Партрэт як энэргічны імпульс

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

На Беларусі ў ХХ ст., калі фарміравалася і ўмацоўвалася дзяржаўнасць, з’явілася неабходнасць па-новаму асэнсаваць ролю чалавека.

В.Альшэўскі. Геаметрыя прасторы. Алей. 1995. 
В.Альшэўскі. Геаметрыя прасторы. Алей. 1995.

НА БЕЛАРУСІ ў ХХ ст., калі фарміравалася і ўмацоўвалася дзяржаўнасць, з’явілася неабходнасць па-новаму асэнсаваць ролю чалавека. Усё гэта падштурхнула развіццё жанру партрэта. Гэты жанр, складаны і шмат у чым цяжкадаступны, асвойваўся, метадычна і тэарэтычна абгрунтоўваўся, фарміраваўся на ўласнай беларускай глебе. І сёння наша выяўленчае мастацтва мае шэраг выдатных адлюстраванняў сучаснікаў.

Праўда, быў час, калі фатаграфія захапіла людзей сваёй дакладнасцю і тэхнічнымі магчымасцямі. Сучасны пошук мастакоў у жанры партрэта акрэслены ў словах Пабла Пікаса: «Мы ўжо адмовіліся ад імкнення паказваць рэчы такімі, якімі яны паўстаюць перад нашым позіркам. Нас болей не вабяць замацаваныя на палатне імгненні выслізгваючых уражанняў». Экспрэсіяністы некалі змянілі разуменне мастацтва як формы рэальнага ўвасаблення індывідуальных характарыстык асобы. Экспрэсія паступова рабілася самамэтай. Праз гэта разбураўся цэласны вобраз чалавека. Імпульсіўнасць, няпэўнасць, летуценні, праявы масавага псіхозу — усё гэта ўздзейнічала на партрэт разбуральна. Сёння партрэтны жанр зноў заняў трывалае месца ў сусветным выяўленчым мастацтве, ён пераступіў парог фатаграфічнай ілюзіі, але яна яму па-ранейшаму неабходна, каб партрэт заставаўся партрэтам.

Партрэт — гэта не толькі галава чалавека. Чалавек жыве ў асяродку рэчаў, дробных і буйных, мае свае характэрныя фізічныя адметнасці і г.д. Перад мастаком, які пачынае працу над партрэтам, стаіць няпростая задача: успрыняць і зразумець асобу як аб’ект, у якім сканцэнтраваны магутныя жыццёвыя сілы. Чалавек сам па сабе — створаная прыродай унікальная эхналагічная сістэма, якая працуе на энергетычных імпульсах. Прырода надзяляе кожнага з людзей магчымасцю назапашваць іх, захоўваць, памнажаць і перадаваць. Гэтыя якасці таксама адрозніваюць людзей адно ад аднаго. Некаму хапае энергіі, каб проста жыць, другому — каб здолець прадоўжыць свой род, іншым па сіле ствараць новыя энергетычныя аб’екты, да прыкладу, творы мастацтва.

Мастаку падчас працы над партрэтам удаецца частачку энергіі перахапіць і перанесці на палатно. Як гэта зрабіць — вядома, сакрэт, якім мастак калі б і хацеў падзяліцца, дык наўрад ці змог бы. Таямніца творчасці! Але ж яна абапіраецца на напрацаванае майстэрства рысавальшчыка.

Першае ўспрыманне чалавека, вядома ж, адбываецца на інтуітыўным узроўні. Без гэтага імпульсу не распачынаецца лагічны аналіз аб’екта. Дадатковая інфармацыя паступае ад паслядоўнага ўспрымання знакаў, пазнавальных і лагічна асэнсаваных. Далей мы атрымліваем інфармацыю пра чалавека — на ўзроўні свядомасці і падсвядомасці — праз форму, прапорцыі цела, колеры, пахі, мову і г.д. Так ствараецца інфармацыйная база для партрэта асобы. Аналітычны механізм прымае інтуітыўны імпульс і пераводзіць веды пра чалавека ў знакавую сістэму.

Лягчэй аналізаваць і перадаваць на палатне дакладныя фізічныя характарыстыкі асобы. Цяжэй выявіць і перанесці ў партрэт псіхалагічныя характарыстыкі. Без інтуітыўнага ва ўспрыманні чалавека немагчыма знайсці нейкі код да раскрыцця ягонага духоўнага свету, асобавасці.

Псіхалогія ў выяўленні асобы чалавека — гэта перадача выяўленчымі сродкамі індывідуальных якасцей партрэтаванага. Якімі для гэтага трэба карыстацца канкрэтнымі элементамі жывапісу, малюнка? Як перадаць у партрэце такія якасці чалавека, як розум, міралюбства, далікатнасць або, наадварот, дурасць, агрэсіўнасць, нявыхаванасць? Справіцца з гэтай задачай дапамагаюць розныя прыёмы і ўмелае карыстанне выяўленчымі сродкамі. Гэта колер, прапорцыі твару, акцэнт на пэўных дэталях; адзенне, яго фасон, складкі — дробныя альбо буйныя, мяккія або вострыя; сядзіць чалавек, стаіць або бяжыць — дынаміка руху; прастора, якая яго акружае; характар ландшафту або адсутнасць апошняга; чысты фон і на ім светлае або
цёмнае аблічча чалавека; насычанасць твару колерам на светлым фоне і іншае.

Асобную важную ролю адыгрывае энергаёмістасць знакаў, колеру, рысаў малюнка і інш. Праца над партрэтам вымагае ад мастака вялікай канцэнтрацыі яго ўласных энергетычных магчымасцей. Яму неабходна ўспрыняць імпульс псіхічнай сілы чалавека і перанесці яго ў карціну, тым самым матэрыяльнымі выяўленчымі сродкамі зафіксаваць энергію на палатне. Такім чынам, энергетычны імпульс становіцца новай якаснай субстанцыяй твора мастацтва. Як жанчына дае дзіцяці жыццё, так і мастак здольны перадаць у матэрыяле энергію, даць жыццё новай рэальнасці. Не дзіўна, што творы мастацтва, якія захаваліся з глыбокай даўніны, так моцна ўплываюць на нас. Мастацтва ўтрымлівае ў сабе, назапашвае, захоўвае энергію. Таму можна дапусціць, што дзякуючы мастацтву на Зямлі ўтвараецца магутная энергетычная прастора, якая спрыяе развіццю чалавецтва і ўзыходжанню яго на новы, якасна вышэйшы ўзровень.

ВІКТАР АЛЬШЭЎСКІ