Пранікнёная мелодыя жалейкі

№ 8 (317) 01.08.2009 - 31.08.2009 г

Марыя Ісаёнак увайшла ў беларускае мастацтва ў 1970-х, у час панавання «суровага стылю», але ўразіла ўсіх інтанацыяй сваіх твораў -- ціхай, рамантычнай і пранікнёнай мелодыяй жалейкі. Добра памятаю маладзёжную выставу 1983 года, дзе Марыя прадставіла кампазіцыю «Жанчына з дзіцем». Кожны з маладых аўтараў імкнуўся звярнуць на сябе ўвагу калі не вялікімі памерамі жывапіснага палатна, дык эфектнасцю кампазіцыі, маштабнасцю тэмы, вынаходлівасцю ў трактоўцы сюжэта. А невялікая па памерах карціна Ісаёнак выклікала здзіўленне.

 

Н
/i/content/pi/mast/22/395/32.jpg
Лілеі ля акна. Алей. 2008.
а засланай саматканай посцілкай канапе сядзяць маці з дзіцяткам. Над іх галавамі не лётаюць анёлы. У карціне няма ні пампезнасці, ні манументальнасці. Толькі цёмная бездань, на фоне якой вымалёўваецца светлы тварык юнай жанчыны, замыкае верхнюю частку кампазіцыі.

Сюжэт просты, аднак вобразы прыўзнятыя, аўтарка не хавае зачараванасці ўласнымі персанажамі. Ад знакамітых твораў мастацтва, што прысвячаліся ўвасабленню кананічнага сюжэта, карціна прынцыпова адрознівалася адсутнасцю параднасці ў інтэрпрэтацыі вобразаў. Жанчына паглыблена ў роздум, немаўлятка цягнецца наперад, да гледача, імкнецца па-за межы ахоўнага кола мацярынскіх рук.

Посцілка, на якой Марыя Ісаёнак напісала маладую маці з дзіцем, пазбаўлена чароўнай прывабнасці і гармоніі, уласцівай вырабам народных майстрых. Наадварот, яркія квадраты на тканіне, якія то правальваюцца ў цемень, то праяўляюцца жорсткасцю геаметрычнага малюнка, кантрастуюць з пяшчотна выпісанымі персанажамі, нясуць у сабе энергію адчужанасці, пагрозы, дысанансу.

На такім фоне яшчэ мацней адчуваецца прасветленасць, узнёслае хараство маладой маці. Прыўзнятасць і веліч паставы выклікаюць асацыяцыі з рэнесанснымі Багародзіцамі. Вобраз немаўляці не менш рамантызаваны. У комплексе абедзве выявы нагадваюць «карабель святла», што рушыць з цемры і тлуму проста на гледача.

Карціну Марыі Ісаёнак заўважылі. Пра тое, што мастачка імкнулася «...знайсці меру суадносін прыгажосці і праўды, пазбегнуць стылізацыі, і пераканаць гледача ў рэальнай духоўнасці і фізічнай прывабнасці сваіх герояў», пісаў у газеце «ЛіМ» Барыс Крэпак. У дыскусіі пра маладзёжнае мастацтва, гаворачы пра работу «Жанчына з дзіцем», Уладзімір Тоўсцік адзначаў «пяшчотны, лірычны вобраз, які кранае цеплынёй і шчырасцю пачуцця». У артыкуле ў газеце «Знамя юности» Аляксандр Цярэшчанка адзначаў, што палатно «прываблівае асаблівай адухоўленасцю».

І ўжо зусім нечакана для многіх вядомы маскоўскі мастацтвазнаўца, аўтар манаграфіі «Выяўленчае мастацтва ХХ стагоддзя» Анатоль Кантар, які прысутнічаў на абмеркаванні выставы, абазначыў карціну Ісаёнак «Жанчына з дзіцем» як лепшую ў раздзеле жывапісу.

У
/i/content/pi/mast/22/395/33.jpg
Маці. Святло ля акна. Алей. 1995.
чым жа была таямніца, энергетыка палатна, напісанага нядаўняй выпускніцай Мінскага мастацкага вучылішча, што нарадзілася ў вёсачцы Кісялі Віцебскай вобласці? Цяпер, праз гады, становіцца зразумелым: Марыя Ісаёнак здолела стварыць няхай сціплую, але дастаткова выразную (пра гэта сведчыў поспех твора на выставе) альтэрнатыву актуальным на той час, маштабным вобразам афіцыйных беларускіх мадон. Карціна «Жанчына з дзіцем» не заняла асаблівага заўважнага, адметнага месца ў беларускай культуры, але ў кантэксце мастацтва той пары сталася своеасаблівым знакам, прадвесцем заканчэння эпохі дэкларацый у жывапісе і надыходу часу панавання інтымнага, прыватнага пачуцця.

Сёння Марыя Ісаёнак -- прызнаны творца, на яе рахунку дзесяткі выставак у нашай краіне і па-за яе межамі. Перакідваючы ўмоўны мост паміж той даўняй маладзёжнай экспазіцыяй і рэаліямі сённяшняга дня, заўважым, што форма ў яе палотнах ссунулася ў бок канцэптуальнасці і эмацыянальнай выразнасці. Але карціны Марыі Ісаёнак, як і раней, нясуць у сабе заўважны імпульс актуалій часу.

 

Кветка

Звыкла лічыцца, што большая частка жывапісных палотнаў Марыі прысвячаецца кветкам. Аднак мне падаецца, што гэтае меркаванне гучыць трошкі пафасна. І вось чаму.

У творчасці Ісаёнак сапраўды існуе культ кветкі. У розных варыяцыях -- ад ціхай мелодыі да маштабнай, фантастычнай сімфоніі-феерыі -- гучаць на палотнах кветкавыя матывы: прысвячэнні то рахманаму рамонку, то чароўнай велікоднай вербачцы, то ўрачыста-элегантнай лілеі. Пры гэтым не заўсёды аўтарка канцэнтруецца на індывідуальным вобразе расліны. Яе вабіць інтрыга, загадкавасць спалучэнняў лілеі са званочкамі, касачоў з ільвіным зевам, настуркі з хрызантэмай... У кожным з гэтых спалучэнняў -- неспасцігальная розумам гармонія і індывідуальная колеравая, інтанацыйная, характарная адметнасць, падказаная мастачцы або настроем канкрэтнага дня, або пэўнай падзеяй ці з’явай, а найчасцей -- свежым уражаннем ад убачанага: большую частку года Марыя Ісаёнак і яе муж, жывапісец Мікола Ісаёнак, жывуць на лецішчы ў вёсцы Чарневічы, у атачэнні жывой прыроды, з якой нястомна чэрпаюць вобразы для сваіх твораў.

У жывапісных кампазіцыях Марыі нярэдка ў прасторы адной карціны суіснуюць некалькі букетаў, падначаленых адзінай мелодыцы. Так, у рабоце «Вярба» 2003 года ёсць тры кветкавыя дамінанты. У празрыстым збанку вольна расстаўлены галінкі вярбы з пухнатымі коцікамі: завалодаўшы прасторай карціны, яны дэкларуюць, што надышла вясна. Побач, у шклянцы, званочкі сон-травы. Камернымі, але гучнымі сіне-фіялетавымі матывамі, пурпурам і срэбрам яны азваліся ў вібрацыях агульнага фону карціны і пранізалі палатно эмацыянальнай перасцярогай -- вясна можа яшчэ дыхнуць холадам ды астудзіць заўчасныя мроі. Невялікі букецік пралесак мілагучна аздабляе правую частку кампазіцыі. На першы погляд, яго роля ў карціне не надта істотная -- кветкі сціплыя ў параўнанні з іншымі і аб’ёмам, і колерам. Тым не менш, энергетычны шар белых пралесак з зялёнымі лісткамі, насычаны ультрамарын бліскучай вазачкі кампазіцыйна ўраўнаважваюць ёмістую структуру вялікай масы з галінак вярбы і інтэнсіўны ўсплёск колеру сон-травы.

Усе тры букеты перадаюць велічную і ў той жа час вытанчаную мелодыю хараства ранняй вясны. Каб узмацніць інтанацыю крохкасці і колеравай непаўторнасці сціплых раслінак, мастачка пакрывае частку стала бялюткай тканінай, якая становіцца ідэальным фонам для канцэнтрацыі ўвагі гледача на індывідуальнасці іх колеравага гучання.

Карціны Марыі Ісаёнак з кветкавымі кампазіцыямі ў нечым нагадваюць своеасаблівыя, ледзь не з матэматычнай дакладнасцю пабудаваныя складаныя шарады. Гэта не перашкаджае яе творам заставацца чароўнымі і мілагучнымі, прывабнымі колеравай інтрыгай, гульнёй святла і ценю. Нягледзячы на крохкасць і рахманасць, кветкі ў карцінах мастачкі, велічныя, нібы з’явы касмаганічнага характару. Вобразы насычаны вібрацыямі глыбокіх чалавечых пачуццяў, а часам -- філасафічнасцю развагаў аб сэнсе жыцця.

 

Нацюрморт

Складана знайсці мяжу, якая б аддзяліла ў творчасці Марыі Ісаёнак кампазіцыі з кветкамі ад фабулы класічнага нацюрморта. Феерычная кветкавая кампазіцыя заўжды дамінуе на яе палотнах, аднак часта яна дапаўняецца шэрагам прадметаў, калівамі садавіны і гародніны -- як у «Нацюрморце з нарцысамі», «Нацюрморце са слонікам», «Нацюрморце з бакалам», «Нацюрморце з кнігай», у карціне «Летняя пара».

З кожным палатном мастачка імкнецца ўскладняць творчую задачу, узмацняць інтрыгу кампазіцыі. Дасягае яна гэтага рознымі шляхамі. Часам дастаткова побач з кветкамі раскідаць на стале сакавітыя фрукты і ягады -- такі прыём выкарыстаны ў работах «Казюкасы», «Сінія кветкі», «Кветкі і дулі». Аднак больш творцу цікавіць складаная арганізацыі вобразнай сістэмы жывапіснага палатна.

Д
/i/content/pi/mast/22/395/34.jpg
Пахаванне бацькі. Алей. 1992.
а прыкладу, ва «Урачыстым нацюрморце» Марыя будуе інтрыгу праз гульню сонечных блікаў на розных паверхнях -- сурвэткі з раскіданай на ёй садавіной, разнастайнага посуду, у які з дакладнай арыентацыяй на індывідуальны характар аб’ёму пакладзены фрукты, змешчаны кветкі ці проста наліта вадкасць. Асаблівы шарм карціне надае насычанасць прасторавай атмасферы палатна амаль матэрыяльнай вібрацыяй колераў.

Карцін з такім высокім тонусам эстэтычнага гучанняў у мастачкі шмат. Дастаткова назваць «Радасць быцця», «Садавіна і кветкі», «Супраць святла», «Сонечны дзень», «Крыніца святла», «Адыходзячае лета» -- шэраг даволі доўгі. Тут пры ацэнцы жывапіснага майстэрства трэба гаварыць не пра матывы музычнай гармоніі фарбаў і тэхнічнай дасканаласці, а пра маштабнасць сімфанічнага гучання складаных кампазіцый, дзе відавочныя злітнасць і ідэальная згарманізаванасць асобных сюжэтаў, кампазіцыйных матываў і колеравых імправізацый.

Асобную нішу ў творчасці Марыі Ісаёнак займае рэчавы нацюрморт, дзе адсутнічаюць улюбёныя мастачкай кветкі, валадарыць часам брутальная выразнасць, якая захоўвае пэўную сувязь з агульнай мелодыкай і тонусам цэласнай лініі жывапісу аўтаркі.

Вытокі гэтага накірунку знаходзяцца ў далёкіх 1970-х, калі многія маладыя беларускія мастакі трапілі ў гіпнатычную залежнасць ад пануючага «суровага стылю». Не стала выключэннем і Марыя Ісаёнак. Яе тагачасныя карціны «Зялёная бутэлька і яблыкі», «Майстэрня», «Непрыбраны стол» -- выразнае таму сведчанне. Але на пераломе эпох, на пачатку 2000-х, у мастачкі нібы прачнулася выключна новае, адметнае разуменне нацюрмортаў. Для мяне яны звязаны з вобразам ручной швейнай машынкі, што рэфрэнам праходзіць праз многія творы Марыі. (Такія машынкі фірмы «Зінгер» у пасляваенны час былі амаль у кожнай хаце, і іх наяўнасць у сям’і сведчыла аб дабрабыце.)

У Ісаёнак гэты рэлікт асацыюецца з вобразам маці. Нездарма мы неаднойчы сустракаем швейную машынку ў карцінах, дзе прысутнічае постаць старой жанчыны. Дзве з гэтых карцін -- «Інтэр’ер» і «Жанчына ля акна» -- мяне асабліва ўразілі настальгіяй па цяплу мамінай прысутнасці.

У шэрагу нацюрмортаў швейная машынка здымаецца з авансцэны і існуе ледзь акрэслена, як патаемны знак. І ўсё ж ёсць нацюрморты, дзе цуда-Zinger мастачка вылучае на першы план, паказваючы гледачу, што гэта вельмі важная частка духоўнага свету яе ўласнага жыцця.

У карціне «Зінгер» швейная машынка пастаўлена на краі стала такім чынам, што частка яе завісае ў прасторы, утвараючы на левым фланзе палатна складаны рытм уступаў, якія ўспрымаюцца дзіўным вобразам-монстрам. І толькі прыўнесеныя мастачкай ў агульную фабулу карціны лёгкае трымценне яркіх тканін у правай частцы палатна, фарбавая валтузня дробных рэчаў, цеплыня вохрыстай паверхні стала, на якім разгортваюцца колеравыя жарсці, нейтралізуюць матывамі спакою і раўнавагі пачуцці віртуальнай пагрозы і небяспекі, што знайшлі сабе месца ў зусім мірным сюжэце нацюрморта.

Усё гэта сведчыць, што рэчавыя нацюрморты Марыі Ісаёнак, у параўнанні з яе кветкавымі кампазіцыямі, маюць іншую эмацыйную дынаміку, нясуць глыбейшыя асацыяцыі светаадчування, дзе болей жорсткасці і драматызму, чым лагоды і сентыментальнасці. Яны адметныя выразным ракурсам у інтэлектуальным полі соцыуму. Ускладненая манера алейнага пісьма -- колеравыя плямы падобныя да стыхіі псіхалагічных станаў, а сама плоскасць палатна, на якой размяшчаюцца кампазіцыі, то знікае з поля зроку пад слоем фарбаў, то эпатажна агаляецца -- падначальваецца не па-жаночаму брутальнаму ладу жывапіснага мыслення творцы.

 

Інтэр’ер і постаць у ім

Інтэр’ерныя кампазіцыі мастачкі амаль заўсёды адзначаны прысутнасцю жанчыны. Гэтыя работы адрознівае фантастычнае пачуццё гармоніі і ўтульнасці чалавечага жытла, у якім ёсць месца рукатворнаму майстэрству гаспадыні.

Унутры тэматыкі Марыя Ісаёнак распрацавала некалькі асабістых архетыпаў, сутнасць якіх паглыбляе з кожным новым творам. Першы з іх сканцэнтраваў тры дамінуючыя выявы -- жанчыны, канапы, посцілкі, -- якія з’явіліся яшчэ ў карціне «Жанчына з дзіцем». Захаваліся эцюды да гэтага палатна. Колькі ў іх жыццёвасці, праўдзівасці, самоты...

У далейшым мастачка працягвае паглыбляць дынаміку ўнутранай фабулы сюжэта, пашыраць варыянтнасць кампазіцыі, каб перадаць касмічнае пачуццё жаночай адзіноты, якое можна лічыць нацыянальнай адметнасцю ў краіне, што зведала столькі войнаў і ліхалеццяў.

Ісаёнак напісала дзесяткі жывапісных палотнаў такога плану. У партрэце «Маці» (1979) гераіня таксама сядзіць на канапе, толькі посцілку «ў шашачкі» трымае ў руках разам з вязальным кручкам і клубком нітак. Здаецца мне, вобраз маці, што праходзіць праз усю мастацкую творчасць Ісаёнак, з’яўляецца ключавым у разуменні сутнасці яе жывапісу. Магчыма, гэты твор якраз і заклаў асноўныя архетыпы работ мастачкі. Магчыма, менавіта з яго і пачалося штосьці глыбока сакральнае як у сюжэце, так і ва ўсёй творчасці Марыі?

Вось яшчэ адно з ранніх палотнаў мастачкі -- «Бабіна лета». Выява жанчыны праглядвае праз пышны букет белых кветак на круглым, засланым вязаным абрусам стале. У адрозненне ад папярэдняй карціны, гэты партрэт ужо пазбаўлены культу фізічнай канкрэтыкі. Жанчына ўспрымаецца гарманічнай часткай дэкаратыўнага шэрагу. Наступны крок удасканалення сюжэта бачны ў вобразе маці ў карціне «Жанчына ля акна». Ступень абагульнення дазваляе перасягнуць межы банальнай матэрыяльнасці. Усё тут -- і акно з кветкай у вазоне, і маляўнічая вязаная сурвэтка, і машынка «Зінгер» на ёй, нарэшце, сама маці на крэсле, засцеленым посцілкай, набываюць нярэчыўную структуру. Вобразы падначалены гульні колеравых плямаў, у якой закадзіраваны легенда, здагадка, мастацка-вобразная таямніца. Гэтым самым здзейснены працэс міфалагізацыі, паэтычна-колеравай ідэалізацыі сюжэта, што дазваляе выходзіць на ўзровень этна-абагульненняў.

Яшчэ адзін архетып, утвораны мастачкай у шэрагу карцін пад умоўным дэвізам «Інтэр’ер і постаць у ім», -- аголеная натура. Па-рознаму ўвасабляла яе Марыя: на знаёмай ужо нам посцілцы «ў шашачкі», у інтэр’еры, у натуральным прыродным асяродку і ў касмаганічнай прасторы. Мабыць, самы гарманічны вобраз, які ўвабраў у выяву сімволіку хараства жаночага пачатку ва усіх прыродных праявах, мы бачым у карціне «Поле». Гэты вобраз стаў вынікам доўгіх творчых пошукаў мастачкі, якая параўноўвае жаночае цела з квітнеючым карагодам веснавых красак.

 

Краявід

Прырода ў карцінах Марыі Ісаёнак заўсёды надзелена тонусам урачыстага хараства. У ёй адчуваюцца вібрацыі эмацыйных станаў, што надае раслінам падабенства да чалавечых фігур, нараджае асацыяцыі з іх рухамі і ўзаемаадносінамі. Складваецца ўражанне, што краявіды сталі першым і самым вялікім каханнем у жыцці мастачкі. У яе творах прырода то велічная ў сваёй чысціні -- «Белы прастор чалавечых постацяў»; то архаічная ў адкрытасці чалавеку -- «Віцебшчына», «Свежы вецер»; то ранімая і безабаронная -- «Сакавік»; то рахманая -- «Бягучыя аблокі», «Вада, што абяцае прахалоду».

Асаблівае месца ў творчасці мастачкі належыць сядзібнаму краявіду. У Чарневічах Ісаёнкі стварылі ўласны свет прыгажосці, які лічаць родным і надзвычай істотным. Таму столькі цеплыні і пяшчоты да вясковай хаты, што стала прытулкам у летні час, да садовых кустоў, дрэваў і кветак у карцінах «Сонечны дзень» «Вечар у Чарневічах», «Яблынька», «Адыходзячае лета», «Летні дворык», «Лета скончылася».

 

Кампазіцыя

Нягледзячы на тое, што Марыя Ісаёнак майстра інтымных, пераважна камерных па характары карцін, ёй падуладна маштабнае кампазіцыйнае мысленне. Доказ гэтаму можна знайсці ў канцэптуальным, вобразна абагульненым партрэце «З сямейнага альбома», дзе акрамя постацей самой мастачкі і яе мужа Міколы ёсць выразнае ўвасабленне і трэцяй іпастасі -- яго вялікасці мастацтва; у карціне «Поўня», філасофскай колеравай рэзіньяцыі аб супольнасці людзей на зямлі; у «Пахаванні бацькі» -- тужлівым разважанні пра апошні шлях чалавека і іншых тэматычных палотнах аўтара.

Кампазіцыі на рэлігійныя тэмы насычаны дзіўнай канцэнтрацыяй пачуццёвай і духоўнай энергіі. У 2005 годзе Марыя напісала надзвычай дынамічны і колерава эфектны вобраз святога Георгія Пераможца -- ён літаральна працінае свядомасць гледача, пакідаючы моцнае ўражанне. Створаная ў 2006 годзе карціна з выявамі Багародзіцы і маленькага Ісуса -- канцэптуальны колерава-пластычны сінонім напісанай Марыяй на пачатку яе творчага шляху карціны «Партрэт жанчыны з дзіцем». І асаблівая ўдача -- шматфігурная кампазіцыя «Уезд у Іерусалім» (2005), з якой, магчыма, пачынаецца новы этап мастацкай дзейнасці яркай і цікавай мастачкі Марыі Ісаёнак.

Таццяна Гаранская