Колер змагання — колер Перамогі

№ 9 (318) 01.09.2009 - 01.01.2005 г

Ёсць такое старажытнае лацінскае выслоўе: «Inter armas tacent musae» — «Калі грукочуць гарматы, музы маўчаць». Зрэшты, так было ў гісторыі любой цывілізацыі. Калі ідзе вайна — не да муз, не да мастацтва, не да эстэтычных разважанняў. Але беларускае выяўленчае мастацтва, прысвечанае Вялікай Айчыннай вайне, на мой погляд, сцвярджае іншае.

/i/content/pi/mast/23/403/25.jpg

Леанід Шчамялёў. Першы дзень міру. Алей. 1981.

У тыя палымяныя, вогненныя гады быў абвергнуты гэты стары афарызм: калі грукаталі гарматы, музы не маўчалі. Дзесяткі мастакоў многіх нацыянальнасцей, у тым ліку беларусы, не толькі з аўтаматамі і вінтоўкамі змагаліся з ворагам, але і адшуквалі паміж баямі час, каб маляваць тое, што адбывалася на іх вачах на франтах і ў партызанскіх лясах. А для многіх маладых франтавікоў тэма подзвігу народа стала пасля перамогі галоўнай у творчасці.

Нядаўна наша краіна адзначыла шчымлівы і светлы юбілей — 65-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта было насамрэч вялікае свята: памяць пра гераічнае і трагічнае мінулае заўсёды жыла і будзе жыць у сэрцах пакаленняў, бо няма на нашай зямлі дарогі, якая б не прывяла да велічнага мемарыяла, помніка або сціплага абеліска.

Усе пасляваенныя гады беларускія мастакі — кожны па-свойму — увасаблялі розныя грані хвалюючых тэм і сюжэтаў, прысвечаных ратнаму подзвігу савецкага народа і той адваяванай у ворага свабоднай зямлі, на якой мы сёння жывем. 65-годдзю вызвалення Беларусі былі прысвечаны выстаўкі «Памяць сэрца» ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі, «Палітра памяці» — у Нацыянальным мастацкім музеі (сумесны праект Беларусі і Расіі), «Памяць вогненных гадоў» — у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, «Вызваленне» — у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, а таксама адпаведныя экспазіцыі ў рэгіёнах краіны.

Выстаўкі адбыліся, закрыліся, і цяпер можна зрабіць пэўныя высновы адносна мастацкай рэалізацыі «тэмы вайны». Гэтае пытанне асабліва важнае і таму, што не за гарамі яшчэ адна дата — 65-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа над фашызмам. Зразумела, надыходзячая падзея тычыцца і беларускіх мастакоў: ветэранаў, якіх, на жаль, застаецца ўсё менш і менш; тых, хто нарадзіўся ў 30-я гады і пасля Перамогі; нядаўніх выхаванцаў вышэйшых і сярэдніх навучальных мастацкіх устаноў, якія маюць магчымасць спасцігаць ваеннае мінулае праз аповеды сведкаў і ўдзельнікаў падзей, праз кнігі і кінахроніку, фатаграфіі і дакументы. Але сёння моладзь вельмі неахвотна звяртаецца да эпохі сваіх баявых дзядоў і прадзедаў. Таму ёсць свае прычыны, пра якія ніжэй.

...Я вельмі ўважліва азнаёміўся з усімі юбілейнымі выстаўкамі ў Мінску, а ў Палацы мастацтва асабіста прымаў удзел ў падрыхтоўцы экспазіцыі. І, па вялікім рахунку, вось пра што я думаў, асабліва калі ўглядаўся ў творы мастакоў, якія прайшлі па вайне са зброяй у руках, і ўспамінаў іх усіх — і тых, каго ўжо няма з намі, і тых, з якімі я сёння жыву побач. Я думаў аб тым, якая гэта ўсё-такі неспасцігнутая вялізарнасць — памяць вайны...

Гады мінаюць, але нічога не забыць, і ў сённяшніх абагульненнях шукае памяць: як гэта было. Што адчуваў лейтэнант Тарас Паражняк, стоячы насмерць ля сцен Сталінграда ў складзе 535-га працітанкавага палка? Або старшына Іосіф Белановіч, калі там жа, у Сталінградзе, восенню 42-га камандаваў гарматным разлікам ля Мамаева кургана? Або капітан Ігар Глебаў, камандзір узвода мінамётнай батарэі 227-й стралковай дывізіі 62-й арміі; Іван Фяцісаў, храбры разведчык, які прайшоў шлях ад Волгі да Одэра? Або Іван Пушкоў, кавалер многіх баявых ордэнаў, які абараняў Крым і вызваляў Прагу? А ў вызваленні Варшавы прымаў удзел камандзір асобага пяхотнага батальёна 1-га Беларускага фронту маёр Віктар Вярсоцкі. На якіх толькі франтах не змагаліся нашы мастакі! Аляксандр Казлоўскі — Волхаўскі, Ленінградскі, Прыбалтыйскі франты; сяржант Леанід Шчамялёў — 211-я стралковая дывізія 13-й арміі Цэнтральнага фронту, малодшы лейтэнант Уладзімір Мінейка — 1-ы Украінскі фронт; старшына Павел Масленікаў — Заходні; радавы Фёдар Бараноўскі — 3-ці Беларускі; радавы Міхаіл Чэпік — 3-ці Украінскі; малодшы лейтэнант Барыс Няпомняшчы — 2-гі Украінскі. «Сваю» вайну закончылі ў 1945-м на Далёкім Усходзе салдаты Сяргей Каткоў і Іван Ціханаў. Было што ўспомніць і байцам «нябачнага фронту»: камісару 13-га атрада Смаленскага партызанскага палка асобага прызначэння Віктару Грамыку, палітруку роты брыгады імя Сталіна Мікалаю Гуціеву, камандзіру аддзялення дыверсійнага атрада Сяргею Раманаву, партызанам-падпольшчыкам Уладзіміру Сухаверхаву, Генрыху Бржазоўскаму, Соф’і Лі, Аляксандру Мазалёву. А беларус, лётчык-знішчальнік Міхаіл Зялёнкін (у ліку трох савецкіх мастакоў!) стаў Героем Савецкага Саюза і ўдзельнікам Парада Перамогі ў Маскве. Тры чвэрці будучых членаў Саюза мастакоў былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі», трое салдат сталі кавалерамі ордэнаў Славы і яшчэ трое — Баявога Чырвонага Сцяга. Творы не ўсіх згаданых мастакоў былі прадстаўлены на апошніх выстаўках. Але ўсіх іх, у тым ліку і тых, хто не вярнуўся з вайны і хто загінуў у фашысцкіх канцлагерах (Абрам Жораў, Аркадзь Астаповіч, Ілля Фянюк, Аляксандр Арлоў, Шалва Пікус, Абрам Бразер, Георгій Ізмайлаў, Ісаак Мільчын, Яўген Саматыя, Залман Мірынгоф, Віталь Букаты, Уладзімір Бярвенскі, Мікалай Малевіч, Сяргей Далжанскі, Сяргей Аншалевіч, Леанід Сонкін, Барыс Каплан), гісторыя нашага мастацтва і даследчыкі, якія яе, гісторыю, пішуць, абавязаны помніць. Менавіта помніць, а не часам успамінаць у юбілейныя даты, як гэта, на жаль, павялося. Кажу «абавязаны», таму што сучасныя маладыя творцы практычна ўжо і не ведаюць сваіх папярэднікаў, якія закладвалі падмурак таго, чым мы можам сёння ганарыцца і ў станковым жывапісе, і ў скульптуры, і ў графіцы, і ў іншых відах мастацтва.

Існуе такое паняцце — «унутраная памяць». Пакуль гэта крыху зыбкае вызначэнне, якое знаходзіцца на мяжы строгага тэрміна і метафарычнага вобраза. Аднак у ім адбілася вельмі адметная асаблівасць тых юбілейных выставак, якія прайшлі ў краіне. Цяжка меркаваць, ці спрацаваў напоўніцу механізм нацыянальнай мастацкай «унутранай памяці». Але вынікі гэтага далёка не заўсёды адназначнага працэсу атрымліваюць сілу лагічных заканамернасцей у дынаміцы развіцця ваенна-патрыятычнай тэмы.

/i/content/pi/mast/23/403/26.jpg

Рыгор Сітніца. Дом 1941-га года. Змешаная тэхніка. 1984.

Канешне, час цяпер іншы — у мастацтва прыйшло зусім новае пакаленне, для якога вайна — далёкая гісторыя. І таму да гэтай гісторыі сёння мала хто з маладых звяртаецца па наказе душы і сэрца. Не дзіўна, што аснову ўсіх буйных экспазіцый склалі «старыя знаёмыя» — рэтраспектыўныя творы старэйшага пакалення былых салдат Вялікай Айчыннай, а таксама «дзяцей вайны», якія ў 1960 — 80-я яшчэ даволі паспяхова працавалі з тэматыкай «саракавых, ракавых, свінцовых, парахавых» гадоў агнявой маладосці іх бацькоў. Лепшыя творы Мая Данцыга, Аляксандра Кішчанкі, Гаўрыіла Вашчанкі, Леаніда Асядоўскага, Івана Рэя, Анатоля Анікейчыка, Льва Гумілеўскага, Георгія Паплаўскага, Арлена Кашкурэвіча, Васіля Шаранговіча, Людвіга Асецкага і іх больш маладых калег — Уладзіміра Гардзеенкі, Станіслава Гарачава, Васіля Ціханенкі, Уладзіміра Шпартава, Аляксандра Гвоздзікава, Уладзіміра Церабуна, Галіны Туроўскай, Надзеі Лівенцавай, Уладзіміра Уродніча, Пятра Свентахоўскага, Яўгена Ясвіна, Міколы Селешчука, Барыса Цітовіча і некаторых іншых знайшлі сваё месца ў выяўленчым летапісе Вялікай Айчыннай.

Але сёння па-новаму высвеціліся і «старыя» праблемы. Адна з іх, вельмі вострая, — дзяржаўны заказ на творы да тэматычных буйных экспазіцый. Да выстаўкі «Памяць сэрца» Міністэрствам культуры, напрыклад, было заключана толькі 15 дагавораў, у асноўным з мастакамі «сярэдняга» пакалення. Прычым на рэалізацыю гэтых дагавораў было адведзена ўсяго некалькі месяцаў. Успомнім: пры савецкай выставачнай сістэме дагаворы з мастакамі (заўважце: з выдачай двух авансаў і прамежным прагляданнем выстаўкамам працэсу «нараджэння» твора) заключаліся, як правіла, за 1,5–2 гады да выстаўкі.

А тут дагавораў, паўтаруся, вельмі тэрміновых, паспешных — кропля ў моры, але і гэтая «кропля» аказалася не вельмі чыстай вады, за выключэннем трох-чатырох работ, якія быццам бы можна трактаваць у рэчышчы «новага погляду» на мінулую вайну ў кантэксце сённяшняга дня.

Што тут казаць? Магчыма, гэта «аб’ектыўная» рэальнасць: новаму часу — новыя песні. Сёння моладзь больш хвалююць фармальна-дэкаратыўныя і так званыя «канцэптуальныя» задачы, у выніку ж — творы часам эпігонскія, часам проста малапрафесійныя, якія па сваёй сутнасці, па сваёй мастацкай прыродзе ніяк не ўпісваюцца ў нацыянальную для ўсіх беларусаў святую тэму Вялікай Айчыннай вайны. А што ёсць навамодная «канцэптуальнасць», гэткі фетыш мудрагелістых мастацтвазнаўцаў і выдумшчыкоў так званых «праектаў»? Не будзем хітраваць. Такая канцэптуальнасць — гэта адсутнасць нерва жыцця, часта татальная безгустоўшчына з прэтэнзіяй на «ультрасучаснасць». Карацей кажучы, гэта страта жывой рэакцыі на жывое жыццё, якое было, ёсць і будзе.

Канешне, няма нічога дзіўнага ў тым, што моладзь адыходзіць ад апавядальна-жанравай канцэпцыі ў бок метафарычных абагульненняў і фармальна-кампазіцыйных і пластычных прыёмаў, што губляюць сваю сілу нормы падрабязна-апавядальнага развіцця сюжэта і ілюзорна-дакладнага падабенства ў адлюстраванні падзей і з’яў. Але ўспомнім: і ў гэтым напрамку мастакі таленавіта рабілі сваю справу — дастаткова згадаць, напрыклад, «Герніку» Пабла Пікаса альбо помнік «Разбураны горад» у Ратэрдаме Восіпа Цадкіна, рэльефы «Распяцце» Джакома Манцу, графічны цыкл «Вечна жывыя» Стасіса Красаўскаса, «Мадонну Біркенау» Міхаіла Савіцкага...

Да 9 мая 2010 года засталося зусім мала часу. Яшчэ раз падкрэслю, што па-сапраўднаму прыстойныя (не халтурныя) карціны, скульптурныя кампазіцыі альбо графічныя серыі ствараюцца, як правіла, доўга. Але, наколькі я ведаю, падрыхтоўка да выстаўкі, прымеркаванай да гэтай юбілейнай даты, у адпаведных структурах Міністэрства культуры і Саюза мастакоў яшчэ і не пачыналася (хоць некаторыя мастакі, галоўным чынам ветэраны, што, як у песні пяецца, «не старэюць душой», ужо працуюць у сваіх майстэрнях над новымі творамі для яе). Канешне, добра, што Міністэрства культуры закупіла ва ўсіх мастакоў — удзельнікаў вайны па адной рабоце з выстаўкі «Памяць сэрца», ды і СМІ нейкім чынам асвятлялі святочныя акцыі на выставачных пляцоўках. Нельга не адзначыць удалую арганізацыю вернісажаў з удзелам Міністэрства абароны і высокім прадстаўніцтвам дзяржаўных і грамадскіх структур.

І ўсё ж, усё ж... Застаўся ў мяне нейкі сум. Так ужо, напэўна, павялося ў чалавечым родзе: чым больш агрэсіўная бездухоўнасць у грамадстве, тым мацней бяспамяцтва, нібыта ржа, раз’ядае душы — ні спачування, ні спагады, ні добрага руху сэрца. Маўкліва, самотна, сцішана ў мікрасвеце мастакоў-ветэранаў, якіх мы ўспамінаем, галоўным чынам, толькі ў «круглыя» ліпеньскія і майскія даты. Ці не абрастаюць мохам нашыя сэрцы, ці не страчваем мы чалавечае, нацыянальнае, жывое аблічча, так ярасна і беражліва пранесенае гэтымі напаўзабытымі людзьмі праз нялёгкія гады маладосці і сталасці?!

У маім доме на вуліцы Сурганава жывуць і працуюць большасць ветэранаў Вялікай Айчыннай — Леанід Шчамялёў, Віктар Грамыка, Аляксандр Казлоўскі, Віктар Гаўрылаў, Андрэй Заспіцкі, Мікалай Назаранка, тут займаюць майстэрні Тарас Паражняк і Уладзімір Слінчанка — і я часта з ўсімі імі размаўляю не толькі ўласна пра мастацтва, але і пра тое, як не проста ім, «творцам цудоўнага», сёння жыць на белым свеце. І здароўе ўжо не тое, і пенсіі не вельмі, і на якасныя фарбы, пэндзлі і палотны не заўсёды хапае грошай... А галоўнае — не хапае ім звычайнай чалавечай увагі з боку тых, хто павінен ажыццяўляць дзяржаўную палітыку ў галіне культуры. Вось раней, кажуць яны, іх майстэрні часта наведвалі і міністры, і кіраўнікі дзяржавы, цікавіліся, як ідзе праца над новым творам, і на кожным больш-менш буйным вернісажы іх можна было сустрэць і пагаварыць пра надзённае, а зараз...

А я думаю ўсё пра тое ж: што мы ўбачым на Рэспубліканскай выстаўцы 2010 года, калі будзем святкаваць юбілейны Дзень Вялікай Перамогі? Зноў рэтраспекцыю? Так, канешне. Але якімі з пункту гледжання сучаснасці будуць мінулая вайна і памяць вясны 45-га — памяць, што ўбірае ў сябе і 1418 дзён фашысцкай навалы, і ўвесь пасляваенны шлях? Перамога! Падзея з шэрагу тых гістарычных здзяйсненняў, уплыў якіх будзе адчувацца ў стагоддзях. Слова «Перамога» вельмі дакладна перадае характар нашай вызваленчай вайны, яе дынаміку і напружанасць. Мы перамаглі ворага, перасілілі! Гэта не імгненны, бліскучы здабытак, а даўгачасная барацьба мільёнаў. Менавіта пра гэта павінна быць выстаўка 2010 года!

Ёсць у мяне патаемная мара. Як добра было б у 70-ы юбілейны пераможны год зрабіць у Беларусі, а потым і ў іншых краінах сумесную сусветную выстаўку твораў, прысвечаных унёску розных народаў у Перамогу над гітлераўскай Германіей у Другой сусветнай вайне! Беларусь, Расія, Украіна, Польшча, былая Югаславія, Францыя, Англія, Грэцыя і г.д. — усім ім ёсць што ўспомніць. А мастакам — ёсць што расказаць пра свае гераічныя народы мовай пластыкі, ліній і фарбаў. І гэтая Сусветная палітра Памяці сталася б для моладзі зямлі «візуальным» напамінам пра тое, якія бядоты, няшчасці і пакуты нясе чалавецтву вайна...

Барыс КРЭПАК