Пра багацце чужое і сваё

№ 9 (318) 01.09.2009 - 01.01.2005 г

Прэм’ерай спектакля «Чужое багацце нікому не служыць» Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета закрыў у ліпені мінулы сезон. Яна ж была паказана і на пачатку новага. У рэканструяваным будынку гэтая опера сталася менавіта першай паўнавартаснай прэм’ерай, а не аднаўленнем (як балет «Марная перасцярога»). Пастаноўку чакалі, яна выклікала неверагодную грамадскую цікавасць, спрэчкі, роздум.

І невыпадкова! Нацыянальных музычных спектакляў заўжды мала, яны з’яўляюцца рэдка. А тут опера на беларускай мове, што, як мяркуецца, была напісана ў Нясвіжы 200 гадоў таму. Напісана, пастаўлена, страчана, праз стагоддзі адшукана, зноў пастаўлена...
Пра мастацкую вартасць новай работы тэатра і месца спектакля ў іерархіі беларускіх і сусветных музычных каштоўнасцей падчас віртуальнага «круглага стала» разважаюць ініцыятар і аўтар ідэі Віктар Скорабагатаў, рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Башава, дырыжор Іван Касцяхін, музыказнаўцы Надзея Бунцэвіч і Вольга Брылон. Субяседнікаў распытвала рэдактар аддзела музыкі часопіса Таццяна Мушынская.

Таццяна Мушынская: Першую частку размовы прапаную прысвяціць таму, што адбывалася да прэм’еры: пагаворым пра шляхі, якімі ішлі стваральнікі спектакля. А другую — аналізу вынікаў іх працы. (Скорабагатаву.) Віктар Іванавіч, вы разам з Ганнай Каржанеўскай — мастацкі кіраўнік пастаноўкі, вам першае слова.

/i/content/pi/mast/23/404/30.jpg
"Чужое багацце нікому не служыць"
Віктар Скорабагатаў:
Дзесяць гадоў таму ў Кракаве Вольга Дадзіёмава знайшла рэпетыторый «Чужога багацця». Прывезла яго ў Мінск. Тады ж, літаральна праз месяц, мы аддалі яго перакладчыку Васілю Сёмуху, які досыць хутка пераклаў вершаваныя фрагменты. А потым непасрэдная праца над праектам спынілася гадоў на пяць. Па розных прычынах. Каб пачаць рэстаўрацыю, трэба вывучыць стылістыку кампазітара, логіку развіцця музычнага матэрыялу. Таму на радыё была цалкам запісана опера «Агатка, або Прыезд пана». («Чужое багацце» — першая опера Голанда, але ў Нясвіжы яна была пастаўлена праз год пасля «Агаткі».) Нейкі падрыхтоўчы працэс ішоў увесь гэты час, але ён не быў канкрэтна-пастановачным. А пяць гадоў таму мы з Байдавым селі ў маім кабінеце і пачалі думаць, што з такім музычным матэрыялам рабіць. Разышліся ў шэсць раніцы. З таго часу штодня сустракаліся і займаліся «Чужым багаццем».

Вольга Брылон: Сапраўды, праведзена каласальная шматгадовая, сапраўды падзвіжніцкая праца, каб удыхнуць у твор жыццё, надаць яму цэласнасць, давесці да ладу...

Таццяна Мушынская: У адшуканых нотах тэкст вакальных нумароў дадзены па-польску?

Віктар Скорабагатаў: Зберагліся ноты асобных нумароў — арыі, дуэты, тэрцэты. З польскай мовы іх пераклаў Сёмуха. Увогуле ж захаваўся толькі сюжэт «Чужога багацця», чарговасць падзей, а не сама п’еса. Паколькі па жанры перад намі opera comique, па-руску кажучы — вадэвіль (па-нямецку — зінгшпіль), між нумарамі патрэбны размоўныя дыялогі. Менавіта іх і не было.

Узнікла неабходнасць у стварэнні п’есы, і Сёмуха параіў звярнуцца да Сяргея Кавалёва. Па-першае, ён сапраўдны драматург, па-другое — вучоны, які добра ведае эпоху, бо кола ягоных інтарэсаў — якраз Нясвіжскі тэатр XVIII стагоддзя. Менавіта Кавалёў выдаў у «Беларускім кнігазборы» ладны том выбраных твораў Уршулі Францішкі Радзівіл. Калі я да яго звярнуўся, Сяргей адразу пагадзіўся, сказаўшы, што такая справа — патрыятычны абавязак. Ён зрабіў некалькі варыянтаў. На сцэне прадстаўлены канчатковы, пяты. Удакладненні ішлі толькі на карысць. Рэканструкцыя п’есы — надзвычай працаёмкі і карпатлівы працэс.

Надзея Бунцэвіч: У мяне ёсць заўвагі. Літаратурны тэкст п’есы не захаваўся, але сюжэтную канву можна было лёгка аднавіць па вакальных падтэкстоўках. Аўтары адышлі ад яе. Павялічылася колькасць персанажаў, сяляне ператварыліся ў мяшчан і артыстаў, імкненне Чужапанка аддаць дачку за багатага набыло абрысы фанатычнага пошуку менавіта радзівілаўскага скарбу. Як і ў іншых «адноўлена-фантазійных» п’есах Сяргея Кавалёва, у «Багацці...» з’явілася шмат наўмысных постмадэрнісцкіх «няскладзіц», якія часам успрымаюцца як звычайныя памылкі. Тое ж «спалучэнне неспалучальнага» выявілася і ў пастаноўцы. Прыгонныя артысты ходзяць у расшытых золатам «слуцкіх паясах», якія магла дазволіць сабе не ўсялякая шляхта, ды яшчэ і чапляюцца да французскага балетмайстра, запрошанага ў тэатр для працы з імі. І такая «вольнасць» — далёка не адзіная!

Таццяна Мушынская (Скорабагатаву): Якім чынам ішла рэканструкцыя партытуры?

Віктар Скорабагатаў: Музыкі, якая не належыць Голанду, там няма. Толькі Голанд! Працуючы над операй, Уладзімір Байдаў вывучыў поўны збор твораў Моцарта, усе даступныя творы Сальеры, Паізіела, ранняга Расіні, Гайдна, а таксама паўночнагерманскай школы (паколькі Голанд родам адтуль), то-бок Стаміца і Філіпа Эмануіла Баха. За час працы над «Чужым багаццем...» ён сыграў у «Класік-авангардзе» ўсе творы Голанда, якія існуюць у нашых бібліятэках. Вывучэнне стылістыкі кампазітара было грунтоўным. Аднаўленню партытуры Байдаў аддаў каля трох гадоў.

Таццяна Мушынская (Івану Касцяхіну): Партытура, якую атрымаў аркестр, — гэта музыка ў стылі XVIII стагоддзя? Або погляд сучаснага музыканта на той стыль і час?

Іван Касцяхін: Вядома, Байдаў рабіў аднаўленне з улікам шляху, які прайшла музыка за больш як дзвесце гадоў. Матэрыял, з якім працаваў аркестр, — у пэўным сэнсе кампраміс. Перад Байдавым стаяла задача ператварыць рэпетыторый у партытуру, але не страціць стыль і сэнс. Гэтую задачу ён выканаў. І прызнае за дырыжорамі-пастаноўшчыкамі права на пэўную вольнасць выканання — з пункту гледжання сучаснага ўспрымання сачыненняў XVIII стагоддзя. Мы не імкнемся быць аўтэнтычнымі да апошняй дробязі — тады неабходны былі б адпаведныя зала, аркестр, інструменты і манера выканання. Але мы ведаем пра склад аркестра, які мог быць выкарыстаны. Форма і гарманічны план таксама зададзеныя Голандам. Далей пастаноўшчыкі і аркестроўшчыкі маюць права на ўласнае бачанне музычнага матэрыялу.

Надзея Бунцэвіч: Усё, што мелася ў аўтараў праекта, — гэта перапісаныя вакальныя партыі з падтэкстоўкамі і мінімумам інструментальнага суправаджэння, неабходным для развучвання. Партыя скрыпкі практычна дубліруе голас, аднагалосная басовая партыя ледзь акрэслівае гармоніі. Уважліва прааналізаваўшы такі няпоўны музычны матэрыял, можна сцвярджаць: аўтар клапаціўся пра музычныя характары персанажаў. Асабліва вылучаюцца нумары Чужапанка — адчуваннем побытавай танцавальнасці, часам няўклюднасці, пазначанай незласлівай усмешкай.

Усяго аўтарскіх нумароў было, разам з уверцюрай, адзінаццаць. Вядома, гэтага не магло хапіць на паўнавартасны двухактовы спектакль. Уладзімірам Байдавым былі выкарыстаны фрагменты іншай музыкі таго ж Голанда. Але наўрад ці гэта стала трапляннем «у дзесятку».

/i/content/pi/mast/23/404/32.jpg
Сцэны са спектакля
Вольга Брылон:
Па сутнасці, атрымаўся вадэвіль «з ранейшага жыцця», дзе музыка адыгрывае другасную ролю. У спектаклі Ян Давід Голанд паўстае амаль як міфічная істота, якая пэўным чынам «навеяла» стваральнікам «Багацця» асноўную ідэю твора, а ўсё астатняе яны зрабілі-дапісалі самі — так бы мовіць, рэканструявалі. Выснову з пункту гледжання звычайнага слухача, якога не цікавяць падрабязнасці, можна зрабіць такую: Голанд меў досыць сціплыя кампазітарскія здольнасці, і тое, што яго музыка аказалася забытай, цалкам заканамерна.

Таццяна Мушынская: Давайце супаставім даты. 1784 год — час прэм’еры «Агаткі» Голанда ў Нясвіжы. «Чужое багацце» атрымала сцэнічнае ўвасабленне тамсама ў 1785-м. Праз год у Вене будзе пастаўлена «Вяселле Фігара» Моцарта. Праз два — у Празе прагучыць ягоны ж «Дон-Жуан». Оперы, якія назаўжды засталіся ў гісторыі музыкі і музычнага тэатра. Канешне, Моцарт — геній, і цяжка кагосьці параўноўваць з ім. Але паўстае пытанне, магчыма, рытарычнае: калі б Голанд быў геніем, маглі б згубіцца ягоныя партытуры?

Вольга Брылон: Для мяне асабіста зразумела, што гэтая музыка для XXI стагоддзя мае не столькі мастацкую, колькі гістарычную каштоўнасць — як свайго роду дакумент эпохі, не больш за тое. Ну не Моцарт Ян Давід Голанд — што зробіш! Улічваючы тое, што і лібрэта оперы было напісана наноў, цяжка ацэньваць гэты музычна-літаратурны рэбус як мастацкае цэлае. Можа, і не варта было выносіць яго на сцэну? Калісьці, у сярэдзіне 1990-х, Віктар Іванавіч ажыццявіў на Беларускім радыё запіс «Агаткі» Голанда — і гэта было вельмі цікава і адметна. Здаецца, і цяпер больш слушна было б пайсці тым жа шляхам...

Надзея Бунцэвіч: Пры ўсёй стылёвай вытрыманасці ранняга класіцызму, у Голанда заўжды дакладна пазначаны характарныя рысы персанажаў. Нават неспрактыкаванае вуха адчуе вялікую розніцу паміж узвышанай заходнееўрапейскай «сур’ёзнасцю» ўверцюры да яго міфалагічнага балета «Арфей і Эўрыдыка» і беларуска-сялянскай, лірыка-побытавай камічнасцю яго ж оперы «Агатка». А між тым, творы пісаліся адначасова і былі пастаўлены ў адзін дзень! Што ж казаць пра стылёвыя тонкасці музыкі Голанда, напісанай у розныя перыяды творчасці? Вось і не спалучаюцца яго цытаты-«манеткі» ў адзіны «скарб».

Вядома, у параўнанні з аўтарскай версіяй зменены і паслядоўнасць нумароў, і нават іх меладычныя асаблівасці. Дадаліся не толькі разгорнутыя вакальныя кадэнцыі (дарэчы, апраўданыя эпохай), але і некаторыя «ўдасканаленні» вакальных партый, скіраваныя на іх большую вытанчанасць і оперную складанасць (у арыгінале ж быў — усяго толькі вадэвіль!).

Калі аўтары спектакля наўмысна не ставілі перад сабой навуковых задач скрупулёзнага аднаўлення даўніны, пра што неаднаразова гаварылі самі, дык, можа, атрыманы мастацкі вынік цалкам заканамерны? Тым больш што падобных спроб сучаснага аўтарскага прачытання першакрыніц нават у айчыннай практыцы дастаткова — узяць хоць бы «Куранты» Віктара Капыцько, зробленыя, бы «цукерачка». Але ж «Багаццю» відавочна не хапае гарэзлівай кампазітарскай фантазіі, пачуцця гумару, стрыжнявой музычнай і, шырэй, эстэтычнай ідэі, якая скіравала б асобныя памкненні ў адзінае рэчышча. Вось і распадаецца спектакль на эклектычныя, а зусім не полістылёвыя «жартачкі».

Таццяна Мушынская: Здаецца, з музыкай разабраліся. Пытанне пастаноўшчыку. Для вас, галоўнага рэжысёра ТЮГа, гэта першы вопыт опернай пастаноўкі. Вам было лёгка або складана?

Наталля Башава: Справа не ў тым, што оперны жанр у параўнанні з драматычным больш складаны або лёгкі. Тут усё іншае! Калі ў драматычным тэатры ідзеш спачатку ад псіхалогіі, дык тут усё ёсць у музыцы, якую і трэба ўвасабляць на сцэне. Менавіта спалучэнне музыкі, драматургіі, пластыкі ўяўляецца мне вышэйшым мастацтвам. Калі ўсё супадае, увасабляецца, тады атрымліваецца вельмі ўзнёсла і прыгожа.

Таццяна Мушынская: Сюжэт досыць просты, у ім шмат элементаў ідыліі. Сучасны жа глядач прызвычаіўся да складаных, поліфанічных жанраў. У якой ступені могуць яго зацікавіць калізіі XVIII стагоддзя?

Наталля Башава: Жанр дае магчымасць пошуку ў сферы раскрыцця «ідэальных» чалавечых узаемаадносін. Бездакорная сям’я, узорныя стасункі бацькі і дачкі; узнёслае каханне, якое не патрабуе абавязковага фінансавага дабрабыту. Такія ўзаемадачыненні можна цікава вырашыць з псіхалагічнага пункту гледжання. Шмат дробнага дзеяння, якое ўзбагачае пастаноўку. Здавалася б, які просты сюжэт! Але гэтая немудрагелістасць нараджае крыштальную чысціню, якая заўсёды высока цэніцца. Тут можна ўвасобіць каштоўныя чалавечыя эмоцыі і пры гэтым абысціся без містыкі. Калі на сцэне ўзнікае Чортава гара — гэта ўсяго толькі жарт артыстаў тэатра, якія падманваюць Чужапанка, бацьку Касі, а таксама — сведчанне выдатнага пачуцця гумару. Здавалася б, дробязь, але з такіх дробязей утвараюцца яркія вобразы. Галоўнае, гумар дае адчуванне любові — да людзей, якія тады жылі. А калі мы іх разумеем, значыць, мы — такія ж...

Вольга Брылон: Башава — вельмі прафесійны рэжысёр, пра што сведчаць яе спектаклі, пастаўленыя на сцэне ТЮГа. Але мяркуючы па «Чужым багацці», яна, хутчэй за ўсё, не мае вялікага досведу працы з музычна-драматургічным матэрыялам. Акцэнт зроблены на дэталёвай распрацоўцы мізансцэн, звязаных найперш з размоўнымі дыялогамі, — так працуюць рэжысёры драмы. А музычныя нумары аказваюцца «ўстаўкамі» і існуюць самі па сабе. На пачатку спектакля аркестравая яма прыўзнятая, потым платформа з аркестрантамі плаўна апускаецца ўніз — гэткае «ноў-хаў», закліканае прадэманстраваць гледачам найноўшыя «навароты» і тэхнічныя магчымасці сцэны. Міжволі чакаеш, што ў 2-й карціне, дзея якой разгортваецца на сцэне радзівілаўскага тэатра, аркестранты на чале з дырыжорам ператворацца ў дзейных асоб і прымуць удзел у спектаклі нароўні са спевакамі, але гэтага, на жаль, не адбываецца. «Урачысты спуск» у яму так і застаецца трукам, ніяк не звязаным з далейшымі падзеямі.

Увесь час на сцэне стаіць бутафорскі клавесін, і артысты раз-пораз спрабуюць «акампанаваць» сабе падчас выканання арый. Няўжо ж прафесійныя музыканты не могуць найграць — хай і прымітыўна! — свой акампанемент на сапраўдным клавесіне?

Таццяна Мушынская: Прэм’ера «Багацця» выклікала цікавасць, азадачыла, некага расчаравала. Чаканне падзеі аказалася, магчыма, нават больш хвалюючым, чым сама падзея. Парадаксальна — у стварэнні спектакля заняты лепшыя пастановачныя сілы краіны. Кожны — яркая асоба са сваімі бясспрэчнымі здабыткамі. Усе — «профі». Але чаму не пакідае адчуванне, што пры велізарных фінансавых выдатках, творчых, арганізацыйных намаганнях вынік — мастацкі — мог быць іншы? У чым справа? У тым, што жанр занадта лёгкі — забаўляльны вадэвіль з лірыка-камедыйным сюжэтам? У тым, што эстэтыка XVIII стагоддзя не заўсёды адэкватна ўспрымаецца сучаснымі гледачамі? У тым, што пастаноўка міжвольна разбурыла нашы ўзнёслыя ўяўленні пра беларускі музычны тэатр перыяду росквіту ВКЛ?

Надзея Бунцэвіч: Асабіста ў мяне прэм’ера выклікала пачуццё не радасці, а спачування. Не падлягае сумненням вялізны аб’ём зробленай працы. Але ўзнікае шмат пытанняў. І ў першую чаргу — дзеля чаго ўсё гэта? Якая мэта пастаўлена? На каго разлічаны спектакль? Якое месца зойме пастаноўка ў нацыянальнай культуры?

Вольга Брылон: Магчыма, у Нясвіжскім палацы такая пастаноўка глядзелася б натуральна. Але велізарная сцэна Опернага тэатра літаральна паглынула яе і выявіла мноства хібаў...

Надзея Бунцэвіч: Наўрад ці такі спектакль зможа зацікавіць спакушаную замежную публіку. Ці трэба было расцягваць відовішча да дзвюх гадзін? Для падобнага «каламбурчыка», нашпігаванага мастацкімі «разыначкамі», хапіла б паўгадзіны. Можа, тады «Багацце» хацелася б глядзець нават у другі і трэці раз — а не пазяхаць у чаканні фіналу, стаміўшыся ад мітусні, што адбываецца на сцэне. Дый сцэна для такога спектакля патрэбна камерная. У Вялікім тэатры, разлічаным на іншую акустыку, цяжкавата слухаць працяглыя «безмузычныя» і «безмікрафонныя» дыялогі.

Таццяна Мушынская: І што вы прапаноўваеце як альтэрнатыву?

Надзея Бунцэвіч: Падчас прагляду міжволі настальгічна ўзгадваліся куды больш цікавыя, але, на жаль, неактуальныя сёння звароты да нацыянальнай даўніны. Так, у Купалаўскім тэатры больш не ідзе «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча. З музыкі арыгінала п’есы «Сялянка» да нас дайшла ўсяго адна арыя. Але ўласная музычная версія, прапанаваная Уладзімірам Кур’янам, пры ўсіх яе сучасных «выбрыках» і стылёва-цытатных намёках, цалкам адпавядала рознаскіраванай беларускай эстэтыцы ХІХ стагоддзя. Спектакль ззяў рэжысёрскімі, сцэнаграфічнымі, музычнымі, акцёрскімі знаходкамі, якія ўтваралі цалкам гарманічнае відовішча.

Усяго па адным разе былі выкананы і дзве версіі т. зв. «школьнай оперы» Рафаэла Вардоцкага «Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас». Спярша на сцэне Вялікага тэатра прагучала блізкая да першакрыніцы музычная версія партытуры, дапоўненая арыгінальнай рэжысурай Вячаслава Цюпы, дзе міфалагічныя персанажы паўставалі ў асобах вядомых палітыкаў ХХ стагоддзя. Той спектакль убачылі... удзельнікі міжнароднай навуковай канферэнцыі. А праз некалькі гадоў тая ж опера з’явілася ў аўтарскім прачытанні Дзмітрыя Смольскага, дзе кампазітар асобнымі трапнымі штрыхамі ўзбагаціў музыку займальнай стылёвай гульнёй. У новым выглядзе твор у канцэртным выкананні прагучаў на сцэне філармоніі. Чаму б не з’яднаць дзве версіі ў адзін двухактовы спектакль? Спачатку максімальнае вяртанне ў даўніну, а пасля антракту тая ж опера ў асучасненым варыянце...

Таццяна Мушынская: Думаю, гэта прыгожая мара. Цюпа з’ехаў з Беларусі і даўно працуе ў Расіі. Ці шмат спевакоў памятаюць мізансцэны оперы, паказанай толькі адзін раз?

Надзея Бунцэвіч: Не ўмеем мы, мабыць, вучыцца на чужых і ўласных памылках, штораз усё пачынаем «з чыстага ліста», адчуваючы сябе першаадкрывальнікамі. Ці не прыкра, што, аднаўляючы далёкую даўніну, мы тут жа забываемся пра нядаўнія знаходкі? Няўжо для ўсведамлення іх значнасці трэба таксама чакаць два стагоддзі?

Таццяна Мушынская: І ў мяне ёсць пэўныя пытанні да стваральнікаў «Багацця». Напрыклад, радуюся, што ўбачыла балетмайстарскую працу Уладзіміра Іванова. У ёй прысутнічаюць элементы «капусніка», парадзіравання вядомых харэаграфічных штампаў і клішэ — ад «Харошак» і народных танцаў да балетнай класікі і пластыкі Елізар’ева. Атрымалася смешна, дасціпна. Але стыль танцавальных сцэн не заўжды стасуецца з агульным рэжысёрскім стылем, а часам і супярэчыць яму. Нібы рэжысёр і балетмайстар не дамовіліся аб правілах гульні. Ёсць заўвагі і наконт працы Алесі Сарокінай: сцэнаграфія карцін «У доме Чужапанка» і «На Чортавай гары» арыгінальная, а вось карціны «Нясвіжскі тэатр» і фінальная атрымаліся крыху саладжавымі. Тэатр таксама ўскладніў задачу мастачкі, бо ад пачатку не было пэўнасці: для камернай або вялікай сцэны прызначана «Багацце». Прастора акадэмічнага тэатра каварная для сцэнографаў. Нават у Зіновія Марголіна «Візіт дамы» быў надзвычай удалым, а рашэнне пляцоўкі ў «Гадунове» аказалася правальным...

Вольга Брылон: Адчуваю вялікі піетэт перад Віктарам Іванавічам, яго самаадданай дзейнасцю па адраджэнні старадаўняй беларускай музыкі. Але як просты глядач і слухач я, на жаль, расчаравана вынікам працы над операй «Чужое багацце»...

Таццяна Мушынская: Няўжо ўсё так змрочна? І генеральная рэпетыцыя, і сама прэм’ера выклікалі велізарную цікавасць публікі. Калі апошні раз запаўняльнасць залы на беларускай оперы складала 120%?

Вольга Брылон: Мы абмяркоўваем мастацкі плён, а не касавы поспех...

Таццяна Мушынская: Яркі мастацкі вынік у напаўпустой зале — хіба гэта лепш? Артысты засвоілі велізарны па аб’ёме музычны матэрыял. Яны натуральна пачуваюць сябе ў стыхіі беларускай мовы, якая амаль не гучыць на галоўнай музычнай сцэне краіны. Выканаўцы партый Касі (Ганна Гур’ева і Дзіяна Трыфанава) і Янака (Юрый Гарадзецкі і Міхаіл Пузанаў) на працягу шасці карцін, можна сказаць, не пакідаюць падмосткаў. Спяваюць, танцуюць, размаўляюць... Не ходзяць, а літаральна лунаюць у паветры. Гэта вельмі складана! Для Трыфанавай і Пузанава партыі сталіся ці не першымі значнымі на сцэне тэатра...

Надзея Бунцэвіч: Так, артысты радуюць — і непераўзыдзены майстар Аляксандр Кеда, і маладыя, артыстычныя Дзіяна Трыфанава і Міхаіл Пузанаў (праўда, пакуль не з такім прафесійным «прагаворваннем» тэкстаў, як у Кеды). Можа, пры гэткай зацікаўленасці трупы спектакль яшчэ «склеіцца»? Вельмі хочацца, каб так і адбылося.

Вольга Брылон: Опера «Чужое багацце» засведчыла вострую патрэбнасць тэатра ў малой, эксперыментальнай сцэне. Шкада, што яна не з’явілася нават пасля грандыёзнага рамонту. Менавіта на такой сцэне можна было б паказваць спектаклі кшталту «Багацця» — так бы мовіць, «малых форм», ладзіць разнастайныя камерныя канцэрты. І тэатру карысць, і маладым артыстам — прастор для творчага росту. А на вялікай сцэне пакуль што многія з іх губляюцца, «не гучаць». Ці гучаць, прабачце, неадпаведна...

Таццяна Мушынская: Хто шукае, той можа і памыліцца. мастацкі вынік цяжка загадзя пралічыць. Але сам факт, што Акадэмічны тэатр оперы і балета, які заўжды быў досыць касмапалітычным, зацікавіўся беларускай операй XVIII стагоддзя, надзвычай красамоўны. Гэта знак таго, што стварэнне нацыянальнага рэпертуару разглядаецца як адзін з магістральных накірункаў развіцця. У сувязі з гэтым хацелася б згадаць надзвычай цікавую і рамантычную вандроўку ў Нясвіж, якую тэатр наладзіў для пастановачнай групы, вядучых салістаў і журналістаў. Адбылася экскурсія па горадзе і замку, які актыўна рэстаўруецца і набывае сапраўды еўрапейскае аблічча.

Наталля Башава: З велізарнай цікавасцю, захопленасцю і павагай да сваіх каранёў быў адрэстаўраваны сучаснымі музыкантамі і твор, пра які сёння ідзе гаворка. З любоўю адноўленая опера прымушае нас яшчэ і яшчэ раз дзівіцца таму, якія выдатныя, еўрапейскага ўзроўню тэатры працавалі ў нас, на Беларусі, два стагоддзі назад. Прымушае ганарыцца і думаць, што трэба зрабіць, каб мы зноў сталі лепшымі ў Еўропе... Бо калі так было, значыць, так павінна быць заўсёды!

Таццяна Мушынская: Відаць, прыйшоў час падсумаваць нашу гаворку і зрабіць пэўныя высновы. Спадзяюся, што стваральнікі спектакля не надта пакрыўдзіліся на заўвагі музыказнаўцаў. Ісціна, як вядома, нараджаецца ў спрэчках. Магчыма, захопленасць высакароднай ідэяй рэканструкцыі старадаўняга твора, самім працэсам аднаўлення, здавалася б, страчаных назаўжды фрагментаў гісторыі айчыннай опернай музыкі ў нечым перашкодзіла цвяроза ацэньваць канчатковы сцэнічны, пастановачны вынік. А можа, новую працу тэатра варта ўспрымаць менавіта як эксперыментальную, дзе пралікі непазбежныя? Бо распачынаючы эксперымент, цяжка да драбніц спрагназаваць, што атрымаецца ў канцы. Калі пастаноўку «Чужога багацця» разглядаць не толькі як уласна мастацкі, а найперш як культуралагічны праект, акцэнтуючы ў ім музычна-асветніцкія функцыі, дык такі ракурс дазволіць нам і не закрэсліць велізарную працу многіх людзей, і даць спектаклю дакладную і справядлівую ацэнку.