Эгле Шпакайтэ: «Рух заўжды першасны...»

№ 7 (316) 20.07.2009 - 20.08.2009 г

Яна -- прыма-балерына Літоўскага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Яе імя ведаюць нават тыя, хто мала знаёмы з літоўскім музычным тэатрам. Убачыўшы аднойчы яе вытанчаную, графічна дакладную пластыку і надзіва выразны твар, наўрад ці іх забудзеш.

 

Экспрэсіўнасць -- слова вызначальнае ў дачыненні да індывідуальнай танцавальнай манеры Эгле Шпакайтэ. Кожнае імгненне сцэнічнага жыцця яна цікавая -- незвычайнай насычанасцю рухаў і па, здольнасцю трансліраваць у залу перажыванні, душэўны стан і эмоцыі гераіні. А вобразы, увасобленыя ёю, вельмі розныя -- Жызэль у аднайменным рамантычным балеце і «Чырвоная Жызэль» у сучаснай інтэрпрэтацыі даўняга сюжэта, Джульета і Дэздэмона ў харэаграфічных версіях шэкспіраўскіх трагедый, Імператрыца ў «Рускім Гамлеце», талстоўская Ганна Карэніна… Цікава згадаць меркаванне Маі Плісецкай: «Такой выразнай балерыны, як Эгле Шпакайтэ, не бачыла -- наогул нідзе і ніколі. Можаце мне паверыць, я даўно на свеце жыву. Танцоўшчыц шмат, артыстак няма. Яна маштабная драматычная артыстка. У яе ніводнага пустога жэста. Я не надта ўзнёслая наогул, але тут суцэльнае захапленне».

Сёння Эгле Шпакайтэ -- лаўрэат міжнародных конкурсаў, нацыянальнай і ўрадавай прэмій Літвы, уладальніца тытула «лепшая танцоўшчыца Літвы», запрошаная салістка тэатраў оперы і балета Латвіі, Фінляндыі, Грузіі. Некаторыя творчыя і асабістыя сакрэты артысткі, якую крытыка называе «гонарам літоўскага балета», адкрыліся падчас гутаркі з ёю.

 

У вас вельмі прыгожае і рэдкае імя. Існуе вядомая казка «Эгле -- каралева вужоў». Бацькі далі вам гэтае імя з-за яго фальклорнага гучання? І хто, дарэчы, былі вашы бацькі?

-- Інжынеры. Яны не займаліся прафесійным мастацтвам, але заўсёды былі блізкія да яго. Бацька асаблівую цікавасць адчуваў да музыкі, мама нават танцавала. Калі нарадзілася старэйшая сястра, яе назвалі Сольвейг, у гонар Грыга. Так рашыў бацька. А калі нарадзілася я, мама падумала, што імя другой дачкі мусіць быць нацыянальным. «Эгле» -- гэта елка. Елка ў Літве сімвалізуе сум, журбу. Але я ўспрымаю такі эмацыйны стан не трагічна, а прасветлена... Думаю, для чалавека, які выходзіць на сцэну, такое імя гучыць зусім някепска...

Цікава, хто найбольш істотна паўплываў на ваша фарміраванне -- як балерыны і актрысы?

-- Я -- адкрытая жыццю і тым шматлікім уражанням, якія яно нясе. Нельга назваць кагосьці аднаго. Танцаваць пачала рана, у чатыры з паловай гады, у вялікім і знакамітым калектыве, якім кіравала былая балерына. І яна шмат дала мне, першая настаўніца, у якой займалася да 10 гадоў, пакуль не паступіла ў балетную школу... У тэатры таксама хапала педагогаў, якія шмат чаму навучылі.

Каго сярод балерын розных часоў вы маглі назваць сваім ідэалам?

/i/content/pi/mast/20/382/27.jpg
У партыі Джульеты. "Рамэо і Джульета".
-- О, тут можна скласці вялікі спіс! Не магла бачыць на сцэне Вольгу Спясіўцаву, бо яна танцавала на пачатку мінулага стагоддзя, але тое, што пра яе чытала, тыя фотаздымкі, якія засталіся, даюць падставу думаць: яе творчасць мне надзвычай блізкая. Не бачыла і ленінградскую балерыну Алу Шэлест, якая выходзіла на сцэну ў 60 -- 70-я гады, але тое, што пра яе апавядаюць іншыя артысты, стварае глыбокі і таямнічы вобраз. Мая Плісецкая для мяне заўжды прыклад і ўзор смеласці на сцэне. Дарэчы, яе таксама ўспрымаю як настаўніцу. Няшмат, але працавала з Маяй Міхайлаўнай як з педагогам-рэпетытарам. Калі адчуваеш, што твая думка слушная, не трэба баяцца рабіць па-свойму, у адпаведнасці з уласнымі пачуццямі. Не так, як усе, а менавіта па-свойму…

Сярод літоўскіх балерын асаблівымі аўтарытэтамі для мяне з'яўляліся не віртуозкі, а тыя, у чыіх вобразах ярка і рэльефна выяўляўся акцёрскі пачатак. Іх артыстычныя прыёмы імкнулася пераймаць яшчэ падчас навучання ў школе. Праца над дакладным псіхалагічным малюнкам партыі, на маю думку, -- самае важнае. Цікавасць да драматычнай сцэны заўсёды была вельмі моцная ў нашай краіне. Спектаклі Някрошуса, Літоўскі маладзёжны тэатр... І бацькі на іх хадзілі, і мы пасля балетных заняткаў туды бегалі. Думаю, і драматычны тэатр на мяне паўплываў, бо ён развівае інтэлект. Далучанасць да творчай лабараторыі драматычных артыстаў робіць балетныя вобразы больш глыбокімі.

Як у партыі, якую выконвае танцоўшчык, спалучыць яркае пачуццё і інтэлектуальную асэнсаванасць?

-- Будучым артыстам балета, ды і тым, хто пачынае кареру, надта рэдка нагадваюць, што танцоўшчыку трэба развіваць не толькі цела, але таксама і эмоцыі, і розум... Знакаміты Навер у «Лістах пра танец» раіў балетным артыстам: «Чытайце кнігі!» На мой погляд, самая вялікая праблема танцораў менавіта ў тым, што ім не хапае агульнай адукаванасці. Навер жыў у XVIII стагоддзі, але яго словы застаюцца актуальнымі... Як быццам адмежку часу ў некалькі вякоў і не было.

 

/i/content/pi/mast/20/382/29.jpg
У партыі Балерыны. "Чырвоная Жызэль".
Калі ўжо мы загаварылі пра ўплыў на вашу творчасць драматычнага тэатра, хацелася б згадаць пастаноўку шэкспіраўскага «Атэла», ажыццёўленую Някрошусам, дзе вы
ігралі Дэздэмону. «Петербургский театральный журнал», элітарнае выданне, дзе друкуюцца рэцэнзіі патрабавальных і дасведчаных крытыкаў, пісаў: «Эгле Шпакайтэ -- Дэздэмона -- не проста жанчына. Гэта сама жаноцкасць, увасобленая пяшчота, грацыёзнасць, натуральнасць. Эгле -- балерына, зорка балета, але адным гэтым не патлумачыш яе лёгкасць, незалежнасць ад зямнога прыцяжэння, неверагодную гнуткасць. Тут не прафесійнасць, а прырода. Дэздэмона ў спектаклі Някрошуса -- незвычайна рухомая, лятучая істота». Які ўплыў зрабіла на вас сумесная праца са славутым рэжысёрам?

-- Спярша я вельмі баялася... Драматычны тэатр мне блізкі з дзяцінства, але заўжды не любіла ўрокі акцёрскага майстэрства! Мне страшна выказвацца на сцэне з дапамогай слоў, а не рухаў. Але Някрошус сказаў: «Прыходзь -- дзеля таго, каб кантактаваць з іншымі людзьмі. Не толькі балетнымі, але артыстамі іншых жанраў. Ты ўбачыш, як гэта цікава!» Сапраўды, так і сталася...

Артыст не бачыць сябе збоку, таму згадаю яшчэ адно меркаванне прэсы: «Выбар Дэздэмоны -- лепшае ў спектаклі». А вось думка Уладаса Багдонаса, выканаўцы ролі Атэла: «Для мяне спачатку таксама было загадкай, чаму Някрошус выбраў яе. Але ўзяў ён яе ўсё-такі не з-за доўгіх рук і ног, а таму, што ад яе ідуць нейкія іскры. Яна глядзіць правільна, слухае правільна, рэагуе без усялякага найгрышу, і Някрошус у ёй гэта адчуў. Яе ненавучанасць проста цудоўная».

-- Стасункі -- самы вялікі стымул для творчасці. Не ведаю, у якой ступені, але ўдзел у драматычным спектаклі адбіўся на маім танцы. Думаю, гэта адбылося падсвядома... Цяпер маё ўспрыманне балета змянілася. Іначай бачу падрыхтоўку да спектакля, творчы працэс. Ён для мяне іншы, чым да супрацы з Някрошусам...

А што новае вы для сябе адкрылі?

-- Шмат чаго, прынамсі ў аналізе ролі. Нестандартнасць падыходу, самога асэнсавання вобраза, насычанасць руху. Што трэба асэнсоўваць -- разумела і раней. Пытанне -- як тое рабіць. У балеце хапае традыцыйнага, звыклага, а калі прыняць іншы пункт гледжання і ракурс, вобраз адкрываецца інакш...

Як пачуцці можна перадаць у пластыцы і выявіць іх праз рух?

-- (Смяецца.) Варта паглядзець спектакль! Калі чалавек нешта адчувае, ён заўсёды выяўляе эмоцыі праз рух...

Інакш кажучы, рух для вас першасны?

-- Думаю, што для вас таксама. Калі чалавек спалохаўся, дык спачатку здрыгануўся і толькі потым сказаў: «Ой!» Рух сапраўды першы, а слова ідзе ўслед...

З якога часу ваша жыццё звязана з Літоўскім тэатрам оперы і балета?

-- З 1989-га, калі краіна набыла незалежнасць.

Інтэрнацыянальныя балетныя трупы -- агульнасусветная тэндэнцыя. Дарэчы, на якой мове ідуць рэпетыцыі і як кантактуюць танцоры між сабой?

-- Часта -- на рускай. Хоць мне тое не заўсёды падабаецца. Імкнемся, каб гасцям было зручна. Але побач у рэпетыцыйнай зале стаяць літоўцы, якія не разумеюць па-руску...

/i/content/pi/mast/20/382/29-.jpg
У ролі Дэздэмоны. "Атэла".
Цікава, артысты якіх нацыянальнасцей танцуюць у вільнюскім тэатры?

-- Розных. Ёсць літоўцы, японцы. Ёсць беларусы, рускія... Дарэчы, мне даводзілася танцаваць з Аляксеем Авечкіным, колішнім салістам беларускага балета. Цяпер ён з'яўляецца вядучым танцоўшчыкам Латвійскай оперы. Артыст выразны і рамантычны па светаўспрыманні, ён -- адзін з самых надзейных партнёраў, якія мне сустракаліся...

Думаю, гаворка ідзе пра праект харэографа Алы Сігалавай «Чорныя і чырвоныя танцы», дзе ў невялікім балеце на музыку П’яцолы танцавалі сама Сілагава, вы і Аляксей Авечкін...

-- Так.

Калі загаварылі пра сучасных харэографаў, дык трэба згадаць імя Барыса Эйфмана. У двух яго надзвычай нечаканых спектаклях, «Рускім Гамлеце» і «Чырвонай Жызэлі», вы станцавалі галоўныя партыі -- імператрыцы Кацярыны Вялікай, маці імператара Паўла І, і Балерыны. Вытрымка з рэцэнзіі: «Цудоўная Кацярына ў выкананні Эгле Шпакайтэ, у рэзкіх рухах якой выяўлены і ўнутраная сіла, і розум, і жорсткі характар гераіні. Кацярына непераможная. І нават жарты сына з тэатральным прадстаўленнем, сцэнай “мышалоўкі”, запазычанай у Шэкспіра, не напалохалі яе...»

-- Як пастаноўшчык Барыс Эйфман ведае сваю мэту. І тое вельмі важна для артыста, які танцуе ў яго спектаклях.

Хочацца згадаць ягоную ацэнку вашай Імператрыцы: «У ролі Кацярыны Другой выступіць фантастычная балерына, якая стварыла магутны, сексуальны і яркі вобраз -- Эгле Шпакайтэ…». А вось меркаванне балетазнаўцаў пра «Чырвоную Жызэль»: «Сцэнічныя прыёмы Эйфмана часам узрушаюць -- танец з галавой былога палюбоўніка-"камісара" або сыход у залюстроўе, як у вар’яцтва... Але ўсе рэжысёрскія знаходкі былі б нічым без выканаўцаў... Балет аказаўся надзіва ўдалы, а вядомая нам прыма Эгле Шпакайтэ з яе эмоцыямі была проста выдатная». Чым была цікавая праца з балетмайстрам?

-- Эйфман рабіў толькі перанос «Чырвонай Жызэлі», таму спачатку мы працавалі з яго асістэнтамі, сам ён прыехаў бліжэй да прэм’еры. Не магу сказаць, каб мне цалкам падабалася яго харэаграфія або прынцып выкарыстання музыкі. Але пластычная мова надзвычай яркая. І ў любым выпадку Эйфман -- асоба...

Пра вашу значную працу ў балеце «Ганна Карэніна», які паставіў у Вільнюсе расійскі харэограф Аляксей Ратманскі, друк пісаў, што пастаноўшчык «знайшоў ідэальную выканаўцу галоўнай партыі. Эгле Шпакайтэ мала нагадвае Плісецкую, але з вялікай балерынай яе яднаюць вострае адчуванне нерва часу і акцёрская харызма, якая ўсё змятае на сваім шляху, -- побач з гэтай Ганнай на другі план адыходзяць нават Уронскі і Карэнін». Цікава было б даведацца больш падрабязна пра ваша бачанне вобраза гераіні.

-- Раман Талстога чытала шмат разоў. І ў розным узросце... Балет вельмі часта спрашчае пакладзены ў яго аснову літаратурны твор. Калі гаворка ідзе пра класіку, заўсёды ёсць вялікая рызыка. Нібыта ўсе ведаюць -- любоўны трохкутнік, сын, цягнік... Але мала хто ўсурёз чытаў кнігу, часцей фільм глядзелі. Думаю, жыццёвая гісторыя Ганны -- пра эгаізм. І пра пустату, якая прыходзіць пасля. Бо галоўная ідэя ў рамане Талстога -- сялянская. Калі аддаеш свае пачуцці і свой клопат каханаму, сямі, людзям -- ты шчаслівы. А калі толькі бярэш, дык штосьці незваротна страчваеш.

Ганна чытала кнігі пра каханне. Няхай ёй у той час былі незнаёмы моцныя жарсці, але яна любіла сына, мужа і была любімай усімі вакол. Ілюзіі, у тым ліку і кніжныя, прывялі яе да думкі, што яна вартая большага і мае права на страсную любоў. Ганна сустракае Уронскага і лічыць, што ёй наканавана зведаць такое каханне... І -- пачынаецца трагедыя. Згадаем час дзеяння рамана -- другая палова ХІХ стагоддзя, калі ўзнікалі ідэі эмансіпацыі, калі грамадства хвалявала пытанне: у якой ступені жанчына можа адчуваць сябе вольнай?

З жаночага гледзішча вы асуджаеце сваю гераіню?

-- Не магу яе асуджаць. Унутраны свет Ганны мне вельмі цікавы. Бо многія людзі час ад часу адчуваюць тую ж спустошанасць, расчараванасць у жыцці, раздражненне, што і яна. З харэографам Аляксеем Ратманскім мы шмат дыскутавалі. Потым у кулуарах чула, што я -- свавольная балерына, бо спрачаюся са знакамітым балетмайстрам. Але не магла не пярэчыць! Мне кажуць: «Любоўны дуэт...» А я кажу: «Падзенне!» Разважалі і пра тое, што балетны жанр усё-такі мае іншыя законы, чым літаратура. Шмат у чым Ратманскі мяне пераканаў. Але не ў тым, што балет -- пра няшчаснае каханне. Па шчырасці, мне бліжэй «Ганна Карэніна», пастаўленая Маяй Плісецкай. І невыпадкова яна ішла на літоўскай сцэне шмат гадоў. Дарэчы, гэта першы балетны спектакль, які я ўбачыла. Яшчэ дзіцем...

Напэўна, сімвалічна, што сёлета, пры канцы мая, пасля спектакля «Ганна Карэніна» вам была ўручана прэмія Міжнароднага фонду Маі Плісецкай і Радзівона Шчадрына...

-- Думаю, тут не проста адна балерына ўхваліла другую. Важна быць зразуметай. Прычым -- такім вялікім аўтарытэтам у харэаграфічным мастацтве, такім карыфеем, як Плісецкая.

У афішы літоўскага балета шырока прадстаўлена класіка, ёсць балеты Эйфмана, ёсць «Вечар амерыканскай харэаграфіі» з пастаноўкамі Баланчына. А што яшчэ?

-- Часам здаецца, што наша рэпертуарная палітыка нагадвае эпоху савецкага балета. Нават не рускага... Бо ў Расіі, калі меркаваць па Вялікім і Марыінскім тэатрах, шмат неакласікі. А ў нас -- «Карсар», «Дон-Кіхот», «Баядэрка»... Маладому артысту, які пачынае творчы шлях, могуць быць цікавымі і такія пастаноўкі. Гэта прыступкі, па якіх уздымаюцца да майстэрства. Шкада, у нас мала сучасных балетаў, няма харэаграфічнай класікі ХХ стагоддзя. Пра ХХІ-е і не кажу! На працягу сезона ставіцца адзін балет... Гэтага недастаткова! Артыст, які хоча рабіць кар'еру, імкнецца танцаваць спектаклі розных стыляў. Тут -- вялікая праблема...

А прычыны сітуацыі бачыце ў чым?

-- Магчыма, такі погляд кіраўніцтва тэатра. А кожны кіраўнік робіць тое, што лічыць патрэбным. З іншага боку, балетныя пастаноўкі павінны быць эканамічна апраўданымі. Мы, артысты, ведаем імёны і стыль Кіліяна, Макмілана і нават Баланчына. Але глядач іх не ведае, няма традыцый успрымання. Такая пастаноўка можа і не акупіцца. А «Баядэрка» -- экзатычны сюжэт, велізарны слон з паралону, варыяцыі, блёсткі, яркія касцюмы... Класіка мае шмат «плюсаў». Але ёсць і «мінусы». На інтэлект публікі такія спектаклі ўплываюць не надта моцна. Чула аднойчы меркаванне гледачоў: «Лепей мы пойдзем на класіку, там і думаць не трэба! Сядзі і глядзі...» Уражанне, што частка нашай аўдыторыі сышла ў філармонію. Лепшая частка, якую я люблю...

Вы заўсёды шмат гастралявалі. Танцавалі ў Вялікім тэатры Масквы, у Марыінскім тэатры Пецярбурга, у Сіці Сентэр Нью-Йорка, у Кенэдзі-цэнтры Вашынгтона, у Тэатры П’ера Кардэна ў Парыжы…

-- Творчыя вандроўкі -- гэта заўжды добра. Падчас іх, канешне, стамляешся, але калі гастроляў мала, дык чагосьці быццам не стае -- хочацца хутчэй выправіцца ў іншы горад або краіну. Сёлета ўвесь ліпень правяду ў Петразаводску: там пасля трохгадовага капітальнага рамонту адкрываецца Дзяржаўны музычны тэатр Рэспублікі Карэлія. Для ўдзелу ва ўрачыстай цырымоніі прыязджае шэраг салістаў літоўскага балета.

Кіраўніком петразаводскага балета з’яўляецца малады і вельмі таленавіты харэограф Кірыл Сямёнаў. Ён выступаў як танцоўшчык у Марыінскім тэатры, на літоўскай сцэне ажыццявіў пастаноўку балета «Дэздэмона». Карэлія мае цесныя творчыя сувязі з Фінляндыяй, і для ўдзелу ў фінскім фестывалі Сямёнаў ставіць балет «Рамэо і Джульета». Прэм’ера адбудзецца ў Петразаводску, а фінскія гледачы ўбачаць спектакль у жніўні. Ён будзе не пра пачуцці падлеткаў, а пра сапраўднае каханне. Пластычная лексіка харэографа мае класічную аснову. Але павінна атрымацца сучасная версія, пастаўленая ў стылі мадэрн. Сапраўдная неакласіка...

 

Занатавала Таццяна МУШЫНСКАЯ