Родныя рэчы

№ 8 (317) 01.08.2009 - 31.08.2009 г

Работы Уладзіміра Хадаровіча прасякнуты спакойнай унутранай гармоніяй. У лірычных па настроі нацюрмортах мастака заўжды прысутнічае асаблівая эмацыянальная нота, якая хвалюе і заварожвае гледача.

 Палотны Хадаровіча рамантычныя і загадкавыя, гэтае адчуванне ствараюць паўзмрок, рассеянае святло, якія валадараць у многіх яго карцінах, мяккія колеравыя адценні і тонавыя нюансы. Каб дасягнуць такога ўражання, аўтар не выкарыстоўвае адмысловых тэхнічных эфектаў, яго жывапіс нязменна застаецца ўзорам густу, што немалаважна пры ацэнцы сучасных твораў рэалістычнага накірунку.

/i/content/pi/mast/22/397/40.jpg
Нацюрморт са скульптурай. Алей. 1988.
Уладзімір Хадаровіч -- прызнаны майстар нацюрморта. Яго кампазіцыі патрабуюць уважлівага разгляду, пільнай засяроджанасці, паступовага паглыблення ў сутнасць выяўленых рэчаў. Вонкава ўсё вельмі проста і адпавядае сціпласці беларускага традыцыйнага побыту. Асабліва відавочна гэта ў нацюрморце «Хлеб», напісаным у 1994 годзе. На драўляным вясковым стале -- бохан хлеба, гліняныя чаропка і збанок, драўляныя лыжкі, шкляная бутэлька, засохлыя кветкі, тканы народны ручнік. Прадметы дбайна выпісаныя, здзіўляе дакладнасць перадачы не толькі форм і сілуэтаў, але і матэрыялаў. Здаецца, адчуваеш цеплыню адпаліраваных дошак стала, шурпатую фактуру ганчарнай керамікі, асабліва відавочную на фоне халаднаватай празрыстасці і бляску шкла, гарачыню патрэсканай у печцы хлебнай скарынкі. Усё гэта перададзена з вялікім майстэрствам, тонкай пільнасцю. Аднак пры відавочным дакументалізме карціны аўтар пазбягае залішняга натуралізму, бяздушнага капіравання прыроды. Ён імкнецца ўлавіць і занатаваць складаныя ўзаемасувязі паміж абліччам рэчаў і іх духоўным жыццём. Міхась Раманюк у свой час вельмі дакладна вызначыў стылёвыя асаблівасці работ мастака. Ён пісаў: «Уладзімір Хадаровіч у гэтым жанры распрацаваў сваю ўласную аўтарскую канцэпцыю. Сувязі з этнічнымі вытокамі выяўляюцца праз прадметна-рэчавы сімвалізм».

І сапраўды, мастак адлюстроўвае прадметны свет як увасабленне адухоўленага хараства. У яго жывапісе рэчыўнасць набывае дзівосную гармонію. Гледача заўжды хвалюе ўзнёслая атмасфера яго твораў, іх паэтычнасць, якая гаворыць аб глыбокай, шчырай увазе да ўсяго існага.

Творчасць Хадаровіча шматгранная. Яна заснавана на вялікім мастацкім гусце, а галоўнае -- у ёй ёсць своеасаблівы каларыт, арыгінальная манера кампазіцыі, уменне надаць дынамічную напружанасць структурным элементам. Прытрымліванне правілаў класічнай мастацкай школы, веданне мовы колерапластыкі, уменне размяркоўваць святло і цень дазваляюць мастаку не страчваць адчуванне рэальнай прыгажосці, захоўваючы пры гэтым права на палёт фантазіі. У кожнай яго карціне ёсць змест, падказаны непасрэдна прыродай, творчая задума, гарманічнае адзінства прадметаў. Такія паняцці, як «падобная» ці «непадобная» выява, не адлюстроўваюць сутнасці яго работ, у якіх немалую ролю адыгрываюць унутраны стан, асацыятыўнасць. Таму ўсе без выключэння работы Хадаровіча нараджаюцца ў доўгіх развагах, шматлікіх варыянтах.

У пачатку свайго творчага шляху, звяртаючыся да жанру нацюрморта, Хадаровіч імкнуўся вывучыць «формулу» прадмета, яго канструкцыю, авалодаць уменнем перадаваць шчыльнасць, важкасць матэрыі. Тагачасным яго работам уласцівы эмацыянальная сканцэнтраванасць і пачуццё значнасці адлюстраваных на палатне рэчаў. Гэтую значнасць мастак падкрэсліваў асаблівай урачыстасцю пастаноўкі. Так, у карціне 1990 года «Слыннаму беларускаму вестуну прысвячаю» ўсе прадметы кампазіцыі аднолькава важкія і нясуць сэнсавую нагрузку: і чарніліца з пёркам, і запаленая свечка ў медным падсвечніку, і скручаны аркуш паперы, і старажытная друкаваная Біблія, разгорнутая на старонцы з графічнай выявай Францыска Скарыны, і нават фон у выглядзе яшчэ адной карціны з перспектывай сярэднявечнай Прагі з дахамі палацаў і шпілямі касцёлаў...

Хадаровіч імкнуўся да строгага выбудоўвання формы, паказваў узаемадачыненні аб’ёмаў і плоскасцей у неглыбокай, дакладна акрэсленай прасторы. Кожны з прадметаў самадастатковы і прыцягвае погляд гледача. Аднак у той перыяд творчасці мастака яго малюнак драбніла значная колькасць невялікіх рэчаў. Не было буйных аб’ёмаў, работам не хапала манументальнасці і ўстойлівасці. Затое ўражвалі колеравыя суадносіны, якія захаваліся надалей і сталі адной з адзнак аўтарскага стылю. Мастак імкнуўся да манахромнасці, яго ўлюбёныя спалучэнні -- вохрыста-залацісты з украпваннем карычнева-чырвонага, умбры і зелені. Ён вывучае і знаходзіць у гэтых сціплых колеравых межах мноства нюансаў і адценняў. Хадаровіч мадэлюе свае нацюрморты не толькі колерам, але і святлом: у карціне «Бацькава скрыпка» колер згушчаецца на прадметах і слабее каля акна, нібы раствараючыся ў паветранай атмасферы. У ранніх работах мастака ёсць яшчэ адзін станоўчы момант: дзякуючы дбайнай выпісанасці ўсіх элементаў формы, аб’ёмаў, колеравых характарыстык яго нацюрморты надзвычай дакладна перадаюць выгляд выяўленых на іх рэчаў.

У канцы 1990-х гадоў адметнасцю стылю Уладзіміра Хадаровіча становіцца імкненне да метафарычнасці мовы: дасканальна вывучыўшы навакольны прадметны свет, ён прымушае яго «загаварыць». Таямніца творчасці мастака пачынаецца там, дзе дакладна скампанаваныя прадметы нацюрморта або просты пейзажны матыў (мастак час ад часу звяртаецца і да гэтага жанру) ператвараюцца ў самакаштоўныя жывапісныя сусветы, вялікія і малыя, строгія і лірычныя. Аксамітавасць матавай фактуры, вытанчаныя акорды колеравых спалучэнняў, прадуманасць і лаканічнасць кампазіцыйных пабудоў трансфармуюць звыклыя і немудрагелістыя прадметы ў сімвалічныя кампазіцыі, якія нагадваюць нам пра далёкую і неспасціжную прыгажосць, што адвечна закладзена ў навакольным свеце.

/i/content/pi/mast/22/397/40-.jpg
Старадрукі. Алейю 1997.
Для Уладзіміра Хадаровіча паглыбленне ў рэальнасць нагадвае гарманічную поліфанію колераў, гукаў, пахаў, якую ён адчувае інтуітыўна. Але гэта не выключае падрыхтоўчага этапу: перад тым як пісаць карціну, мастак рупліва выбудоўвае кампазіцыю нацюрморта ў натуры, складае з рэчаў пэўную групу. Гэта дае яму магчымасць свядома задаваць сабе складаную жывапісную задачу і вырашаць яе няспешна, бо аб’ект выяўлення ў большасці выпадкаў нязменны, нерухомы.

Стыль і почырк мастака падкрэслена індывідуальныя. Адначасова простыя і складаныя работы вылучаюцца ў экспазіцыйнай прасторы, надоўга ўтрымліваючы каля сябе гледача. У іх пераплятаюцца і гарманічна суіснуюць логіка і інтуіцыя, унутраная стрыманасць і адкрытая эмацыянальнасць...

А пачалося ўсё з мілых сэрцу вобразаў Случчыны. І сёння згадваецца Уладзіміру скрыпка, якую бацька мастака, Павел Філіпавіч (яго, дарэчы, у маладосці запрашаў у якасці музыкі ў свой знакаміты тэатр Уладзіслаў Галубок), зрабіў сваімі рукамі... Калі ў 1954 годзе сям’я Хадаровічаў пераехала ў Мінск, з-за пасляваенных цяжкасцей ім давялося браць кватарантаў. У дзяцей вайскоўцаў, што здымалі памяшканне, былі алоўкі і фарбы, і яны дзяліліся імі з Валодзем, які, канечне, не меў такой раскошы. Тады і нарадзілася захапленне маляваннем, якое хутка вырасла ў сапраўдную цягу да мастацтва. Калі Уладзімір Хадаровіч вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, ён марыў пісаць пейзажы, жанравыя кампазіцыі. Але ўрэшце зацікавіў і спадабаўся нацюрморт. Уладзімір з цеплынёй згадваў вясковую працу, звыклыя рэчы штодзённага сялянскага ўжытку. І гэтую цеплыню яму ўдавалася перадаць у выявах самых разнастайных бытавых прыладаў. Выдатны мастак і педагог Анатоль Бараноўскі дапамог маладому жывапісцу авалодаць колерам, малюнкам. З’явіліся метафарычнасць мовы, інтэлектуальнасць, строгасць кампазіцыйнага вырашэння, прафесійны падыход да пабудовы прасторы. Дый каларыстычная гармонія нясе ў палотнах Хадаровіча не меншую сэнсавую і вобразную нагрузку, бо нацюрморт, мала распрацаваны ў беларускім мастацтве, патрабуе трапяткога мастакоўскага пэндзля.

Дзякуючы адухоўленасці і дакладнасці выяўленага на палатне, арыгінальным кампазіцыйным рытмам і выразным каларыстычным супастаўленням халоднага з цёплым гэты традыцыйны жанр вырастае ў Хадаровіча да вострасучаснага мастацкага афарызма. Для мастака аднолькава прыцягальныя і выразныя матывы з даматканымі ручнікамі, старажытнымі іконамі, глянянымі збанкамі, калаўротам, дымаром, колам ад драбін, сотамі з залацістым духмяным мёдам, сонечным яблыкамі-антонаўкамі, сціплымі палявымі кветкамі. Для кожнай выявы ён знаходзіць свой вобразны ключ. Узаемаадносіны з рэчамі для яго не вычэрпваюцца гімнам ухвалення, іх энергетыка бясконцая і неспасціжная, і таму мастак уступае з ёю ў складаныя дыялогі. Эксперыменты з фактурамі і колеравымі рытмамі даюць дзівосныя вынікі. Асабліва ў тых нацюрмортах, дзе аўтар піша кветкі, фрукты. Мастак пагружае іх у асаблівую паветраную атмасферу, прымушае промні святла слізгацець па краях лістоў, ствараючы такім чынам контурнасць выявы. Перагукаючыся адзін з адным, блікі ствараюць адчуванне трымцення жыцця, багацця і прыгажосці восеньскага росквіту. Разнастайнасць, імпрэсіяністычная лёгкасць мазкоў паглыбляе ўражанне вібрацыі, што ідзе ад жывапіснай паверхні: Хадаровіч то накладвае фарбу шчыльным слоем, то ледзь датыкаецца да палатна пэндзлем.

Непаўторнасць мастацкай інтанацыі Хадаровіча вынікае з яго павагі да яснасці і натуральнасці народнага быцця, да звычаяў і традыцый народа. Нацюрморты Хадаровіча можна разглядаць як маленькую энцыклапедыю вясковага побыту. Мастак ніколі не звяртаецца да прадметаў выпадковых, «падказаных» модай або імкненнем да раскошы, -- ён цікавіцца толькі тымі, якія даўно і надзейна служаць сялянам, стагоддзямі захоўваюць цеплыню іх рук, гавораць аб сутнасных баках іх жыцця, якія распавядаюць аб духоўным змесце іх штодзённага бытавання.

Прадметы, якія Уладзімір Хадаровіч выбірае для сваіх нацюрмортаў, разнастайныя: старыя кнігі, металічны царкоўны посуд, пёркі, плеценыя кошыкі, саламяныя кветкі, тонкія засохлыя галінкі і раскрытыя на поўную моц пышныя кветкі, яблыкі, ягады, велікодныя пафарбаваныя яйкі... Яны існуюць не толькі на карцінах, але здаўна сталі натуральнай часткаю інтэр’ераў майстэрні, дзе сабраны таксама даматканыя ручнікі, кераміка, абразы, паліхромная драўляная скульптура. Усё гэта сведчыць аб непадробным захапленні мастака народнай творчасцю, імкненні зразумець семантыку рэчаў.

Ёсць глыбокі сэнс у тым, што на палотнах Хадаровіча шмат разоў у розных варыяцыях з’яўлюцца адны і тыя ж ужо пазнавальныя прадметы. Можна сказаць, што ў кампазіцыях прысутнічае некаторая жанравая правакацыйнасць. Таксама, як Аліса ў Залюстроўі, мы пачынаем здзіўляцца неадназначнасці сэнсаў рэчаў, і іх сузіранне становіцца першым крокам да самапаглыблення...

Калі раннія работы майстра былі напоўнены жывой непасрэднасцю ўражанняў, то ў сённяшняй творчай лабараторыі ён крок за крокам вызваляецца ад усяго часовага і выпадковага. Леанарда да Вінчы сцвярджаў: «Дзе думка не працуе разам з рукой, там няма мастака». Гэта цалкам адносіцца да творчых прынцыпаў Уладзіміра Хадаровіча, які ніколі не возьмецца за пэндзаль, не абдумаўшы, не вывучыўшы кожны кампанент будучага нацюрморта. Інтуітыўны імпульс, эмацыянальнасць і логіка -- раўнацэнныя складнікі яго творчага працэсу. Кожная работа -- вынік сінтэзу філасофскіх развагаў аўтара і яго ўласных уражанняў. Ланцужок творчых адкрыццяў бясконцы. Сялянскі побыт і прылады вясковага жыцця, якія гараджаніну здаюцца такімі далёкімі і незразумелымі, не перастаюць быць значнымі, цэльнымі і гарманічнымі пры натуральным укладзе, які яшчэ захаваўся ў беларускай глыбінцы. Менавіта тут можна і сёння знайсці невычэрпны свет сапраўднай некранутасці. Трэба толькі ўмець яе заўважыць.

Работы Хадаровіча адразу пазнаюцца на выставах. Уласным стылем. Жанрам. Імпрэсіяністычным жывапісам з фактурнай лепкай прадметаў. Дарэчы, менавіта фактура (шурпатая, порыстая, якая дазваляе ўспомніць аб спрадвечнай сутнасці рэчы; у іншых выпадках -- гладкая, плаўная, што нагадвае аб акварэльнай тонкасці) і фон, жывапісная складанасць якога ствараецца спалучэннем і барацьбой адначасова некалькіх колераў або ўводзінамі ў вядучую танальнасць некалькіх дадатковых нюансаў, набываюць вялікае значэнне. Задача мастака -- увабраць і ўвасобіць шматзначнасць навакольнага свету. Кожная рэч становіцца сімвалам: скрынка гаворыць аб напоўненасці штодзённага існавання, яйка -- аб пачатку жыцця, кветкі -- пра бясконцую прыгажосць. Праз простыя побытавыя прадметы выказваць глабальную існасць жыцця -- такую мэту ставіць перад сабою аўтар. Важнай для яго з’яўляецца ўнутраная знакавасць гэтых прадметаў, дэкаратыўныя эфекты другасныя. Мастак вывеў для сябе дакладную «формулу нацюрморта». У ім павінны быць гармонія і баланс выяўленчых, тэхнічных, вобразных момантаў. Безумоўна, ператасоўваць прадметы можна бясконца -- мяняць кошык на збанок, васількі на рамонкі... Хоць усё жыццё так працуй -- і нічога дрэннага ў гэтым няма. Аднак Уладзімір Хадаровіч імкнецца да дасканаласці ў форме, рытміцы, аб’ёме, колеры, прасторы карціны. Напрыклад, калі малюе старадрукі, якія ляжаць на зрэзе тоўстага бервяна, распавядае пра лёсы людзей. Кола ад драбін -- гэта пра цяжкую працу, гарачыню, смагу. У выніку нараджаюцца складаныя асацыяцыі асаблівага адчування часу, якія дапамагаюць зразумець сутнасць мінулых падзей. Невыпадкова некаторыя з нацюрмортаў Хадаровіча прысвечаны гістарычным асобам -- «Памяці Францыска Скарыны», «Памяці Язэпа Драздовіча».

Безумоўна, нацюрморты нельга прачытваць толькі з гледзішча слоўных пабудоў. Яны нясуць на сабе адбітак рэальнасці, якую мы бачым, і вобразнае паняцце, якое прыводзіць да развагаў пра глабальныя рэчы. Простыя прадметы могуць сказаць пра няпростае, маленькія -- пра вялікае. І калі прадметы загавораць, можна лічыць, што твор адбыўся.

Некаторыя мастацтвазнаўцы вызначаюць такое паняцце, як «пачуццё вока». Гаворка ідзе пра зрокавае ўспрыманне, якое не з’яўляецца гэткім жа моцным, як слыхавое або датыкальнае, але таксама робіць надзвычай выразнае ўдзеянне на мозг чалавека. Тут як прыклад можна згадаць старажытнагрэчасці тэатр, які гледачы наведвалі па шмат разоў, каб глядзець адну і тую ж трагедыю. Яны выдатна ведалі сюжэт, але прыходзілі для таго, каб атрымаць эмацыйны штуршок, зноў перажыць катарсіс ад убачанага, каб ачысціцца праз спачуванне і перажыванне. Відавочна, успрыманне чалавекам выявы адбываецца падобным чынам. Алейны жывапіс мае вялікія пластычныя магчымасці, але і патрабуе напружання ад вока гледача.

Істотнай з’яўляецца ў нацюрморце трактоўка формы. Уладзіміра Хадаровіча цікавіць не толькі ілюзорнае выяўленне прадметаў (што несумненна важна як адзнака майстэрства), святло і цень, сілуэт. Ён імкнецца ахарактарызаваць форму праз колер і фактуру, якая часта выклікае амаль тактыльныя адчуванні. У рэчыўных нацюрмортах побач з праблемамі формы на першы план выходзіць і матэрыяльнасць узаемасувязей прадметаў. Кампазіцыйнае рашэнне гэтак жа важна, як дакладна знойдзенае слова ў сказе. Асабліва калі ў рабоце спалучаюцца не два, не тры, а добры дзесятак розных прадметаў.

Сёння Уладзімір Хадаровіч захапіўся пейзажамі. Немагчыма гадамі з аднымі і тымі ж пачуццямі пісаць збаны і кветкі. Чалавек павінен перажываць новыя эмоцыі, шукаць іх у прасторы краявідаў. У пейзажах талент мастака раскрываецца з іншага боку. Тут нас кранаюць паэзія настрояў, асаблівае бачанне прыроды, глыбока асабістае яе асэнсаванне -- як у сціплым гарадскім відарысе, так у натуральным ландшафце. Згадваюцца словы Пятра Канчалоўскага: «Адна рэч, калі проста пішаш натуру, гэта справа галоўным чынам фізіялагічная... Зусім іншае, калі спасцігаеш прыроду...»

Можна сказаць, што Уладзімір Хадаровіч -- жывапісец, які валодае тонкім каларыстычным пачуццём. Яго палітра вылучаецца высакароднай стрыманасцю і далікатнасцю, што ў спалучэнні з майстэрствам і выдатнай школай дапамагае мастаку раскрыць перад гледачамі дзівосны, хвалюючы свет, які прымушае іх спачуваць, радавацца і сумаваць разам з аўтарам.

Наталля Шаранговіч