Артурас Блотніс: «Містыка… і бясконцасць майго горада»

№ 7 (316) 20.07.2009 - 20.08.2009 г

Белыя палацы, лабірынты вузкіх вулачак, закрытыя дворыкі, здаецца кожны з іх вабіць сярэднявечнымі таямніцамі, помнікі готыкі, рэнесансу, барока, занесеныя ў Спіс сусветнай спадчыны, -- усё гэта Вільнюс. Ля зліцця рэк Нярыс і Вільняле знаходзіцца сэрца Літвы і яе сталіцы -- Кафедральны сабор, побач ансамбль Вільнюскага ўніверсітэта, адноўлены Палац вялікіх князёў… Аднак сённяшні Вільнюс не абмяжоўваецца старым местам. Узведзены шматпавярховы урбаністычны цэнтр, рэканструююцца старыя і будуюцца новыя мікрараёны. Сучасныя гмахі вельмі тактоўна і пісьменна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, не змяняючы і не парушаючы агульны выгляд Вільнюса. У гэтым ёсць і вялікая заслуга галоўнага архітэктара горада Артураса Блотніса.

 

Яну Булгаку, знакамітаму майстру мастацкай фатаграфіі, які доўгі час працаваў у літоўскай сталіцы, належаць словы: «Вільнюс -- гэта пранізаны сонцам стан душы». Якая, на ваш погляд, сёння самая заўважная рыса горада?

-- Я думаю, што адухоўленасць. Гэта абумоўлена ў тым ліку і геаграфічным становішчам горада. Вільнюс, з трох бакоў, акрамя паўночнага, акружаны далінамі і пагоркамі, знаходзіцца нібы ў гіганцкай чашы. Такі ландшафт надае гораду асаблівую прыгажосць. Толькі ў ХХ стагоддзі Вільнюс пераступіў за межы нізіны і цяпер займае бліжэйшыя пагоркі. З іх адкрываецца цудоўная панарама. Асабіста я люблю паднімацца на гару Гедымінаса. З яе бачны лабірынты вузкіх вулачак, касцёлаў і капліц, дахі чырвонай чарапіцы, мноства дрэваў.

Вільнюс захаваў да нашых дзён сетку старажытных вуліц з характэрнай адсутнасцю «правільнасці» і сіметрыі, маленькімі плошчамі і буйнымі палацамі. Літоўскай сталіцы пашчасціла пазбегнуць драматычных разбурэнняў і зменаў, якія спазналі амаль усе еўрапейскія гарады ў XVII -- XVIII стагоддзях. Таму Вільнюс і цяпер можа пахваліцца адметнымі рысамі старажытнай планіроўкі. Наша задача -- не парушыць гэту дзівосную атмасферу.

Як удаецца пры цяперашнім імклівым руху жыцця захаваць натуральную чароўнасць старадаўняй архітэктуры?

/i/content/pi/mast/20/384/35.jpg
-- У 1996 годзе была распрацавана стратэгія аднаўлення старога горада, які лічыцца самым вялікім у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Будынкі, нават калі яны знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, абавязкова рэстаўруюцца, падфарбоўваюцца фасады. Гарадскія ўлады часткова, да пяцідзесяці працэнтаў, кампенсуюць уласнікам затраты. У 2007 годзе сума склала 1,7 мільёна літаў. Каб атрымаць дапамогу дзяржавы, гаспадар будынка павінен удзельнічаць у конкурсе. Мае значэнне, наколькі гэта значны аб’ект. Сёння мы рэстаўруем не толькі стары горад, але і цэнтральныя вуліцы з драўлянай забудовай. Не забываемся і пра дрэвы. Увогуле ў вільнюскіх краявідах зліліся дзейнасць чалавека і прыроды: архітэктура горада з’яўляецца працягам прыродных форм, аблямоўвае іх, у той жа час прырода фарміруе архітэктуру і раствараецца ў гарадскіх прасторах. У Вільнюсе ёсць два вялікія маляўнічыя паркі, якія мы ахоўваем, за якімі старанна наглядаем.

У нядаўна прынятым плане развіцця сталіцы гаворыцца аб арганічным увядзенні ў гістарычнае асяроддзе сучасных гмахаў. У Вільнюсе знаходзяцца вядучыя дзяржаўныя ўстановы, буйныя банкі, пасольствы, офісы міжнародных і камерцыйных арганізацый. Неабходна адпаведнае архітэктурнае рашэнне будынкаў. Высотнымі ў нас лічацца дамы ад 35 метраў. Мы прапанавалі такую ідэю: хмарачосы са шкла і бетону ўзводзіць не бліжэй як за кіламетр ад гістарычнага цэнтра. У выніку сучаснасць ніяк не канкурыруе і не перашкаджае старажытнасці.

Вы такім чынам спрабуеце захаваць сілуэт горада, які склаўся яшчэ ў старажытнасці?

-- Мы дадаем да яго некаторыя акцэнты. Так, вызначаны толькі тры месцы, дзе яшчэ можна ўзводзіць адзінкавыя высотныя дамы. І знаходзяцца яны на вялікай адлегласці ад старога горада і даліны ракі Нярыс.

Ці значыць гэта, што ў гістарычнай забудове праводзіцца толькі рэстаўрацыя і рэканструкцыя?

-- Для кожнай вуліцы, кожнага квартала мы распрацавалі спецыяльны план. Там пазначна, дзе ўведзены рэжым жорсткай кансервацыі, а дзе можна часткова перабудоўваць. Мы імкнемся, каб стары горад жыў, а не станавіўся музеем, як гэта адбылося ў Рызе. Там на старажытных вулачках уначы ціха і пуста. А ў Вільнюсе жыццё кіпіць да раніцы. Адчынены клубы, кавярні, людзі гуляюць, гучыць музыка. І гэта, на мой погляд, проста цудоўна.

/i/content/pi/mast/20/384/36.jpg
Адзін з новых будынкаў у цэнтры Вільнюса -- Палац вялікіх князёў літоўскіх...

-- У нашым друку яго часта называюць рэканструкцыяй. Але гэта не рэканструкцыя. У Ніжнім замку падчас раскопак археолагамі былі знойдзены рэшткі фундамента. Вызначана, што будынак меў дворык унутры і хутчэй за ўсё адносіўся да стылю рэнесанс, як і Вавельскі замак у Кракаве. Аднак ніякіх чарцяжоў, іканаграфічных выяў не захавалася. Быў абвешчаны конкурс на лепшы праект. Прапановы былі вельмі розныя: паставіць шкляную «скрыню», аднавіць асобныя фрагменты, узвесці шыкоўны палац. Меркаванні на гэты конт не супадалі ні ў гараджан, ні ў спецыялістаў. Урэшце вырашылі спыніцца на палацы. Аднак будаўніцтва яго дагэтуль не закончана: няма падземнай часткі, залы кангрэсаў, вестыбюля, касаў, эскалатараў. Не гатовы таксама інтэр’еры.

Сучаснае жыццё мае свае асаблівасці, з якімі трэба лічыцца. Напрыклад, як вырашаецца пытанне з афармленнем вітрын магазінаў, з рэкламай на гістарычных будынках?

-- Тут мы маем пэўныя патрабаванні да кожнай з зон горада. Улічваюцца адлегласць паміж рэкламнымі шчытамі, іх памеры, месцы ўсталявання. У старым горадзе вы ўвогуле не ўбачыце рэкламы. У адміністрацыйным цэнтры яе колькасць абмежаваная. Мы імкнемся рэгуляваць гэты працэс, каб ён не стаў некіруемым -- як у Польшчы, дзе пад рэкламу аддадзены цалкам фасады дамоў. У нас таксама ёсць дрэнны прыклад празмернага выкарыстання рэкламы па дарозе Вільнюс -- Каўнас. Вялізныя шчыты стаяць праз некалькі соцень метраў адзін ад аднаго. І аўтамабіліст ужо не заўважае прыроды навокал, не клапоціцца пра бяспеку руху.

Новае кіраўніцтва Вільнюса прапанавала з будучага года лімітаваць, зрабіць платным уезд у стары горад. Як да гэтай ідэі ставяцца гараджане?

-- Жыхары спадзяюцца, што праблема будзе вырашана іначай. Вакол гістарычнага цэнтра плануецца пабудаваць маштабную падземную паркоўку. У Вільнюсе катастрафічна не хапае хуткаснага грамадскага транспарту. Будаўніцтва метро зойме даволі працяглы час, каля трыццаці гадоў пройдзе ад праектавання да адкрыцця першай лініі. Ёсць думка пусціць у горадзе хуткасны трамвай новага пакалення. Гэта можа быць самым лепшым выйсцем.

/i/content/pi/mast/20/384/36-.jpg
Бадай, найважнейшы ваш клопат -- якім чынам гораду расці ўверх. А ці расце ён ушыркі?

-- Межы горада не мяняюцца. І мы не плануем, што Вільнюс будзе тэрытарыяльна пашырацца. Гэта натуральна, бо колькасць жыхароў за апошняе дзесяцігоддзе павялічылася толькі на 15 тысяч. Сёння насельніцтва Вільнюса складае 553 тысячы чалавек (і гэта пры тым, што з усіх сталіц балтыйскіх краін наш горад -- самы вялікі па плошчы). Затое вакол яго ў радыусе пяцідзесяці кіламетраў жыве яшчэ 80 тысяч чалавек. А на работу, на мерапрыемствы кожны дзень у горад прыязджаюць 160 тысяч чалавек.

У Вільнюсе захаваліся кварталы так званай тыпавой забудовы 1970 -- 1980 гадоў. Якія захады вы робіце ў дачыненні да такіх дамоў?

-- Мы займаемся рэнавацыяй іх фасадаў, уцяпленнем, мяняем вокны, дахі, зашкляем балконы. Трэба мець на ўвазе, што гэтыя раёны распрацоўваліся як вельмі зручныя для жыцця, там абавязкова існавала свабодная прастора паміж дамамі, прадугледжваліся дзіцячыя садкі, школы, магазіны, паліклінікі. Вільнюскія дойліды за новыя кварталы сталіцы ў свой час атрымалі нават Ленінскую прэмію. У архітэктуры мы былі сярод лідэраў. Безумоўна, сёння будынкі трэба рэканструяваць і знутры, і звонку. На гэта плануецца патраціць 1,65 мільёна еўра. А сучасныя ўрбаністычныя формы не заўсёды задавальняюць патрэбы чалавека ва ўтульнасці. Ведаю выпадкі, калі пры спрэс шкляных фасадах жыхары занавешвалі празрыстыя сцены і пакідалі толькі вокны для святла... На новых вуліцах шчыльнасць забудовы такая вялікая, што не застаецца месца на разгалінаваную інфраструктуру.

У той жа час мы спадзяемся здзейсніць у Вільнюсе некалькі грандыёзных праектаў. Адзін з іх -- узвядзенне Музея Гугенхайма. Гэты архітэктурны аб’ект таксама не абмінулі спрэчкі. Хтосьці называе яго «амерыканскім прадуктам». Хтосьці лічыць, што для Літвы ён занадта дарагі. На маю думку, з’яўленне музея пойдзе на карысць сталіцы: мы плануем павелічэнне колькасці турыстаў да 400 тысяч чалавек за год. Ужо адбыўся міжнародны конкурс, у якім перамаглі тры творчыя калектывы. Найлепшым быў прызнаны праект фантастычнага будынка, які прадставіла Заха Хадзіт, самая знакамітая на сённяшні дзень архітэктарка ў свеце. Другое і трэцяе месцы падзялілі студыі Даніэла Лібескіна і Напалеонаса Фуксаса.

Маем намер ажыццявіць яшчэ адну цікавую ідэю -- пабудаваць парк архітэктуры. На конкурснай аснове выбрана месца -- 67 гектараў -- непадалёк ад старога горада. Вядучыя літоўскія дойліды распрацуюць аўтарскія праекты дамоў з выкарыстаннем экалагічных матэрыялаў, энергіі сонца і ветру для ацяплення. Мне здаецца, можа атрымацца ўнікальны архітэктурны ландшафт, інавацыйная выстава пад адкрытым небам.

У Вільнюсе на вуліцах і плошчах, каля прыватных галерэй і крамаў устаноўлена шмат самай разнастайнай скульптурнай пластыкі. Яна выклікае як захапленне, так часам і здзіўленне...

-- Пры стварэнні манументаў, буйных помнікаў абавязкова праводзяцца конкурсы, улічваецца грамадскае меркаванне. Мы атрымліваем высокапрафесійныя творы, разнастайныя па формах выяўлення і пластыцы. Сёлета ў горадзе з’явіліся эксперыментальныя творы, усталяваныя на кароткі тэрмін, і звязана гэта з мерапрыемствамі праекта «Вільнюс -- культурная сталіца Еўропы». Маю на ўвазе трубу, якую жыхары навакольных дамоў успрынялі як каналізацыйную. Людзі яшчэ пры мантажы падыходзілі і пыталіся: «Колькі дзён яна будзе тут стаяць і псаваць выгляд на раку?»

Вільнюс -- прыгожы горад. А ці зручны ён для жыцця?

-- Гэта залежыць ад таго, наколькі ён суразмерны чалавечым маштабам. Для дасягнення такой гармоніі ў горадзе не павінна быць больш за 300 тысяч жыхароў. Вільнюс ужо перавысіў лічбу. Ёсць праблемы з грамадскім транспартам. Тым не менш, наш горад пакуль яшчэ застаецца зручным. Ён утульны. Насычаны зелянінай. А жыхары ганарацца тым, што пітная вада толькі артэзіянская.

Што для вас як чалавека і прафесіянала галоўнае ў вашай працы?

-- На маю думку, жыццёвы расклад мусіць быць такім: архітэктар да трыццаці пяці гадоў вучыцца ў іншых, потым дзесяць гадоў, да сарака пяці, перажывае самы актыўны творчы час. А пасля прыходзяць маладыя, якія зробяць справу лепш. Я ў Вільнюсе спраектаваў шмат дамоў, многія з іх знаходзяцца ў старым цэнтры. І ганаруся тым, што не сапсаваў гістарычную панараму.

Якія куткі ў горадзе вам найбольш падабаюцца?

-- Як і ўсе літоўцы, люблю старыя вулачкі ў цэнтры Вільнюса, дзе можна не стамляючыся, хадзіць гадзінамі -- і не ўбачыць двух аднолькавых дамоў.

Ці ёсць у сталіцы будынкі, якія вы лічыце няўдалымі?

-- Быў такі перыяд у Літве, калі грошы пачалі дыктаваць свае ўмовы архітэктарам. З таго часу ў горадзе засталося некалькі вышынных гмахаў, якія не ўпісваюцца ў агульную забудову. Напрыклад, на праспекце Саваноры. Ёсць і вельмі дзіўныя дамы. Да гэтай катэгорыі я адношу будынак гарадской пракуратуры -- чорнага колеру, з вокнамі-зігзагамі. Пры гэтым праз сваю лаканічнасць, неперагружанасць ён атрымлівае прызы -- як дызайнерская знаходка...

Можна сказаць, што ваша жыццё праходзіць з любоўю да Вільнюса?

-- Кожны ў гэтым горадзе знаходзіць штосьці для сябе блізкае. Я не выключэнне. І хоць нарадзіўся ў вёсцы, у Вільнюсе жыву з 1961-га -- мне споўнілася тады чатыры гады. На месцы муніцыпалітэта была некалі мая школа, акружаная яблыневым садам. Ад таго, што многае змянілася, горад не стаў горш. Проста -- грэюць душу ўспаміны… Непадалёк ад школы стаяў чатырохпавярховы дом, дзе жыла мая сям’я. Вакол раслі ліпы і акацыі. Побач быў невялікі стадыён, мы там часта гулялі летам у футбол, зімой -- у хакей. Стадыёна таксама даўно ўжо няма... І вось што цікава! Два гады таму мы з жонкай паехалі ў Лондан на выставу твораў Захі Хадзіт. Выходзячы з галерэі, убачылі краму з сувенірнай прадукцыяй, кнігамі, календарамі, плакатамі. Мяне зацікавіў каляндар бягучага года са здымкамі знакамітага літоўскага фатографа Антанаса Суткуса. Ён некалі жыў у нашым доме. Гартаю старонкі і раптоўна бачу -- панарама Вільнюса 1967 года. І на ёй -- наш двор, я з сябрамі гуляю ў хакей. Містыка... А хутчэй -- доказ бясконцасці жыцця майго горада, які абнаўляецца, будуецца, прыгажэе.

 

Гутарыла Наталля ШАРАНГОВІЧ