У дыяпазоне класікі

№ 7 (316) 20.07.2009 - 20.08.2009 г

Літоўская філармонія была створана ў 1940 годзе. Яе галоўная зала знаходзіцца ў будынку, узведзеным у 1903 годзе расійскім архітэктарам Караедавым. Тут адбываліся ўсе галоўныя падзеі гарадскога жыцця -- у прыватнасці, прайшло першае пасяджэнне Вільнюскага сейма. У 1906-м была паказана «Бірутэ» Пятраўскаса -- лепшая літоўская опера на нацыянальнай мове. У 1918-м менавіта ў гэтай зале была абвешчана савецкая ўлада.

Сёння ў складзе філармоніі працуе шмат калектываў і больш як 150 артыстаў. Акрамя асноўнай канцэртнай залы на 700 месцаў у Вільнюсе, існуе таксама летняя музычна-эстрадная пляцоўка ў Паланзе, дзе ўжо шмат гадоў ладзяцца канцэрты папулярнай музыкі, паказваюцца рок-мюзіклы і оперы. Раней філармонія мела некалькі філіялаў, а цяпер яны функцыянуюць як незалежныя структуры. У сталіцы на працягу года вільнюскія музыканты прэзентуюць 200 канцэртных праграм. Увогуле ж у краіне адбываецца да трохсот выступленняў у год, іншымі словамі -- амаль кожны дзень па канцэрце...

З генеральным дырэктарам філармоніі Рутай Прусявічыене мы размаўляем пра адметнасці вільнюскага музычнага жыцця, асаблівасці рэпертуарнай палітыкі, самыя цікавыя і буйныя праекты апошніх сезонаў.

 

Сярод калектываў, якія яднае пад сваім дахам Літоўская філармонія, ёсць, так бы мовіць «брэндавыя»: самыя заслужаныя, самыя вядомыя. Бясспрэчна, да іх належаць Нацыянальны акадэмічны сімфанічны аркестр, а таксама камерны аркестр...

-- Сімфанічны аркестр быў заснаваны яшчэ ў 1940 годзе кампазітарам, дырыжорам і піяністам Балісам Дварыёнасам. Калектыў па-ранейшаму застаецца адным з найбольш вопытных, уплывовых і прызнаных у Літве. Налета будзем адзначаць ягонае 70-годдзе. Як адзначала крытыка, «сталы стыль і выдатнае выкананне дазволілі аркестру атрымаць прызнанне публікі і крытыкі і сфарміраваць велізарны рэпертуар, які адлюстроўвае эвалюцыю сімфоніі, кантаты і араторыі. Ад Гендэля і Баха да Месіяна і Лютаслаўскага -- шырыня рэпертуару сведчыць пра значэнне і ролю аркестра ў культурным жыцці Літвы».

/i/content/pi/mast/20/387/43.jpg
 
У 1960-м,
праз два дзесяцігоддзі пасля сімфанічнага, узнік Літоўскі камерны аркестр, напэўна, самы тытулаваны музычны калектыў краіны. Ён быў заснаваны прафесарам Саўлюсам Сандэцкісам, які больш за 40 гадоў з’яўляўся яго мастацкім дырэктарам і галоўным дырыжорам. Адзін з лепшых і прызнаных за мяжой літоўскіх аркестраў дэбютаваў на Захадзе яшчэ ў 1976-м, на фестывалі ў Люксембургу. Перамога паспрыяла міжнароднай кар’еры калектыву і адкрыла перад ім новыя магчымасці. Невыпадкова друк пісаў пра яго: «Аркестр меў свае ўзлёты і падзенні, але сёння ён блізкі да стратасферы!»

Літоўскаму камернаму апладзіравалі слухачы ў самых знакамітых канцэртных залах Еўропы. Аркестр гастраляваў таксама ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Японіі, Егіпце. Ён рэгулярна выступаў з такімі зоркамі, як Мсціслаў Растраповіч, Юрый Башмет, Гідон Крэмер, Уладзімір Співакоў, Таццяна Грындзенка, Яўген Кісін. На працягу пяці дзесяцігоддзяў бліскучай кар’еры калектыў супрацоўнічаў не толькі са знакамітымі салістамі, але і з вядомымі харамі і дырыжорамі. Меў шмат сусветных прэм’ер знакамітых кампазітараў, напрыклад, Альфрэда Шнітке, Арва Пярта, якія прысвяцілі свае сачыненні аркестру.

 

У снежні 2008 года галоўным дырыжорам камернага аркестра прызначаны Сяргей Крылоў, вядомы скрыпач з Італіі. Сяброўства са Мсціславам Растраповічам сталася вызначальным момантам яго прафесійнай кар’еры, Крылоў некалькі разоў выступаў разам з праслаўленым віяланчэлістам. Рэйтынг калектыву пасля прызначэння новага кіраўніка яшчэ ўзняўся, канцэрты аркестра суправаджаюцца аншлагамі, і гэта выдатна.

Згадайце, калі ласка, самыя маштабныя музычныя праекты апошніх сезонаў, якія выклікалі асаблівую цікавасць гледачоў, вялікі рэзананс у грамадстве і прэсе.

/i/content/pi/mast/20/387/43-.jpg
Скрыпач Сяргей Крылоў.
-- У маі ў Вільнюсе праходзіла Генеральная асамблея і канферэнцыя Асацыяцыі еўрапейскіх фестываляў. У сталіцу Літвы прыехалі 116 прадстаўнікоў з 40 краін, якія прэзентавалі 56 фестываляў, прычым не толькі Еўропы, але таксама з Кітая, арабскіх краін, Блізкага Усходу. Праца Асацыяцыі еўрапейскіх фестываляў стала часткай праграмы «Вільнюс -- культурная сталіца Еўропы». Афіцыйнае адкрыццё Генеральнай асамблеі адбылося 13 мая ў Літоўскім нацыянальным тэатры оперы і балета. Такім чынам пачаў сваю працу Вільнюскі музычны фестываль, надзвычай прэстыжны форум, які ладзіўся ў 13-ы раз. У той вечар у нас выступаў
Лонданскі сімфанічны аркестр на чале з маэстра Валерыем Гергіевым -- упершыню выконвалася музычная фрэска «Літоўская сага» Радзівона Шчадрына. Падчас працы над ёй кампазітар заглыбіўся ў літоўскія этнічныя матывы і музыку Чурлёніса. Дамоўленасць пра гэтую прэм’еру была дасягнута яшчэ тры гады таму, калі мы даведаліся, што ў 2009-м Вільнюс будзе культурнай сталіцай Еўропы. Прапанова напісаць такога кшталту твор была зроблена менавіта Шчадрыну дзякуючы яго даўнім і плённым творчым кантактам з маэстра Гергіевым. Скажу шчыра, прыезд да нас Лонданскага сімфанічнага аркестра, калектыву сусветнага ўзроўню, чый гастрольны графік распісаны на шмат гадоў наперад, цяжка было ўявіць! Тым не менш, невераемнае спраўдзілася... Варта ўлічыць, што квіткі былі не танныя, коштам 200 -- 270 літаў.

Увогуле фестываль стаўся ўнікальнай падзеяй, якая ажыццяўлялася ў кантэксце праграмы «Вільнюс -- культурная сталіца Еўропы». Важны накірунак форуму -- адлюстраваць парадыгму класічнай музыкі: разнастайнасць ідэй, форм, логікі ў творах, што выконваюцца выдатнымі музыкантамі. Дырыжор Валерый Гергіеў і оперная дзіва Віялета Урман могуць быць названы цэнтральнымі постацямі музычнага года.

Праграма Вільнюскага фестывалю складалася з чатырох аркестравых і дзвюх камерных праграм. І хоць дамінавала ў іх кананічная еўрапейская класіка, амаль на ўсіх канцэртах выконваліся нядаўна адкрытыя версіі добра вядомых твораў або рарытэты з далёкіх гістарычных эпох. Сачыненні, уключаныя ў канцэрты, адлюстроўвалі і нямецкую барочную поліфанію, і рафінаванае гучанне твораў французскіх кампазітараў, і творы ў стылі фламенка.

У межах мерапрыемстваў праграмы «Вільнюс -- культурная сталіца Еўропы» -- выкананне славутага «Рэквіема» Вердзі ва ўніверсітэцкім дворыку. У праекце ўдзельнічаюць Літоўскі акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з дырыжорам Мадэстасам Пітрэнасам, Каўнаскі хор, а таксама спевакі са Скандынавіі, Германіі, Швейцарыі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі і Японіі -- агулам на сцэне знаходзіліся больш як 500 выканаўцаў.

У студзені 2009 года адбыўся ІІІ Міжнародны конкурс скрыпачоў імя Яшы Хейфеца, яго журы ўзначальваў Гідон Крэмер. Першую прэмію атрымаў Сяргей Малаў, малады скрыпач з Санкт-Пецярбурга, які вучыцца ў Берліне. А ў сакавіку мы ладзілі ў поўным сэнсе слова ўнікальную акцыю -- дзякуючы падтрымцы фонду SOS Talents і яго заснавальніка Мішэля Саньі, піяніста, кампазітара, педагога, доктара філасофскіх навук і ганаровага консула Літвы ў Швейцарыі. Прадстаўлялі не толькі таленавітых літоўскіх піяністаў, але і маладых выканаўцаў з Грузіі, Расіі, Бельгіі. Выступленні трансліраваліся па тэлеканале Меzzo -- іх пачулі 16 мільёнаў гледачоў у 39 краінах! З нагоды такой маштабнай імпрэзы да нас прыязджаў дырэктар тэлеканала Меzzo Філіп дэ ла Круа, які асабіста сачыў за запісам. Рады, што нашым партнёрам, якія ўдзельнічалі ў праекце, спадабаліся і высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, і выдатная арганізацыя. Цяпер абмяркоўваем новыя ідэі, гэта значыць -- супрацоўніцтва працягваецца...

Заўжды цікавае і заўжды актуальнае пытанне -- стаўленне дзяржавы да ўмоў існавання акадэмічнай музыкі. Існуе меркаванне, што дапамога музыкантам не патрэбная -- няхай самі зарабляюць. Супрацьлеглы пункт гледжання: фінансавая падтрымка -- рэч не толькі пажаданая, але і неабходная. Вас дзяржава субсідзіруе?

-- Так, на 80% і нават болей... Усё залежыць ад таго, які прыбытак маем самі. Частку памяшканняў будынка філармоніі здаем у арэнду агенцтвам для камерцыйных мэт. Для нас гэта важная крыніца грашовых паступленняў, бо дзяржаўныя датацыі мы не маем права траціць на пакупку новых музычных інструментаў або сцэнічнага адзення для музыкантаў.

Адно з няпростых пытанняў, з якімі сутыкаецца, у прыватнасці, Беларуская філармонія, -- пошук сродкаў для выплаты ганарараў знакамітым гастралёрам. Як гэтую праблему вырашаеце вы?

-- Праз спонсарства, надзвычай актыўнае партнёрства з пасольствамі -- усімі, што адкрыты ў Літве. Працуем сумесна з культурнымі цэнтрамі, наладжваем і непасрэдныя кантакты з дырэктарамі аркестраў розных краін. Наша публіка вельмі цёпла і захоплена прымае замежных выканаўцаў, і рэакцыю залы высока цанілі, напрыклад, такія сусветныя славутасці, як Іегудзі Мянухін, Мсціслаў Растраповіч. Яны часта прыязджалі ў Вільнюс, іншым разам выступалі без ганарару -- у рамках дабрачыннай акцыі, скіраванай на збор сродкаў для «Фонду маладых талентаў Мсціслава Растраповіча». Галоўную задачу філармоніі бачу ў пашырэнні музычнай прасторы і ў выхадзе па-за межы невялікага літоўскага музычнага рынку. Мы ўвесь час імкнемся адпавядаць міжнароднаму узроўню. Выступленні ў Літве сусветна вядомых выканаўцаў -- выдатны стымул для нашых аркестраў і салістаў. Калі яны працуюць з такімі зоркамі, сапраўды ўзнікае імкненне да самаўдасканалення...

А цяпер колькі слоў пра беларуска-літоўскія музычныя кантакты. У Мінску неаднойчы выступаў знакаміты камерны аркестр пад кіраўніцтвам Саўлюса Сандэцкіса. На розных сцэнічных пляцоўках Беларусі спяваў ваш золатагалосы Віргіліус Нарэйка. А хто з беларускіх музыкантаў меў поспех у Вільнюсе? Чый удзел у праграмах вашай філармоніі ўжо запланаваны?

-- Найчасцей да нас прыязджае мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі Юрый Гільдзюк, вядомы піяніст і абаяльны чалавек. У яго трывалыя кантакты з нашымі музыкантамі, разам яны выканалі ў Вільнюсе шмат камерных праграм. Восенню 2008 года адбылося сумеснае выступленне Юрыя Гільдзюка і струннага квартэта «Акадэмія» Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра. Ёсць у выканаўцаў і новыя планы супольных праектаў.

Моцнае ўражанне пакінулі Дні беларускай культуры, які ладзіліся ў Літве ў мінулым годзе. Асабліва запомнілася выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Андрэя Галанава. Плануецца, што сёлета ў верасні калектыў прыедзе да нас зноў. За дырыжорскім пультам гэтым разам будзе стаяць мастацкі кіраўнік аркестра Аляксандр Анісімаў.

 

Занатавалі Алеся БЕЛЯВЕЦ і Таццяна МУШЫНСКАЯ