Дэфіцыт сюжэтаў ?

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Спектакль пастаўлены па п’есе А.Дударава, які запазычыў сюжэт у У.Караткевіча і перапрацаваў твор амаль да непазнавальнасці. Ягоная назва, як, дарэчы, і змест, тлумачыцца з першых хвілін дзеі. Па словах аднаго з галоўных герояў, капітана Леановіча, навальнічныя ночы напрыканцы жніўня «веру забіваюць у тое, што лета будзе доўжыцца бясконца».

«Вераб’іная ноч» Аляксея Дударава 
паводле пралога да рамана Уладзіміра
Караткевіча «Нельга забыць».
Рэжысёр Марына Дударава.
Сцэнограф Вольга Мацкевіч.
Кампазітар Уладзімір Кандрусевіч.
Драматычны тэатр Беларускай Арміі. 

У аснове сюжэта -- аповед пра «высакародства» графа Мураўёва (у спектаклі -- Фікельмонт) у адносінах да вязняў -- удзельнікаў паўстання Каліноўскага і іх няшчасных жонак. Ён быццам замяніў смяротнае пакаранне інсургенту пажыццёвай катаргай і паслаў жанчыну з памілаваннем у вязніцу, але перад гэтым накіраваў туды фельд’егера з загадам неадкладна выканаць смяротны прысуд. А.Дудараў разбаўляе напружаны сюжэт У.Караткевіча ўласным вымыслам. Напрыклад, змушае Горава пакахаць Пані і прызнацца ёй у гэтым; Леановіча робіць мудрым кіраўніком, які настальгуе па маладосці і часам упрыгожвае размову вершамі Пушкіна; надае Гораву рысы Леановіча, у той час як у літаратурнай першакрыніцы Гораў -- высакародны герой, які захоўвае вернасць маскоўскай каханай.
Спектакль іншым разам хварэе на адкрытую тэатральнасць: напрыклад, у сцэне дуэлі Леановіч выступае ў ролі… секунданта і прапаноўвае саперніку перамір’е. Па сюжэце літаратурнага твора Гораў застрэльвае Леановіча. У спектаклі -- страляе міма, і Леановіч… забівае сябе сам. Калі б мы былі ўдзельнікамі гульні «Знайдзі дзесяць адрозненняў», дык спіс недарэчнасцей можна было б доўжыць...
Ад літаратурнай першакрыніцы гледачу мала што засталося, хіба што імёны некаторых герояў ды сюжэт, «крыху» трансфармаваны А.Дударавым. Нават родная беларуская мова, якую так любіў і на якой гэтак маляўніча пісаў У.Караткевіч, па нявысветленай прычыне заменена на рускую. Адзіны герой, якому А.Дудараў усё ж дазволіў размаўляць па-беларуску, -- Сымон (А.Размахаў). Відаць, на такую «шчодрасць» драматург пайшоў дзеля таго, каб крыху павесяліць гледача. У выніку на сцэне з’явілася новая п’еса А.Дударава.
У спектаклі, зыходзячы з лёсу Горава, акрэслена ідэя біблейская -- «Не судзі -- ды несудзімым будзеш». Калі ўспомніць не менш хрэстаматыйнае, што «жыццё -- тэатр, а людзі ў ім акцёры», дык міжволі думаецца: нам дастаюцца самыя розныя ролі, і наша задача -- сыграць па правілах і законах вялікага тэатра -- Жыцця. Атрымліваецца не ва ўсіх. Зрэшты, героі спектакля «Вераб’іная ноч» імкнуцца быць вартымі свайго лёсам наканаванага прызначэння.
Бескампрамісны Жандар (С.Лугоўскі), які апавяшчае начальства вязніцы пра неадкладнасць смяротнага пакарання, ігнаруе чалавечую мараль, аднак бездакорна выконвае службовы абавязак -- што зробіш, такая роля…
 /i/content/pi/mast/2/40/p.20_1.jpg
 І.Фільчанкаў (Леановіч), А.Размахаў (Сымон)
Прынцыповы і непрадказальны Леановіч (І.Фільчанкоў) змушаны хлусіць падначаленым і жонкам паўстанцаў, якія імкнуцца выратаваць мужоў. Яго ўчынкі таксама амаральныя, але роля капітана -- выконваць загад начальства. Унутраныя ваганні ён паціху топіць у бакале віна…
Гораў (А.Мілюхін) з юнацкім максімалізмам крытыкуе ўчынкі Леановіча, разважае пра афіцэрскі гонар, прыгожа дапамагае даме, прыгожа змагаецца на дуэлі і, урэшце, атрымаўшы пасля смерці капітана яго ролю, робіцца тым, каго так самааддана крытыкаваў.
На сцэне Драматычнага тэатра Беларускай Арміі -- нестандартная сітуацыя: бездакорны герой ператвараецца ў брыдкага нягодніка. Сумленны і высакародны на працягу амаль усёй дзеі Гораў напрыканцы пастаноўкі становіцца клонам свайго ворага. Хто ведае, калі б Шэкспір не даў загінуць Гамлету, ці не ператварыўся б ён цягам часу ў Клаўдзія?
Пані ў чорным адзенні (Ю.Бажутава), жонка аднаго з паўстанцаў, рызыкуючы сабой, імкнецца выратаваць мужа. Яе роля -- быць жанчынай. Але ці проста застацца жанчынай, маці, жонкай на вайне, якую распачалі мужчыны? Для яе галоўнае, каб дзеці мелі бацьку. Пасля гераічнага ўчынку Горава Пані замест падзякі жадае афіцэру, каб ягоныя дзеці і ўнукі не паднялі рукі адзін на аднаго. І яе няма ў чым папракнуць...
Што тычыцца сцэнаграфіі, дык варта адзначыць, што яна вылучаецца практычнасцю: драўляны подыум на сцэне ў залежнасці ад дзеі выглядае то пакоем капітана, то дуэльнай пляцоўкай. Наяўнасць двух чоўнаў нагадвае, што сюжэт разгортваецца на беразе Дняпра. Атмасферу дзеі ўзмацняе ліхтар, які ў самы трывожны момант пачынае гайдацца над сцэнай, раздражняе вока дрыготкім святлом, а слых -- глухім скрыпам. У выніку глядач на колькі хвілін адчувае дотык вераб’інай начы і подых злоснага ветру, які нясе буру не толькі на дняпроўскі бераг, але і ў сэрцы герояў.
На працягу дзеі ўдала падтрымліваецца інтрыга, але незразумелым застаецца адно: дзеля чаго А.Дудараў звярнуўся да твора У.Караткевіча? Навошта так перайначыў сюжэт? Пасля спектакля паўстае шмат пытанняў, на якія складана адшукаць адказы. Мо У.Караткевіч, на думку А.Дударава, не надта дасканалы літаратар, і яго сюжэт вымагае абавязковай перапрацоўкі? Мо без гэтага сучасны глядач не зразумее сутнасць твора? А можа, беларускаму драматургу проста не стае ўласных сюжэтаў? Адказы на гэтыя пытанні ведае толькі спадар Дудараў.

Таццяна ІЛЮКОВІЧ