Міфаграмы метафізічнай прасторы

№ 7 (316) 20.07.2009 - 20.08.2009 г

Вызначыцца ў тэндэнцыях і накірунках сучаснага літоўскага мастацтва даволі цяжка. І не толькі таму, што яно вельмі стракатае: справа ўскладняецца імклівай зменай мастацкіх крытэрыяў і пластычных форм выразнасці, што адбываецца цягам апошняга дзесяцігоддзя. Выкарыстанне новых тэхналогій паўплывала на тое, што моладзь усё часцей называе традыцыйныя формы «састарэлымі». Інтэграцыя літоўскіх майстроў у міжнародныя выставачныя праекты ўжо ліквідавала адставанне, выкліканае рознымі ўзроўнямі мясцовых і замежных прыхільнікаў канцэптуальных праектаў.

 

 Калі дзесяць гадоў таму літоўцы толькі спрабавалі наўздагон засвоіць актуальныя формы выяўлення (гэты феномен так і называлі -- «не прапусціць цягнік»), то цяпер творцы ўсё меней баяцца спазніцца. Мастацтва маладых ужо не раздзіраюць хваравітыя зрухі самарэфлексіі, напружанасць мовы, паглыбленне ў метафізічныя развагі. Гэтаму паспрыяла знікненне інфармацыйнага бар’ера ў адносінах з еўрапейскімі краінамі, а затым і стварэнне новага псіхалагічнага тыпу творцы.

А
/i/content/pi/mast/20/386/41.jpg
Бронюс Леанавічус. Жэльва. Кардон, тэмпера. 1997.
днак у самой Літве існуюць розныя меркаванні на гэты конт. Мастацтва, якое шукае новыя шляхі, павінна заставацца кансерватыўным, лічыць Вітаўтас Марцінкус, Прэзідэнт Асацыяцыі літоўскіх саюзаў мастакоў, маючы на ўвазе ахову самой прыроды выяўленчай творчасці, яе асноўных характарыстык, маральных стандартаў у бязмежным полі сучасных тэхналогій.

Такое стаўленне да творчасці нельга назваць выпадковым. Літоўскія мастакі заўжды імкнуліся да свабоды самавыяўлення, да валадарання фармальнай пластычнай мовы, але пры гэтым заставаліся прыхільнікамі дэкаратыўнай лаканічнасці, сімвалічнасці і метафарычнасці, якія найбольш ярка праявіліся ў творчасці Мікалоюса Чурлёніса, галерэя твораў якога з 1925 года працуе ў Каўнасе. Там жа адкрылася і першая ў краіне Школа мастацтваў, традыцыі якой знайшлі пазней працяг у Вільнюскай акадэміі мастацтваў. У час «адлігі» 1960-х новае пакаленне літоўскіх майстроў адмовілася ў сваёй пластыцы ад класічнага натуралізму. Духоўная блізкасць лучыла гэтае пакаленне з творчасцю групы АРС, якая мела ў даваенны перыяд непасрэдныя сувязі з французскімі экспрэсіяністамі. Невыпадкова мастацтва новага пакалення трактуюць у рэчышчы мадэрнізму, звязанага з новай эстэтыкай. Йонас Свазас, які быў старшынёй секцыі маладых творцаў у Саюзе мастакоў Літвы, здолеў ураўнаважыць адносіны паміж уладай і маладымі рэфарматарамі. У творчасці самога Свазаса пластыка ідэй экспрэсіянізму, колер, фактура, выразны каларыт, пластычныя і ідэйныя прынцыпы народнага мастацтва адыгрывалі вызначальную ролю. Пакаленне 1960-х зрабіла для літоўскага мастацтва тры найважнейшыя справы: адступіла ад канонаў акадэмічнага жывапісу, стымулявала выяўленне аўтарскага суб’ектывізму, адрадзіла кантакты з мадэрнізмам, фавізмам.

Свабода ў галіне формы была неверагоднай для літоўскіх жывапісцаў у савецкія часы, аднак адмовіцца ад рэалістычнай трактоўкі чалавечай фігуры творцы ўсе ж не маглі. Мастакі абралі свой шлях, які ў літоўскім мастацтвазнаўстве атрымаў назву «дэрамантызацыя». Хоць на палотнах можна ўбачыць шмат будынкаў і прамысловых прадпрыемстваў, там няма атмасферы напружанай і нястомнай працы, адзнак пераўтварэння прыроды. Некаторыя творцы трансфармавалі аб’ект выяўлення: прымацоўвалі на карціну кавалачкі жалеза замест вымалёўвання індустрыяльных канструкцый, пластыкавыя вёдры і кардонныя скрынкі замест прамысловых гігантаў.

Яшчэ больш вольнасці адчувалі мастакі-тэкстыльшчыкі, якіх шчодра выпускаў Каўнаскі інстытут тэкстылю і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Фармальная кампазіцыя валадарыла ў габеленах, вышыўках і тканых кампазіцыях. Мастакі абапіраліся на лакальныя колеры, рытміку, грубую тэкстуру палатна, адмаўляліся ад тэматычных клішэ, фігурных кампазіцый. І гэта ў той час, калі абстракцыянізм лічыўся заганнай заходняй тэндэнцыяй...

Варта згадаць адметную рысу тагачаснага літоўскага мастацтва: балансаванне паміж афіцыйным накірункам і індывідуальнай свабоднай творчасцю. Гэтая з’ява была названа ў кнізе Элоны Лубітэ «ціхім мадэрнізмам»: мастакі шукалі сваё прызначэнне праз нацыянальную ідэнтычнасць у творчасці. Яны паглыбляліся ў гістарычныя эпохі, як Раймандас Слізус, спрашчалі матывы, але пакідалі некранутай дэкаратыўную апісальнасць тэмы, як Вігантас Паўкётэ. Канчаткова дэгераізаваліся раней узнёслыя персанажы карціны, літоўскія жывапісцы раскрывалі шэрую паўсядзённасць «маленькага чалавека», паказвалі непасрэдныя, далёкія ад параднасці старонкі жыцця.

У
/i/content/pi/mast/20/386/42.jpg
Йозас Пранскявічус. Востраў Сардзінія. Алей. 2008.
сё гэта вельмі моцна паўплывала на станаўленне літоўскага выяўленчага мастацтва апошніх двух дзесяцігоддзяў. Адзін з найбольш яркіх жывапісцаў -- Шарунас Саўка, лаўрэат першай у незалежнай дзяржаве Нацыянальнай прэміі, уздзейнічае на гледача найперш суб’ектыўнымі ўяўленнямі, глыбокімі філасофскімі метафарамі, фантасмагорыямі. Феномен яго творчасці адзначаны дыялектыкай прыгажосці і пачварнасці, духоўнасці і дэградацыі.

У літоўскай графіцы сфарміравалася асаблівае інтэрпрэтаванне традыцый народнага мастацтва, заснаванае на метафарычнасці, дэкаратыўнасці, лаканічных выразных сродках. Пятрас Рэпшыс -- выдатнейшы прадстаўнік гэтага накірунку. Яго фрэска «Поры года» ў Вільнюскім універсітэце стала сімвалам балтыйскай культуры, яна ахоплівае міфалагічныя, гістарычныя, сучасныя ўзроўні культуры, фарміруе нацыянальны архетып згодна з мадэрністычнымі пластычнымі тэндэнцыямі. Медалі, якімі займаецца мастак ужо шмат гадоў, маюць вельмі высокі ўзровень выканання, параўнальны з класікай еўрапейскага медальернага мастацтва. Афорты Рэпшыса, своеасаблівая кропка адліку ў літоўскай графіцы, былі таксама адзначаны Нацыянальнай прэміяй.

Графіка і сёння мае ў краіне ўсе падставы для развіцця. Адкрыты і працуе Вільнюскі цэнтр графічнага майстэрства, ёсць адпаведнае аддзяленне ў Акадэміі мастацтваў. Не страчвае актуальнасць друкаваная графіка, мастакі займаюцца афортам, акватынтай, манатыпіяй. Аднак вобразы сталі вытанчанымі і асацыятыўнымі. Ёсць прыклады ўдалага сумяшчэння ручных і камп’ютэрных тэхналогій.

Што датычыць скульптуры, то яе доўгі час вызначала дамінаванне мемарыяльнай пластыкі. У станковым накірунку маладыя творцы абіралі камерныя формы, інтэрпрэтавалі нацыянальныя традыцыі драўлянай скульптуры, трансфармавалі, аб’ядноўваючы канструктывізм з дэкаратыўнасцю. Экспрэсія, як найбольш яркая тэндэнцыя мастацтва ХХ стагоддзя, адчуваецца ў выцягнутых постацях, кантрасным спалучэнні чорнага колеру адзення і светлых адухоўленых твараў скульптара Станіславаса Кузмы, аўтара помніка «Плач Багародзіцы» на Антакальніскіх могілках Вільнюса, прысвечанага ахвярам 1991 года, а таксама манументальнай кампазіцыі, якая ўпрыгожвае фасад Нацыянальнага драматычнага тэатра Літвы.

Д
/i/content/pi/mast/20/386/42-.jpg
Феліксас Яцкявічус. Запішкіс. Лічбавы друк. 2007.
а канца 1990-х асноўнымі брэндамі літоўскага мастацтва заставаліся фігуратыўная карціна (жывапісная, графічная) і скульптурная кампазіцыя: у іх вызначаліся ўсе новыя тэндэнцыі, праз іх устойлівыя формы захоўваліся традыцыі. Аднак у канцы ХХ стагоддзя сітуацыя пачала заўважна змяняцца. Моладзь імкнулася «выказвацца» па-новаму. Прычым галоўнымі завадатарамі працэсу сталі тыя творцы, якія нядаўна скончылі Акадэмію мастацтваў. Многія з іх ужо пры стварэнні дыпломных работ выкарыстоўвалі відэа і інсталяцыі -- і не вярнуліся да традыцыйных форм. Класічныя жывапіс і скульптура пачалі даволі хутка знікаць з актыўнай арбіты творцаў, якія спрабавалі выявіць ідэю, а не чысты жанр. Мастакі абстрагаваліся ад палатна і нават ад звыклай прасторы існавання гэтага палатна. З большай ахвотай, чым у традыцыйных арт-галерэях, яны выстаўляліся ў абсерваторыях, манастырах, турмах, на прадпрыемствах, у дзяржаўных установах. Відэа-арт, інсталяцыі, кібернетычныя вобразы сталі мэтай выяўлення, неаддзельнай ад паўсядзённага жыцця. Аб’екты спалучаліся з іншымі мастацтвамі -- музыкай, тэатрам. Сінтэтычныя творчыя «спектаклі»
Image Studio, групы «Акадэмічная падрыхтоўка» сталі самай папулярнай з’яваю ў Літве. Найноўшыя формы заваёўваюць сёння ў Літве пазіцыі афіцыйнага мастацтва, і менавіта яны ўтвараюць значную частку выстаў не толькі ў Цэнтры сучаснага мастацтва, але і ў буйных арт-галерэях. Ніхто ўжо не гаворыць пра авангардызм такой творчасці, яна стала проста натуральным праяўленнем постмадэрнізму -- сітуацыі, калі межы жанраў і тэхналогій знікаюць. Гэтую з’яву літоўскі мастацтвазнаўца Лаліта Яблонскінэ назвала працэсам «інтэрнацыяналізацыі», які, на яе думку, адбываўся хутка, актыўна, але даволі хаатычна.

Усё гэта сведчыць пра тое, што Літва, як і іншыя краіны Балтыі, знаходзіцца на стадыі фарміравання новай выяўленчай ідэалогіі, іншага тыпу творцы. Актуальнае мастацтва ў краіне становіцца ўсё больш экспансіўным, маргінальным. Яно ўсё менш працяглае па часе: ствараецца і ў бліжэйшы момант знікае. Коды мастацтва ператвараюцца ў механізмы перадачы і атрымання пэўнай інфармацыі. Гэта з’ява пераходнага перыяду, і таму не дзіўна, што частка літоўскіх творцаў, асабліва сярэдняга пакалення, якое атрымала яшчэ класічную грунтоўную адукацыю, адмаўляецца ісці па шляху сучаснага формастварэння. Яны паважаюць прынцыпы, закладзеныя іх настаўнікамі і старэйшымі калегамі, аддаюць перавагу больш традыцыйным спосабам адлюстравання рэчаіснасці. У іх творчасці выяўляюцца і валадараць паняцці міфа, метафары і архетыпу. Мастакі пазбягаюць іх просталінейнай ідэнтыфікацыі, паглыбляючыся ў пазачасавую, персаніфікаваную прастору. Гэтая прастора даволі суб’ектыўная і абумоўлена разрывам з працэсамі сусветнай авангарднай культуры, які аб’ектыўна існуе сёння ў літоўскім мастацтве, і значнасцю мясцовых традыцый у грамадстве. Немагчыма так проста пазбыцца спрадвечнай культурнай самабытнасці, такога паняцця, як нацыянальная школа. Невыпадкова творы большасці літоўскіх мастакоў 1970 -- 1980-х гадоў дасюль застаюцца актуальнымі і цікавым гледачам.

У сённяшняй Літве даследчыкі адзначаюць дзве асноўныя выставачныя тэндэнцыі. Выстаўляецца новае пакаленне, арыентаванае на сучасныя формы выяўленчасці і стандарты якасці, што абумоўлена пануючым накірункам постмадэрну. Квінтэсенцыя другога -- стварэнне рэгіянальнага ўнікальнага эстэтычна-этнічанага ландшафту міфаграм, што залежыць ад гісторыка-культуралагічнага кантэксту. Якасць гэтых міфаграм, якія можна вылучыць ва ўсіх відах мастацкай творчасці, залежыць ад сувязі маральнасці і рамяства, тэхнічна бездакорнага набліжэння да адлюстраванняў фундаментальных духоўных каштоўнасцей у мастацтве. Важная тут і своеасаблівасць пластычнай мовы, якая адрозніваецца падкрэсленым дэкаратывізмам.

Цяперашняя сітуацыя нагадвае многім мастацтвазнаўцам канец ХІХ стагоддзя, калі былі ўжо вынайдзены фатаграфія і кіно. Камп’ютэрныя тэхналогіі імкліва ўваходзяць у сучасны творчы працэс, новыя тэхнічныя магчымасці выкарыстоўваюцца ў відэа-арце, светлавых інсталяцыях. Усё гэта змяняе мысленне людзей і іх уяўленні аб мастацтве і яго формах. Літоўскі жа глядач, на думку аналітыкаў, не гатовы згадзіцца з такімі новаўвядзеннямі ў творчы працэс гэтак жа ахвотна, як заходні. Таму відэа-арт не атрымаў шырокага распаўсюджання ў Літве, а такія новыя віды мастацтва, як інтэрактыўнае і віртуальнае, аказаліся цікавымі і зразумелымі адно спецыялістам. Усе гэтыя формы могуць пашырыцца толькі ў інфармацыйным грамадстве, але інфармацыйныя тэхналогіі яшчэ не сталі важнейшым элементам паўсядзённага ўзаемадзеяння ў Літве.

 

Замест пастскрыптума

Некалі гадоў таму Еўрапейскі савет мастакоў папрасіў Асацыяцыю саюзаў мастакоў Літвы даць інфармацыю аб сацыяльным статусе літоўскіх творцаў. На жаль, сацыялагічных даследаванняў у гэтай галіне не праводзілася. Аднак Асацыяцыя сабрала індывідуальную інфармацыю і атрымала наступную карціну. Відавочна, адзначалася ў даведцы, прафесійная дзейнасць мастака аплачваецца кепска. Мастаку складана спадзявацца на поспех, у тым ліку і матэрыяльны, у такой маленькай краіне, як Літва. Тым не менш, колькасць аўтараў штогод павялічваецца. На сённяшні дзень існуе сем Нацыянальных прэмій (у грашовым выражэнні -- па 10 тысяч долараў), якія ўручаюцца штогод; Міністэрства культуры заснавала каля 200 стыпендый, які выплачваюца мастакам на працягу аднаго або двух гадоў (150 долараў у месяц); Асацыяцыя можа звяртацца ў міністэрства з праектамі і атрымліваць сродкі для іх рэалізацыі. Гэта вельмі важна, таму што літоўскае прафесійнае мастацтва не можа цалкам залежаць ад рыначных умоў. Тым больш -- тыя віды і формы, якія захоўваюць традыцыі і сведчаць аб іх пераемнасці, спрыяюць нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Дзяржава робіць інвестыцыі ў творчасць, і, як сказаў літоўскі паэт Марцэліус Марцінаціс, мастацтва з’яўляецца адзіным банкам у Літве, якому не пагражае банкруцтва.

Наталля ШАРАНГОВІЧ