаюць у парадак дня дыскусіі аб асаблівасцях сучаснага этапу ў развіцці айчыннага і сусветнага тэатра. Сённяшняя практыка і перспектывы, натуральна, больш за ўсё хвалююць людзей, якія маюць адносіны да сцэнічнага мастацтва. Аднак кожны падобны фестываль — яшчэ і свята канкрэтнага горада, нагода для масавага далучэння да творчасці соцень гараджан. Не быў выключэннем чарговы, чатырнаццаты фэст «Белая Вежа-2009».

Адметнасць гэтага тэатральнага форуму ў тым, што ён пабудаваны паводле класічнай схемы культурных святаў, гісторыя якіх налічвае больш за два стагоддзі. Гэта абавязковы музычны складнік, карнавал на плошчы, наяўнасць эксперыментаў, выступленні пластычных калектываў, лялечных, студэнцкіх тэатраў, форум прафесіяналаў. У рэшце рэшт, гэта рэгулярны агляд сцэнічнага мастацтва.

/i/content/pi/mast/24/410/8.jpg

«Рэвізор» Мікалая Гогаля.Сяргей Юрэвіч (Хлестакоў),Анастасія Задорына (Марыя Антонаўна). Гомельскі абласны драматычны тэатр.

Арганізатараў брэсцкай «Белай Вежы» не раз папракалі за адсутнасць фестывальнай канцэпцыі. Але з цягам часу пералічаная вышэй разнастайнасць і зрабілася гэтай канцэпцыяй, таму што тэатральны фестываль — адна з форм міжнароднага грамадскага жыцця. Адпаведна, спосаб пашырэння кантактаў між краінамі. У выніку ён прымушае вольна або нявольна звяртацца да агульных праблем жыцця планеты апошніх дзесяцігоддзяў. Фестываль стварае для сваёй аўдыторыі атмасферу прыўзнятасці, дае магчымасць спасцігаць культуру іншых краін, спецыфіку мыслення.

Вядома ж, падобныя форумы не заўсёды адлюстроўваюць рэальныя працэсы, якія адбываюцца ў тэатры. Перашкаджаюць бар’еры, звязаныя з рознасцю культурных узроўняў і традыцый, — як, напрыклад, паміж сучаснымі заходнееўрапейскімі калектывамі і традыцыйным рытуальным мастацтвам Усходу. Шкодзяць справе і фінансавыя праблемы — немагчымасць аплаціць праезд найбольш цікавых спектакляў. Значэнне маюць крытэрыі адбору відовішчаў і адзіны прынцып ацэнак журы.

«Белая Вежа» — заўсёды свята, якое прыносіць радасць, задавальненне, разняволенасць. Яна адкрыта ўсім накірункам, усім формам тэатра і любой публіцы. Можна сказаць, што лейтматывам сёлетняга форуму зрабілася гаворка пра свабоду творчасці і цярплівасць. Так, любы добры спектакль, паказаны ў іншай краіне, на незнаёмай сцэнічнай пляцоўцы, можа многае страціць. Тое, што ў сябе дома лічылася дасягненнем, на фестывалі можа падацца «асятрынай другой свежасці». Крытыкі ў такіх выпадках, як правіла, бязлітасныя, і спасылка на «асаблівыя абставіны» іх толькі раздражняе. Адзначу адразу, у гэтым годзе абмеркаванне спектакляў было звышлаяльным. Актыўная і вельмі мабільная мясцовая прэса пазбягала рэзкасцей. Усе імкнуліся ўнікнуць катэгарычнасці і даць свабоду самой прыродзе тэатра, ягонай ролі і месцу ў грамадскім жыцці.

Факты і лічбы

Першы рэспект неабходна аддаць кіраўніцтву рэгіёна, якое сказала: «Фестывалю быць!» Сённяшняя эканамічная сітуацыя ставіла форум пад пагрозу зрыву. І шчасце, што старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар і начальнік упраўлення культуры гэтага ж выканкама Рыгор Бысюк аказаліся не толькі знаўцамі і аматарамі тэатра. Яны разумелі, што працэс нельга спыняць. Фактычна сваімі рукамі губернатар утрымаў форум. Канстанцін Сумар сказаў: «Скарачайце бюджэт, эканомьце, але фестываль трэба захаваць, ён — наш».

/i/content/pi/mast/24/410/9.jpg

«Гогаль. Вечары. Частка І». Сцэна са спектакля. Цэнтр імя Усевалада Меерхольда (Масква, Расія).

Скарачэнне бюджэту на дваццаць працэнтаў, адмаўленне ад падарункаў і рэкламнай кампаніі, канешне ж, заўважныя. І хоць усе білеты былі раскупленыя ў першы дзень, гэта не выратавала становішча. Білеты ўсё яшчэ, у параўнанні з замежнымі краінамі, вельмі танныя. Самы дарагі каштуе 40000 рублёў.

Збянтэжылі і райдэры некаторых калектываў. Напрыклад, патрабаванне незаўважных на целе мікрафонаў, якія давялося шукаць і арандаваць за вялікія грошы. Куды прасцей аказалася прыцягнуць некалькі мяхоў сена, крутыя яйкі, адвараную бульбу і салёныя гуркі.

Захады ў эканом-фармаце мелі наступствам непрыезд на фестываль трох экзатычных калектываў з Венесуэлы, Нігерыі і Бразіліі, а таксама нямецкіх лялек. Аднак колькасць удзельнікаў дасягнула паўтысячы, а гледачоў — дванаццаці тысяч. Менавіта для іх прызначаўся заключны гала-канцэрт зорак беларускай оперы. Акампанаваў ім сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і музыкі пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Сасноўскага. Заўважце, штосьці прынцыпова новае ў нашай тэатральнай прасторы.

Ёсць кропля дзёгцю ў гэтай бочцы мёду. З усіх сродкаў масавай інфармацыі былі акрэдытаваныя толькі 19 мясцовых журналістаў. Сумна, што рэспубліканскія СМІ па-ранейшаму застаюцца амаль у баку. Адсутнічае тэлевізійная версія «Белай Вежы». А вось вырасціць у Брэсце ўласную публіку ўдалося. На гэта звярталі ўвагу ўсе ўдзельнікі фэсту.

Сны і ява Гогаля

Фестываль прысвяцілі 200-годдзю з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Гогаля. Гэта не азначала, што толькі ягоныя творы запоўняць афішу. Уласна гогалеўскіх твораў было сем. Стала зразумела, што два з іх абавязкова акажуцца пераможцамі. Такія розныя па тэатральнай эстэтыцы спектаклі масквічоў і гамяльчан узрушылі гогалеўскай паэтыкай, сатырычным гучаннем, горкім смехам і светлымі слязьмі. Сцэнічныя інтэрпрэтацыі аповесці «Майская ноч, або тапельніца» і п’есы «Рэвізор» апынуліся ў цэнтры спрэчак, разваг і вызначэнняў далейшых шляхоў тэатра. Масквічы паказалі саўнддраму Уладзіміра Панкова, гамяльчане — спектакль Лідзіі Манаковай.

Парадаксальнае спалучэнне розных жанраў было адным з наватарскіх прыёмаў Гогаля. Цэнтр імя Усевалада Меерхольда прывёз спектакль «Гогаль. Вечары. Частка І», замахнуўшыся на цыкл з чатырох частак. Паводле пораў года. Па словах рэжысёра Уладзіміра Панкова, гэта псалтыр, які даследуе такую з’яву, як сон-смерць. І толькі музыка дапамагае яму ва ўсім разабрацца. Высокі ўзровень выканання, аўтэнтычныя спевы, пранізлівае гучанне музычных інструментаў, спалучэнне бліскучых імправізацый з операй Рымскага-Корсакава сведчылі пра з’яўленне новага жанру — саўнддрамы. Гэта тэатр, які разглядае драматургію праз прызму гукаў. У рэжысёра пры чытанні тэкстаў узнікае шмат гукавых асацыяцый. Зычныя, галосныя, іх вібрацыя неяк па-іншаму складаюцца ў фразы. Важна, каб гледачы аддаваліся слыхавому ўспрыманню. Гэта адбываецца. І гэта прынцыпова. Каманда Панкова адточвае новы стыль.

Гэта не харэаграфія, не опера, не драма, а пластычныя галасавыя цуды, якія скіроўваюць нас да розных тэатральных культур, але найперш да гогалеўскай інтанацыі. Гэта сны без абуджэння, у якіх пануе безразважная ява. Сон, як разумеў яго Гогаль, — перакуленая рэчаіснасць. У спевах вызваляецца ўнутраная энергія. Усталёўваецца кантакт спевака з усім светам. «Вечары» выразна выбудаваны рэжысёрам па прынцыпе вітража. Мёртвыя душы ператвараюцца ў жывыя і наадварот. Тут і рамантычная гіпербала кахання, і перабольшаная пастава казака-волата з оперным голасам. Гіганцкія метафары і казачная дзяціннасць. Усё так дзіўна пераблыталася, што ў глядзельнай зале стаяла цішыня. А потым — выбух захаплення.

/i/content/pi/mast/24/410/10.jpg

«Мара пра Дон-Кіхота» паводле Сервантэса. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.

Думаю, што гэты спектакль лепш разумее маладая публіка з вялізным музычным вопытам успрымання рэчаіснасці. Старэйшаму пакаленню ацаніць такое відовішча больш складана. З маленькіх аскепкаў складаецца цэлы вітраж. Па сутнасці, гэта і ёсць кліп, дзе сюжэт і развіццё характараў — не галоўнае. Хто да чаго прывык.

Іншая справа — «Рэвізор» Гомельскага абласнога тэатра, які пабудаваны традыцыйна, але з нязвыклымі трактоўкамі вобразаў Хлестакова і Гараднічага. Спектакль гэты дзіўным чынам, нібыта наследуючы гогалеўскай містыцы, усіх зачараваў. Ні гледачы, ні акцёры, ні крытыкі не здолелі патлумачыць падобных фантасмагорый. Сатыра Гогаля на абывацельскае балота сталася сапраўднай трагікамедыяй, што дазволіла журналісту «Вячэрняга Брэста» назваць сваю рэцэнзію «Рэвізор з камяком у горле». Гэта было сапраўды так, бо Гараднічы ў выкананні Аляксея Бычкова аказаўся сімпатычнай трагічнай постаццю, пяшчотным бацькам і шчырым выратавальнікам свайго горада. Імгненна забылася, што гэты бацька трымае ў цуглях усіх, з’яўляецца бескантрольным гаспадаром і бязмежным хамам. П’еса, якая геніяльна адлюстравала заганы свайго часу, аказалася цалкам сучаснай.

Сур’ёзны поспех напаткаў акцёра Сяргея Юрэвіча, выканаўца ролі Хлестакова. Яму аднадушна прадказалі галоўную ўзнагароду фестывалю за лепшую мужчынскую ролю. Чыноўнік з Пецярбурга не быў дурнем і прастадушным выхвалякам. Гэта вялікі містыфікатар, які шчыра і наіўна жыве ў прыдуманым ім самім свеце. Ён цудоўны імправізатар. Нікога не збіраўся падманваць. Знакамітая сцэна паглыблення ў алкагальную хлусню пасля наведвання богаўгодных устаноў выглядае сапраўднай чартаўшчынай. Нібыта сам аўтар штосьці нашэптвае акцёру. Атрымліваецца нязвыклы варыянт, даволі далёкі ад традыцыйнага «што ў цвярозага на розуме, то ў п’янага на языку». Дый разумненькая Марыя Антонаўна актрысы Анастасіі Задорынай зусім не спяшаецца вешацца на шыю гэтаму Хлестакову. Яна нават яго крыху пабойваецца. Магчыма адчувае, што «рэвізор» захоплены хлуснёй. Зрэшты, і сам ён спыняе і апраўдвае сябе: «Я хлушу, хлушу».

Хочацца ўсё ж нагадаць, што ў Гогаля Гараднічага ніхто не падманваў і Хлестакоў не вінаваты ў тым, што яго прынялі за рэвізора. Таму ў станоўчых персанажах гомельскага спектакля яшчэ варта разабрацца. У «Рэвізоры» Гогаля толькі адна станоўчая дзейная асоба — смех. І гэта агульнавядома. Дык ці варта было злодзеяў, хабарнікаў і дурняў увасабляць з пяшчотай і любоўю, якія выклікаюць спачуванне? Невыпадкова пакрыўджаная асоба з гогалеўскай п’есы ў спектаклі так і не з’явілася: абышлося без знакамітай унтэр-афіцэрскай удавы.

/i/content/pi/mast/24/410/11.jpg

«Клуб на могілках» Айвана Мэнчэла. Дзяржаўны маладзёжны тэатр Літвы.

Сваю гісторыю ў гогалеўскай «Жаніцьбе» прачытала і Валянціна Еранькова ў спектаклі Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага. Яна прапанавала гульню з Гогалем у духу рускага лубка. Гогалеўскія інтанацыі выявіліся ў падаўленні чалавечай волі, ва ўпэўненасці, што людзі — лялькі ў чыёйсьці гульні. Сапраўды, у параўнанні з актыўнымі персанажамі «Рэвізора» героі «Жаніцьбы», па сутнасці, пасіўныя. Імі гуляюць. У цэнтры падзей аказваецца Качкароў у выкананні Сяргея Чэкерэса, які акумулюе гогалеўскую чартаўшчыну. Ён пастаянна канцэнтруе ўвагу на сваім персанажы, на ягоным д’ябальскім пачатку, які і заварыў гэтае «абсалютна неверагоднае здарэнне» з жаніцьбай.

Два «Віі» — Маскоўскага абласнога драматычнага тэатра імя Астроўскага і Магілёўскага тэатра лялек — на жаль, не парадавалі свежасцю і арыгінальнасцю рэжысёрскага прачытання. Правінцыйныя варыянты з прыгожым аздабленнем для недасведчанай публікі, з якіх не стала ясна, дзеля чаго зазіраў у вочы смерці Хама.

Затое просценькі валагодскі праект на двух выканаўцаў «Сварка» узрадаваў жывой акцёрскай ігрой і дасціпным пераўвасабленнем. Акцёры Усевалад Чубенка і Алег Емяльянаў разыгралі, або, дакладней сказаць, праспявалі гісторыю пра тое, як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам. Лёгка і арганічна гулялі выканаўцы з прадметамі, ствараючы трагікамічную стыхію бессэнсоўнасці. Яны паставілі клічнік у праграме з твораў Гогаля.

Агонь, вада, медныя трубы вулічнага тэатра

Адкрытыя для шырокай публікі вулічныя тэатры сталіся разынкай «Белай Вежы» ўжо даўно. Для вулічнай праграмы з яе маштабамі, сцэнічнымі магчымасцямі і масавай аўдыторыяй імкнуцца выбіраць матэрыялы манументальнага характару. Акцёры працуюць з вогненным рэквізітам і піратэхнічнымі эфектамі на шчодра дэкарыраванай сцэне і пад музыку. Ілюзійная шоу-праграма з дапамогай дымоў і пражэктараў стварае арыгінальныя светлавыя вобразы. Акцёрам неабходныя добрая спартыўная падрыхтоўка і выдатная пластыка, бо ў бальшыні выпадкаў яны ходзяць на хадулях.

Феерычныя і святлотэхнічныя эфекты некалькі гадоў таму не засланілі, а толькі падкрэслілі велічнасць чэхаўскага «Вішнёвага саду», сыгранага Львоўскім тэатрам «Уваскрэсенне» Яраслава Федарышына. Ён і сёлета са сваёй кампазіцыяй паводле твораў Шэкспіра быў недасягальным у жанры вулічнага тэатра. Дынамічная музыка, шыкоўныя касцюмы, арыгінальныя мізансцэны спалучаліся з філасофскім асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу.

Прасцей выглядала шоу веліканаў з Еўпаторыі. Тэатр працаваў удзень і пад дажджом, выкарыстоўваючы папулярную музыку, нават песні Веркі Сярдзючкі.

У гэтым годзе на плошчу Леніна вывеў сваіх драматычных артыстаў дырэктар фестывалю Аляксандр Козак. Ягоны спектакль «Мара пра Дон-Кіхота» можна лічыць эксперыментальным праектам, спробай драматычных акцёраў працаваць у іншай сцэнічнай прасторы. Плошча горада падаравала спектаклю тэрыторыю для дзеяння, магчымасць выкарыстаць архітэктуру, новую колеравую палітру, невядомыя дагэтуль сілавыя лініі пластыкі. Жыццё акцёраў на падмостках набыло новую якасць. Сюжэт, падзеі, характары, асаблівасці акцёрскай ігры адышлі на другі план. Глядацкі вобраз стаў асноўнай адзінкай рэжысёрскага мыслення.

Гэтае дзейства было разлічана на гледачоў, якія хоць нейкім чынам знаёмыя з раманам пра Рыцара Журботнага Вобраза. Ланцуг эпізодаў гранічна просты. Сэнс твора пра пошукі ісціны выслізгвае. Ёсць намёкі на сярэднявечнае відовішча, доўга танцуецца тарантэла, ёсць спроба стварэння містэрыі, буфанады, прыёмы балаганнага тэатра. Усё гэта мусіць выклікаць неабходныя асацыяцыі, настройваць на пэўную хвалю, ствараць аб’ект для развагі. Надта ўжо гэта знакавы твор. Ці атрымалася? Адбылося? І так. І не. Складаная пластычная партытура спектакля штораз разбуралася тэхнічнымі непаладкамі і непадрыхтаванасцю акцёраў да падобнага выхаду да публікі.

І толькі кульмінацыйны эпізод з ветракамі прымусіў забыцца на ўсё і дараваць недасканаласць гэтай работы. Вялікі млын, меншы, яшчэ меншы. Штосьці сярэдняе між крыжам і крыламі. З самым маленькім млыном герой караскаецца на верх металічнай пабудовы, прымацоўвае яго да паветраных шарыкаў — і млын узлятае ў цёмнае неба. Гэта як метафара палёту фантазіі Дон-Кіхота. І адначасова адыходзячая ў бяскрайнюю прастору вера ў чалавека, мара пра свабоду. Мара, што хутка растала, нібы воблачка…

Планаваўся поспех

Можна доўга разважаць, што такое спектакль для фестывалю, разлічаны на вандраванні і сустрэчы з рознымі гледачамі. І што такое штодзённая спажыва для рэпертуарнага тэатра. Напрыклад, «Нататкі вар’ята» з Азербайджана зразумелыя і цікавыя нават без перакладу. Акцёр Бакінскага камернага тэатра працуе з лялькамі і рэквізітам, ствараючы атмасферу трагізму абставін.

Акцёры Тэатра Moaser з Ірана ігралі на мове фарсі. Гэта таксама быў папулярызатарскі тэатр, зразумелы ўсім. Жывы акцёр у вобразе, лялькі, пантаміма, жывая музыка і спевы на працягу ўсяго спектакля падкуплялі, нягледзячы на цяжкасці пераводу прозы Габрыеля Маркеса ў сцэнічныя варункі. Тут добрая інтанацыя няпростых узаемаадносін дарослых і дзяцей.

«Арфічная» тэма прагучала ў спектаклі «Эўрыдыка» Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай акадэміі мастацтваў.

Чакалі падзеі ад прыезда брэсцкага любімца літоўскага рэжысёра Альгірдаса Латэнаса. Але спадзяванні не спраўдзіліся. Ягоны спектакль «Клуб на могілках» палічылі камерцыйнай антрэпрызай. Асабіста мне за нязвыклага Латэнаса не было сорамна. Ён рабіў акцёрскі спектакль для папулярных, але мала занятых у рэпертуары выканаўцаў. Спектакль, разлічаны на жаночую псіхалогію, распавёў пра паваротныя крызісныя моманты ў жыцці прадстаўніц слабага полу і знайшоў жывы водгук у глядзельнай зале. Наша ўлюбёнка Ніёле Нармантайтэ зноў атрымала дыплом «За лепшую жаночую ролю». Спектакль прафесійны і стыльны, але абышоўся без звыклых для літоўскай рэжысуры яркіх метафар і складаных канцэпцый. Рэжысёр застаўся верным сабе ў галоўным: гэта сардэчная гутарка з гледачамі на складаныя тэмы.

Самымі слабымі на фестывалі аказаліся спектаклі для дзяцей. Маленькіх гледачоў было шмат, а творчай радасці мала. Тэатры лялек з Магілёва і Кішынёва, відаць, не разлічвалі на асаблівы фестывальны, так бы мовіць, выключны ўзровень. Пачуццё сораму ўзнікла на спектаклі СХТ «Малыш і Карлсан», дзе акцёры пятага або сёмага складу не паспелі нават вывучыць ролі. Адкрытую халтуру не выратавала і гульня ўяўлення, бо гледачам добра вядомая казка Астрыд Ліндгрэн.

Думаю, што любы фестывальны спектакль павінны адрозніваць яркасць фарбаў, найтанчэйшыя пералівы тонаў, пэўнасць аўтарскай інтанацыі і шматзначнасць сэнсу. Спасціжэнне такой мастацкай спецыфікі — працэс працяглы і цяжкі. Патрэбны вопыт, традыцыі, эксперымент і добры густ. У лепшых спектаклях «Белай Вежы-2009» яны былі.

Таццяна Арлова