«Рабіце дабро», -- сказалі Чэхаў і тэатр

№ 8 (317) 01.08.2009 - 31.08.2009 г

Ці ведаеце, паважаныя, што такое «крагі»? Так і ёсць. Не носяць іх ні ў жыцці, ні на сцэне. Крагі, яны ж -- гамашы, гетры. Такія вось накладныя халявы з засцёжкамі. У старых кніжках сцвярджаюць, быццам шыкоўны мужчынскі абутак. Крыху парыпвае, нагу робіць стройнай. Але ж такія вышукі з мінулых эпох сёння наўрад ці ўбачыш на тэатральнай сцэне. Запатрабавана тое, што прасцей. А тут, бачыш, маскоўскі рэжысёр пажадаў немагчымага. І яму падалі чаканае.

 

 

 

/i/content/pi/mast/22/394/31.jpg
"Спатканне ў прадмесці" Аляксандра Вампілава. Сцэна са спектакля.
У Чэхава настаўнік гімназіі Буркін -- чалавек невялікага росту, тоўсты, зусім лысы, з чорнай барадой ледзь не да пояса. Аматар палявання і ўсялякіх жыццёвых баек. Прынамсі, чэхаўскі Буркін мала падобны на героя, якога ў спектаклі «Антрапас» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра іграе акцёр Рыгор Белацаркоўскі. Гэты, магілёўскі, высокі, хударлявы, без мужыцкай барады, ведае грэчаскую мову і любіць пафіласофстваваць. Менавіта яму і спатрэбіліся крагі.

Рэжысёр Аляксандр Дольнікаў, які даўно жыве ў Маскве, ставіць у Магілёве трэці па ліку спектакль. Першы -- паводле Габрыэля Гарсія Маркеса. Другі -- па п’есе Аляксандра Вампілава. Трэці -- паводле апавяданняў Антона Чэхава. Ён прынцыпова заяўляе аўтарскі праект, у якім, апрача рэжысуры, робіць сцэнаграфію і музычнае афармленне. Не трэба спыняць увагу на тым, што сёння гэта модна. Важна зразумець, чаму рэжысёр ні з кім не хоча падзяляць пастановачныя клопаты. Паводле вопыту тэатральнай працы і няпростага ўласнага жыцця, Дольнікаў мае права выказвацца так, як лічыць патрэбным. Ні з кім не дзяліць ні славы, ні знеслаўлення. І калі ў музычным афармленні ён занадта традыцыйны, дык ягоная сцэнаграфія -- сціплая і арыгінальная.

Сваё вяртанне ў тэатр Дольнікаў невыпадкова пазначыў пастаноўкамі менавіта гэтых аўтараў. Іх трагікамічнае, афарбаванае глыбінёй і далікатнасцю ўспрыманне жыцця вельмі сучаснае. Асабліва для інтэлігенцыі. Кажучы словамі Антона Паўлавіча, гэта наша «бесталковае жыццё, не забароненае цыркулярамі, але і не дазволенае цалкам». У абодвух творах за кароткі час перамолваюцца чалавечыя лёсы. Людзі п’юць гарбату, гарэлку, а потым...

Прапануючы гэтых аўтараў тэатру, Дольнікаў разумее, што ў іх заўсёды багатыя падтэксты. Можна сказаць, сцэнічны дыялог з унутраным маналогам. Парадокс? Відавочна. Адчуваеш, нібы героі, гаворачы штосьці адно аднаму, адначасова думаюць зусім пра іншае, знаёмае кожнаму з досведу ўнутранага жыцця. Гэтае іншае бывае так цяжка выказаць словамі! Атрымліваецца шматступеньчаты падтэкст. Нявымаўленае, нявыказанае словамі часам аказваецца такім глыбокім і трагічным, што выявіць яго да канца становіцца амаль немагчыма.

Працаваць над падобнай драматургіяй неверагодна цяжка. І цікава. Для гэтага патрэбны чулыя, гнуткія акцёры. Іх, магчыма, адзінкі, ды заўсёды можна знайсці ў любым тэатры. Але знайсці і аб’яднаць -- складаная рэжысёрская задача. Дольнікаву гэта цікава. Сёння ён робіць тое, чаго не рабіў у тэатры раней. Працуе эцюдным метадам, ужываючы дзейсны аналіз. Следам за Марыяй Восіпаўнай Кнебель, так працавалі і працуюць з акцёрамі Анатоль Эфрос, Іосіф Хейфец, Анатоль Васільеў, Пётр Фаменка. На жаль, у Беларусі такая акцёрская тэхніка або забытая, або не вывучаная. Сёння мы больш любім эпаціраваць публіку. На эцюдны метад ахвотна ідуць больш сталыя акцёры, што разумеюць, як важна намацаць і перадаць у глядзельную залу фундаментальныя духоўныя асновы. А маладыя, на жаль, -- заўсёды спяшаюцца.

І вось у Магілёве ў разнашэрсным рэпертуары з’яўляюцца два незвычайныя спектаклі: па Вампілаву і па Чэхаву. Некаму яны могуць падацца старамоднымі, занадта далікатнымі для нашага часу, нават сентыментальнымі. Утульная, напаўзабытая, поўная самаіроніі тэатральная атмасфера. Але няхай будзе так.

Спектакль «Спатканне ў прадмесці» (п’еса Аляксандра Вампілава больш вядомая пад назвай «Старэйшы сын») пачынаецца з кадраў на кінаэкране. Бягуць па крывых завулках прыватнага сектара добра знаёмыя магілёўскаму гледачу акцёры Руслан Кушнер і Мікалай Раманоўскі. З экрана яны вырываюцца на сцэну. Цяпер гэта Сільва І Бусыгін. Спектакль пачаўся. Гледачу даводзіцца думаць пра тое, як чалавеку застацца чалавекам, жывучы ў глухмені. Прадмесці ва ўсіх кутках нашай былой краіны аднолькавыя. Вампілаў не пісаў пра сталіцы. Ён жыў у СССР і ведаў жыццё правінцыйных гарадкоў. Гэтыя людзі былі яму цікавыя. Магчыма, таму што іх надзеі найчасцей заставаліся няздзейсненымі. У кімсьці гінуў геній. Як чэхаўскія сёстры, яны імкнуліся ў Маскву, у Маскву. І далей жылі ў той жа замкнёнай прасторы.

Ці застаецца п’еса Вампілава актуальнай у век неабмежаваных перамяшчэнняў па свеце, Інтэрнэта і ахвоты да змены месц? Аказалася, застаецца. Прастора спектакля запоўнена рэжысёрскімі прыдумкамі. Добра выбудаваныя адносіны герояў. А галоўнае, спектакль -- пра нас сённяшніх. Кожны з нас складаны інструмент, з якога можна здабываць розныя мелодыі і гукі, у залежнасці ад таго, якую струну кранеш. У прадмесці цвярозых людзей практычна няшмат. Асцярожнасць не дазваляе пускаць у дом незнаёмых. Прадмесце -- гэта могілкі чалавечых лёсаў. Усе імкнуцца збегчы адсюль. Не ва ўсіх атрымліваецца.

Тады ўзнікае іншая праблема: ці можна жыць тут і заставацца чалавекам? Адказ тэатра: можна. Пацвярджэнне гэтаму -- лёс Сарафанава. Калісьці ён марыў стаць музыкантам, але ў арміі страціў слых. Цяпер толькі робіць выгляд, што іграе і піша музыку. Цяжка ў гэтым прызнацца нават сабе. Яшчэ складаней прызнацца іншым.

Трыццаць гадоў таму, калі была напісана п’еса, тэму чалавечай нерэалізаванасці ігралі па-рознаму. Вядомы фільм з Яўгенам Лявонавым, Мікалаем Карачанцавым, Міхаілам Баярскім. Магілёўскі спектакль быў пастаўлены з разлікам на акцёра Рыгора Белацаркоўскага. Ён прамая супрацьлегласць Лявонаву. Ягоны Сарафанаў мае падабенства з героем славутага артыста толькі ў адным -- ён застаецца чалавекам і любячым бацькам, які без маці выхаваў дзяцей. Па-свойму, гэта ўжо подзвіг.

Белацаркоўскі іграе Сарафанава надта мудрагеліста, хоць як акцёр -- ён вельмі арганічны і праўдзівы. Мог бы і не прыдумваць столькі, колькі для разваг прапанаваў нам у гэтым спектаклі. У чорным касцюме ён -- нібы белая варона, што не прыстасавалася ні да якай чарады. Ён сам па сабе, паглыблены ў нейкія патаемныя думы. Нібыта ўвесь зроблены з «незразумелак». Як толькі выжывае ў прадмесці з такім складаным душэўным багажом? Канешне, цішком выпівае. Піша сваю араторыю, штосьці накшталт «Усе людзі -- браты». Вынік жахлівы. Акцёр бярэ ў руку танны алюмініевы відэлец і згінае яго. Робіць гэта павольна, задуменна. Становіцца зразумела: метафара няўдалага лёсу музыканта. А далей што?

З’яўляюцца авантурныя хлопцы Бусыгін і Сільва. Закручваецца дэтэктыў, у які Сарафанаў Белацаркоўскага імгненна паверыў. Нараджаецца надзея. Вось яно, выратаванне.

Змяняецца тэатральная мода, але тэатральная ігра -- усё ж вясёлае мастацтва. Свабодная незакамплексаваная акцёрская творчасць здатная сплавіць клаунаду і пакуты, шарлатанства і чарадзейства, спалучыць мінулае з сённяшнім і зрабіць свет, у якім мы жывем, крышачку лепшым. Як у папсовай, але ж справядлівай песні: «Даруй, павер... і я табе адкрыю дзверы». Сарафанаў захаваў у сабе чалавечую годнасць. Так некалі чэхаўскія сёстры Прозаравы ў расійскай глухмені высока трымалі планку сапраўдных інтэлігентаў.

У фінале спектакля «Спатканне ў прадмесці» героі заміраюць, як на сямейным фотаздымку. Прыкрываюцца парасонамі. Цяпер гэта іх агульны дах. Магчыма, не вельмі надзейны, аднак усё ж агульны. Дагэтуль яны жылі кожны за сваім плотам. За маленькім, хісткім -- або вялізным. Яны хаваліся за плотам, як сёння гэта робяць усе, засланяючы сваё жыццё ад камісій, інспекцый, праверак і чужых вачэй. Ніякіх зносін. Усё калектыўнае засталося ў савецкім мінулым. Памятаю, як уразіла мяне гэтае, прыдуманае Дольнікавым, афармленне. Кожны будуе ўласны плот. Але якое, па сутнасці, сумнае і абмежаванае іх існаванне! Вампілаў толькі адной сваёй гераіні, Валянціне, і зусім у іншай п’есе, дазволіў аднаўляць пашкоджаны плот, таму што за ім яна вырошчвала кветкі.

Зусім натуральна, што пасля Вампілава Аляксандр Дольнікаў узяўся за пастаноўку паводле апавяданняў Антона Чэхава. Сам прызнаўся, што стаміўся ад сузірання шматлікіх інтэрпрэтацый вялікіх чэхаўскіх п’ес. Захацелася невядомага Чэхава. Ён звярнуўся да апавяданняў пісьменніка, створаных у васьмідзесятыя гады ХІХ стагоддзя. Можна, канешне, паспрабаваць параўнаць ранняга і позняга Чэхава, правесці аналогіі між першымі пробамі пяра і магутнай драматургіяй. Ды толькі марна. Дольнікаў назваў спектакль «Антрапас», што ў перакладзе з грэчаскай азначае «Чалавек». Ізноў рэжысёр, ужо трэці раз, выраджэнню і крывадушнасці супрацьпастаўляе светлую ідэю кахання, якое змяняе ўсё.

У першым спектаклі -- паводле Маркеса -- саліраваў Аляксандр Палкін. У другім -- Рыгор Белацаркоўскі. У трэцім -- Васіль Галец. Дольнікаў лёгка знайшоў у трупе магілёўскага тэатра знакавыя постаці, якія чуйна і таленавіта адгукаюцца на ягоныя задумкі. Сёння глядач не заўсёды можа аддзяліць асобу акцёра ад створанага ім вобраза. Як важна пры гэтым багацце чалавечай змястоўнасці! Пасіўнаму выканальніцтву навучаны многія. Тут жа прысутнічае асабісты пункт гледжання, асабістыя адносіны да падзей. У прынцыпе ні ўзрост, ні сістэма навучання, ні традыцыі не даюць гарантыі высокай якасці. Але ў гэтых артыстаў ёсць веды і неспакой за лёс чалавека.

Тое, як Васіль Галец іграе унтэра Прышыбеева, пераказаць немагчыма. Гэта спектакль у спектаклі. Фізічныя дзеянні акцёра ў цеснай сувязі з псіхалогіяй героя. Дакладная графіка і віртуознае выкананне. Жывапіс і музыка маюць уласнае аблічча ў тэатральнай гульні.

Дольнікаў беражліва захоўвае аўтарскі тэкст, яго не бянтэжыць, што тэкст гэты празаічны, а не драматычны. У «Антрапасе» пераплецены сюжэты і персанажы «Чалавека ў футляры», «Агрэсту», «Унтэра Прышыбеева». Можа быць, залішне грунтоўныя думкі нясуць гледачу Аляксандр Палкін і Рыгор Белацаркоўскі. Іх сціплая задача весці расказ, саступіўшы поле бою Прышыбееву, Варачцы, Каваленку, Белікаву.

Сакавітыя, амаль гогалеўскія фарбы прысутнічаюць у работах Галіны Лабанок і Мікалая Раманоўскага. Другі спектакль з гэтым рэжысёрам, і артыстаў немагчыма пазнаць -- такое таленавітае пераўвасабленне. Аднак самая галоўная інтрыга звязана з вырашэннем вобраза Белікава -- хрэстаматыйнага чалавека ў футляры.

Тып у галёшах і з парасонам, з якімі не расставаўся ў любое надвор’е, вядомы ўсім сваёй кароннай фразай: «Як бы чаго не выйшла». Жыццё раздражняла Белікава і трымала ў пастаянным напружанні. Сёння любы школьнік назаве яго шызафрэнікам і адразу страціць да яго інтарэс. Ды толькі чаму гэты маленькі, бледны, ціхі чалавек трымаў у страху не толькі гімназію, але і ўвесь горад? Тэатр над гэтымі абставінамі вырашыў не задумвацца. Ён выбраў адзін факт з біяграфіі Белікава. Ягонае нечаканае каханне да Варачкі. Як спалучаюцца лёд і полымя?

Яркую хахлушку, рагатушку (паводле чэхаўскага вызначэння -- «не дзяўчына, а мармелад») іграе Галіна Лабанок, дэманструючы да таго ж і яркі вакал. Для больш яскравага кантрасту ёй да пары вырашылі падабраць Белікава не з мужчынскага, а з жаночага складу трупы. На ролю была прызначана Наталля Калакустава, якая дагэтуль іграла толькі гераінь. І раптам -- такі персанаж. Зрэшты, ад моцнага полу толькі адзенне, а характар жаночы, істэрычны, ранімы.

Спектакль набывае трагіфарсавае гучанне і выклікае не ўсмешку, а журбу. Калакустава іграе ў стылі сумнай клаунады. Можна спрачацца з такой інтэрпрэтацыяй класічнага літаратурнага героя. Аднак нагадаем, што спектакль -- цалкам аўтарская версія чэхаўскіх апавяданняў. Дольнікаў не лічыць работу інсцэніроўкай. У праграмцы пазначана: «Спектакль Аляксандра Дольнікава». Чэхаў жа застаецца на сваім месцы, у самым верхнім радку, дзе і павінна стаяць прозвішча драматурга.

Тут самы час зноў звярнуцца да крагаў, пра якія было сказана спачатку. Яны -- нібы знак таго, што не будзе павярхоўнага асучаснівання матэрыялу. Варта ўспомніць, што ў Чэхава сярод персанажаў больш за ўсё настаўнікаў і дактароў. Яны вучаць і лечаць, сутыкаючыся з вялізнай колькасцю розных людзей. Носьбіты гэтых прафесій, як лакмусавая паперка, выяўляюць стан грамадства. Яшчэ яны прадстаўляюць павятовую інтэлігенцыю, яе надзеі.

Белікаў любіў розныя футлярчыкі. Калі яго пахавалі, настаўнік упершыню задумаўся пра сэнс футлярнага існавання: «А хіба тое, што мы жывем у горадзе, у духаце, у цясноце, пішам непатрэбныя паперы, -- хіба гэта не футляр? А тое, што мы праводзім усё жыццё сярод гультаёў, суцяг, бязглуздых, пустых жанчын, гаворым і слухаем усялякую лухту, -- хіба гэта не футляр?».

Насамрэч Чэхаў -- аўтар вельмі сучасны. Сапраўдная чэхаўская нота спектакля «Антрапас» -- у спачувальных адносінах да людзей-чалавекаў. Гэта зусім не жорсткі Чэхаў, як многія любяць яго трактаваць. Не суддзя, не абвінаваўца. Для кагосьці ён урач, хоць і лечыць старамоднымі п’яўкамі, содай і рыцынай усе хваробы запар. Для кагосьці ён настаўнік, які прыадкрывае дагэтуль невядомыя ісціны. Гледачу вельмі карысна сутыкнуцца з вялікім класікам, знаўцам нашага жыцця. І нават пафасны тэкст пра тое, што «вучэнне -- гэта святло, адукацыя неабходная», што «свабода ёсць дабро, без яе нельга, як без паветра», што «ўсялякая ідэя здзяйсняецца ў жыцці паступова, у свой час», што «сэнс і мэта -- у чымсьці разумным і вялікім», -- усё гэта не сентэнцыі састарэлага аўтара, а адвечныя ісціны.

Неяк не хочацца гаварыць пра недахопы спектакляў Дольнікава, хоць яны і ёсць. Не хочацца таму, што аўтар пастановак -- глыбока веруючы чалавек і піша іконы. Па ўласным прызнанні, ён вярнуўся ў прафесію рэжысёра, бо палічыў, што спектакль у нейкім сэнсе таксама абраз, дзе ёсць пакутнікі, святыя, ліхадзеі, статысты. Іконы не прынята крытыкаваць за тое, як склаўся сюжэт. Важна ўздзеянне. А яно -- як у Чэхава, так і ў тэатра: «Рабіце дабро!»

Таццяна Арлова