Экзамен на сталасць. На дыпломных спектаклях – 2007

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Можна доўга разважаць аб метадалогіі акцёрскай школы, яе эстэтычных і маральных аспектах, смуткаваць аб былых ідэалах, наракаючы на зніжэнне прафесіяналізму сучаснага пакалення акцёраў. Аднак, жадаем мы таго ці не, новая хваля «служкаў Мельпамены» штогод павялічваецца, не зважаючы на скептыцызм і пэўны недаверлівы погляд у іх бок.

Хто ж яны, будучыня акцёрскага мастацтва Беларусі? Усю пафаснасць пытання звузім да канкрэтных прыкладаў з жыцця Акадэміі мастацтваў. Дзе яшчэ, як не ў студэнцкім асяроддзі, могуць узнікаць неверагодныя задумы, пеставацца асобы, апантана адданыя найвышэйшай мэце. Менавіта нястрачаны яшчэ энтузіязм, памножаны на талент, і з’яўляецца асноўным рухавіком творчага працэсу, назіраць за якім асабліва прыемна. Гады навучання ў акадэміі можна параўнаць з дзяцінствам у прафесіі. Гэта ўжо потым акцёры раствараюцца ў шматлікіх тэатрах, падпарадкоўваюцца «сталым» законам, а пакуль, яшчэ не расчараваныя ў рэаліях мастацтва, яны на практыцы выпрабоўваюць свае навыкі. Зрэшты, за чатыры гады навучання ў акадэміі ўтвараецца паўнацэнны тэатральны калектыў, які здольны стварыць аснову новага тэатра. Але ж практыка звыкла гаворыць пра іншае.

 /i/content/pi/mast/2/39/p.33_1.jpg
"Апошняя ноч" Э.Радзінскага. Сцэна са спектакля.

Жыццё дыпломных спектаклей, як правіла, недаўгавечнае. З заканчэннем вучобы чарговая партыя маладых артыстаў пакідае сцэну альма-матэр, а створаныя імі дзівоствы сыходзяць у небыццё. Аднак заўсёды існуе кволая надзея на працяглае існаванне хаця б некаторых студэнцкіх спектаклей.
Прынамсі, кожны акцёрскі курс мае свой непаўторны твар. Ён фарміруецца пад уплывам індывідуальнасцей педагогаў, якія аграньваюць дыямент таленту будучых зорак тэатра. Так склалася, што майстэрня Лідзіі Манаковай лічыцца адной з найбольш прэстыжных у рэспубліцы. Яе прозвішча -- гэта брэнд, які атаясамлівае якасць, правераную часам. Яе выпускнікі заняты ў лепшых тэатрах краіны. Таму зразумелай становіцца пільная ўвага да сённяшніх выхаванцаў курса Л.Манаковай.
...За імі заўсёды было цікава назіраць. З першых крокаў яны здзіўлялі сваёй ярка акрэсленай характарнасцю. Розная тыпажнасць у сукупнасці з яшчэ юнацкай вуглаватасцю давалі аптымістычную надзею на будучае акцёрскае мастацтва. Зразумела, час расставіў усё на свае месцы і да фіналу дайшла толькі палова -- спадзяюся, лепшая. Ужо з самага пачатку «манакоўцы» спрабавалі свае сілы ў разнастайных жанравых праявах. Чаго варты іх самастойныя работы -- міні-мюзіклы «Муха-сакатуха» і «Ісус Хрыстос -- суперзорка», або дзіцячы спектакль «Дагары нагамі» (сумесна з рэжысёрам К.Агароднікавай), у якіх яны даволі паспяхова асвойвалі розныя стылі і напрамкі, прызвычайваліся да сцэнічнага асяроддзя.
Пластычныя замалёўкі і музычныя нумары ад пачатку вызначаліся смеласцю сцэнічнага рашэння. Невялічкія экзаменацыйныя ўрыўкі паступова перарасталі ў цэласныя спектаклі. І да фінішнай мяжы курс дайшоў з даволі цікавым наборам выпускных спектакляў. На афішы зіхацелі прозвішчы В.Дуніна-Марцінкевіча, Э.Ажэшкі, Э.Радзінскага, В.Шукшына... Зразумела, прынцыпова розныя матэрыялы літаратурнай першаасновы давалі прастору для праяўлення ўсіх граней акцёрскай існасці.
Першая сталая праца на сцэне тэатра-студыі імя Е.Міровіча склалася з эцюдаў. Рупліва апрацаваныя цягам двух гадоў шукшынскія вобразы ў выніку перараслі ў «людскую гісторыю ў аповесцях» пад агульнай назвай «Сцёпка». Натуральна, такі матэрыял ужо сам па сабе дае падставы для стварэння цэлай галерэі каларытных персанажаў. Што ў поўнай меры выкарыстоўваецца маладымі акцёрамі.
 /i/content/pi/mast/2/39/p.34_2.jpg

 "Сцёпка" паводле В.Шукшына. У.Свірскі (Сцёпка), Д.Рыбчынскі (Бацька)

Сумесна з рэжысёрам А.Саўчанкам (дарэчы, былым вучнем Л.Манаковай) яны спрабуюць адшукаць новыя рысы ў да болю знаёмых тыпажах. Шчымлівая гісторыя пра Сцяпана Ваяводзіна і ягоных аднавяскоўцаў набыла значную метафарычнасць. Дзеянне адбываецца ці то ў сне, ці то наяве, а мо і ў мроях галоўнага героя, які, седзячы за кратамі, шчыра імкнецца дадому, не зважаючы на перашкоды. Дарэчы, вобраз кратаў будзе так ці іначай прысутнічаць на працягу спектакля і надаваць дзеянню дадатковае драматычнае напружанне.
На гэтым фоне мілыя людзі з заганамі і філасофіяй, «дзівакі» са сваімі жыццёвымі прыярытэтамі і забабонамі акрэсліваюцца сакавітымі мазкамі. Кампазіцыя спектакля пабудавана так, каб усе выканаўцы мелі магчымасць прадэманстраваць свой сольны нумар. Не мае значэння, на два словы выходзіць артыст ці ён на сцэне пастаянна -- у спектаклі ніхто не губляецца, і ў кожнага дастаткова часу для праяўлення сваіх здольнасцей.
Характары, як і павінна быць у дыпломных спектаклях, скрупулёзна лепяцца з мікраскапічна вывераных дэталей. І справа нават не ў вонкавай аўтэнтычнасці, а ў іх непадробнай арганічнасці. Менавіта выразны малюнак ролі і стварэнне адмысловых тыпажоў складае аснову пастаноўкі. Па-сапраўднаму ўразілі і трошкі экзальтаванае выкананне ролі нямой сястры, якая пакарыла шчырай наіўнасцю (М.Клімовіч); і філасофскія, прасякнутыя драматызмам роздумы Сані (С.Беляковіч); і характэрнае выкананне ўзроставай ролі маці (А.Піскуновіч). Ёсць у іх штосьці ад простых «маленькіх людзей» Гогаля, ад шукальнікаў ісціны Дастаеўскага. У іх існаванні было досыць непадробнай шчырасці, трагічнага ў камічным, што не можа не ўразіць публіку.
Выканаўца ж галоўнай ролі Сцёпкі -- У.Свірскі -- увогуле заслугоўвае асобнай гаворкі. Яго персанаж нібы сышоў са старонак шукшынскіх апавяданняў. Плячысты, з вясковымі рысамі твару, гэткі сапраўдны рускі асілак, ён не пазбаўлены, аднак, і сентыментальных рысак. Дзіўнае спалучэнне мужнасці, народнай прастадушнасці і чуллівасці арганічна выяўляецца ў адзіным вобразе. Няспынныя думы, што атакоўваюць Сцёпкаву свядомасць, падштурхоўваюць на адчайны крок. Аднак у яго ўчынках праглядаецца славянская ментальнасць: «сячы -- дык з-за пляча, кахаць -- дык без аглядкі». Ва ўсім бачыцца не толькі вонкавая, але і глыбока ўнутраная, духоўная моц «маленькага чалавека», што выломліваецца з сацыяльных і часавых межаў. І ў гэтым заключаецца галоўная ўдача спектакля. Персанажы, каларытныя паасобку, выстройваюцца ў адзіны ланцужок, які стварае агульную тканіну дзеяння. Спектакль, дзе жывуць звычайныя, зусім не гераічныя і разам з тым такія глыбокія асобы, працягвае хваляваць нашы сэрцы.  
 /i/content/pi/mast/2/39/p.34_1.jpg
"Хам" паводле Э.Ажэшкі. А.Валынец (Жабрачка), В.Гарцуева (Франка).
Адпаведны фальклорны каларыт і запамінальныя персанажы прысутнічаюць і ў дыпломнай пастаноўцы «Хам» паводле аднайменнай аповесці Э.Ажэшкі. Твор стогадовай даўніны набыў новае гучанне з рэжысёрскай падачы А.Гарцуева. Трэба адзначыць: сама праца з такім мэтрам сцэны не можа не паўплываць на станаўленне прафесійных якасцей маладых акцёраў. Відавочна тая асалода, з якой дыпломнікі ствараюць свае персанажы, прыслухоўваючыся да важкіх парад. Вынаходлівая рука рэжысёра адчуваецца ва ўсім, аднак найбольш, зразумела, у акцёрскім выкананні, ва ўменні зазірнуць у непрадказальныя глыбіні персанажаў.
Так, звыкла было лічыць сэнсавым акцэнтам аповесці асобу Паўла Кабыцкага, адзінага носьбіта высакароднай сілы, лепшых рысаў нацыянальнага характара беларусаў. Менавіта рыбак з берагоў Нёмана заўсёды паўставаў антыподам «фальшываму свету» і змагаром за душу слабавольнай Франкі. Аднак, у сучаснай сістэме каардынат, гісторыя набыла зусім іншую афарбоўку. На пярэднім плане -- постаць Франкі, супярэчлівая і асуджаная на пакуты. Перад намі трагедыя асобы. Яе пакутлівы пошук лепшага жыцця, неразуменне і непрыняцце іншымі прыводзяць да фатальнай развязкі.
Франка ў выкананні Валі Гарцуевай -- дзікая і неўтаймоўная, са скалечаным лёсам. Яна палохае і зачароўвае адначасова. Бясспрэчны магнетызм прымушае неадрыўна сачыць за яе рухамі, поўнымі жаноцкасці і эмоцый. Гэта той самы выпадак, калі, як кажуць, верыш убачанаму. У ёй дзіўным чынам сумяшчаюцца д’ябальскі тэмперамент і знешнасць анёла. Франка-Гарцуева з постаццю высакароднай паненкі і манерамі змяі-спакушальніцы натуральна выдзяляецца з натоўпу так званых «хамаў». Чужаніца, яна няспынна адчувае хваравітую цягу да сваёй стыхіі -- больш годнага жыцця. Душэўны разлад не вылечваецца і самаадданым каханнем «хама» Паўла (А.Сіняковіч). Усімі сродкамі ён спрабуе выратаваць Франку, аднак гэта вышэй за яго сілы і магчымасці.
«Ненавіджу, усё ваша жыццё ненавіджу», -- гучыць праклёнам, крыкам адчаю з вуснаў Франкі. Ёсць штосьці вядзьмарскае, «нечалавечае» ў яе шалёных парывах. Яна выглядае зняволенай птушкай у ржавай клетцы, выйсце з якой -- смерць.
Шчыра прызнаюся, даўно я не бачыла такога агністага выканання. Шматлікія адценні характару яе гераіні пераліваюцца, хвалююць і прымушаюць думаць. Спадзяюся, гэтыя напал і тэмперамент і надалей будуць спрыяць яе акцёрскаму поспеху.
Спектакль «Хам», як і «Сцёпка», перадусім дэманструе здольнасць «манакоўцаў» ствараць характарныя персанажы. Крыху іншай на гэтым фоне выглядае стылістыка пастаноўкі
 /i/content/pi/mast/2/39/p.36_1.jpg
 "Не танцы". Сцэна са спектакля.
«Апошняя ноч апошняга Цара» паводле п’есы Э.Радзінскага. Выпускны спектакль маладога рэжысёра Ягора Лёгкіна спрабуе раскрыць таемныя глыбіні і магчымасць існавання ідэі агульначалавечага даравання. У эпіцэнтры спектакля -- гістарычны злом і лёс людзей, якія сваімі рукамі стваралі гісторыю.
Дзве драматычныя лініі, паралельныя сюжэты пераплятаюцца ў адзінае трагічнае палотнішча. Насычаны трагізмам і апошняя ноч сям’і Раманавых, і апошнія імгненні жыцця іх забойцы. Парадаксальна: праз дваццаць гадоў тыя, хто калісь з вераю ў светлыя ідэі рэвалюцыі распачалі эру крыві, не пазбягаюць расплаты за свае ўчынкі.
Апошняя ноч царазабойцы, бальшавіка Юроўскага (А.Яфрэмаў), напоўнена гаркотным расчараваннем. Размова з удзельнікам тых падзей таварышам Маратавым (А.Казела) у бальнічнай палаце выглядае як размова са сваім сумленнем. Іх дыялог -- перагляд мінулага, дзе раскрываецца безліч версій той знамянальнай для гісторыі ночы. Гэта зараз Юроўскі-Яфрэмаў -- хворы і амаль нерухомы, а тады ён, захліпаючыся слінай, даказваў адданасць ідэям рэвалюцыі. Слізкі, апантаны, нервовы, з драпежным поглядам, з нецярплівасцю кірзавамі ботамі ступіць у гісторыю... На яго фоне Маратаў (А.Казела), такі ж удзельнік крывавай ночы, выглядае куды мягчэй. Цёплыя пачуцці да малодшай дачкі царскай сям’і рабілі яго самога нявольнікам абставін. Вар’яцтва -- гэта расплата за немагчымасць змяніць падзеі. Цені забітай сям’і няспынна вандруюць з ім, не выпускаючы ні на імгненне з таго пакою.
У апраметнай цемры ўспыхвае чырвоная лінія -- менавіта ёй наканавана выконваць функцыю крывавай мяжы паміж жыццём і забойствам. Жудасная атмасфера прадчування хуткай смерці навісае над сям’ёй Раманавых. У іх апошнюю ноч, нібы ў сямейным тэатры, яны наноў пераігрываюць сваё мінулае, што складаецца з лістоў і дзённікавых запісаў. Цяпер іх жыццё -- гэта п’еса, якую варта перачытаць у апошнія моманты зямнога існавання.
Цар Мікалай Раманаў у выкананні В.Кругліка падобны больш да добрага, наіўна-даверлівага хлапчука, чым да сталага кіраўніка дзяржавы. Акцёр не ідзе за вонкавым падабенствам, а спрабуе акрэсліць унутраную сутнасць Мікалая, якому былі ўласцівы мяккасць і прастадушнасць, паказаць яго інтэлігентнасць, наіўнасць і веру ў лепшыя якасці людзей. Апошняя руская царыца Аляксандра (В.Гарцуева) -- інтэлігентная і адначасова сатканая са старадаўніх забабонаў, шчыра верыць у сны, знакі, лічбы. Яна адчувае асуджанасць сваёй сям’і на смерць. Царыца з мацярынскай пяшчотай назірае за сваім даверлівым мужам. «Старая закаханая парачка» атрымлівае асалоду ад апошніх імгненняў іхняга, усё ж шчаслівага, жыцця.
 /i/content/pi/mast/2/39/p.37_1.jpg

  "Не танцы". Сцэна са спектакля.


Апафеоз спектакля -- сцэна расстрэлу сям’і; яна вырашана праз пластыку і ўзмоцненае гукавое афармленне. Цёмныя постаці падаюць ніцма -- і зноў узнімаюцца, нібы здзекуючыся са сваіх забойцаў. І толькі людзі ў белых халатах, якія ўводзяць «выратавальную» дозу ў вену царазабойцы, назаўсёды спыняюць гэты кашмар...
Шэраг сур’ёзных спектакляў «разбаўляе» музычная пастаноўка «Хуліган, або Неверагодныя прыгоды Пятрова і Васечкіна» паводле аднайменнага фільма. Відовішча па сваёй форме нагадвае сяброўскі капуснік, дзе ёсць месца і дураслівасці, і імправізацыі. Акцёры з пэўнай доляй самаіроніі дэманструюць музычныя і трукавыя здольнасці. Нягледзячы на тое, што раз-пораз гэтае дзейства патыхае самадзейнасцю, яно не пазбаўлена абаяння. Спроба асваення жанравых магчымасцей дзіцячага мюзікла разам з прафесійным рэжысёрам Тэатра музычнай камедыі Н.Грыненка ўжо не першая для сёлетніх «манакоўцаў». Увогуле, дыпломнікам пашчасціла папрацаваць з рознапланавымі рэжысёрамі, якія толькі распачынаюць сваю кар’еру і ўжо дабіліся прызнання. Паколькі кожны з іх мае свой стыль, то, адпаведна, і маладым акцёрам давялося засвоіць безліч падыходаў пры распрацоўцы чарговых ролей.
Чатыры гады праляцелі непрыкметна. За гэты час «манакоўцы» навучыліся ствараць паўнавартасныя вобразы, здольныя кранаць і здзіўляць. Неўзабаве сцэна для іх ператворыцца ў натуральнае асяроддзе для існавання. Галоўнае -- не растраціць жаданне займацца мастацтвам, не здрадзіць абранаму шляху, не зламацца...

Любоў ДЗЁМКІНА