Паветра і зямлі ўжо няма...

№ 9 (318) 01.09.2009 - 01.01.2005 г

Разуменне ролі мастака істотна змянялася на працягу стагоддзяў. Сучаснаму чалавеку немагчыма ўявіць, што, напрыклад, у эпоху антычнасці творцу лічылі ўсяго толькі здольным рамеснікам. Уся праблема ў дыялогу «тэхна» і «архэ», з якіх складаецца мастацтва. Не толькі далучэнне духоўнага чынніка («архэ») да працы («тэхна»), але і яго дамінаванне мела вынікам наша цяперашняе разуменне ролі творцы.

За гэта мы мусім дзякаваць рамантызму і прадвесніку гэтага стылю ў выяўленчым мастацтве італьянцу Сальватору Розе, але ў першую чаргу — вялікаму Фрэдэрыку Шапэну. Як кампазітар і артыстычны выканаўца, як асоба з пэўным тыпам паводзін ён паспрыяў таму, што мастака сталі ўспрымаць як чалавека «архэ». Каго ў наш час здзівяць словы пантыфіка «рукой мастака водзіць Бог» ці перакананасць Ёзэфа Бойса ў тым, што мастаком сёння мусіць быць кожны чалавек?.. (Толькі не трэба апошняе разумець літаральна: мелася на ўвазе панаванне эстэтычнага.)

/i/content/pi/mast/23/405/34.jpg

Фрагмент відэа Максіма Тымінькі «Арфей». 2005.

ХХ стагоддзе ўзняло асобу творцы на неверагодную вышыню — чалавецтва марыла пра грамадства, дзе праца будзе не цяжкім прымусам, а вольнай, лёгкай і высакароднай справай; самі ж мастакі шчыра верылі, што ў іх руках знаходзіцца тая архімедава прылада, якая пераменіць сусвет. Яны і сёння не хаваюць, а як бы дэманструюць нам працоўныя таямніцы, але за вонкавай простасцю авангардовай творчасці — як за вяршыняй айсберга — скрываецца сапраўдная глыбіня. «Каб намаляваць квадрат, не трэба шмат вучыцца» — такое меркаванне гучыць дасюль, але ж дзёрзкасць Малевіча была не ў «тэхна», а ў «архэ». У простай геаметрычнай форме ён здолеў увасобіць усе новыя ўяўленні пра час, прастору, энергію. «Квадрат» быў зроблены па-класічнаму, бо «тэхна» тады не паспявала за «архэ». Сёння Малевіч не маляваў бы «Квадрат», ён мог бы проста назваць яго — і гэта было б жэстам. Які сёння самы файны камплімент у мастацтве? Лёгка зроблена. Не так даўно радыкальныя формы канцэптуалізму абвясцілі мастацтва... думкай, а з’яўленне твораў — неабходнасцю доказу яго існавання. Авангард сучаснай культуры — не ў творах, не ў працы, а ў пазіцыі мастака. Мастак сёння — гэта, найперш, асоба сацыяльна актыўная і адказная за сусвет і грамадства. Адказная палітычна, эстэтычна, этычна. Неаавангардны творца выконвае ролю своеасаблівага сацыяльнага крытыка. Беларускі тэрмін «выява», між іншым, надзвычай удалы: мастацтва выяўляе, значыць, адкрывае нам схаваны сэнс.

Наватарства (якое называюць Другой вялікай эстэтычнай рэвалюцыяй) паўстала не на пустым месцы. Натуральна, што яго праявы, толькі яшчэ неасэнсаваныя як мэйнстрым, ёсць у мысленні папярэдніх пакаленняў. Філасофскую пазіцыю Платона, напрыклад, можна вызначыць як канцэптуалізм (застаецца толькі дзівіцца, як гэткія погляды сталі грунтам класічнай культуры). Брак і Пікасо, якія лічацца вынаходнікамі калажу, маюць папярэднікаў сярод антычных паэтаў і сярэднявечных музыкаў. Таму няма нічога незвычайнага ў тым, што адпаведнік сённяшняй неаавангардовай ролі мастака ёсць у старажытнай культуры. Гэта ці не самы абаяльны за ўсю гісторыю мастацтва вобраз Творцы — музыкі Арфея з яго арфічнымі спяваннямі. Гісторыя Арфея насамрэч вельмі сумная. Тут і трагічны шлюб з заўчасна памерлай і двойчы страчанай Эўрыдыкай, і пакутніцкая смерць ад раз’юшаных менад. Але былі і цудоўныя ўчынкі, і вялікі, магічнай сілы мастацкі дар. Таленту Арфея падпарадкоўваліся не толькі людзі, але і звяры, і сама прырода, і багі.

Пра што спяваў Арфей? Пытанне цалкам слушнае, бо аднаго хараства голасу («тэхна») замала для гэткай папулярнасці, і адказаць на яго, як ні дзіўна, магчыма. Спяванне яго было сур’ёзным і глыбокім па змесце і адначасова лёгкім, ледзь не забаўляльным вонкава. Пра першае сведчыць той факт, што праз спевы Арфея паўстала сістэма рэлігійна-філасофскіх поглядаў (арфізм), якая зрабіла свой уплыў на філасофію, асабліва на антычны ідэалізм. Па-другое, песні абавязкова былі простымі і выразнымі, бо Арфей лічыцца заснавальнікам вакхічных оргій, а там прысутныя наўрад ці слухалі нешта нецікавае. Арфізм (глядзі вышэй) сведчыць, што песні Арфея наноў вытлумачвалі свет. Увага! Галоўным богам ён лічыў Геліёса, а не Дыяніса, і называў яго Апалонам. Тады думалі, што жыццё пасля смерці ёсць працяг зямнога жыцця, а Арфей і яго паслядоўнікі (орфікі) меркавалі іначай. Зямное жыццё яны разглядалі праз непазбежныя пакуты, а вось існаванне пасля смерці звязвалі з асалодай і шчасцем. Душу Арфей лічыў светлай, чыстай і, галоўнае, вечнай, а чалавеку яе давалі з пазасмяротнага існавання. Так да Арфея не думаў ніхто. Можа гэта і не тычыцца тэмы артыкула, але згадаць варта, каб зразумець важнасць спяванняў: орфікі называлі раба чалавекам, а не працоўнай прыладай, якая здольная размаўляць. Гаспадар валодае целам раба, але душа ягоная належыць вечнасці, і таму смерць ёсць вызваленне душы з няволі. Гэта першыя парасткі чалавечай роўнасці і свабоды. Карацей, арфічныя спяванні былі новымі тэорыямі пабудовы сусвету, таму пазіцыю Арфея трэба лічыць тоеснай сацыяльна-актыўнай ролі творцы ў сучасным неаавангардзе. У якасці ўзору беларускага найноўшага мастацтва можна прывесці праект Максіма Тымінькі са спяваючымі мастакамі.

Як усё пачалося? Увесну на пасяджэнне жывапіснай секцыі БСМ прыйшоў мастак Максім Тымінька, які сёння жыве ў Галандыі, і прапанаваў прысутным... выканаць разам некалькі песень пра вышэйшую матэматыку. Пра першую рэакцыю не варта і згадваць, але тым не менш літаральна праз два тыдні некалькі дзесяткаў жывапісцаў, графікаў, скульптараў і дызайнераў распачалі спеўныя рэпетыцыі ў Акадэміі музыкі. Хормайстры былі самыя сапраўдныя, а місія ім дасталася цяжкая, бо жадаючых спяваць ніхто не правяраў ні на «голас», ні на «слых». За раялем сядзеў Сяргей Пукст, асоба надзвычай цікавая: і музыка, і кампазітар, і аналітык, і мастак, і радыёжурналіст, і, як высветлілася, паэт. Па просьбе Максіма ён напісаў тэксты і музыку на прапанаваную тэму. Рэпетыцыі доўжыліся дзён дзесяць, ад усведамлення ўласнай недасканаласці і расчараванняў мастакоў выратоўваў гумар, але нарэшце пачалі гучаць і кампліменты. Канцэрта не планавалася — быў відэазапіс спеваў у ДК Трактарнага завода. Трэба дадаць (гэта важна і пачэсна), што з сярэдзіны праект здымаў берлінскі тэлеканал ART. Вось, уласна кажучы, і ўвесь сцэнар...

Паспрабуем разабрацца ў тым, што адбылося.

/i/content/pi/mast/23/405/35hor.jpg
 
Мела месца акцыя — гэтым тэрмінам пазначаюць шэраг праяў сучаснай культуры, якія замянілі мастацкі твор на жэст, разыграныя сцэны ці справакаваную падзею. Знакаміты шпацыр Малевіча і Бурлюка з чырвонымі лыжкамі ў пятліцах быў, па сутнасці, першай у свеце акцыяй. Падзеі такога кшталту прасочваюцца ў творчасці футурыстаў, дадаістаў, сюррэалістаў і... у дзейнасці палітыкаў. Мець гэта на ўвазе вельмі важна для разумення шырокай прыроды акцызму. Прамову Леніна на Фінляндскім вакзале нельга назваць звычайным учынкам палітдзеяча, бо тут была сапраўдная мастацкасць: лідэр бальшавікоў узлез на бранявік і ўскінуў уверх руку. Акцыяй было і дэманстраванне чаравіка, якім Мікіта Хрушчоў пагражаў Амерыцы. Акцызм — гэта радыкальнае выказванне вядучай ідэі сучаснай культуры аб працэсуальным характары мастацтва і аб дамінаванні творчага акту над яго вынікам-творам. У акцызме ўвасобілася памкненне «дэматэрыялізаваць» мастацтва.

Мастакоўскае спяванне, якое наладзіў Максім Тымінька, — адна з самых цікавых і значных культурных падзей апошняга часу. Мастакі, то-бок людзі, якія займаюцца стварэннем двух- або трохмерных выяў «ад рукі», апынуліся ў самым сэрцы іншага мастацтва. Апынуліся, каб адчуць супадзенне ўнутраных рытмаў, адкрыць для сябе новую пачуццёвасць і зразумець яе да самага няўлоўнага нюансу не толькі інтэлектам, але і ўнутраным нервам, уласнай скурай. Перажыць чужое, каб лепей зразумець сваё. Удзельнікі акцыі вартыя павагі за гатоўнасць зрабіць няпростую рэч: пераступіць цераз сябе, не баючыся падацца смешнымі. Тут патрэбны не толькі разняволенасць і шчырасць, але і той унутраны агеньчык, які падштурхоўвае чалавека да творчасці.

Неаавангардам мінскую спеўную акцыю зрабілі тэксты, без іх атрымалася б звычайная мастацкая самадзейнасць. Яны былі сэнсам падзеі і, як лакмусавая паперка, вызначалі аднадумцаў: калі тэксты раздражнялі, чалавек адмаўляўся ад удзелу. Быццам бы немудрагелістыя словы песняў насамрэч распавядалі пра найсур’ёзныя рэчы. Тэксты Пукста сталіся паэтычным увасабленнем найноўшых фізіка-матэматычных тэорый пабудовы сусвету. Вершаў было пяць: «Тэорыя мностваў», «Тэорыя струн», «Суперсіметрыя», «Тэорыя ўсяго», «Найпростая тэорыя ўсяго». «Тэорыя струн», напрыклад, пераказвала адкрыццё, сэнс якога ў тым, што самая маленькая часцінка — гэта не мікрамікракропка, як мы думалі раней, а структура, па форме падобная на струну. Струна ўвесь час рухаецца, і менавіта праз гэта мы атрымліваемся настолькі рознымі. Крыніцай звестак сталі кнігі англійскага фізіка Сцівена Хокінга, які сёння лічыцца лепшым розумам планеты. Пры гэтым яго шануюць не толькі за неабсяжную дзёрзкасць тэарэтычных пабудоў, але і за яркую, арыгінальную форму выкладання. Чытайце, чытайце кнігі Хокінга, гэта не толькі карысна, але і цікава! Між іншым, у 1988 годзе яго «Кароткая гісторыя часу» пабіла ўсе рэкорды папулярнасці.

Спяванне тэкстаў пра новую светабудову — усё ж такі прывілея не толькі орфікаў ды Арфея. Аматары займацца гэтым ёсць і сёння, напрыклад, фізікі, якія ахвотна і нібыта да прымітыўнага проста спяваюць пра сваю навуку. Якраз у гэтых нескладаных жартаўлівых тэкстах Максім Тымінька ўбачыў адпаведнікі арфізму. Паралель дакладная і бліскучая, і мінская акцыя — рэч у творчасці Максіма невыпадковая. Упершыню да арфічных спяванняў ён звярнуўся ў 2006 годзе ў відэапраекце «Арфей». Там на цэнтральным месцы, як на антычнай мазаіцы, Тымінька размясціў згаданага вышэй фізіка Сцівена Хокінга. На відэа Хокінг сядзіць у інвалідным крэсле са сваім камп’ютэрам і спявае, а слухаць яго прыйшлі розныя звяры. Не паварочваецца язык назваць Хокінга калекам, але гэты чалавек ад нараджэння не мае ні ног ні рук, яму іх замянілі адмысловыя тэхнічныя прылады. Ён і размаўляе толькі з дапамогай камп’ютэра. Той, кім ганарыцца чалавецтва, верагодна, быў задуманы і створаны прыродай менавіта для ўзнёслага мыслення.

Сцівен Хокінг, які спявае, — гэта твор-персаніфікацыя, сэнсам якога было прадэманстраваць нам сённяшняга Арфея. Гэты вобраз з’яўляецца сапраўднай навацыяй, цалкам арыгінальнай канцэпцыяй Новага Творцы — чалавека, які не здольны працаваць без тэхнічнага забяспячэння. Падобныя думкі можна сустрэць у філосафа Аляксандра Суконіка, які піша: «Фатограф у маім уяўленні — гэта чалавек без рук і ног, калека, які з дапамогай розных тэхнічных прылад і з вялікай цяжкасцю (мазгавымі хвалямі ці яшчэ як) спрабуе ўвасобіць тое, што мастак робіць некалькімі мазкамі пэндзля ці рысамі алоўка». Абодва аўтары — і Тымінька, і Суконік — разумеюць сучаснае мастацтва найперш як мастацтва разумовае. У вобразе творцы як чалавека з фізічнымі абмежаваннямі няма ніякага прыніжэння. Наадварот, гэты вобраз узвышае сённяшняга мастака, бо тут сцісла сфармуляваны сам прынцып узнікнення мастацтва: яно паўстае з супраць-дзеяння (рэ-флексіі). Мастацтва імкнецца да бязмежных магчымасцей, але калі дасягае іх, памірае (згадайма гісторыю!). Сапраўды неабмежаваныя магчымасці ёсць адно ў прыроды, а ёй мастацтва непатрэбна. Калі з творчасці вымаецца спантанны «ручны» талент (малюнак, праца пэндзлем), у чалавека застаюцца толькі густ і вока, і яму трэба больш кеміць. Менавіта таму мастакі сёння могуць спяваць, не пераўтвараючыся пры гэтым у спевакоў.

Падрыхтоўка сучаснага твора патрабуе абсталявання, праграмнага забеспячэння, яна ўсё болей і болей нагадвае тэхналагічны працэс. Патрэбны не простыя выставачныя плошчы, а залы з сур’ёзнай тэхнікай. Змяніліся творы. Раней для лепшых праяў мастацтва галоўны камплімент быў у тым, што яны супастаўныя з творамі самой прыроды. Але свет вакол нас даўно зрабіўся іншым, наноў створаным праз чалавечую працу. Згадайце паказаны ў Мінску праект культавага мастака Мікеланджэла Пісталета «Terzo Paradiso» — у ім паміж прыродным і штучным светамі пастаўлены знак роўнасці. Таму сучасны творца адчувае і бярэ на сябе адказнасць за крохкую раўнавагу паміж імі, а найноўшае мастацтва больш не рэпрэзентуе прадмет ці рэч як вынік дзейнасці. Яно дакументалізуе працоўны працэс.

Ларыса Міхневіч