Музы пакінулі сад. Назаўжды?

№ 9 (318) 01.09.2009 - 01.01.2005 г

Выстава «Сад Венеры», пад знакам якой прайшоў амаль увесь чэрвень у мінскім Палацы мастацтва, мінула ціха і непрыкметна. Калі не лічыць некаторых забаўных дробязей. Так, у якасці прынады, на думку арганізатараў, павінна было паслужыць папярэджанне, што, маўляў, дзеці да 14 гадоў на экспазіцыю не дапускаюцца. Аднак падлеткі, якія прагнуць забароненага плода, не рваліся ў залы, каб паглядзець на «голых цётачак». І хоць «ню», якія запаланілі ўсе тры выставачныя плошчы, было аж занадта — больш за 200 прац, выстава не ўзбудзіла грамадскасці: ні эстэтычна, ні эратычна.

Творы гэтага жанру вельмi часта ніяк не называюць. Так і пішуць на этыкетцы: «Без назвы». Таму што натура кажа сама за сябе, яна абсалютна зразумелая і не патрабуе ніякіх тлумачэнняў. Жанр «ню» (ад французскага nu — аголены) самы што ні на ёсць мастацкі. Аголеная чалавечая постаць — падручнік для мастака. Тут правяраецца ўсё — валоданне рамяством, густ, талент. Аднак ёсць і звычайнае тэхнічнае паняцце мастацкай штудыi — «аголеная натура» або, карацей, «агалёнка». І ёсць такая з’ява, як «нудызм», што значыць «без адзення», пазбаўлены эратызму. І ёсць вызначэнне «парнаграфія», дзе па-за межамі мастацтва рынкавыя законы. Межы вельмі зыбкія, паколькі ёсць мноства варыяцый паняцця «ню» ў розных культурах і кантэкстах, у тым ліку гістарычных. Гэта вельмі «рухомае» паняцце, якое, бы вада, прасочваецца скрозь найменшыя зазоры ў грамадскай свядомасцi i ўнікае стандарту. «Наколькі павінен быць пустым і сляпым дух, каб не прызнаць той факт, што нага больш высакародная, чым абутак, і скура прыгажэйшая за прадмет адзення, у які яна апранута?» — пытаў Мiкеланджэла. З гэтым цяжка спрачацца. Аднак заўсёды паўстае пытанне аб сексуальнасці, а значыцца, меры і гусце.

/i/content/pi/mast/23/407/45.jpg

Аляксандр Жарнасек. Lonliness. Фота. 2009.

Выстава «Сад Венеры» ўзору 2009 года прадэманстравала, як пры жаданні самы інтрыгуючы сюжэт можна зрабіць... посным і нават чапурыстым. Колькасць «ню» не перайшла ў якасць. Быў забыты добра вядомы прынцып: чым больш голых постацей — тым меней яны прывабныя. Няма нічога больш маркотнага, чым нудысцкі пляж.

Відавочна, што аголеная натура заўжды прыцягвае. Нешта сур’ёзна змянілася ў нашым жыцці, таму што прынцып не спрацоўвае. Трэба азiрнуцца вакол, каб пераканацца, што наш паўсядзённы побыт лiтаральна перанасычаны «ню». Калі прыадчынілі фортку ў афіцыйным савецкім выяўленчым мастацтве, нішто так не ўзрушвала, як «адважная» агалёнка. Кантрабандна ўвезены ў краіну «Playboy» быў як адкрыццё. Цяпер, калі гэтай самай аголенай натурай перапоўненыя глянцавыя часопісы, кіно, тэлебачанне і інтэрнэт, трэба нешта большае, чым анатомія. Або нешта іншае... Напрыклад, мастацтва?

Ідэя выставы, як высветлілася, была простая: паказаць, што напрацавалі ў гэтым жанры сучасныя беларускія мастакі. Гэта значыць — нейкая чарговая калектыўная «справаздача» мастацкай супольнасці. Але гучыць гэта неяк сумнавата. І вырашана было гэтую зборную выставу аздобiць, надаць ёй тэматычную асэнсаванасць. Напрыклад, назваць «Садам Венеры» — і акадэмічна, і эратычна, і прыстойна.

Але адбылося штосьці незапланаванае. Узніклі пытанні, аб якіх у самым пачатку ніхто не задумваўся. Напрыклад, чаму аголеную натуру, якая заўжды лічылася мастакамі часткай працэсу акадэмічнага навучання, вырашана было вылучыць у асобны раздзел? Можа, у беларускім мастацтве здарылася нешта рэвалюцыйнае, чаго мы не заўважылі, і спатрэбiлася гэтую з’яву акцэнтаваць? Можа, у майстэрнях з’явіліся такія творы, аб якіх больш нельга было маўчаць? Або нарадзілася новая канцэпцыя, якая вымагае рэалізацыі? Ні то, ні другое, ні трэцяе.

У пошуках беларускай Венеры

Сярод шэрагаў целаў, тулаваў і плеч, якія аздобілі сцены, амаль немагчыма было выявіць творчыя почыркі і індывідуальнасці аўтараў. Асабліва злы жарт сыграў прынцып «наогул» з тымі мастакамі, якія патрабуюць прысутнасці нейкага ўласнага асяроддзя або работ, блізкіх па стылі. Так, напрыклад, адбылося з карцінай Зоі Лiтвiнавай «Яблык Люцыфера». Паміж дымчатымі «ню» Сяргея Цiмохава і Аляксандра Ксяндзова гэтае палатно здаецца выпадковым, чаго б не здарылася, калі б побач апынуліся сугучныя работы.

Нібы адчуваючы недастатковасць напрацаванага ў галіне, аўтары пачынаюць іранізаваць над сваімі мадэлямі. І «Тулавы» Паўла Кунiцкага, і «Вешалка» Валянціна Борздага, і «Паранены каханнем» Аляксандра Шапо празрыста намякаюць на некаторыя калізіі ў асабістым жыцці творцаў.

Калі рускі мастак срэбнага веку Барыс Кустодзiеў паказаў сваю «Рускую Венеру», гэта было абвешчана вынікам тагачасных пошукаў ідэалу народнай прыгажосці. Выявы пышнацелых «рускіх прыгажунь» лічыліся ідэалам купецкага саслоўя, або, як цяпер сказалі б, «сярэдняга класа». Каб не адбыўся злом усяго жыццёвага ўкладу, хто ведае, можа, урэшце з’явілася б і новая славянская Венера — больш вытанчаная, дэмакратычная і нават тэхнакратычная... Але паколькі сярэдняга класа ўжо даўно няма і не хутка ён з’явіцца, то няма і той глебы, на якой бы заквітнела новая славянская Венера. Нельга не заўважыць гэты агульны падтэкст у тых карцінах, фатаграфіях і скульптурах, якія з розных пазiцый і ў розных ракурсах спрабуюць ухапіць няўлоўны «аб’ект жадання».

Іранічна механістычная кампазіцыя «Ню» Юрыя Пеўнева гучыць як мінімалісцкі выклік стэрэатыпам. Калі «адсекчы» ўсё лішняе, то застанецца прымітыўная схема, якая спрацоўвае не раз. У лаканічнай постацi Арцёма Мядзведзева «Паўднёвая ноч» музычна спалучаюцца фактуры старога дрэва і дзёрзкіх латуневых кропляў-саскоў. На першы погляд, спектр мастакоўскіх «бачанняў» шырокі. Ад цытавання стылю «мадэрн» да кiчу і пошласці, узоры якiх таксама прысутнічаюць на выставе ў колькасці, якая перавышае дапушчальную.

/i/content/pi/mast/23/407/44.jpg

Алесь Ксяндзоў. Nu. Змешаная тэхніка. 2004.

Як жа ўяўляецца сучасная «Венера» сучасным мастакам? Часцей за ўсё гэта жанчына-таямнiца, якая сваёй постаццю засланяе ўсё астатняе. У скульптурах Васіля Антановіча спаўна аддаецца даніна менавіта такому ўспрыманню. У той або іншай ступені амаль усе жывапісцы, графікі, фотамайстры трымаюцца названага прынцыпу. Цi не таму амаль усе прадстаўленыя «венеры» пазбаўлены яскравых індывідуальных рысаў. Гэта тулавы, альбо пададзеныя ў салоннай манеры глянцавых часопісаў, (серыя фотаздымкаў Рымантаса Дыхавiчуса), альбо агорнутыя імглой загадкавасці — як у працах Аляксандра Ксяндзова. Або і гэта стараннае iмiтаванне знаходак мэтра італьянскага эратычнага кіно Цiнта Браса, які з адмысловым натхненнем апеў «пятую кропку». Аляксандр Жарнасек паказаў у сваіх фотапрацах, што ён умее «не горш». Выгляд са спіны, напаўпаварота — вось улюбёныя многімі мастакамі ракурсы, у якіх пераважна адлюстроўваецца постаць услед добра засвоеным канонам сучаснай рэкламнай фатаграфіі, мадэльнага бізнесу і кінаэстэтыкі. Калі ў адным месцы сабрана шмат такіх твораў — гэта манiфестацыя стандарту. І адзінае, што выразна назiраецца праз усю экспазіцыю, — гэта клопат аб стылістыцы, аб нейкай агульнай формуле, якая апісвае «жаноцкасць» і «жаночае».

Жаночае ў мужчынскім. Мужчынскае ў жаночым

Паколькі ў сучасным свеце існуе мноства бачанняў аголенасці і ніколі не сыдуцца ў поглядах на жаночую прыгажосць прыхільнікі класіцызму і поп-арта, паспрабуем падысці да праблемы з іншага боку. Навукоўцы канстатуюць, што адбылося пашырэнне паняццяў «нормы» і «прымальнага» ў грамадскай свядомасцi. Так, людзі сталі больш памяркоўна ставіцца да аднаполага кахання, па-новаму навукоўцы зірнулі і на дзіцячую сексуальнасць. Усё гэта ўвайшло ў жыццё не без дапамогі фатаграфіі, кіно і тэлебачання. Яны канстатуюць, факусіруюць тое, што ўжо ёсць у свядомасці.

У выяўленчым мастацтве, з прычыны зразумелай iнерцыi, зрухі адбываюцца ў запаволеным тэмпе. Калі «прадмет» не паддаецца рэалістычнай інтэрпрэтацыі, мастакі звяртаюцца да стылізацыi, абстракцыі, дэкаратыўнасці. І тады з’яўляюцца постаці-андрагiны, як у Антона Шапо («Соня»). І тады ў «Неакентаўрамахii XXI» Уладзіміра Качана персанажы могуць толькі насцярожваць. І усё ж такі гэта цікавей, чым, напрыклад, анілінавыя постацi Уладзіміра Ткачова («Палет» і «Аголеная з нацюрмортам»).

Стылізацыя — прыём, які дапамагае пазбегнуць непасрэднага выказвання. За цытаваннем лёгка схаваць твар або сваю няўпэўненасць. Цяжка пазбавiцца ад падазрэнняў, што мастакі самі баяцца сваёй «цялеснасцi». Таксама як і чужой.

У літаграфіях Аляксандра Шапо ўспамінаецца Альфрэд Сiслей, а набор экзатычных усходніх атрыбутаў выглядае як цытаванне. Асабліва паказальная праца «Райская птушка», у якой мастак, кiруючыся гэтай стылістыкай, здолеў перадаць і ўласцівы ёй напружаны эратызм. Але гэта рэдкі прыклад. Жывой эмоцыі цяжка прарвацца праз стылёвую зададзенасць і захапленне тэхнічнымі прыёмамі.

Графічныя працы пакідаюць найболей цэльнае ўражанне. Магчыма таму, што беларуская графіка наогул мае высокі ўзровень і рамяства і густу. А таксама і таму, што ў дачыненні да тэмы «ню» графіка — найбольш тактоўная манера выказвання. Пацвярджэннем служаць вытанчанасць прац Усевалада Швайбы («Яблыневы сон»), лаканізм і гульня са святлаценем Уладзіміра Вiшнеўскага («Сон»), рэтра-флёр «Постацей» Сяргея Цiмохава. Але гэта, хутчэй, нейкая абагульненая жаночая выява. Як казаў Гюстаў Флабэр, што «мадам Бавары — гэта я», так і шматлікія аголеныя на выставе, па сутнасці, — нейкія ўнутраныя канструкцыі мастакоў-мужчын. Але яшчэ больш сумневаў узнікае, калі за гэтую тэму бяруцца мастачкі. Атрымліваецца або сумная размеркавальнасць Кацярыны Самачэрнавай, або кiч Ірыны Куставай, або дэпрэсiўнасць Вольгі Нiкiшынай.

Паўстае ўсё тое ж пытанне: што ёсць прыгажосць жаночага цела сёння? І шырэй — які эстэтычны ідэал сучаснага чалавека? Адказ на гэтае пытанне пакуль не прагучаў.

Тэхніка contra iмпрэсiя

Самы пагранічны прыклад, калі тэхніка выканання робіцца самадастатковай, знаходзім у фатаграфіі. Серыя прац групы, у якую ўваходзяць Андрэй Шчукін, Дзяніс Нядзельскi, Алёна Мiт, дэманструюць магчымасці эксперымента з аб’ектамі: чалавечым целам або прадметам — усё роўна. Сам аб’ект нівеліруецца, абязлічваецца — на адной з фатаграфій усё асобы ў аднолькавых масках — і ператвараецца ў дэкаратыўны знак, калі мяжа адушаўлёнага і неадушаўлёнага цалкам сціраецца. Зроблена гэта прафесійна, але холадна.

Эратычная фатаграфія, у якой ёсць такія лідэры, як Віталь Брусiнскi або Алег Яравенка, развіваецца нібы паралельна з выяўленчым мастацтвам. Часам яны перакрыжоўваюцца — калі за фотаапарат бярэцца жывапісец. І можна бачыць у гэтым непазбежнасць. Гэта новы этап у мастацкай тэхніцы, які «чыстыя» жывапісцы засвойваюць усё актыўней. Змешаная тэхніка — знак сучаснага выяўленчага мастацтва.

Сціранне граняў, рамесных прыёмаў назіраецца паўсюдна. Але ці значыць гэта, што сціраюцца грані паміж мастацтвам і тэхнікай? Што мастацтва асуджана на маргінальнае, перыферыйнае існаванне? Калі разважаць у гэтым кірунку, дэманстрацыя ў адной прасторы самых рознаўзроўневых у сэнсе мастацкіх вартасцей прац будзе апраўданая. Вось толькі што рабіць з простым чалавечым жаданнем знайсці нейкія якары ў гэтым супярэчлівым інфармацыйным «гомане»?

Паспрабуем у думках зрабіць эксперымент. Уявiм, што сярод вывешаных палотнаў раптам апынуўся «Чорны квадрат» Казімiра Малевiча. Ён проста зліўся б з агульнай масай. У той жа час «Нараджэнне Венеры» Сандра Бацічэлi «пераважыла б» усё астатняе. І калі б сярод скульптур з’явіўся «Пацалунак» Агюста Радэна, гэта скасавала б усе астатнія творы. Магчыма, не зусім карэктна ставіць у адзін шэраг розныя стагоддзі. Але мы жывем у эпоху постмадэрнізму, калі не забараняецца змешваць любыя стылі і манеры.

Дык што ж рабіць з мастацтвам? Кудысьці знікла, выпарылася творчае натхненне. Вычарпалася энергетыка. Ужо калі жаночае цела і прыгажосць не натхняюць на мастацкае адкрыццё, справа зусім дрэнная. Таму што для мастака ўсе іншыя тэмы яшчэ меней прывабныя...

Разынкі патанулi

Падводзячы вынікі, трэба прызнаць, што выставе з самага пачатку не ўдалося пазбегнуць цэлага шэрагу памылак. Сістэмных, канцэптуальных і інфармацыйных.

Вялікі зазор паміж невыразнай канцэпцыяй і высока зададзенай планкай тэматыкі і ідэі выставы. Паколькі такая сітуацыя ўжо неаднаразова паўтаралася ў іншых праектах, то гэта, несумненна, сістэмная памылка.

Самая ж вялікая праблема, як заўсёды, звязана з адборам твораў. Менавіта ў ім ключ да поспеху або правалу. Менавіта ад яго залежыць, ці стане падзеяй тая або іншая выстава. Суадносіны такія: чым больш строгі адбор, тым больш шанцаў на поспех. І наадварот: калі крытэрыi зніжаюцца, атрымліваецца выяўленчая «каша». У дадзеным выпадку адбор быў, як бы гэта мякчэй сказаць, лiтасцівы. Адбылося размыванне крытэрыяў. І побач з па-майстэрску выкананымі працамі аказаліся такія, што выклікаюць здзіўленне. Скульптуры Сяргея Бандарэнкі з іх празмернасцю для якой-небудзь крамы-салона не проціпаказаныя, на мастацкай жа выставе выглядаюць не зусім дарэчы. Жывапіс Уладзіміра Ткачова, Аляксея Кузьміча, Андрэя Меранкова, Рыгора Таболiча, Анатоля Бяляўскага, Андрэя Смаляка — гэта нешта асобнае і, мабыць, патрабуе адмысловага экспазіцыйнага падыходу...

Калі арганізатары iмкнулiся паказаць самыя розныя спосабы адлюстроўваць упадабаную мастакамі «пятую кропку», то яны свайго дабіліся: шматлікія кампазіцыі ўяўляюць выгляд са спіны або напаўпаварота. Толькі скульптура пастаўлена ў цвёрдыя ўмовы — фігура заўжды бачная з усіх бакоў. Але і тут знаходзіцца выйсце — зварот да стылістыкі Альберта Джакамецi, калі жаночыя формы патанчаюцца да поўнага сцірання гендэрных адрозненняў.

Уражанне такое, што гэтай выставай жадалі ўсім дагадзіць. І гэта амаль атрымалася! Але гледачу-та навошта займацца выкалупваннем «разынак»?

Чамусьці была пастаўлена задача запоўніць усе тры залы Палаца мастацтва. Адсюль і колькасць, і маштабы, неадпаведныя гэтай увогуле камернай, адмысловай, вытанчанай тэматыцы. З усяго прадстаўленага можна было б зладзіць некалькі прыстойных экспазіцый. Стварыць атмасферу эротыкі і любавання... Але дарэмныя гэта мары, калі мы маем усё тыя ж малапрывабныя экспазiцыйныя пляцоўкi, якія хутчэй забіваюць уражанне, чым абвастраюць...

Пры крытычным адборы ўся экспазіцыя магла б спакойна змясціцца ў адной зале, а не драбіцца. Гэтая сітуацыя адбілася ў скульптурах малых памераў, рассыпаных як гарох сярод двухмерных аб’ектаў, яны проста гублялiся.

У выставы павінна быць ідэя, якая бы ўсе работы прымусіла «іграць». Гэта вельмі састарэлае меркаванне, што, маўляў, мастацкі твор гаворыць сам за сябе. Не, не гаворыць. Сучасныя галерэйшчыкi ўжо даўно не ідуць такім шляхам. Выстава патрабуе выразна зададзенай канцэпцыі, кантэксту, фону, сцэнарыя. Значыць, гэта павінна быць шоу.

Калі пры дапамозе такіх аглядных выстаў робіцца спроба кансалідаваць мастацкую супольнасць, то сродкі і інструментарый, якія выкарыстоўваюцца для дасягнення мэты, не мусяць знаходзіцца памiж сабой у канфлікце. Пры адсутнасці канцэпцыі, узмоцненай густавай размытасцю, аніякай кансалідацыі не атрымаецца.

Вось чаму, па сукупнасці ўсіх чыннікаў, беларуская Венера на гэты раз засталася па-за дасягальнасцю. Выстава «Ню» спазнілася. Па ўсіх пазіцыях. У часе — гадоў на дваццаць, па канцэпцыі — гадоў на трыццаць, па дызайне — назаўжды.

Таццяна Цюрына